Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«БЕЛАРУ́СКІ СЦЯГ»,

штомесячны грамадска-паліт. і літ. часопіс, орган урада Беларускай Народнай Рэспублікі. Выдаваўся ў крас.вер. 1922 у Каўнасе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.​Дуж-Душэўскі. Гал. мэта выдання — абарона бел. дзяржаўнасці, павышэнне грамадскай свядомасці, умацаванне волі да барацьбы шляхам асвятлення ўсіх бакоў бел. жыцця. Разглядаў з нац.-дэмакр. пазіцый паліт. і грамадскія падзеі ў Зах. Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі і БССР, узнімаў пытанні вызв. руху і будучыні бел. народа. Публікаваў артыкулы па праблемах барацьбы за адраджэнне і незалежнасць Беларусі. Выйшлі 4 нумары.

Г.​М.​Зелянова.

т. 2, с. 457

«БЕЛАРУ́СКІ СЬВЕТ»,

навуковы, культ.-асветны і літ. часопіс. Выдаецца з 1971 у ЗША на бел. мове бел. эміграцыяй. Выходзіць у залежнасці ад паступлення матэрыялаў. Рэдактар і выдавец М.​Прускі (жыве ў г. Гранд-Рапідс, штат Мічыган, ЗША). Публікуе навук. артыкулы па гісторыі Беларусі, па пытаннях бел. культуры, літ. творы, успаміны і інш. Многія нумары прысвечаны асобным бел. дзеячам. Змяшчае таксама гіст. і сучасныя фотаздымкі, тэксты і ноты бел. песень, гумарыстычныя старонкі.

Г.​І.​Сурмач.

т. 2, с. 457

БЕЛАРУ́СКІ СЯЛЯ́НСКІ САЮ́З (БСС),

бел. нац. партыя парламенцкага тыпу ў Зах. Беларусі ў 1925—29. Створана ў Вільні бел. пасламі ў польскім сейме В.​Ц.​Рагуляй і Ф.​Ярэмічам у процівагу Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе. Адбыліся 1-я (24.3.1926, прынята праграма і абраны ЦК) і 2-я (ліп. 1927) канферэнцыі. У ЦК БСС увайшлі Рагуля, Ярэміч (старшыні), А.​Більдзюкевіч, Б.​Туронак (віцэ-старшыні). Цэнтр. орган — газ. «Сялянская ніва». БСС выступаў за падзел памешчыцкіх зямель, самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную бел. рэспубліку, і інш. Разам з Бел. хрысціянскай дэмакратыяй стварыў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Распаўся ў пач. 1929.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 2, с. 457

Беларускі трам

т. 18, кн. 1, с. 349

БЕЛАРУ́СКІ ТРЭ́ЦІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР (БДТ-3). Існаваў у 1920—37. У розны час меў назвы: Трупа бел. артыстаў пад загадам У.​Галубка

(Трупа Галубка),

Другая бел. дзярж. трупа (з 1924), Бел. дзярж. вандроўны тэатр (з 1926), з 1932 БДТ-3. Арганізатар і маст. кіраўнік Галубок. Адкрыўся 10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» Галубка. Выступаў у Мінску і па ўсёй Беларусі. Нёс у масы бел. нац. культуру, праводзіў вял. культ.-асв. работу. Пастаноўшчыкам усіх спектакляў быў Галубок, ён жа ствараў маст. і муз. афармленне. Калектыў наследаваў і прадаўжаў традыцыі бел. нар. т-ра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага і Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, укр. труп. Спектаклі былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі, нац. каларытам. Ставіліся п’есы Галубка, Ф.​Аляхновіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Чарота, Л.​Родзевіча, В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца і інш. Першымі акцёрамі былі сам Галубок і члены яго сям’і, бел. пісьменнікі (І.​Барашка, А.​Дудар, В.​Сташэўскі, М.​Чарот). У сярэдзіне 1920-х г. трупа папоўнілася маладымі акцёрамі (К.​Быліч, У.​Дзядзюшка, С.​Бірыла, А.​Згіроўскі і інш.). Асобныя спектаклі ставілі Е.​Міровіч, У.​Крыловіч, Ф.​Ждановіч, М.​Міцкевіч. У 1928 Галубку першаму ў рэспубліцы прысвоена званне нар. арт. БССР. З канца 1920-х г. з наступам ідэалогіі на мастацтва тэатр трапіў пад вострую афіц. парт. крытыку, яго кіраўніцтва абвінавацілі ў нацыяналіст. ухіле, у нізкім маст. узроўні пастановак. На пач. 1930-х г. адбылася рэарганізацыя тэатра. У 1931 яго маст. кіраўніком прызначаны К.​Саннікаў (Галубок застаўся дырэктарам і акцёрам), у 1932 т-р атрымаў сталую базу ў Гомелі. У 1934 для павышэння кваліфікацыі калектыў быў накіраваны на 3-месячныя курсы ў Маскву. У рэпертуары быў узяты курс на сучаснасць. Ставіліся пераважна тагачасныя сав. п’есы, якія ішлі ў інш. т-рах краіны, а таксама асобныя класічныя творы (А.​Астроўскага, А.​Пушкіна, Ф.​Шылера). У выніку такой перабудовы павысіліся агульны прафес. ўзровень калектыву, пастановачная культура спектакляў, але т-р страціў нац. самабытнасць і непаўторнасць. У 1937 Галубок і вядучы акцёр Згіроўскі былі рэпрэсіраваны, а т-р расфарміраваны.

А.​В.​Сабалеўскі.

Да арт. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Сяржант Дроб» Э.​Самуйлёнка.
Да арт. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Суд» У.​Галубка.

т. 2, с. 457

БЕЛАРУ́СКІ ТЭА́ТР ІМЯ́ Я́НКІ КУПА́ЛЫ,

назва Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў 1944—93.

т. 2, с. 458

БЕЛАРУ́СКІ ТЭА́ТР «ЛЯ́ЛЬКА».

Створаны ў 1990 у Віцебску з трупы лялечнікаў, якая працавала пры Бел. т-ры імя Я.​Коласа з 1986. Маст. кіраўнік В.​Клімчук, гал. мастак А.​Сідараў (з 1990). 20.4.1986 паказаны першы спектакль трупы «Дзед і Жораў» В.​Вольскага. Як самастойны тэатр адкрыўся ў 1990 спектаклем «Казка пра Ямелю» Я.​Тарахоўскай. У супрацоўніцтве з бел. аўтарамі створаны спектаклі: «Прыгоды трох парасят» Н.​Мацяш, «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка» П.​Сіняўскага, «Іванава шчасце» А.​Дыбчы (паводле бел. нар. казак), «Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка» У.​Граўцова (паводле твораў Я.​Баршчэўскага). Сярод інш. пастановак: «Усмешка клоуна» Я.​Чапавецкага, «Казкі Андэрсена» (інсцэніроўка рэж. Я.​Угрумава), «Чорная курыца» А.​Пагарэльскага, «Папялушка» Я.​Шварца, «Лялечнік» М.​Стывенса, «Дапытлівы слонік» Р.​Кіплінга, «Хлопчык-зорка» О.​Уайльда. Акцёры працуюць з лялькамі розных сістэм (марыянеткі, трысцёвыя, планшэтныя, пальчатачныя).

Дз.​У.​Стэльмах.

Да арт. Беларускі тэатр «Лялька». Удзельнікі спектакля «Дзед і Жораў» В.​Вольскага.

т. 2, с. 458

БЕЛАРУ́СКІ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.

Засн. ў 1930 у Гомелі як лесатэхнічны ін-т на базе ф-та лясной гаспадаркі Бел. с.-г. акадэміі. З 1945 у Мінску, з 1961 наз. Бел. тэхнал. ін-т, з 1993 ун-т. З’яўляецца вядучай ВНУ Беларусі па падрыхтоўцы тэхнолагаў 17 спецыяльнасцяў і больш як 80 спецыялізацый. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: лесагаспадарчы (з 1993 выкладанне на бел. мове), тэхналогіі і тэхнікі лясной прам-сці, тэхналогіі арган. рэчываў, хім. тэхналогіі і тэхнікі, завочны, павышэння кваліфікацыі, па рабоце з замежнымі студэнтамі; падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1949, дактарантура з 1988. Мае 6 н.-д. лабараторый, электронна-вылічальны цэнтр, друкарню. Працуе ун-т беларускай мовы, гісторыі і культуры (з 1991). Выдае газ. «Тэхнолаг».

Навучальны корпус Беларускага тэхналагічнага універсітэта.

т. 2, с. 458

Беларускі тэхнікум бізнесу і права

т. 18, кн. 1, с. 349

БЕЛАРУ́СКІ ТЭ́ХНІКУМ СЦЭНІ́ЧНАГА МАСТА́ЦТВА.

Існаваў у 1930—32 у Мінску. Створаны для падрыхтоўкі нац. акцёрскіх кадраў: дзейнічалі акцёрскае аддзяленне і 1-гадовыя драм. курсы. Апрача спец. дысцыплін (выкладалі Е.​Міровіч, П.​Данілаў, Г.​Халізеў) выкладаліся і агульнаадук. прадметы. Вясной 1932 адбыўся выпуск навучэнцаў курсаў. Сярод выпускнікоў: Н.​Гейц, І.​Дзядовіч, Я.​Зайчык, П.​Пекур, З.​Скачкоўская, М.​Троіцкая, С.​Хацкевіч, І.​Шаціла (у далейшым акцёры БДТ-1), Ю.​Гальперына, Т.​Заранок, Е.​Іванова, Г.​Кавальчук, Н.​Мішэнка. З выпускнікоў курсаў арганізаваны т-ры вандроўны імя Дзяржынскага і Чырвонаармейскі.

т. 2, с. 458