АРХІКА́РП
(ад архі... + грэч. karpos плод),
жаночы палавы орган у многіх сумчатых грыбоў (аскаміцэтаў). Складаецца з 2 частак: ніжняй, акругла-ўспушанай (аскагон), у якой адна ці некалькі буйных, часта мнагаядзерных клетак, і верхняй больш-менш выцягнутай цыліндрычнай (трыхагіна), праз якую мужчынскія палавыя клеткі пранікаюць у аскагон. Пасля гэтага з архікарпа вырастаюць гіфы, на канцах якіх утвараюцца сумкі (аскі) са спорамі.
т. 1, с. 525
АРХІЛО́Х
(Archilochos),
старажытнагрэчаскі паэт-лірык 2-й пал. 7 ст. да н.э. Нарадзіўся на в-ве Парос. Вёў вандроўніцкае жыццё, быў воінам-наёмнікам. Браў за ўзор паэзію Гамера, але супрацьпастаўляў эпічнаму ідэалу вобраз індывідуалізаванага чалавека. У яго сатыр. ямбах, элегіях, эпіграмах, гімнах (захаваліся ва ўрыўках) — роздум пра зменлівасць лёсу, гонар, доблесць, пасмяротную славу. Творчасць Архілоха адметная разнастайнасцю жанраў і рытмаў (упершыню выкарыстаў ямб). На радзіме ў гонар Архілоха было пабудавана свяцілішча (уцалелі рэшткі з надпісамі — біяграфічныя звесткі пра Архілоха і ўрыўкі з яго вершаў).
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Эллинские поэты. М., 1963.
т. 1, с. 525
АРХІМАНДРЫ́Т
(ад грэч. archimandritēs),
вышэйшы духоўны сан у манахаў правасл. царквы. У архімандрыты пасвячаюць настаяцеляў вял. мужчынскіх манастыроў, рэктараў духоўных семінарый, кіраўнікоў духоўных місій.
т. 1, с. 525
АРХІМЕ́Д (Archimēdēs; каля 287, Сіракузы — 212 да н.э.), старажытнагрэчаскі вучоны; адзін з заснавальнікаў матэматыкі і механікі. Распрацаваў матэм. метады вызначэння плошчаў паверхняў і аб’ёмаў розных фігур і целаў, на аснове якіх створаны дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнні. Вызначыў суму бесканечнай геам. прагрэсіі з назоўнікам ¼ (першы прыклад бесканечнага шэрагу ў матэматыцы); даследаваў уласцівасці архімедавай спіралі, стварыў тэорыю паўправільных выпуклых мнагаграннікаў (целы Архімеда); пабудаваў злічэнне, якое дазваляла запісваць і называць даволі вял. лікі; з вял. дакладнасцю вызначыў лік π і межы яго памылкі:
; даў вызначэнне цэнтра цяжару цела; сфармуляваў Архімеда аксіёму. Архімед заклаў асновы гідрастатыкі і сфармуляваў яе асн. палажэнні (гл. Архімеда закон). Вынайшаў сістэму рычагоў, блокаў, паліспастаў і вінтоў для падымання цяжкіх прадметаў, машыну для абваднення палёў (архімедаў вінт), ваенную кідальную машыну, прыладу для вызначэння бачнага (вуглавога) дыяметра Сонца, мех. мадэль нябеснай сферы, якая дазваляла назіраць рух планет, фазы Месяца, зацьменні Сонца і Месяца, і інш. Архімед быў блізкі да сіракузскага цара Гіерона II, у час вайны супраць Рыма кіраваў абаронай Сіракузаў і быў забіты рымлянамі.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.
т. 1, с. 525
АРХІМЕ́ДАВА СПІРА́ЛЬ,
крывая, якую апісвае пункт пры руху з пастаяннай скорасцю па прамой, што раўнамерна паварочваецца ў плоскасці вакол аднаго са сваіх пунктаў. Названа ў гонар Архімеда. Калі пункт О лічыць полюсам, а прамую з выбраным на ёй напрамкам за палярную вось, то ўраўненне Архімедава спіраль ў палярных каардынатах: ρ=αφ, дзе α = V/ω (V — лінейная, ω — вуглавая скорасці). Архімедава спіраль мае 2 галіны: суцэльную ( φ > 0 ) і штрыхавую ( φ < 0 ).
т. 1, с. 525
АРХІМЕ́ДАЎ ВІНТ,
водападымальная машына, вынайдзеная Архімедам у 3 ст. да н.э. Уяўляе сабой вал з вінтавой паверхняй, устаноўлены ў нахіленай трубе, ніжні канец якой апушчаны ў ваду. Пры вярчэнні (напр., ад ветравога кола ці інш. рухавіка) вінтавая паверхня вала перамяшчае ваду ўверх па трубе (на вышыню да 3—4 м).
т. 1, с. 526
АРХІМЕ́ДА АКСІЁМА,
зводзіцца да таго, што пры паўтарэнні дастатковай колькасці разоў меншага з двух зададзеных адрэзкаў можна атрымаць адрэзак, большы за большы з іх (сфармулявана Архімедам). Адносіцца таксама да плошчаў, аб’ёмаў, лікаў і інш. У агульным выпадку, калі A і B — два значэнні адной і той жа велічыні і A < B, можна заўсёды знайсці такі цэлы лік т, што Ат > B; на гэтым заснаваны працэс паслядоўнага дзялення ў арыфметыцы і геаметрыі. У 19 ст. выявілася існаванне т.зв. неархімедавых велічынь, у дачыненні да якіх Архімедава аксіёма не выконваецца (напр., вектары, для якіх паняцце няроўнасці страчвае сэнс).
т. 1, с. 525
АРХІМЕ́ДА ЗАКО́Н,
асноўны закон гідрастатыкі і аэрастатыкі, паводле якога на кожнае цела, апушчанае ў вадкасць (газ), дзейнічае выштурхная сіла, накіраваная ўверх, роўная па модулі вазе выціснутай гэтым целам вадкасці (газу) і прыкладзеная да цэнтра цяжару апушчанай у вадкасць (газ) часткі цела. Адкрыты ў 3 ст. да н.э. Архімедам. Архімеда закон — аснова тэорыі і практыкі плавання целаў. З яго ўлікам будуюцца аэрастаты, дырыжаблі, падводныя лодкі і інш.
т. 1, с. 525
АРХІМЕ́ДА ЦЕ́ЛЫ,
тое, што паўправільныя мнагаграннікі.
т. 1, с. 525
АРХІ́ПАВА Ірына Канстанцінаўна
(н. 2.12.1925, Масква),
руская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1966). Герой Сац. Працы (1984). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1953), з 1976 выкладае ў ёй (з 1982 праф.). З 1954 салістка Свярдлоўскага т-ра оперы і балета, у 1956—88 — Вял. т-ра Расіі. Вядомая прадстаўніца рус. школы бельканта. Сярод партый: Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ, спявала з М. дэль Монака), Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі), Марфа («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава). Спявала ў Міланскім т-ры «Ла Скала» і інш. Старшыня цэнтр. праўлення Усерас. муз. т-ва (з 1986). Ленінская прэмія 1978.
Літ.:
Попов И.Е. И. Архипова: Творческий портрет. М., 1981.
т. 1, с. 526