БЕЛАХВО́СЦІК Валянцін Сяргеевіч
(н. 6.9.1934, в. Багушэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1994). Скончыў студыю Бел. т-ра імя Я.Купалы (1958), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1965). З 1958 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Яго мастацтва адметнае напоўненасцю і каларытнасцю вобразаў пры лаканізме вонкавых выразных сродкаў. Сярод роляў: Сымон («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Зуеў («Апошні шанц» В.Быкава), Каравай («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Дугін («Радавыя» А.Дударава), Бялугін («Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага), Урыя Шэлі («Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта). Здымаецца ў кіно: «Рудабельская рэспубліка», «На ростанях», «Воўчая зграя», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена» і інш. Удзельнічае ў тэлевізійных («Па шчасце, па сонца» паводле твораў Я.Купалы і інш.) і радыёпастаноўках (за ролі ў спектаклях «Хамуціус» паводле А.Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.Коласа Дзярж. прэмія Беларусі 1989).
Ю.М.Сохар.
т. 3, с. 72
БЕЛАХВО́СЦІК Зоя Валянцінаўна
(н. 26.9 1959, Мінск),
бел. актрыса. Унучка Г.П.Глебава, дачка В.С.Белахвосціка. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982), працуе ў Нац. т-ры імя Я.Купалы. Найб. ярка акцёрскі талент выявіўся ў ролях нац. рэпертуару: Паўлінка, Аленка («Паўлінка», «Тутэйшыя» Я.Купалы), Зоська («Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.Чарота), Юлька («Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча). Сярод інш. роляў: Паліна («Даходнае месца» А.Астроўскага), Эльза («Дракон» Я.Шварца), Лаура («Блакітная ружа» Т.Уільямса), Наташа («Тры сястры» А.Чэхава).
М.А.Бартніцкая.
т. 3, с. 72
БЕЛАХВО́СЦІКАЎ Аляксандр Яфімавіч
(падп. псеўд. Альдэмар; 10.8.1914, в. Ляхавік Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 5.5.1943),
удзельнік Віцебскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1938). Працаваў у Віцебскім аблвыканкоме, пазаштатным сакратаром Кастрычніцкага райкома ЛКСМБ Віцебска. Паводле рашэння гаркома ЛКСМБ пакінуты ў горадзе для падп. работы. У ліп. 1941 — крас. 1943 кіраўнік разведвальна-дыверсійнай групы. У маі схоплены фашыстамі і расстраляны.
т. 3, с. 72
БЕЛАЦАРКО́ЎСКІ Алег Міхайлавіч
(н. 29.8.1925, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія),
расійскі вучоны ў галіне механікі. Акад. АН СССР (1979, чл.-кар. 1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1952). Працаваў ва ўстановах АН СССР. З 1955 у Маскоўскім фіз.-тэхн. ін-це (з 1962 рэктар). Навук. працы па тэарэт. і прыкладной аэрадынаміцы, вылічальнай матэматыцы. Распрацаваў шэраг прынцыпова новых лікавых метадаў для прамога мадэлявання складаных нестацыянарных з’яў у галіне прыкладной і тэхн. механікі. Ленінская прэмія 1966.
т. 3, с. 72
БЕЛАЦАРКО́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1651.
Падпісаны гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім і камісарам польск. ўрада каронным гетманам М.Патоцкім 28 вер. пад Белай Царквой у час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54. Паводле Белацаркоўскага дагавора колькасць рэестравых казакоў змяншалася з 40 да 20 тыс. чал.; ім дазвалялася жыць толькі ў Кіеўскім ваяводстве, укр. гетман падпарадкоўваўся польск. кароннаму гетману; польскай шляхце вярталіся б. маёнткі і прыгонныя. Стаў вынікам ваенных няўдач казацка-тат. войска пад камандаваннем Хмяльніцкага, яго паражэння пад Берастэчкам (1651). Белацаркоўскі дагавор скасаваны ў 1652 пасля перамогі Хмяльніцкага над польск. войскамі пад Батогам на Брацлаўшчыне.
т. 3, с. 72
БЕЛАШО́ВА
(Аляксеева-Белашова) Кацярына Фёдараўна (2.12.1906, С.-Пецярбург — 9.5.1971),
рускі скульптар. Нар. мастак СССР (1963). Чл.-кар. АМ СССР (1964). Вучылася ў Ленінградскім вышэйшым мастацка-тэхн. ін-це (1926—32). Працавала пераважна ў галіне станковай скульптуры («Партрэт старога», 1944; «Мроі», 1957; «Абуджэнне», 1967). Стварыла рамантычны і адначасова драматычны вобраз А.С.Пушкіна («А.С.Пушкін», 1957; помнік А.С.Пушкіну ў Пушкінскіх Гарах, 1959). Гераізм народа адлюстраваны ў многіх работах ваен. і пасляваен. часу («Няскораная», 1943; «Партызан», 1944; «Зоя», 1948, і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1967.
Літ.:
Е.Ф.Белашова: [Альбом]. М., 1972.
т. 3, с. 72
БЕ́ЛАЯ,
рака ў Расійскай Федэрацыі, пераважна ў Башкортастане, левы прыток Камы. Даўж. 1430 км, пл. бас. 142 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Паўд. Урала, ніжэй ад упадзення р. Уфа цячэ па раўніне, мае шырокую пойму, утварае шмат лукавін, разбіваецца на рукавы. Гал. прытокі: Нугуш, Уфа (справа), Дзёма (злева). Сярэднегадавы расход вады каля г. Бірск 846 м³/с. Суднаходства ад г. Уфа. На Белай гарады Беларэцк, Салават, Ішымбай, Стэрлітамак, Уфа, Бірск.
т. 3, с. 72
БЕ́ЛАЯ,
рака ў Беларусі, у Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток Друці (бас. Дняпра). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 111 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Старое Заліцвінне. Амаль цалкам каналізаваная.
т. 3, с. 72