БЕЛДЗІПРАГА́З,
гл. Беларускі дзяржаўны інстытут па праектаванні сістэм і аб’ектаў газазабеспячэння.
т. 3, с. 75
БЕЛДЗІПРАГА́НДАЛЬ,
гл. Беларускі дзяржаўны інстытут па праектаванні прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
т. 3, с. 75
«БЕЛДЗІПРАДА́Р»,
Дзяржаўнае праектнае прадпрыемства «Белдзіпрадар» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1932 у Мінску як Ін-т «Дзіпрадар». З 1957 Бел. дзярж. ін-т па вышуканні і праектаванні аўтамаб. дарог («Белдзіпрадар»). Са жн. 1995 сучасная назва. Галаўная арг-цыя навук.-вытв. аб’яднання «Дзяржбудтэхніка». Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне аўтамагістраляў і аўтадарог, трансп. развязак, сістэм аўтадарожных мастоў і пуцеправодаў, падземных пераходаў; прадпрыемстваў дарожна-буд. індустрыі (асфальта- і цэментна-бетонныя з-ды, кар’еры дарожна-буд. матэрыялаў), аўтазаправачных станцый, адм. і жылых будынкаў; інж. вышуканні; тэхн. нагляд за падраднымі работамі пры буд-ве дарог і збудаванняў на іх; дыягностыка стану дарог, мастоў, пуцеправодаў; інж. разлікі трансп. збудаванняў; кансультацыйныя паслугі па праблемах дарожна-маставога будавання.
т. 3, с. 75
БЕЛДЗІПРАЛЕ́С,
гл. Беларускі дзяржаўны праектна-вышукальны інстытут лясной гаспадаркі.
т. 3, с. 75
БЕЛДЗІПРАМЯСАМАЛПРА́М,
гл. Беларускі дзяржаўны інстытут па праектаванні прадпрыемстваў мясной і малочнай прамысловасці.
т. 3, с. 75
БЕЛДЗЯРЖКІНО́,
Беларускае дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі. Існавала з 17.12.1924 да крас. 1938 пры Наркамаце асветы БССР. Займалася пытаннямі кінафікацыі і кінапракату на тэр. ўсх. Беларусі, падрыхтоўкі кадраў, арганізацыі вытворчасці кінахронікі і маст. фільмаў. У 1925 аб’ядналася з кінаарганізацыяй «Бел. пралеткіно» і пачало ўласную вытворчасць фільмаў. У 1928 арганізавала студыю маст. фільмаў «Савецкая Беларусь» (з 1946 «Беларусьфільм»). Ліквідавана ў сувязі са стварэннем Кіраўніцтва кінафікацыі пры СНК БССР.
т. 3, с. 75
БЕЛДЗЯРЖЭСТРА́ДА,
Беларускае дзяржаўнае аб’яднанне эстрады, канцэртная арг-цыя, якая мела на мэце развіццё і прапаганду эстр. мастацтва Беларусі. Вылучана ў 1939 з Беларускай філармоніі, з 1960 зноў у яе складзе. З 1990 у аб’яднанні «Мінскканцэрт», з 1992 у Рэсп. дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва, з 1996 у Дзяржаўным аб’яднанні «Белканцэрт». Да Айч. вайны мела аддзяленні ў Брэсце і Беластоку, 2 эстр. аркестры. У 1950-я г. пры Белдзяржэстрадзе працавалі т-р драмы і камедыі (кіраўнік А.Струнін), т-р лялек (кіраўнік Я.Шыраеў), ансамбль аперэты. У розны час маст. кіраўнікамі былі І.Нісневіч, А.Аркадзьеў, В.Пацехін, В.Малькова. Сярод артыстаў: спевакі Э.Міцуль, А.Самарадаў, Н.Равінская, танцоры Ю.Сляпнёў, М.Лапша, І.Хвораст, цымбалісты С.Навіцкі і Х.Шмелькін, піяністы Ю.Бяльзацкі, А.Жэзмер, І.Капланаў, Л.Молер, майстры эстрадна-цыркавога і арыгінальнага жанраў Р.Бурдон, А.Дудкін, Г.Ермаловіч, В.Міхайлаў, майстры размоўнага жанру Р.Дзідзенка, М.Зорын, Г.Лаўроў, Г.Рыжкова, М.Шышкін і інш.
т. 3, с. 75
БЕ́ЛЕВА,
вёска ў Беларусі ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр Першамайскага с/с і калгаса. За 18 км на ПдЗ ад Оршы, 98 км ад Віцебска, за 7 км ад чыг. ст. Чэрвена, на шашы Орша—г.п. Коханава. 416 ж., 124 двары (1995). Пач. школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.
т. 3, с. 75
БЕЛЕМНІ́ТЫ
(Belemnitida),
атрад вымерлых беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. Каля 70 родаў, больш за 50 відаў. Жылі з карбону да палеагену, найб. у мезазоі (юра-мел). На Беларусі рэшткі Б. трапляюцца ў верхняюрскіх і мелавых адкладах. Выкапнёвыя рэшткі служаць для вызначэння ўзросту юрскіх і мелавых адкладаў.
Марскія жывёлы, драпежнікі, вонкава падобныя на сучасных васьміногаў і кальмараў. Мелі ўнутр. ракавіну, якая складалася з 3 частак: вапнавай ракавіны канічнай формы, падзеленай на камеры (фрагмакона), цераз якія праходзіў выраст мяккага цела — сіфон; рэдукаванай часткі жылой камеры пласціністай формы (праастракума); цыгара- або ланцэтападобнага цела даўж. да 40 см (ростра). Акамянелыя ростры захаваліся ў адкладах (наз. «чортавы пальцы»).
т. 3, с. 75