Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́ТЫШ (Мікалай Іванавіч) (23.4.1941, в. Крупа Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1990), праф. (1993). Скончыў БДУ (1968). З 1979 у Бел. філіяле Усесаюзнага НДІ прафтэхадукацыі. З 1990 у Нац. ін-це адукацыі (з 1992 нам. дырэктара). Навук. працы па праблемах гісторыі, філасофіі і сацыялогіі адукацыі і яе ўзаемасувязі з культурай, навукай, эканомікай і духоўным развіццём грамадства; метадалогіі адукацыйных сістэм і працэсаў.

Тв.:

Труд и профессиональная подготовка молодежи. Мн., 1987;

Образование на рубеже веков. Мн., 1994;

Развитие профессионального образования в ФРГ: Уроки для Беларуси. Мн., 1997 (разам з У.І.Андрэевым);

На шляху да «адукацыйнага грамадства». Мн., 1997;

Уводзіны ў філасофію адукацыі. Мн., 1998 (разам з Т.М.Буйко, У.Р.Бондаравым).

т. 9, с. 156

ЛА́ТЫШАВА (Валянціна Якаўлеўна) (н. 5.5.1936, г. Гомель),

бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-р мед. н. (1985), праф. (1994). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1959). З 1968 у НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1995 у Гомельскім мед. ін-це. Навук. працы па аўтаімунным патагенезе неўралагічнага астэахандрозу пазваночніка, асаблівасцях клінічнага цячэння рассеянага склерозу пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, распаўсюджанасці і захворванні рассеяным склерозам па рэспубліцы. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Эфферентиые методы лечения больных рассеянным склерозом (у сааўт.) // Украінский вісник психоневрологіі. Харьков, 1995. Т. 3, вып. 1;

Применение неотропного препарата «пикамилона» в неврологии, психиатрии, наркологии. Гомель, 1997 (у сааўт.).

т. 9, с. 156

ЛАТЫШО́НАК (Алег Юр’евіч) (н. 27.5.1957, г. Эльбланг, Польшча),

бел. гісторык у Польшчы, грамадска-паліт. дзеяч. Д-р гіст. н. (1996). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1980). Супрацоўнік гіст. музея Кракава, навук. супрацоўнік Ягелонскага ун-та, з 1991 у Музеі войска ў Беластоку. Са студз. 1992 старшыня Гал. рады Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, з 1993 у тыднёвіку «Ніва», з 1996 старшыня Бел. гіст. т-ва ў Польшчы. Член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Даследуе гісторыю бел. нац. адраджэння, бел. войска, эміграцыі.

Тв.:

Беларуская эміграцыя // Беларускі каляндар на 1990 г. Беласток, 1990;

Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі // Спадчына. 1992. № 1;

Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923. Białystok, 1995.

т. 9, с. 156

ЛАТЫ́ШСКАЯ МО́ВА,

адна з балтыйскіх моў. Мова латышоў, дзярж. мова Латвіі. Мае 3 дыялекты: сярэднелатышскі (аснова літ. мовы), лівонскі, верхнелатышскі.

У фанетыцы — адрозненне доўгіх і кароткіх галосных, 5 дыфтонгаў, складовая інтанацыя, націск на 1-м складзе; у марфалогіі — 2 роды назоўнікаў (мужч. і жан.), зваротныя назоўнікі, 6 скланенняў, 7 склонаў, 5 ладоў дзеяслова, яго складаныя часавыя формы, скланенне дзеепрыслоўяў, складаная сістэма дзеепрыметнікаў; у сінтаксісе — недапасаванае азначэнне, параўнальна вольны парадак слоў, канструкцыя «давальны самастойны».

Літ. мова склалася ў канцы 19 ст. Пісьменства з 16 ст. на аснове лац. гатычнага пісьма. У аснове сучаснай лат. графікі — лац. алфавіт (антыква) з дадатковымі дыякрытыкамі. Л.м. ўзаемадзейнічае з бел. мовай. У яе літ. мове і гаворках ёсць беларусізмы [kaza (каза), kożuch (кажух) і інш.], адпаведна ў бел. мове — латышызмы («дылда», «мітусіць» і інш.).

Літ.:

Векслер Б.Х., Юрик В.А. Латышский язык. 6 изд. Рига, 1988.

т. 9, с. 156

ЛАТЫ́ШСКІЯ СТРАЛКІ́,

ваеннаслужачыя латышскіх фарміраванняў рас. арміі, створаных у 1915 у час 1-й сусв. вайны для абароны Прыбалтыкі ад герм. войск. У 1916 разгорнуты ў стралк. дывізію. З мая 1917 знаходзіліся пад уплывам бальшавікоў. Л.с. актыўна ўдзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, у грамадз. вайне, падаўленні антысав. выступленняў, у т.л. Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918, ахоўвалі сав. ўрад у Маскоўскім Крамлі. У крас. 1918 з Л.с. сфарміравана 1-я Лат. стралк. дывізія, у пач. 1919 яна разгорнута ў Армію Сав. Латвіі. Пасля паражэнняў улетку 1919 зноў зведзены ў дывізію, якая ў ліст. 1920 расфарміравана.

Літ.:

История латышских стрелков (1915—1920): Пер. с латыш. Рига, 1972;

Революционные латышские стрелки (1917—1920). Рига, 1980.

т. 9, с. 156

ЛАТЫШЫ́ (саманазва латвіешы),

нацыя, асноўнае насельніцтва Латвіі (1390 тыс. чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т.л. на Беларусі 2658 чал. (перапіс 1989), Зах. Еўропы, у ЗША, Канадзе, Аўстраліі. Агульная колькасць 1,54 млн. чал. (1992). Гавораць на латышскай мове. Вернікі пераважна пратэстанты, часткова — католікі, праваслаўныя.

У этнагенезе Л. удзельнічалі балцкія, фіна-угорскія і часткова слав. плямёны. Кансалідаваліся ў народнасць да пач. 17 ст. У 19 ст. фарміруецца лат. нацыя. Традыц. паселішчы Л. — невял. вёскі і хутары. Асн. заняткі — земляробства і жывёлагадоўля, на ўзбярэжжы — рыбалоўства. Найб. развітыя рамёствы — ткацтва, кавальства, ганчарства, дрэваапрацоўка, піва- і сыраварэнне. Нац. адзенне: у жанчын тунікападобная вышытая кашуля, паласатая або ў клетку спадніца з ліфам, узорысты пояс і інш.; характэрная частка лат. гарнітура — пакрывала-плед, прышпіленае на плячы або на грудзях вял. круглай спражкай-брошкай (сактас); у мужчын — кароткая вышытая кашуля, белыя паласатыя або ў клетку штаны, кафтан, капялюш і інш.

Этнакулы. сувязі бел. і лат. народаў маюць даўнія традыцыі. Яшчэ ў 13 ст. жыхары Полацкай зямлі разам з латгаламі і інш. балцкімі плямёнамі змагаліся супраць ням. рыцараў. У 16—18 ст. у склад ВКЛ, а пасля Рэчы Паспалітай уваходзілі т.зв. Польскія Інфлянты, частка Ліфляндыі, населеная пераважна каталіцкім насельніцтвам. Балцкая яго частка сфарміравала народнасць латгальцаў, якія разглядаюцца як частка лат. народа. Перасяленне Л. на У і ПнУ бел. зямель найб. інтэнсіўна ішло ў 1860—80-я г. У 1897 значныя групы Л. жылі ў Віцебскім (каля 4 тыс.), Аршанскім (да 3,7 тыс.), Полацкім (каля 1,7 тыс.) і Быхаўскім (каля 1 тыс.) паветах. У 1-ю сусв. вайну колькасць Л. на Беларусі павялічылася (больш за 20 тыс. чал.), у 1920—30-я г. зменшылася (14 тыс. чал.; перапіс 1926). У 1910-я г. ў Віцебску існавала Лат. дабрачыннае т-ва, у наваколлі Лёзна — правасл. брацтва. У 1910—20-я г. ў Віцебску дзейнічала культ.-асв. т-ва «Прометэйс». У 1920-я г. было Лат. бюро пры ЦК КП(б)Б і ЛКСМБ, консульства Латв. Рэспублікі ў Віцебску. У 1910—30-я г. сярод вернікаў-латышоў Магілёўшчыны існавала група евангельскіх хрысціян, т.зв. апусталі. Працавала 5 нац. лат. сельсаветаў, калгасы (23 у 1935), у месцах кампактнага пражывання Л.лат. школы (24 у 1930/31 навуч. г., 12 лат., 2 бел.-лат., 1 лат.-літ. ў 1935/36 навуч. г.). Гісторыю лат. перасяленчага руху, матэрыяльную і духоўную культуру Л. на Беларусі вывучала Лат. камісія Інбелкульта (засн. ў 1927), з 1929 — лат. сектар Бел. АН, з 1933 — лат. секцыя Ін-та нацменшасцей АН Беларусі. У 1929 апублікавана «Праграма даследавання латышскіх калоній», якая прадугледжвала збіранне і вывучэнне этнагр. і фалькл. матэрыялаў. У 1929—30 праведзены экспедыцыі ў раёны кампактнага пражывання Л. на Віцебшчыне і Полаччыне. Былі выдадзены некалькі навук. прац на лат. мове па гісторыі лат. насельніцтва Беларусі. У 1930—40-я г. колькасць Л. на Беларусі значна зменшылася. Пасля Вял. Айч. вайны адбывалася міграцыя часткі Л. Беларусі ў Латвію, на тэр. Беларусі ішло перасяленне пэўнай колькасці Л. з Латвіі. У 1959 на Беларусі было 2631 Л., у 1970—2660, у 1979—2617. Мігранты з Латвіі (пасляваен.) і нашчадкі колішніх перасяленцаў на Беларусі, знаходзячыся ў пастаянных этнакульт. кантактах з мясц. насельніцтвам, захоўваюць некаторыя этнічныя асаблівасці (мову, абрады, рэлігію і інш.). З 1995 дзейнічае Саюз латышоў Віцебскай вобл. «Даўгава».

Літ.:

Шкільтэр К. Латышскія калоніі на Беларусі: Гіст. развіццё латыш. сялянскіх гаспадарак. Мн., 1931.

І.В.Карашчанка.

т. 9, с. 157

ЛА́ТЭКСНЫЯ ФА́РБЫ,

тое, што эмульсійныя фарбы.

т. 9, с. 157

ЛА́ТЭКСЫ СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ,

водныя дысперсіі сінт. палімераў. У Л.с. макрамалекулы палімера знаходзяцца ў выглядзе глобул (сярэдні дыяметр 0,01—0,1 мкм). Калоідная сістэма стабілізавана паверхнева-актыўнымі рэчывамі (эмульгатарамі).

Атрымліваюць Л.с. пры полімерызацыі (суполімерызацыі) адпаведных манамераў у водным асяроддзі ці пры эмульгаванні ў вадзе раствораў палімераў (напр., бутылкаўчуку, сінт. поліізапрэну) у арган. растваральніках (такія латэксы наз штучнымі). Паводле хім. саставу палімера адрозніваюць бутадыен-стырольныя, бутадыен-нітрыльныя, хларапрэнавыя і інш. Выкарыстоўваюць для атрымання латэксных вырабаў (пальчаткі, метэаралагічныя абалонкі, гумавыя ніткі), кляёў, фарбаў; для апрэтавання і прамочвання тэкст. вырабаў, апрацоўкі паперы, лакіравання натуральнай і штучнай скуры, надання эластычнасці бетону і інш.

т. 9, с. 157

ЛА́ТЭКС НАТУРА́ЛЬНЫ (ад лац. latex вадкасць, сок),

млечны сок каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай; калоідная сістэма з дыспергаваных у вадзе глобул (дыяметрам 0,2—2 мкм) каўчуку натуральнага (НК). Мае 37—41% (па масе) сухіх рэчываў, у т.л. 35—38% НК, і да 2,5% бялкоў.

Атрымліваюць падсочкай кары дрэва. Для прадухілення каагуляцыі і гніення ў свежы Л.н. дадаюць аміяк, гідраксід натрыю, буракс і інш. кансервавальныя агенты. Для перапрацоўкі канцэнтруюць, у асн. цэнтрыфугаваннем (канцэнтрат мае каля 60% НК). Выкарыстоўваюць для атрымання НК, латэксных вырабаў, кляёў. Гл. таксама Латэксы сінтэтычныя.

т. 9, с. 157

ЛАТЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура кельцкіх плямён, якія ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. насялялі тэр. Еўропы ад Атлантыкі і Брытаніі да паўд. схілаў Альпаў і зах. схілаў Карпат (Украіна). Назва ад мяст. Латэн у Швейцарыі. Насельніцтва Л.к. стварыла своеасаблівую цывілізацыю, уплыў якой адчуваўся ва ўсёй Еўропе. Ён прывёў да стварэння т.зв. латэнізаваных археал. культур Еўропы: пшэворскай культуры, зарубінецкай культуры, Паянешты-Лукашоўка, ясторфскай і інш. культур. Ад Л.к. атрымаў назву асобны перыяд жал. веку Еўропы латэн (5—1 ст. да н.э., паміж гальштатам і рымскім часам). Імпарты з арэалу Л.к. і іх мясц. імітацыі знойдзены на тэр. Усх. Еўропы, у т.л. на Беларусі (фібулы, бранзалеты і інш.).

А.М.Мядзведзеў.

Тыповыя рэчы латэнскай культуры: 1,2 — жалезныя мячы; 3, 4 — фібулы; 5, 6 — посуд; 7—9 — бронзавыя бранзалеты; 10 — бронзавая шыйная грыўня; 11, 12 — фрагменты залатых шыйных грыўняў.

т. 9, с. 157