Пабудаваны ў 1928—37 (1-я чарга) у Оршы. У 1963 уведзена 2-я, у 1972 — 3-я чарга. У 1973 у склад камбіната ўвайшла Аршанская льнопрадзільная ф-ка «Дняпро» (пастаўляе пражу дывановым прадпрыемствам Беларусі). З 1975 — ВА «Аршанскі льнокамбінат», з 1990 — арэнднае вытворча-гандл. прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1995): бытавыя (дэкаратыўныя, бялізнавыя, сукеначна-касцюмныя, кашульныя, на сурвэткі, абрусы, пакрывалы, ручнікі), тэхн. і тарныя тканіны. У 1994 выраблена 41 тыс.м² ільняных тканін (макс. выпуск 215 тыс.м² быў у 1989). Пры камбінаце тэхнікум і ПТВ тэкстыльшчыкаў.
літаратурна-мастацкі часопіс, які ў 1925—28 выдавала Аршанская філія «Маладняка». Выйшла 7 нумароў. Змяшчаў вершы, лірычныя абразкі і апавяданні А.Вечара, М.Ганчарыка (вершы падпісваў псеўд. Я.Сявец), Ю.Гаўрука, В.Каваля, Т.Кляшторнага, М.Нікановіча, В.Сташэўскага, У.Прыбыткоўскага і інш. маладых пісьменнікаў, хроніку літ. жыцця Аршанскай акругі і маладнякоўскіх арг-цый рэспублікі.
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. з цэглы ў цэнтры Оршы на правым беразе р. Аршыца. У 1842 пераўтвораны ў правасл. мужчынскі Пакроўскі манастыр і духоўнае вучылішча. Складаўся з аб’яднаных у адзіны асіметрычны арх. комплекс касцёла Апекі Маці Божай (3-нефавая крыжова-купальная 2-вежавая базіліка; знішчаны ў 1967) і жылога корпуса. Жылы корпус — 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак з вальмавым дахам. Фасады падзелены прамавугольнымі вокнамі і плоскімі нішамі, вязкамі пілястраў у прасценках, руставанымі лапаткамі, міжпаверхавымі цягамі. Абодва паверхі маюць галерэйную сістэму планіроўкі.
Пабудаваны ў 1928—30. У 1935 уведзены ў дзеянне кансервавы цэх. У Вял. Айч. вайну разбураны, пасля вайны адноўлены і рэканструяваны. Асн. прадукцыя (1995): мяса, каўбасныя вырабы, кансервы мясныя, тлушч харч. і тэхн., мясныя паўфабрыкаты, сухія кармы, субпрадукты.
Існаваў у 1936—55 у Оршы. Імя Я.Купалы прысвоена ў 1941. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х класаў для 7-гадовых і сярэдніх агульнаадук. школ. Тэрмін навучання 2 гады. Меў аддзяленні: фіз.-матэм., гіст. (да 1951), бел. і рус. мовы і л-ры, з 1944 падрыхтоўчае і завочнае. Працавалі кафедры: бел. і рус. мовы, бел. і рус. л-ры, педагогікі і псіхалогіі, фізікі і матэматыкі, марксізму-ленінізму. У Айч. вайну знішчаны навуч. корпус, інтэрнат, абсталяванне, бібліятэка. Аднавіў работу ў 1944. Закрыты ў сувязі з узбуйненнем пед.ВНУ.
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Папярэднікам павета было Аршанскае (Рошскае) намесніцтва, утворанае ў 1392 вял. князем ВКЛ Вітаўтам. Верагодна, яно ўваходзіла ў Віцебскую зямлю і падзялялася на шэраг валасцей. У 15 — пач. 16 ст. значная іх частка падаравана буйным феадалам (Друцкім-Пуцяцічам, Друцкім-Бабічам, Адзінцэвічам, Гальшанскім і інш.). Назва Аршанскі павет (ці Аршанскае староства) ужывалася з 16 ст. Пасля ўключэння Смаленскай зямлі ў Маскоўскую дзяржаву Аршанскі павет стаў пагранічным і неаднойчы быў тэатрам ваен. дзеянняў. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 у Аршанскі павет увайшлі Лукомскае і Друцкае княствы, Барысаўскае і Магілёўскае староствы, частка Аболецкага пав., Любашанская і ўсх. Частка Свіслацкай валасцей і інш. Аршанскі павет уваходзіў у Віцебскае ваяводства. Сцягам Аршанскага павета была харугва зялёнага колеру з выявай «Пагоні». У канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. на тэр. павета сфарміравалася латыфундыя Сапегаў (частка Лукомскага і Друцкага княстваў, Аршанскае і Магілёўскае староствы і інш.). Буйнымі землеўладальнікамі былі кн. Галоўчынскія, Друцкія, Лукомскія, Сангушкі, Радзівілы, Хадкевічы і інш. Самыя вял. гарады ў 16—17 ст. Магілёў, Орша, Барысаў. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) б.ч. павета (да р. Друць) адышла да Рас. імперыі, дзе была ўтворана Аршанская правінцыя, астатняя частка (з цэнтрам у Халопенічах) праіснавала да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). У складзе Рас. імперыі Аршанскі павет з 1773 — адзін з трох паветаў Аршанскай правінцыі, з 1777 непасрэдна ў Магілёўскай губ., павялічаны за кошт скасаванага Дубровенскага пав. У 1796—1802 у Беларускай губ., павялічаны за кошт паўд. часткі скасаванага Бабінавіцкага пав., потым зноў у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1777. У 1840 да Аршанскага павета далучаны паўторна скасаваны Бабінавіцкі пав., у 1861 — частка скасаванага Капыскага пав., частка Аршанскага павета на левым беразе Дняпра ўключана ў новаўтвораны Горацкі пав. З крас. 1919 у Гомельскай, з ліст. 1920 у Віцебскай губ. РСФСР. У сак. 1924 усх. частка Аршанскага павета ўключана ў Смаленскую губ., рэшта перададзена БССР, дзе 17.7.1924 Аршанскі павет скасаваны і замест яго ўтворана Аршанская акруга.
на ПдУ Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,7 тыс.км. Нас. 44,8 тыс.чал. (1995), сярэдняя шчыльн. 26,4 чал./км², гарадскога 12%. Цэнтр — г.Орша; г. Барань, г.п. Арэхаўка і Копысь. 261 сельскі нас. пункт. 18 сельсаветаў: Браздзетчынскі, Веравайшанскі, Высокаўскі, Дубраўскі, Задроўеўскі, Зубаўскі, Клюкаўскі, Крапівенскі, Кудаеўскі, Ліпкаўскі, Малатынскі, Межаўскі, Панізоўскі, Першамайскі, Пішчалаўскі, Смалянскі, Стайкаўскі, Якаўлевіцкі.
Размешчаны ў межах Аршанскага ўзвышша і Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паўночная ч. занята Лучоскай нізінай. Паверхня пераважна ўзгорыстая і платопадобная. Пераважаюць выш. 180—220 м, найвыш. пункт 237,5 м (на ПнЗ ад в. Стайкі). Карысныя выкапні: торф, даламіт, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, легкаплаўкія гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 627 мм за год. Вегетацыйны перыяд 184 дні. Рэкі: Дняпро з прытокамі Аршыца і Адроў (справа), Крапівенка і Лешча (злева). Гушчыня натуральнай рачной сеткі 0,43 км/км². Азёры: Вял. Арэхаўскае, Дзевінскае, Перавалачна, Кузьміно, Карэсіна. Пад лясамі 23% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя, трапляюцца бярозавыя, асінавыя і альховыя. Агульная пл. балотаў 4,2 тыс.га. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (67,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,3%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (3%), тарфяна-балотныя (3%), поймавыя (2,5%); паводле мех. складу — сугліністыя (84,9%), супясчаныя (11,4%), тарфяныя (3%), пясчаныя (0,7%).
Пад с.-г. ўгоддзямі 107 тыс.га, з іх асушаных 11,7 тыс.га. На 1.1.1995 у Аршанскім раёне 23 калгасы і 10 саўгасаў. Развіты льнаводства, малочна-мясная жывёлагадоўля, свінаводства і птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (кафля, цэгла, жалезабетонныя вырабы), металаапрацоўцы (лёгкае машынабудаванне, станкабудаванне), лёгкай (тэкст., швейная), харч. прам-сці. БелДРЭС. Здабыча торфу. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі ад Оршы на Мінск, Магілёў, Крычаў, Віцебск, Лепель. Найб. значныя аўтадарогі Брэст—Масква і Магілёў—Віцебск. Магістральны газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы і нафтаправод на Наваполацк (адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба»). У раёне Смалянскі саўгас-тэхнікум, Высокаўскае СПТУ, 26 сярэднеагульнаадук., 7 базавых, 11 пач. школ, 2 муз. школы, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 4 клубныя і 58 бібліятэчных устаноў, 6 бальніц, 28 фельч.-ак. пунктаў. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Архітэктурныя помнікі ў в. Смаляны: касцёл дамініканцаў (18 ст.), руіны замка (17 ст.), Спаса-Праабражэнская і Аляксееўская цэрквы (18 ст.). Помнікі прыроды — Высокаўскі і Межаўскі паркі. Выдаецца «Аршанская газета».
максімальны стадыял апошняга паазерскага зледзянення на Беларусі. Адбыўся 17,7—17 тыс.г. назад у час найб. развіцця ледавіковага покрыва, граніцы якога супадалі з паўд. мяжой Беларускага Паазер’я. Кліматычныя ўмовы былі самыя суровыя за ўсё зледзяненне. У краявой зоне сфарміраваліся марэнныя, водна-ледавіковыя, лёсападобныя і інш. адклады. Канцавыя марэнныя ўзвышшы (складзены пераважна з пясчана-жвіровага матэрыялу) цягнуцца ад Оршы на З да воз. Сялява, гарадоў Лепель, Докшыцы і воз. Нарач. На рэках бас. Дняпра і Нёмана ўтварыліся другія надпоймавыя тэрасы. Сфарміраваліся асн. рысы сучаснага рэльефу паўд. Паазер’я. На Пд ад мяжы Аршанскага стадыяла намнажаліся покрыўныя лёсападобныя адклады (на Аршанска-Магілёўскай раўніне, Навагрудскім узв. і Мазырскай градзе).
Засн. ў 1900 у Оршы як слясарныя майстэрні. З 1915 мех. і жалезаліцейныя майстэрні, з 1928 чыгуна- і медналіцейны з-д (выпускаў вентылятары і запчасткі да с.-г. машын). З 1960 спецыялізуецца на выпуску плоскашліфавальных станкоў. Асвоіў вытв-сць высокапрадукцыйных плоскашліфавальных станкоў высокай дакладнасці для хуткага шліфавання і станкоў для эл.-хім. шліфавання. Прадукцыя адзначана залатымі медалямі на міжнар. выстаўках.