БЕЗЫМЕ́ННАЕ ВО́ЗЕРА,
Палыкаўскае возера, у Беларусі, на мяжы Шклоўскага і Круглянскага р-наў Магілёўскай вобл., у бас. р. Чарнаводка (выцякае з возера), за 17 км на З ад г. Шклоў і за 13 км на У ад г.п. Круглае. Пл. 0,3 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 2 м. Пл. вадазбору 9,6 км². Берагі забалочаныя, месцамі параслі хмызняком. Уздоўж берагоў зарастае.
т. 2, с. 374
БЕЗЫМЕ́ННЫ,
дзеючы вулкан на У Камчаткі, у Расіі. Выш. да 3085 м. Стратавулкан, складзены з андэзітавых лаваў. У Безыменнага расце экструзіўны купал Новы (выш. каля 500 м) на месцы кратэра, утворанага ў 1956. Магутныя гразевыя патокі (да 90 км); фумаролы.
т. 2, с. 374
БЕЗ-КАРНІЛО́ВІЧ Міхаіл Восіпавіч
(10.10.1796, Магілёўская губ. — 19.1.1862),
бел. гісторык, краязнавец і этнограф, вайсковы тапограф і статыстык. Ген.-маёр рас. арміі. Брат дзекабрыста А.В.Карніловіча. Скончыў 1-ы кадэцкі корпус (1816). Удзельнік вайны з Турцыяй 1828—29. У 1831—47 кіраваў тапаграфічнай экспедыцыяй у Мінскай, Наўгародскай, Валынскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. і Беластоцкай вобласці. З 1852 у адстаўцы. Вывучаў гіст. дакументы ў дзярж., манастырскіх, прыватных архівах. Аўтар прац па гісторыі Беларусі, якую абмяжоўваў Віцебскай і Магілёўскай губ., астатнія бел. землі называў Літвой. Апісваў помнікі дойлідства, археалогіі і этнаграфіі, побыт бел. сялян.
Тв.:
Витебская губерния. СПб., 1852;
Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии с присовокуплением и дргих сведенмй, к ней же относящихся. СПб., 1855 (репр. изд. Мн., 1995).
т. 2, с. 373
БЕ́ЙБУТАЎ Рашыд Маджыд аглы
(14.12.1915, Тбілісі — 9.6.1989),
азербайджанскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1959). Герой Сац. Працы (1980). З 1944 саліст Бакінскай філармоніі, у 1953—60 — Азерб. т-ра оперы і балета. Заснавальнік (1966) і кіраўнік Азерб. т-ра песні. Сярод партый Балаш («Севіль» Ф.Амірава), Аскер («Аршын мал алан» У.Гаджыбекава; здымаўся ў аднайм. кінафільме). Дзярж. прэмія СССР 1946; Дзярж. прэмія Азербайджана 1978.
Літ.:
Абасова Э. Рашид Бейбутов. Баку, 1965.
т. 2, с. 375
БЕ́ЙДЗІНА Ламара Барысаўна
(н. 6.9.1952, г. Тэтры-Цкара, Грузія),
бел. спартсменка (стралковы спорт). Чэмпіёнка Еўропы ў складзе каманды СССР і сярэбраны прызёр у асабістым першынстве ў 1976, 1977, чэмпіёнка (1976—77) і рэкардсменка СССР (1977) у стральбе з малакалібернага і стандартнага пісталета.
т. 2, с. 375
БЕ́ЙКЕР
(Baker) Сэмюэл Уайт (8.6.1821, Лондан — 30.12.1893),
англійскі падарожнік, даследчык Афрыкі. У 1861—65 арганізаваў экспедыцыю ў Афрыку. З мэтай вывучэння цячэння Ніла і яго прытокаў прайшоў праз Судан і паўд. Эфіопію. У 1864 адкрыў другі выток Белага Ніла — воз. Мабуту-Сесе-Сека, вадаспад Мерчысан на р. Вікторыя-Ніл. У 1870—73 па даручэнні віцэ-караля Егіпта кіраваў егіп. ваен. экспедыцыямі, каб устанавіць гандл. кантакты з краінамі ў бас. Белага Ніла, а таксама ліквідаваць у гэтым раёне гандаль нявольнікамі. Даследаваў Кіпр (1875), падарожнічаў па Індыі, ЗША і Японіі.
т. 2, с. 375
БЕЙЛЬ
(Bayle) П’ер (18.11.1647, Карла-Бейль, дэп. Ар’еж, Францыя — 28.12.1706),
французскі публіцыст, філосаф, адзін з ранніх прадстаўнікоў франц. Асветніцтва. Праф. Седанскай акадэміі (1675—82) і Ратэрдамскага ун-та (1681—92). Яго светапогляд сфарміраваўся пад уплывам скептыцызму Мантэня, філасофіі Дэкарта, прыродазнаўчанавук. адкрыццяў 17 ст. Асн. твор «Гістарычны і крытычны слоўнік» (т. 1—2, 1695—97) паўплываў на развіццё еўрап. вальнадумства. Ад ідэі верацярпімасці Бейль прыйшоў да рэліг. скептыцызму, крытыкаваў рэліг. догматы і сцвярджаў незалежнасць маралі ад рэлігіі, распаўсюджваючы свой скептыцызм на традыц. філасофію і навуку.
т. 2, с. 375
БЕЙЛЬШТЭ́ЙН Фёдар Фёдаравіч
(17.2.1838, С.-Пецярбург — 18.10.1906),
рускі хімік-арганік. Акад. Пецярбургскай АН (1886). Працаваў ва ун-тах Германіі (1859—66). З 1866 праф. Пецярбургскага ун-та. Навук. даследаванні злучэнняў араматычнага шэрагу: сінтэз рэчываў і правілы замяшчэння ў іх. Адзін з першых даследчыкаў каўказскай нафты. Прапанаваў рэакцыю выяўлення хлору ў арган. злучэннях (проба Бельштэйна). Складальнік шматтомнага даведніка па арган. злучэннях. З 1951 у Германіі выдаецца даведнік па арган. хіміі, названы яго імем.
Літ.:
Шмулевич Л.А., Мусабеков Ю.С. Ф.Ф.Бейльштейн, 1838—1906. М., 1971.
т. 2, с. 375
БЕ́ЙРА
(Beira),
горад на У Мазамбіка, на ўзбярэжжы Мазамбікскага праліва Індыйскага ак. Адм. ц. правінцыі Сафала. Засн. ў 1891. 246 тыс. ж. (1986). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны марскі порт, абслугоўвае таксама Зімбабве, Замбію, Малаві і паўд.-ўсх. раёны Заіра. Харч., тэкст., дрэваапр., металаапр. прам-сць; нафтаперапрацоўка. Веласіпедная фабрыка.
т. 2, с. 375