Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«БЕЛАРУСЬКА́ЛІЙ»,

вытворчае аб’яднанне ў Беларусі, у г. Салігорск. Утворана ў 1970 як Беларускі калійны камбінат на базе 1-га (працуе з 1963), 2-га (з 1965) і 3-га (з 1969) камбінатаў (рудаўпраўленняў). З 1975 ВА «Беларуськалій», у якое ў 1977 увайшоў 4-ы калійны з-д. Працуе на базе Старобінскага радовішча калійных і каменнай соляў. Выпускаў каля 20% сусв. вытв-сці калійных угнаенняў, здабываў больш за 40 млн. т калійнай руды, выпрацоўваў каля 5,7 млн. т калійных угнаенняў у пераліку на 100% K2O (1988). У 1994 выпушчана 2,54 млн. т угнаенняў. Асн. прадукцыя (1995): калій хлорысты дробназярністы і грануляваны, натрый хлорысты тэхнічны, соль калійная змешаная, соль кухонная і для жывёлагадоўлі. Супрацоўнічае з прадпрыемствамі і фірмамі Расіі, Германіі, Польшчы і інш. краін.

т. 3, с. 67

«БЕЛАРУСЬНА́ФТА»,

вытворчае аб’яднанне ў Беларусі па нафтаздабычы і правядзенні геолага-пошукавых работ на нафту і газ. Створана ў 1966 у Гомелі. У 1970—80-я г. ў складзе «Беларуськалій» дзейнічала Бел. падраздзяленне буравых работ па прабіванні нафтавых свідравін у Зах. Сібіры. Першая прамысл. здабыча нафты пачалася ў 1965 на Рэчыцкім радовішчы нафты. У 1978 у эксплуатацыі было 20, у 1995 — 37 радовішчаў. За 1965—95 здабыта 100 млн. т нафты (перададзены Гомельскаму ўпраўленню нафтаправода «Дружба») і 4,84 млрд. м³ спадарожнага газу. Найб. ўзровень нафтаздабычы быў у 1975 — амаль 8 млн. т. У 1995 здабыта 1,9 млн. т нафты.

т. 3, с. 67

«БЕЛАРУСЬФІ́ЛЬМ» , кінастудыя Беларусі. Створана ў 1928 кінаарганізацыяй Белдзяржкіно пад назвай «Савецкая Беларусь» (напачатку ў Ленінградзе, з 1939 у Мінску), з 1946 сучасная назва. Выпускае фільмы маст. і тэлевізійныя ігравыя, хранікальна-дакумент. і навук.-папулярныя, анімацыйныя. У даваенны час на студыі створаны маст. фільмы: «Кастусь Каліноўскі» (1928), «Да заўтра» (1929), «Атэль «Савой» і «У агні народжаная» (1930), «Жанчына» (1932), «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Паручнік Кіжэ» (1934), «Палескія рабінзоны» (1935), «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» і «Шукальнікі шчасця» (1936), «Дачка Радзімы» і «Балтыйцы» (1937), «Адзінаццатага ліпеня»; кінанавелы «Мядзведзь», «Маска» і «Мянтуз» (усе 1938), «Чалавек у футарале» (1939) і інш.

Сярод пачынальнікаў студыі рэжысёры Ю.Тарыч, У.Гардзін, аператары А.Кальцаты, М.Казлоўскі, Н.Навумаў-Страж, Д.Шлюглейт, мастак М.Літвак. У 1920—30-я г. на студыі здымаліся акцёры бел. т-раў У.Крыловіч, Л.Мазалеўская, П.Малчанаў, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі і інш., а таксама Л.Кміт, Б.Бабачкін, М.Сіманаў, М.Чаркасаў. На пачатку тут працавалі многія вядомыя майстры кіно: рэжысёры М.Данской, Р.Рашаль; кампазітары І.Дунаеўскі, В.Салаўёў-Сядой, А.Туранкоў; у 1930-я г. — сцэнарысты Б.Брадзянскі, А.Вольны, Р.Кобец, М.Таўбэ; рэжысёры М.Авербах, Э.Аршанскі, І.Аненскі, Я.Дзіган, У.Корш-Саблін, С.Сплашноў, А.Файнцымер; аператары А.Булінскі, С.Бяляеў, С.Іваноў, Б.Рабаў, А.Рагоўскі; мастакі С.Мандэль, У.Пакроўскі, Р.Фэдор.

У Вял. Айч. вайну аператары кінахронікі (І.Вейняровіч, М.Бераў, У.Цяслюк і інш.) працавалі ў франтавых кінагрупах, частка работнікаў — на студыях Алма-Аты і Масквы, дзе створаны кіназборнік «Беларускія навелы» (1942), фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь» (1944), дакумент, фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944). Першыя пасляваен. маст. фільмы здымаліся на студыях Кіева, Адэсы і Ленінграда, у Мінску ствараліся пераважна кіначасопісы і кінанарысы. З 1950-х г. маст. фільмы здымаліся ў Мінску. У 1954 створаны першы бел. каляровы маст. фільм «Дзеці партызана». У 1971 зняты першы бел. шырокафарматны фільм «Крушэнне імперыі». Студыя ажыццявіла сумесныя пастаноўкі з кінастудыямі Чэхаславакіі («Пушчык едзе ў Прагу», 1966; «Маленькі сяржант», 1977; «Заўтра будзе позна», 1972) і Балгарыі («Братушка», 1976).

Многія творы студыі атрымалі шырокае прызнанне і адзначаны прэміямі на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях. Сярод іх: «Канстанцін Заслонаў», «Чырвонае лісце», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Масква—Генуя», «Альпійская балада», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Іван Макаравіч», «Паланэз Агінскага», «Руіны страляюць...» (тэлевізійны), «Вянок санетаў», «Горад майстроў», «Праз могілкі», «Вазьму твой боль», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Людзі на балоце», «Хам», «Наш браняпоезд» і інш.; дакументальныя «Генерал Пушча», «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А», «Боль мой — Хатынь», «А зязюля кукавала...», «Палескія калядкі», цыкл «У вайны не жаночы твор», «Паляванне на золата» і інш.

У 1940—50-я г. на студыі працавалі рэжысёры П.Васілеўскі, Л.Голуб, М.Фігуроўскі; аператары У.Акуліч, А.Аўдзееў, І.Пікман, Г.Удавянкоў; мастакі У.Белавусаў, Ю.Булычаў, Е.Ганкін; у 1960-я г. — рэжысёры У.Бычкоў, Р.Віктараў, В.Вінаградаў, І.Дабралюбаў, М.Калінін, Б.Сцяпанаў, В.Тураў, В.Чацверыкоў; аператары А.Забалоцкі, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі; мастакі Ю.Альбіцкі, У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў; у 1970 — пач. 90-х г. — рэжысёры А.Карпаў. Л.Мартынюк, В.Нікіфараў, М.Пташук, В.Рыбараў, В.Рубінчык; аператары П.Аліфер, Дз.Зайцаў, Т.Логінава, Р.Масальскі, С.Пятроўскі, Ю.Ялхоў; мастак А.Чартовіч і інш.; стваральнікі дакумент. фільмаў В.Дашук, Ю.Лысятаў, М.Жданоўскі, С.Лук’янчыкаў, Дз.Міхлееў, В.Сукманаў, Ю.Цвяткоў, Р.Ясінскі; мультыплікатары А.Белавусаў, І.Волчак, А.Піткевіч і інш. У складзе «Беларусьфільма» працуюць творчыя аб’яднанні «Летапіс», «Тэлефільм», майстэрня анімацыйных фільмаў (з 1975). Пры «Беларусьфільме» працуе Тэатр-студыя кінаакцёра. Гл. таксама нарыс Кіно ў арт. Беларусь.

Л.І.Паўловіч.

т. 3, с. 68

«БЕЛАРУ́СЬ КАЛГА́СНАЯ»,

штомесячны літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаваўся ў 1932 у Мінску на бел. мове Аб’яднаннем пралетарска-калгасных пісьменнікаў Беларусі. Меў на мэце выхоўваць новых пісьменнікаў з асяроддзя калгаснага сялянства. Друкаваў творы пра сацыяліст. перабудову вёскі, жыццё калгасаў, саўгасаў, МТС. Сярод аўтараў Я.Купала, П.Броўка, А.Куляшоў, К.Чорны, М.Зарэцкі, Я.Скрыган і інш. Выйшла 8 нумароў.

т. 3, с. 66

«БЕЛАРУ́СЬ ПРА́ЦЫ»,

газета. Выдавалася з 3.2 да 26.5.1934 у Вільні на бел. мове Бел. нацыяналістычнай сябрынай (БНС). Друкавала заклікі, дакументы і праграмы БНС па пытаннях нац. адраджэння, барацьбы з голадам, хваробамі і інш. Мела рубрыкі: «Апошнія весткі», «Хроніка», «Адказы», «Аб’явы». Выйшла 5 нумароў.

т. 3, с. 66

«БЕЛАРУ́СЬ У ЭПО́ХУ КАПІТАЛІ́ЗМУ»,

«Белоруссия в эпоху капитализма», зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі 1861—1900. Падрыхтаваны Гал. архіўным упраўленнем пры СМ БССР і Ін-там гісторыі АН БССР (т. 1—2, Мн., 1983—90). Дакументы для зборніка выяўлены ў архівах, большасць надрукавана ўпершыню. Змяшчае каментарыі, прадметна-тэматычныя і геагр. паказальнікі, крыніцы, пералік не ўключаных дакументаў.

1-ы том «Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі» ўключае матэрыялы пра падрыхтоўку і правядзенне рэформы 1861, адмену прыгоннага права, становішча сялян Беларусі да і пасля рэформы, пра класавую барацьбу, зараджэнне і развіццё капіталіст. адносін у вёсцы. У 2-м томе «Развіццё капіталізму ў прамысловасці, становішча прамысловых рабочых і рабочы рух на Беларусі, 1861—1900» змешчаны дакументы пра тэр., колькасць і сац. склад насельніцтва, развіццё гарадоў і нас. пунктаў, прам-сці, транспарту, унутр. і знешняга рынкаў, шляхоў зносін, пра становішча рабочага класа і рабочы рух.

А.М.Філатава.

т. 3, с. 66

«БЕЛАРУ́СЬ У ЭПО́ХУ ФЕАДАЛІ́ЗМУ»,

«Белоруссия в эпоху феодализма», зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі ад стараж. часоў да 1861. Падрыхтаваны Ін-там гісторыі АН БССР і Архіўным упраўленнем пры СМ БССР (т. 1—4, Мн., 1959—79). Матэрыялы для зборніка запазычаны з інш. выданняў, значная частка (асабліва за 17—19 ст.) выяўлена ў архівах; апублікаваны на рус. і стараж.-бел. мовах, некаторыя дакументы — у перакладах з польск. і лац. моў.

1-ы том (ад стараж. часоў да сярэдзіны 17 ст.) змяшчае матэрыялы пра развіццё феадалізму, феад. раздробленасць, утварэнне ВКЛ, уніі з Польшчай. Матэрыялы 2-га тома (сярэдзіна 17 — 18 ст.) прысвечаны вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, сац.-эканам. і культурнаму развіццю Беларусі, паліт. і рэлігійным рухам. 3-і том (канец 18 — 1-я пал. 19 ст.) змяшчае дакументы аб падзелах Рэчы Паспалітай і сац.-эканам. становішчы Беларусі, 4-ы том (1-я пал. 19 ст.) — пра вайну 1812, палітыку рас. улад на Беларусі, нац.-вызв. рух, культуру Беларусі.

Г.Я.Галенчанка.

т. 3, с. 66

«БЕЛАРУ́С НА ВА́РЦЕ»,

часопіс. Выдаваўся ў ліст. 1943 — чэрв. 1944 у Мінску на бел. мове пад кантролем герм. акупац. улад. Прызначаўся для беларусаў, якія знаходзіліся на службе ў фаш. і нацыяналістычных вайсковых і ваенізаваных фарміраваннях (паліцыі, атрадах СС, СД і інш.). Усхваляў гітлераўскіх акупантаў і іх паслугачоў, прапагандаваў ідэі нацыяналізму, заклікаў беларусаў да ўзбр. барацьбы супраць сав. улады. Друкаваў артыкулы, нарысы, апавяданні пра барацьбу з партызанамі. Выйшла 10 нумароў.

С.У.Жумар.

т. 2, с. 389

«БЕЛАРУ́С НА ЧУЖЫ́НЕ»,

бел. грамадска-палітычны часопіс. Выдаваўся ў 1947—50 у Лондане на бел. мове кірыліцай і лацінкай на рататары. Выдавец — Бел. выд-ва ў Лондане, з 3-га нумара — Бел. нац. нар.-хрысц. рух. Гал. рэдактары А.Надсон, Я.Амор. Змяшчаў матэрыялы пра грамадска-паліт. жыццё бел. эміграцыі ў Англіі. Выйшлі 42 нумары. Спыніў існаванне з выхадам у Лондане друкаванага час. «На шляху».

А.С.Ляднёва.

т. 2, с. 389

«БЕЛАРУ́С У АМЕ́РЫЦЫ»,

бел. часопіс у ЗША. Выдаваўся ў вер. 1948 — сак. 1949 у Саўт-Рыверы на бел. мове. Выдавец Я.Ніхаёнак. Змяшчаў хроніку эмігранцкага жыцця, матэрыялы пра грамадска-паліт. сітуацыю ў свеце і на Бацькаўшчыне, абвесткі пра пошукі родных і блізкіх. Выйшлі 4 нумары.

т. 2, с. 389