Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕ́ЛГАРАД,

горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр Белгародскай вобл., на р. Северскі Данец. 315,7 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Аэрапорт. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэмент, мел, вапняк і інш.). Машынабудаванне і металаапрацоўка (энергет. машынабудаванне, прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная прам-сць і інш.), хім. (сінт. паўфабрыкаты, вітаміны), харч. (плодаагароднінная, кансервавая, мясная і інш.) прам-сць. 5 ВНУ. Белгарад — цэнтр н.-д. і праектных работ па асваенні Курскай магнітнай анамаліі. 2 тэатры, 2 музеі. Музей-дыярама «Курская бітва». Арх. помнікі 18—19 ст.

Упершыню ўпамінаецца ў 1237. У 1598—1785 горад-крэпасць, цэнтр Белгародскай абарончай лініі супраць крымскіх татараў на паўд. межах Расіі. З 1708 у Кіеўскай губ. З 1719 цэнтр Белгародскай прав., з 1727 у Курскай губ. З 1779 павятовы горад Курскага намесніцтва, з 1796 — Курскай губ. У 1869 праз Белгарад пракладзена Курска-Харкаўская чыгунка. У Вял. Айч. вайну ў раёне Белгарада ў ліп.жн. 1943 адбываліся цяжкія баі (гл. ў арт. Курская бітва 1943). З 1954 цэнтр Белгародскай вобл.

т. 3, с. 74

БЕ́ЛГАРАД-ДНЯСТРО́ЎСКІ,

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Адэскай вобл. 65,6 тыс. ж. (1992). Порт на Днястроўскім лімане, за 18 км ад Чорнага м. Чыг. станцыя. Харч. (рыба- і сока-кансервавая, масла- і вінаробная, мясная і інш.), мэблевая, лёгкая прам-сць; вытв-сць мед. вырабаў, буд. матэрыялаў. Краязнаўчы музей.

Вядомы з 6 ст. да н.э. як стараж.-грэч. горад-дзяржава Тыра, на месцы якога ў 9 ст. ўсх.-слав. племя ціверцаў заснавала г. Белгарад. У 13 ст. ў складзе Галіцка-Валынскага княства, захоплены татарамі, якія назвалі яго Ак-Ліба. У 14 ст. належаў генуэзцам, у 15 ст.Малд. княству (наз. Чатаця-Алба), з 1484 тур. крэпасць Акерман (Белы Камень, назва горада да 1944). 30.2.1806 заняты рус. войскамі і паводле Бухарэсцкага мірнага дагавору 1812 адышоў да Расіі. У 1918 захоплены Румыніяй, у 1940 вернуты СССР. З 1944 цэнтр раёна ў Адэскай вобл.

т. 3, с. 74

БЕЛГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Утворана 6.1.1954. Пл. 27,1 тыс. км². Нас. 1435,1 тыс. чал. (1994), гарадскога 64%. Цэнтр — г. Белгарад. Найб. гарады: Стары Аскол, Губкін, Шабекіна, Аляксееўка, Валуйкі.

Прырода. Белгародская вобласць размешчана на ПдЗ Сярэднярускага ўзвышша. Паверхня — узгоркавая раўніна (выш. да 276 м), моцна парэзаная ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда (радовішчы Курскай магнітнай анамаліі), буд. матэрыялы, фасфарыты, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -8 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў да 500 мм за год. Асн. рэкі: Северскі Данец і Аскол (бас. Дона), Ворскла (бас. Дняпра). Глебы пераважна чарназёмныя, месцамі шэрыя лясныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Белгародская вобласць ляжыць у лесастэпавай і стэпавай зонах, б.ч. разнатраўна-лугавога стэпу ўзарана. Пад лясамі 9% тэрыторыі (дуб, клён, ясень, бяроза і інш.). Запаведнікі «Лес на Ворскле» і частка Цэнтральначарназёмнага запаведніка («Ямскі стэп»).

Гаспадарка. Развіты горназдабыўная прам-сць (жал. руда), машынабудаванне і металаапрацоўка (паравыя катлы, абсталяванне для харч. і хім.-фармацэўтычнай прам-сці, вытв-сць металаканструкцый, электраабсталявання і інш.), металургічная, хім. (вітаміны, мыйныя сродкі і інш.), харч. (цукр. і мяса-малочная) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пасевы збожжавых (ячмень, пшаніца) і тэхнічных (цукр. буракі, сланечнік, эфіраалейныя) культур. Пладаводства. Малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, пчалярства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Харкаў, Масква—Растоў-на-Доне, Харкаў—Бранск, аўтамагістраль Масква—Сімферопаль і ўчасткі магістральных газаправодаў Шабялінка—Масква, Стаўрапаль—Масква.

П.І.Рогач.

т. 3, с. 74

БЕЛГЕ́А,

гл. Беларускае дзяржаўнае навукова-даследчае геалагічнае прадпрыемства.

т. 3, с. 75

БЕ́ЛГІ

(лац. Belgae),

кельцкія плямёны (амбіяны, атрэбаты, белавакі, менапіі, марыны, рэмы, суесіёны і інш.) ў Паўн. Галіі (паміж рэкамі Сена і Рэйн) і на ўзбярэжжы Брытаніі. Белгі з Галіі падпарадкаваны Ю.Цэзарам у 58—51 да н.э. З 16 да н.э. тэрыторыя іх рассялення склала рымскую правінцыю Белгіка. Белгі на тэр. Брытаніі заваяваны рымлянамі ў сярэдзіне 1 ст. н.э. У 5 ст. пасля заваявання Белгікі франкамі белгі былі часткова знішчаны захопнікамі, часткова зліліся з імі.

т. 3, с. 75

БЕЛГОРХІМПРА́М,

гл. Горнай і хімічнай прамысловасці Беларускі навукова-даследчы і праектна-канструктарскі інстытут.

т. 3, с. 75

БЕЛДАРЦЭ́НТР,

гл. Беларускі цэнтр па дыягностыцы і кантролі за транспартна-эксплуатацыйным станам аўтамабільных дарог і збудаванняў на іх.

т. 3, с. 75

«БЕЛДЗІПРАБУ́Д»,

Праектна-канструктарскі ін-т «Белдзіпрабуд». Засн. ў 1987 у Мінску на базе філіяла Ін-та «Пермпрампраект», з 1995 — недзяржаўная ўстанова. Мае філіялы ў абл. цэнтрах Беларусі. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне аб’ектаў прамысл. і жыллёва-грамадзянскага прызначэння.

т. 3, с. 75

«БЕЛДЗІПРАБУДМАТЭРЫЯ́ЛЫ»,

Дзяржаўнае прадпрыемства «Белдзіпрабудматэрыялы» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1988 у Мінску як Бел. дзярж. ін-т па праектаванні прадпрыемстваў прам-сці буд. матэрыялаў («Белдзіпрабудматэрыялы») на базе Мінскага аддз. Усесаюзнага ін-та «Саюздзіпрабудматэрыялы». З ліп. 1995 сучасная назва. Галаўны ін-т па праектаванні, рэканструкцыі і тэхн. перааснашчэнні прадпрыемстваў будматэрыялаў. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка дакументацыі для вытворчаці нестандартызаванага абсталявання, тэхн. мерапрыемстваў па змяншэнні страт паліва, электраэнергіі і зніжэнні выкідаў у навакольнае асяроддзе.

т. 3, с. 75

БЕЛДЗІПРАВАДГА́С,

гл. Беларускі дзяржаўны інстытут па праектаванні водагаспадарчага і меліярацыйнага будаўніцтва.

т. 3, с. 75