Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЛІ́НІ

(Bellini) Вінчэнца (3.11.1801, г. Катанія, Італія — 23.9.1835),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў неапалітанскай кансерваторыі «Сан-Себасцьяна» (1819—25 ці 27) у Н.А.Цынгарэлі. Музыцы Беліні ўласцівы рамант. ўзнёсласць, мяккі лірызм. У яе аснове экспрэсіўная вак. мелодыка шырокага дыхання, неперарыўнасць развіцця, віртуозны бляск. Зрабіў вял. ўклад у развіццё опернага жанру, стылю бельканта, імкнуўся да натуральнага ўвасаблення ў музыцы моўных інтанацый, надаў драм. выразнасць опернаму рэчытатыву. Аўтар 11 опер, у т. л. «Пірат» (1827), «Чужаземка» (1829), «Капулеці і Мантэкі» (1830), «Самнамбула», «Норма» (1831), «Беатрычэ ды Тэнда» (1833), «Пурытане» (1835), кантаты «Ісмена», 7 сімфоній (1818—24), духоўнай музыкі, рамансаў, канцанет і інш.

Літ.:

Крунтяева Т.С. Винченцо Белини (1801—1835). Л., 1984;

Pastura F. Bellini secondo la storia. Parma, 1959.

т. 3, с. 78

БЕЛІНСГА́ЎЗЕН Фадзей Фадзеевіч

(20.9.1778, в-аў Саарэмаа, Эстонія — 25.1.1852),

рускі мараплавец. Адмірал. У 1803—06 удзельнічаў у 1-м рускім кругасветным плаванні пад камандай І.Ф.Крузенштэрна. У 1819—21 узначальваў кругасветную экспедыцыю ў Антарктыку на шлюпах «Усход» (камандзір Белінсгаўзен) і «Мірны» (камандзір М.П.Лазараў). У 1819 адкрыта некалькі а-воў на Пд Атлантычнага ак. 28.1.1820 экспедыцыя адкрыла Антарктыду. У 1821 — адкрыты в-аў Пятра І і бераг Зямля Аляксандра І, шэраг астравоў у трапічнай ч. Ціхага ак. У 1828—29 удзельнічаў у рус.-тур. вайне. Імем Белінсгаўзена названа мора каля берагоў Антарктыды, мыс на Паўд. Сахаліне і в-аў у архіпелагу Туамоту.

Тв.:

Двукратные изыскания в Южном Ледовитом океане и плавание вокруг света в продолжение 1819, 1820, 1821 гг., совершенные на шлюпах «Восток» и «Мирный»... 3 изд. М., 1960.

т. 3, с. 78

БЕЛІНСГА́ЎЗЕНА КАТЛАВІ́НА|,

падводная катлавіна на ПдУ Ціхага ак., паміж мацерыковымі схіламі Антарктыды, Паўд. Амерыкі і Паўд.-Ціхаакіянскім, Усх.-Ціхаакіянскім і Зах.-Чылійскім падводнымі падняццямі. Працягласць з ПдУ на ПнЗ каля 8 тыс. км. Пераважная глыб. 4000—5000 м, найб. 5290 м. Грунт — чырвоныя глыбакаводныя гліны і дыятомавыя глеі. Названа ў гонар Ф.Ф.Белінсгаўзена.

т. 3, с. 78

БЕЛІНСГА́ЎЗЕНА МО́РА,

ускраіннае мора Ціхага ак. каля берагоў Зах. Антарктыды. Пл. 487 тыс. км². Найб. глыб. 4115 м. Вял. а-вы: Пятра І і Зямля Аляксандра I. Т-ра вады на Пн каля 0 °C, на Пд ніжэй за -1 °C. Салёнасць 33,5 ​o/00. На працягу ўсяго года б.ч. паверхні занята плывучымі льдамі і айсбергамі. Названа ў гонар Ф.Ф.Белінсгаўзена.

т. 3, с. 78

БЕ́ЛІНСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1826—50 у Беларусі, у маёнтку Белін Кобрынскага пав. (цяпер в. Белін Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.). Вырабляла сукно 3—5 гатункаў. У 1841—44 мела 75 ткацкіх станкоў, 37 прадзільных, 8 кардавальных, 15 часальных машын, 30 інш. станкоў. Воўну атрымлівала ад уласных авечак, фарбы — з Рыгі. Працавала да 420 рабочых (1836), з іх б.ч. наёмныя.

т. 3, с. 78

БЕЛІНФА́РМ,

гл. Беларускае інфармацыйнае агенцтва.

т. 3, с. 78

БЕ́ЛІН-ВО́САЎЦЫ,

вадасховішча ў Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., за 14 км на Пд ад г. Драгічын, каля в. Белін. Створана ў 1984 для рыбагадоўлі, арашэння. Наліўное, напаўняецца вадой помпамі з Белінскага і навакольных каналаў. Пл. 0,62 км², даўж. 3,39 км, найб. шыр. 0,4 км, найб. глыб. 4,6 м. Аб’ём вады 2,32 млн. м³. Берагі спадзістыя, вакол вадасховішча лесапасадкі. Мае мясц. рэкрэацыйнае значэнне.

т. 3, с. 77

БЕЛІТУ́НГ

(Belitung),

Білітон, востраў у Малайскім архіпелагу, паміж а-вамі Суматра і Калімантан, тэр. Інданезіі. Пл. 4850 км². Паверхня пераважна раўнінная, з асобнымі масівамі выш. да 510 м. Складзены з архейскіх гранітаў і гнейсаў. Клімат экватарыяльны. Вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы. Здабыча алавяных рудаў. Трапічнае земляробства. Гал. горад — Танджунгпандан.

т. 3, с. 78

БЕ́ЛІЦА,

гл. Ржаўка.

т. 3, с. 78

БЕ́ЛІЦА,

Лукаўскі канал, рака ў Беларусі, у Рагачоўскім і Жлобінскім р-нах Гомельскай вобл. Левы прыток Добасны (бас. Дняпра). Пачынаецца за 1,2 км на ПдЗ ад в. Старая Кашара Рагачоўскага р-на, упадае ў Добасну за 2 км на ПдУ ад в. Малевічы Жлобінскага р-на. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 197 км. Рэчышча каналізаванае, прытокі — меліярац. каналы працягласцю 168 км.

т. 3, с. 78