Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЛАРУ́СКІ ХАЎРУ́С у Францыі, культурна-асветная арг-цыя бел. эміграцыі. Засн. ў 1930 у Парыжы. Арганізоўваў лекцыі па эканоміцы, земляробстве, гісторыі Беларусі, знаёміў з бел. культурай і мастацтвам. Пры парыжскім аддзяленні дзейнічалі курсы па падрыхтоўцы спецыялістаў у розных галінах эканомікі, вывучэнні францэ мовы, працавала бібліятэка-чытальня. У 1937 засн. 3 філіі (Біянкур, Па-дэ-Кале, Каньяк). Выдаваў «Бюлетэнь...» (з 1937) і газ. «Рэха» (з 1938). У час 2-й сусв. вайны спыніў дзейнасць, аднавіў у 1947. Падтрымлівае сувязі з інш. бел. суполкамі ў эміграцыі, садзейнічае пашырэнню інфармацыі пра Беларусь у свеце.

Т.А.Папоўская.

т. 2, с. 461

БЕЛАРУ́СКІ ЦЫРКАВЫ́ КАЛЕКТЫ́Ў.

Існаваў у 1959—74 у Мінску. Першая праграма паказана 11.2.1959 пры адкрыцці Мінскага цырка. У 1961 створаны новы калектыў пад назвай Беларускі цыркавы калектыў, які падрыхтаваў праграмы «Бывайце здаровы», «Красуй, Радзіма-Беларусь!».

т. 2, с. 461

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТР у Літве. Існаваў у крас. 1923 — сак. 1927 і з 22.2.1933 да 1936 (?) у г. Коўна (цяпер Каўнас). Засн. на базе закрытага літоўскімі ўладамі Мін-ва бел. спраў Літвы. Займаўся перакладам на бел. мову і выданнем навук. л-ры, школьных падручнікаў. У першы перыяд дзейнасці кіраўнікі: В.Ластоўскі, К.Душэўскі, А.Матач. Пасля ад’езду Ластоўскага ў БССР (сак. 1927) дзейнасць цэнтра спынена; адноўлена ў 1933 пры Мін-ве замежных спраў Літвы. У 1926 выдаў працу Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».

т. 2, с. 461

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ САЮ́З,

прафесійна-палітычная арг-цыя бел. настаўнікаў у 1919 — сярэдзіне 1920-х г. Засн. 24.8.1919 у Вільні. Аб’ядноўваў прыхільнікаў беларусізацыі нар. асветы. Прадстаўнік саюза В.Ластоўскі ўваходзіў у Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны. Змагаўся супраць закрыцця польск. ўладамі бел. школ на тэр. Зах. Беларусі, заклікаў настаўнікаў не пераходзіць на працу ў польск. школы і не наведваць польскія настаўніцкія курсы, парушальнікаў гэтай умовы закляйміў як «здраднікаў прафесіянальных, сялянства і ўсяго беларускага народа».

С.С.Рудовіч.

т. 2, с. 461

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВЫ́БАРЧЫ КАМІТЭ́Т

(БЦВК),

каардынацыйны орган бел. паліт. арг-цый у Зах. Беларусі па выбарах у сейм Польшчы. Створаны ў канцы жн. 1922 у Вільні. У яго фарміраванні ўдзельнічалі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, вядомыя беспарт. дзеячы. У к-т уваходзілі А.І.Луцкевіч (старшыня), Б.А.Тарашкевіч (таварыш старшыні), А.В.Станкевіч, М.С.Кахановіч, Л.І.Родзевіч і інш. Асн. задачы БЦВК: выпрацоўка выбарчай платформы, падбор і падтрымка кандыдатаў у паслы ў сейм і сенатары Польскай Рэспублікі. У выніку выбараў 5.11.1922 пасламі (дэпутатамі) выбраны 11 прадстаўнікоў бел. народа, сенатарамі — 3; утвораны Беларускі пасольскі клуб.

А.М.Сідарэвіч.

т. 2, с. 461

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БЦК) у Аўстраліі, арганізацыя бел. эміграцыі. Засн. ў 1963 у г. Мельбурн прыхільнікамі Бел. Нар. Рэспублікі і Бел. цэнтр. рады. Займаецца культ.-асв. дзейнасцю. З 1972 член Федэральнай рады бел. арг-цый у Аўстраліі. Супрацоўнічае з міжнар. арг-цыямі і ўваходзіць у Аўстрал. нац. этнічную раду, штогод ладзіць святкаванні нац. угодкаў, традыцыйныя сяброўскія вечарыны, сустрэчы беларусаў Аўстраліі (з 1976) і інш. Пры БЦК дзейнічае бел. хор.

А.С.Ляднёва.

т. 2, с. 461

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ САЮ́З СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ І КРЭДЫ́ТНЫХ КААПЕРАТЫ́ВАЎ,

Белсельсаюз, рэспубліканская кааператыўная арг-цыя ў 1921—29. Створаны ў Мінску як Саюз с.-г. кааперацыі Беларусі, з 1922 наз. Бел. цэнтр. саюз с.-г. і прамысл. т-ваў (Белсельпрамсаюз), з 1925 — Белсельсаюз. Напачатку меў на мэце арганізацыю вытв-сці і збыту с.-г. прадукцыі, калектывізацыю вёскі. Дзейнасці перашкаджалі рэарганізацыі, няўвага да фінансавага боку справы, захапленне арганізац.-мітынговымі метадамі кіравання, што ў 1924 прывяло яго амаль да краху. У сак. 1924 выбраны новы склад кіраўніцтва (старшыня праўлення С.Лысаў, старшыня савета Дз.Ф.Прышчэпаў, старшыня рэвіз. камісіі І.І.Валодзька), у маі 1925 прыняты новы статут, які вызначыў задачы: абарона працоўных інтарэсаў членаў саюза, забеспячэнне іх насеннем, с.-г. прыладамі і сыравінай, арганізацыя прадпрыемстваў па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, распрацоўка агракульт. мерапрыемстваў. Са станаўленнем нэпа ў бел. вёсцы пашырылася нізавая сетка с.-г. кааперацыі, умацавалася яе сац. база, развіваліся спец. віды с.-г. кааперацыі (малочная, садова-агародная, меліярацыйная). Аднак каап. ўстановы не былі пазбаўлены дзярж. кантролю і цалкам залежалі ад дзярж. крэдытаў. У 1928 са складу Белсельсаюза вылучаны Белкалгассаюз (гл. Беларускі цэнтральны саюз сельскагаспадарчых калектываў). Пасля ліквідацыі Белсельсаюза яго функцыі перададзены рэсп. галіновым саюзам с.-г. кааперацыі.

С.М.Ходзін.

т. 2, с. 461

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ САЮ́З СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ КАЛЕКТЫ́ВАЎ,

Белкалгасцэнтр, рэспубліканская кааператыўная арг-цыя ў 1928—32. Створаны ў Мінску на 2-м Усебел. з’ездзе калгасаў як Усебел. саюз с.-г. калектываў (Белкалгассаюз), у студз. 1930 перайменаваны ў Белкалгасцэнтр. Меў на мэце стварэнне, кіраўніцтва і арганізац.-гасп. абслугоўванне калгасаў. Яго органамі кіраўніцтва былі Усебел. з’езд с.-г. калектываў, савет і праўленне, якія выбіраліся з’ездам. Напачатку складаўся з сакратарыята і 4 аддзелаў (арганізац.-інструктарскі, планава-вытв., нарыхтоўчы і крэдытна-фін.), з 1930 з 7 аддзелаў. З перайменаваннем у Белкалгасцэнтр пашыраны і яго функцыі. Кантраляваў гасп. дзейнасць калектываў, перапрацоўку і збыт імі сваёй прадукцыі, культ.-масавую работу, распрацоўваў правілы ўнутр. распарадку, спагнанняў з калгасаў запазычанасці па збожжанарыхтоўках. Яго фінансаванне вялося з дзярж. бюджэту і не залежала ад вынікаў дзейнасці гаспадарак, якія ён аб’ядноўваў. Ва ўмовах цэнтралізаванага размеркавання крэдытаў, с.-г. тэхнікі і інш. сродкаў, недахопу кваліфікаваных спецыялістаў гэты фактар стаў прычынай поўнай залежнасці вытв. калектываў ад вышэйшых органаў. Апарат Белкалгассаюза і падпарадкаваныя яму акр. саюзы практыкавалі ўмяшанне і ў арганізац. і ў дробныя гасп. пытанні. На пач. 1930-х г., калі вёскі сталі калгаснымі і ўзмацнілася цэнтралізацыя, Белкалгасцэнтр стаў непатрэбным элементам адм.-загаднай сістэмы і ў кастр. 1932 ліквідаваны. Яго функцыі перададзены Наркамату земляробства БССР.

С.М.Ходзін.

т. 2, с. 461

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТР МО́ДЫ.

Адкрыты ў 1949 у Мінску як Дом мадэляў, з 1988 — Беларускі цэнтр моды. Распрацоўвае прамысл. калекцыі швейных вырабаў і тэхн. дакументацыю, стварае і прапагандуе перспектыўныя калекцыі мадэляў жан. і мужчынскага адзення, асабліва модныя вырабы.

т. 2, с. 461

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭ́НТР ПА ДЫЯГНО́СТЫЦЫ І КАНТРО́ЛІ ЗА ТРА́НСПАРТНА-ЭКСПЛУАТАЦЫ́ЙНЫМ СТА́НАМ АЎТАМАБІ́ЛЬНЫХ ДАРО́Г І ЗБУДАВА́ННЯЎ НА IX (Белдарцэнтр) Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1993 у Мінску на базе ін-та «Белрамдарпраект». Асн. кірункі дзейнасці: дыягностыка і кантроль за транспартна-эксплуатацыйным станам аўтадарог і збудаванняў на іх; праектаванне буд-ва і рамонту аўтадарог і збудаванняў на іх; выкананне інж. пошукаў, у тым ліку разведка радовішчаў мясц. будматэрыялаў; распрацоўка і ўзгадненне маршрутаў руху цяжкавагавых і буйнагабарытных трансп. сродкаў.

А.З.Палтаржыцкі.

т. 2, с. 461