Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАГО́ЎСКАЯ Алена Іванаўна

(25.12.1904, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 29.8.1981),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1952). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—70 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца вострахарактарных роляў, майстар эпізоду. Глыбокая народнасць нац. вобразаў найб. ярка выявілася ў бел. рэпертуары: Марыля, Альжбета («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.Купалы), бабка Мар’я («Навальніца будзе» паводле Я.Коласа), Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Наста («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Агата («Цэнтральны ход» К.Губарэвіча і І.Дорскага). Сярод роляў у класічным рэпертуары: Пашлёпкіна («Рэвізор» М.Гогаля), Фяона («Мінулася кату масленіца» А.Астроўскага), Варвара і Квашня («Ягор Булычоў і іншыя» і «На дне» М.Горкага), Карміцелька («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера).

В.А.Ракіцкі.

т. 9, с. 92

ЛАГО́ЦА

(Lagozza),

неалітычнае паселішча на воз. Лагоца ў Беснаце каля Мілана ў паўн. Італіі. З’яўляецца эпанімным помнікам культуры заходняга неаліту (2850—1600 да н.э.). Характэрны цёмныя паліраваныя кругладонныя пасудзіны і місы. Арнамент сустракаецца рэдка і складаецца з радыяльных ліній у прыдоннай частцы, а таксама прадрапаных заштрыхаваных трохвугольнікаў. Пасудзіны мелі некалькі ручак з адтулінамі для падвешвання. Сустракаюцца крамянёвыя мікраліты, прасліцы і грузікі.

т. 9, с. 92

ЛАГРА́НЖ (Lagrange) Жазеф Луі

(25.1. 1736, г. Турын, Італія — 10.4.1813),

французскі матэматык і механік, адзін са стваральнікаў аналітычнай механікі і варыяцыйнага злічэння. Чл. Берлінскай АН (1759) і яе прэзідэнт (1766—87), чл. Парыжскай АН (1772), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1776). Вучыўся ў Турынскім ун-це. Праф. Артыл. школы (з 1754) у Турыне, Вышэйшай нармальнай школы (з 1795) і Політэхн. школы (з 1797) у Парыжы. Навук. працы па механіцы, геаметрыі, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, матэм. аналізе, тэорыі лікаў, алгебры, астраноміі. Сфармуляваў асн. варыяцыйныя прынцыпы механікі, увёў абагульненыя каардынаты, надаў ураўненням руху форму, названую яго імем (гл. Лагранжа ўраўненні), прапанаваў тэорыю лібрацыі Месяца і тэорыю руху спадарожнікаў Юпітэра, выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў па розных раздзелах матэматыкі, матэм. картаграфіі і тэарэт. астраноміі.

Тв.:

Рус. пер. — Аналитическая механика. Т. 1—2. 2 изд. М.; Л., 1950.

Літ.:

Жозеф Луи Лагранж, 1736—1936: Сб. ст.: К 200-летию со дня рождения. М.; Л., 1937.

А.І.Болсун.

Ж.Лагранж.

т. 9, с. 92

ЛАГРА́НЖА ЎРАЎНЕ́ННІ ў механіцы,

ураўненні руху мех. сістэмы, у якіх яе стан вызначаецца незалежнымі параметрамі, т. зв. абагульненымі каардынатамі. Атрыманы Ж.Л.Лагранжам (1760).

Для галаномных сістэм (гл. Сувязі механічныя) Л.ў. 2-га роду маюць выгляд d dt ( L qi ) L q.i = Qi , дзе L = T(q,q.) U(q) — функцыя Лагранжа, T(q,q.) — кінетычная і U(q) — патэнцыяльная энергіі сістэмы, qi — абагульненыя каардынаты і q.i = dqi dt — абагульненыя імпульсы сістэмы, Qi — абагульненыя сілы, i = 1, 2, ..., n, n — лік ступеней свабоды мех. сістэмы. Л.ў. выкарыстоўваюцца для вывучэння мех. руху і інш. працэсаў у фізіцы, электратэхніцы, аўтаматыцы і інш. Гл. таксама Аналітычная механіка.

т. 9, с. 93

ЛАГУ́Н Сяргей Раманавіч

(1.2.1915, в. Пеклічы Любанскага р-на Мінскай вобл. — 2.9.1985),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1972), праф. (1972). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1947). З 1946 на парт. рабоце ў Мінску (прапагандыст, інструктар, кіраўнік лектарскай групы). З 1952 выкладчык Ін-та нар. гаспадаркі, з 1954 заг. кафедры Бел. ін-та механізацыі сельскай гаспадаркі. Аўтар манаграфій «Дзейнасць КПБ па перабудове і паляпшэнню працы Саветаў» (1962), «Умацаванне Саветаў Беларусі і павышэнне іх ролі ў будаўніцтве сацыялізму» (1970).

В.Г.Маскалёў.

т. 9, с. 93

ЛАГУ́Н Уладзімір Андрэевіч

(н. 10.4. 1922, в. Азломль Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Творы «Магіла невядомага салдата» (1957), «Вярнуўся» (1966), «Маці» (1969), «Да сына» (1973), «Парад Перамогі ў Маскве» (1984), «Маці ў блакаду» (1987) і інш. прысвечаны Вял. Айч. вайне. Вобраз чалавека-працаўніка ўвасоблены ў партрэтах «Даярка» (1951), «Стары з Лепельшчыны» (1963), «Настаўніца» (1973), карцінах «Будаўнікі» (1960), «Раніца ў калгасе» (1965), «Нафтаправод «Дружба» (1980), «Дарога да храма» (1999). Лірызмам і цеплынёй прасякнуты пейзажы «Беларускі пейзаж» (1949), «Далеч» (1955), «Стагі» (1965), «Вілія» (1969), «Мой горад» (1972), «Вясна на Палессі» (1979), «Месяцовая ноч» (1985), «Бярэзіна. Вёска Галынька» (1997), «Прыпяць» (1998).

Л.Ф.Салавей.

т. 9, с. 93

ЛАГУ́НА

(італьян. laguna ад лац. lacus возера),

мелкаводная частка акіяна (мора), аддзеленая ад яго барам або касой і злучаная з ім вузкім адным ці некалькімі пралівамі. Ад слабай сувязі з морам або ад поўнага адасаблення Л. маюць большую ці меншую салёнасць і спецыфічныя лагунныя адклады. Трапляюцца на ўзбярэжжах Чорнага, Каспійскага і інш. мораў. Таксама Л. наз. ўчастак мора паміж каралавым рыфам і берагам або ў сярэдзіне атола.

т. 9, с. 93

ЛАГУНО́ВІЧ-ЧАРЭ́ПКА Сяргей Аляксандравіч

(н. 27.12.1952, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). З 1979 выкладае ў Бел. АМ. Творам характэрны выразная кампазіцыйная пабудова твора, дакладны малюнак, тонкі каларыт і рэалістычная форма выяўлення: трыпціхі «Батлейка» (1971) і «Мядзведжая забава» (1977), карціна «Натхненне. Прысвячэнне Ефрасінні Полацкай» (1993), партрэты фізіка-тэарэтыка А.Вялічкі (1979), рэстаўратара А.Ліпскага (1983), сына Піліпа (1994). Аўтар нацюрмортаў «Нацюрморт з ружовым гарбузом» (1981), «Начная госця» (1987), «Касачы» (1990), «Нацюрморт з вазай-гідрыяй» (1992), «Лілеі» (1997) і інш.

Л.Ф.Салавей.

т. 9, с. 93

ЛАГУНО́Ў Анатоль Аляксеевіч

(н. 30.12.1926, в. Абшараўка Прыволжскага р-на Самарскай вобл., Расія),

расійскі фізік-тэарэтык. Акад. Рас. АН (1972; чл.-кар. з 1968). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Маскоўскі ун-т (1951). З 1963 дырэктар Ін-та фізікі высокіх энергій (г. Серпухаў), адначасова ў 1974—91 віцэ-прэзідэнт АН СССР, у 1977—92 рэктар Маскоўскага ун-та. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, фізіцы высокіх энергій, тэорыі гравітацыі. Распрацаваў агульныя тэарэтычныя метады для вывучэння шырокага класа працэсаў з удзелам адронаў, прымаў удзел у распрацоўцы і ўводзе ў дзеянне пратоннага сінхратрона на энергію 70 ГэВ. Ленінская прэмія 1970, Дзярж. прэміі СССР 1973, 1984.

А.А.Леановіч.

А.А.Лагуноў.

т. 9, с. 93

ЛАГЧЫ́НА,

лінейна выцягнутае эразійнае паніжэнне рэльефу са спадзістымі (15—45°) схіламі, якія плаўна пераходзяць да днішча і водападзелу. Утвараюцца пераважна ад размыву глебы і грунтоў снегавой вадою і ліўневымі дажджамі. Глыбіня Л. 3—15 м і больш, шыр. ад дзесяткаў да 150—200 метраў. Форма папярочнага сячэння Л. карытападобная, днішча плоскае ці слабаўвагнутае. Звычайна задзернаваныя, нахіленыя ў адным напрамку. Пры далейшым развіцці могуць ператварацца ў яр. На Беларусі Л. трапляюцца найчасцей у цэнтр. і паўн. раёнах.

т. 9, с. 93