Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЛАРУ́СКІ ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУ́Т (Белпраект) Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1933 у Мінску на базе праектнай канторы Белжылбуда і Бел. філіяла Дзіпрагара РСФСР як Бел. дзярж. праектны ін-т. З 1990 арэнднае прадпрыемства. Галаўны ін-т па жыллёва-грамадз. буд-ве ў Беларусі. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка тэндэрнай дакументацыі, тыпавых, эксперым. і асобных індывід. праектаў, жылых дамоў, інтэрнатаў, гасцініц, школ, дзіцячых дашкольных устаноў і праектаў забудовы; комплекснае праектаванне аб’ектаў аховы здароўя і адпачынку, спарт. Збудаванняў, н.-д. і навуч. устаноў, відовішчных, адм.-вытв. будынкаў і інш. аб’ектаў грамадз. прызначэння.

т. 2, с. 455

БЕЛАРУ́СКІ ПРАФЕСІЯНА́ЛЬНЫ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ САЮ́З.

Дзейнічаў у 1929—37 у Вільні. Засн. 9.5.1929 па ініцыятыве А.Луцкевіча, В.Грышкевіча (старшыня ўправы), Р.Астроўскага, А.Сакаловай-Лекант, Я.Шнаркевіч і інш. Ставіў за мэту абарону прафес. інтарэсаў настаўнікаў, удасканаленне іх пед. майстэрства, развіццё бел. культуры, падтрыманне бел. школьніцтва. Пашыраў дзейнасць на Віленскае, Навагрудскае, Палескае і Беластоцкае ваяводствы. Ладзіў навук.-пед. канферэнцыі, арганізоўваў лекцыі, канцэрты вучнёўскай самадзейнасці. Праводзіў зборы грашовых сродкаў для бедных вучняў бел. гімназіі. Скасаваны загадам віленскага ваяводы 20.8.1937.

т. 2, с. 455

«БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ТНІК»,

газета. Выдавалася з чэрв. 1943 да ліст. 1944 у Берліне на бел. мове пад кантролем герм. улад. Была разлічана на беларусаў, якія добраахвотна выехалі або прымусова вывезены на работы ў Германію. Газету курыравалі Беларускае прадстаўніцтва, аўтарскі калектыў газ. «Раніца». Распаўсюджвалася пераважна ў тых рэгіёнах, дзе былі значныя кантынгенты выхадцаў з Беларусі. Асноўны змест: агляды міжнар. жыцця, сусветная хроніка, матэрыялы навук.-папулярнага характару, вершы і проза бел. аўтараў, артыкулы і нарысы па гісторыі і культуры Беларусі і інш. Частку матэрыялаў запазычвала з інш. бел. акупац. газет. Выйшаў не менш як 41 нумар.

С.У.Жумар.

т. 2, с. 455

БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ КЛУБ.

Існаваў у 1920 у Мінску. Праводзіў культ.-асв. работу, прапагандаваў тэатр. мастацтва. Пры клубе працавалі драм., муз. і харавая секцыі, бібліятэка, курсы беларусазнаўства. Рэжысёры драм. секцыі У.Галубок, Ф.Ждановіч, В.Сташэўскі паставілі спектаклі «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Суд» і «За мураванай сцяной» Галубка, «Міхалка» Далецкіх і інш. 10.8.1920 у клубе спектаклем «Суд» пачала сваю дзейнасць трупа Галубка (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр).

т. 2, с. 455

БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ ТЭА́ТР імя Цэнтральнага савета прафесійных саюзаў Беларусі. Існаваў у 1928—33 у Мінску. Створаны з драм. гуртка бухгалтарскіх курсаў як Бел. рабочы т-р

(«Наш тэатр»),

у 1930 перайменаваны ў т-р імя ЦСПСБ. З мая 1930 працаваў як вандроўны. Дырэктар М.Красінскі, рэжысёр Ф.Ждановіч, з 1930 В.Галаўчынер. Т-р выступаў сярод рабочых пераважна ў аддаленых раёнах. Асн. месца ў рэпертуары займалі актуальныя на той час п’есы: «Босыя на вогнішчы» паводле М.Чарота, «На стыку» Ц.Гартнага, «Будні» І.Гурскага, «Шляхамі рознымі» У.Стэльмаха, «Гірт з воўчага логу» Я.Райніса, «Князь Мсціслаў Удалы» І.Прута, «Стрэл» А.Безыменскага, «Чынгісбуд» К.Федзіна, «Слухайце, ныцікі!» А.Майскага, аперэта «Кухня святасці» Я.Цікоцкага.

С.А.Пятровіч.

т. 2, с. 455

«БЕЛАРУ́СКІ РА́ДНЫ»,

часопіс, орган муніцыпалітэтаў т.зв. самаўрадаў у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 27.11.1927 да 16.2.1929 (неперыядычна) у Вільні на бел. мове. Рэдактары-выдаўцы Я.Ярош, Т.Вернікоўскі, кіраўнік рэдакцыі Г.Канапніцкі. Асвятляў становішча ў Зах. Беларусі, дзейнасць органаў мясц. самакіравання і адносіны да іх польск. ўрада. Інфармаваў пра стан адраджэння краю, зруйнаванага 1-й сусв. вайной, пра яго прыродныя багацці і патэнцыяльныя эканамічныя магчымасці. Змяшчаў муніцыпальную і краёвую хроніку, юрыд. парады, матэрыялы па навуцы і тэхніцы і інш. Выйшла 12 нумароў.

А.С.Ліс.

т. 2, с. 455

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі

т. 18, кн. 1, с. 349

БЕЛАРУ́СКІ РЭСПУБЛІКА́НСКІ ТЭА́ТР Ю́НАГА ГЛЕДАЧА́,

назва Тэатра юнага гледача Рэспублікі Беларусь у 1955—91.

т. 2, с. 455

БЕЛАРУ́СКІ САВЕ́ЦКІ ТЭА́ТР.

Існаваў у Мінску з 22.12.1918 да сак. 1919. Створаны на базе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Ф.Ждановіча і тэатр. калектыву пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. У склад т-ра ўваходзілі таксама хор У.Тэраўскага і аркестр пад кіраўніцтвам Ф.Тхожа. Рэжысёры Аляхновіч, Ждановіч. Сярод акцёраў (усяго 35 чал.): В.Вашкевіч, У.Галубок, Р.Жакоўскі, А.Крыніца, М.Міцкевіч, Л.Навахацкая, Ч.Родзевіч, В.Тарасік. У рэпертуары пераважалі бел. творы: «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Кветка папараці» К.Буйло, п’есы Галубка, Аляхновіча, А.Чэхава, інсцэніроўкі па творах Э.Ажэшкі і інш. Пры т-ры працавала літ. секцыя. Калектыў т-ра праводзіў культ.-асв. Работу.

А.В.Сабалеўскі.

т. 2, с. 456

БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З АРХІТЭ́КТАРАЎ,

гл. Саюз архітэктараў Беларусі.

т. 2, с. 456