Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЫ́ХАЎСКАЯ ЛЮДВІСА́РНЯ,

гарматная ліцейная майстэрня ў Быхаве ў 2-й пал. 16—18 ст. Узнікла, калі горадам валодалі магнаты Хадкевічы. Тут вырабляліся звычайныя і дробавыя гарматы — «шротаўніцы», марціры, шматствольныя ўстаноўкі — «арганы» і «шмыгаўніцы», а таксама ядры, карцечныя зарады, артыл. і ручныя гранаты. Адным з першых людвісараў быў, верагодна, ням. майстар Кашпір Ганусаў. У 1697 быхаўскія людвісары майстар Пятрок і яго памочнік Юрка былі запрошаны ў Магілёў, дзе адлілі для магістрата вял. бронзавую гармату.

т. 3, с. 378

БЫ́ХАЎСКАЯ СІНАГО́ГА,

помнік архітэктуры позняга рэнесансу. Пабудавана ў сярэдзіне 17 ст. з цэглы ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Цэнтрычная мураваная пабудова (20 х 21 м у плане) з элементамі абарончага дойлідства: круглая баявая вежа на паўн.-зах. рагу, дэкар.-абарончы атык (байніцы пазней замураваны). Накрыта пакатым 4-схільным дахам. Дэкаравана простымі карнізамі, неглыбокімі прамавугольнымі нішамі. У інтэр’еры квадратная зала падзелена 4 слупамі на 9 роўных частак, перакрытых скляпеннямі. Паміж сабой слупы ў сярэдзіне злучаны аркамі на 2 узроўнях. Цэнтр. месца займае 2-ярусная трыбуна-біма. У цэнтры ўсх. сцяны алтар-ніша, акаймаваная стукавай лепкай.

т. 3, с. 379

БЫ́ХАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́ , помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Будынак цэнтрычны, крыжападобны ў плане, на цагляным атынкаваным фундаменце. З трох бакоў зроблены ўваходы ў выглядзе шырокіх мураваных ганкаў з казыркамі на драўляных калонах. Над гал. уваходам — высокая васьмігранная ў плане 3-ярусная званіца, над сяродкрыжжам — вялікі светлавы барабан (дыяметр 8 м, вышыня 12,5 м) з купалам. Фасады вертыкальна ашаляваны. Вокны паўцыркульныя. У інтэр’еры цэнтральная 2-светлавая частка перакрыта самкнёным скляпеннем на ветразях.

т. 3, с. 379

БЫ́ХАЎСКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ , сістэма абарончых збудаванняў у г. Быхаў у 16—18 ст. Буд-ва ўмацаванняў, як і Быхаўскага замка, пачата ў 1590 уладальнікам Быхава Я.К.Хадкевічам, скончана пасля 1625 пры новым уладальніку горада Л.Сапегу. Уключалі земляны вал (даўж. 800 м, выш. 7—8 м, шыр. ў аснове да 30 м) з бастыёнам, равелінамі і мураванымі ўязнымі брамамі, амаль такой жа даўжыні абарончы роў, у якім пастаянна была вада. Меліся брамы: Падольная (Дольная), што вяла да Дняпра, Магілёўская (у паўн. частцы горада) і Рагачоўская (Навабыхаўская, у паўд. Частцы).

т. 3, с. 380

БЫ́ХАЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1979 у г. Быхаў на базе матэрыялаў музея раённай газ. «Маяк Прыдняпроўя». Размяшчаецца на тэр. Быхаўскага замка. Мае 8 экспазіцыйных залаў (пл. экспазіцыі 288 м²), каля 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: археалогіі, гісторыі Быхаўшчыны ад стараж. часоў, прыроды. Экспануюцца археал. знаходкі (зуб і фрагменты біўняў маманта, каменныя прылады працы і інш.), матэрыялы, прысвечаныя гісторыі Быхаўскага замка, падзеям Паўн. вайны 1700—21, вайны 1812, грамадз. вайны 1918—20, удзелу ўраджэнцаў Быхаўшчыны ў Вял. Айч. вайне. Асобныя стэнды прысвечаны ўраджэнцу раёна маршалу авіяцыі С.А.Красоўскаму, лепшым прадпрыемствам і гаспадаркам раёна, развіццю медыцыны, нар. асветы, культуры і спорту. Аддзел прыроды знаёміць з раслінным і жывёльным светам краю.

т. 3, с. 379

БЫ́ХАЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у г. Быхаў. Стаяў на высокім правым беразе Дняпра, на месцы паселішча 14—15 ст. Уваходзіў у сістэму Быхаўскіх гарадскіх умацаванняў. Да 1590, калі вытрымаў напад «нізавых казакоў» М.Федаровіча, меў драўляна-земляныя ўмацаванні — кальцавы вал, драўляныя сцены ў выглядзе гародняў, вежы і ўязную браму. Тады ж гаспадар горада гетман Я.К.Хадкевіч атрымаў ад караля грамату на ўзвядзенне новага замка. Будаўніцтва яго скончылася ў 1619. Пры Л.Сапегу, да якога ў 1628 перайшоў Быхаў, зроблена бастыённая фартыфікацыя. Новы Быхаўскі замак займаў участак берага ў выглядзе няправільнага прамавугольніка памерам 77 х 100 м, з Пд, З і Пн быў абведзены равамі шырынёй да 22—27 м, па краях пляцоўкі — землянымі валамі з бастыёнамі. Да мураванай замкавай брамы, па баках якой знаходзіліся васьмігранныя 2-ярусныя цагляныя вежы, вёў драўляны мост. На восі ўезду ў замак размяшчаўся палац, справа ад яго стаяла казарма. Быхаўскі замак перажыў шмат аблог і штурмаў (гл. Быхава аблога 1654—55, Быхава абарона 1659, Быхава аблога 1660—61, Быхава аблога 1702, Быхава абарона 1707).

М.А.Ткачоў.

т. 3, с. 379

БЫ́ХАЎСКІ КАНСЕ́РВАВА-АГАРОДНІНАСУШЫ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1950—54 у г. Быхаў Магілёўскай вобл. З 1959 камбінат, з 1976 завод, да 1981 галаўное прадпрыемства Быхаўскага вытв. агр. аб’яднання па вытв-сці і прамысл. перапрацоўцы агародніны і садавіны. У 1963—64 і 1992 рэканструяваны і расшыраны. Дзейнічаюць кансервавы, сушыльны, меланжавы, бляшаначны і тарны цэхі. Асн. прадукцыя (1995): агароднінныя і фруктовыя кансервы, крухмал, бляшанкі і метал. Накрыўкі.

т. 3, с. 379

БЫ́ХАЎСКІ ПАВЕ́Т, Старабыхаўскі павет (да 1852). Існаваў на тэр. Беларусі ў 1772—96 і 1802—1923. Утвораны 8.6.1772 пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г. Быхаў (Стары Быхаў). 23.12.1796 пры скасаванні Магілёўскай губерні павет скасаваны, тэр. ўвайшла ў Беларускую губерню. Адноўлены 11.3.1802 з аднаўленнем Магілёўскай губ. Пл. Павета 4105,8 кв. вёрстаў, нас. 124 820 чал. (1897). У павеце было 10 валасцей: Баханская, Бычанская (раней Новабычанская), Гарадзецкая (пазней Старабыхаўская), Гарадзішчанская, Глухаўская, Грудзінаўская (раней Царкоўнаасавецкая), Даўгамохская, Навабыхаўская, Прапойская, Чыгірынская; 476 нас. пунктаў (1897). З абвяшчэннем БССР (1.1.1919) Быхаўскі павет у яе складзе. З лют. 1919 у складзе Магілёўскай (з 26.4.1919 Гомельскай) губ. РСФСР. 14.2.1923 павет скасаваны, воласці перададзены ў Магілёўскі, Рагачоўскі і Чэрыкаўскі паветы Гомельскай губ.

т. 3, с. 379

БЫ́ХАЎСКІ РАЁН,

на Пд Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,3 тыс. км². Нас. 49,2 тыс. чал. (1996), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал/км². Цэнтр — г. Быхаў. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Абідавіцкі, Баркалабаўскі, Верхнятошчыцкі, Гарадзецкі, Глухскі, Грудзінаўскі, Дунайкаўскі, Лудчыцкі, Навабыхаўскі, Следзюкоўскі, Трылесінскі, Холстаўскі, Чарнаборскі, Чырвонаслабодскі, Ямненскі. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) частка тэр. раёна забруджана радыеактыўнымі элементамі. Жыхары в. Александроў адселены.

Размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 150—160 м, найвыш. пункт 183,5 м (каля в. Трылесіна). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, керамічныя гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,2 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 189 сут. Найб. р. Дняпро з прытокамі Чарнаўка, Баброўка, Трасна, Ухлясць з Варонінкай, Тошчыца, Адаменка, Рдзіца, Лахва; на Зр. Друць (на ёй Чыгірынскае вадасх.) з прытокамі Грэза і Балонаўка. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 39% тэр. раёна, пераважна хваёвыя, яловыя і бярозавыя.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў складае 103,1 тыс. га, з іх асушана 23,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 23 калгасы, племзавод «Вараніно», адкрытае акцыянернае т-ва «Быхаўмалако». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (спірт-сырэц, масла, сухое абястлушчанае малако, крухмал, агароднінныя кансервы), лёгкай (швейныя вырабы), паліўнай (брыкет), металаапр. (бочкі), буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Магілёў—Жлобін, аўтадарогі Магілёў—Гомель, Магілёў—Бабруйск. Суднаходства па Дняпры. У раёне 23 сярэднія і 15 базавых школ, 35 дашкольных дзіцячых устаноў, 46 клубаў, 45 б-к, 7 бальніц, З амбулаторыі, 35 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі прыроды — хвоі-гіганты каля в. Барсукі. Арх. помнікі: царква 19 ст. ў в. Балонаў-Сялец; царква Казанскай Маці Божай (1904) у в. Баркалабава; палацава-паркавы ансамбль пач. 19 ст. ў в. Грудзінаўка; царква пач. 20 ст. ў в. Лубянка; Успенская царква (1865) у в. Мокрае. Мемарыял воінскай славы ў в. Лудчыцы. Выдаецца газ. «Маяк Прыдняпроўя».

М.М.Брылеўскі.

т. 3, с. 379

БЫ́ХАЎЦА ХРО́НІКА,

гл. Хроніка Быхаўца.

т. 3, с. 380