Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«БЕЛАРУ́СКІ ФІЛІЯ́Л ПРАЦО́ЎНАЙ СЯЛЯ́НСКАЙ ПА́РТЫІ»

(«БФПСП»),

назва арг-цыі, прыдуманай у маі 1931 супрацоўнікамі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу над нац. інтэлігенцыяй па пытанні развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі. Узнікненне яе прымеркавана да 1924—25, арганізац. афармленне да 1927—28. Кіраўнікамі яе лічыліся Р.А.Бонч-Асмалоўскі, Г.І.Гарэцкі, П.А.Хоцкі. Ячэйкі былі «выяўлены» ў большасці акруг Беларусі, Наркамземе БССР, с.-г. секцыі Дзяржплана БССР, ЦСУ, Белсельсаюзе, Белкалгасцэнтры, Белсельтрэсце, Белсельбанку, НДІ сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна, Белкалгасбудзе. У члены «аргцыі» былі залічаны прыхільнікі развіцця фермерскіх гаспадарак, а не калгасаў і саўгасаў, таму незадаволенасць сялян палітыкай суцэльнай калектывізацыі падавалася як вынік дзейнасці «БФПСП». Ёй інкрымінавалася ўмацаванне капіталіст. элементаў у вёсцы, шпіянаж, асушэнне балот у прыгранічных раёнах з мэтай падрыхтоўкі плацдармаў для інтэрвентаў, правядзенне меліярацыі па-шкодніцку, арганізацыя кулацкіх меліярацыйных ячэек як базы для ўзбр. паўстання супраць сав. улады і інш. Да крымінальнай адказнасці было прыцягнута 59 чал., 39 з якіх праходзілі па інш. «справах» (лічылася, што «БФПСП» была звязана з інш. «контррэв. арг-цыямі»). Паводле пастановы Калегіі АДПУ БССР ад 30.5 і 6.6.1931 прыгавораны 6 чал. да расстрэлу (чацвярым расстрэл заменены на 10 гадоў лагераў), 13 чал. да 10 гадоў лагераў, 6 — да 3—5 гадоў лагераў, 34 чал. да высылкі ў Сібір, Казахстан. 22.4.1958 рэабілітаваны.

Т.С.Процька.

т. 2, с. 459

БЕЛАРУ́СКІ ФОНД КУЛЬТУ́РЫ

(БФК),

добраахвотная грамадская аргцыя. Створана ў крас. 1987 у Мінску з мэтай адраджэння і развіцця нац. традыцый, мовы, краязнаўчага руху. Фінансуе стварэнне помнікаў, выданне беларускамоўных кніг. Арганізуе і фінансуе выстаўкі, дабрачынныя вечарыны, фалькл. святы, навук.-практычныя канферэнцыі па праблемах культуры і гісторыі Беларусі. Аказвае дапамогу суполкам беларусаў за мяжой. Пры фондзе працуюць камісія «Вяртанне», культ.-асв. аб’яднанні, маст. і бібліятэчны саветы. Сумесна з Мін-вам культуры Беларусі выдае час. «Спадчына».

т. 2, с. 460

Беларускі фонд міру

т. 18, кн. 1, с. 349

БЕЛАРУ́СКІ ФОНД СО́РАСА,

рэспубліканская грамадская арг-цыя, адзін з дабрачынных фондаў, створаных амер. мільярдэрам Дж.Сорасам у 27 краінах свету. Засн. ў 1993 як «Фонд Сораса — Беларусь», з вер. 1994 — Беларускі фонд Сораса. Асн. мэты і задачы: садзейнічаць фарміраванню і развіццю на Беларусі адкрытага грамадства (сац. сістэмы, асн. элементамі якой выступаюць паліт. дэмакратыя, культурны плюралізм, прыярытэт закону, забеспячэнне правоў і свабод асобы), павышэнню інтэлектуальнага патэнцыялу бел. грамадства (развіццё культуры, навукі, гуманіт. адукацыі), інтэграцыі бел. культуры ў сусв. супольніцтва, супрацоўніцтву паміж Беларуссю і інш. краінамі. Аказвае фінансавую і інфарм. дапамогу арганізацыям і прыватным асобам, якія спрыяюць дасягненню мэтаў і вырашэнню задач фонду. У 1994 на патрэбы нац. адукацыі, навукі і культуры ім было выдаткавана больш як 2 млн., у 1995 — каля 5 млн. долараў. Фінансавана каля 2 тыс. праектаў. Вылучаны сродкі на рэстаўрацыю помнікаў стараж. бел. мастацтва на базе калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі; стварэнне экспазіцыі па гісторыі і культуры Беларусі ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст.Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі) і інш. Стварыў Ін-т прыватызацыі і менеджменту, інфармац. цэнтр па праграмах адукацыі ў ЗША і інш. Выдае «Информационный бюллетень».

В.І.Бягун.

т. 2, с. 460

БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ у Вялікую Айчынную вайну. Створаны 20.10.1943 у выніку перайменавання Цэнтральнага фронту, дзейнічаў на Гомельска-Бабруйскім напрамку. Камандуючы ген. арміі К.К.Ракасоўскі, чл. ваен. савета ген.-лейт. К.Ф.Цялегін, нач. штаба ген.-палк. М.С.Малінін. Уваходзілі арміі: 3, 10, 11, 47, 48, 50, 61, 63, 65, 69, 70, 16-я паветр. і Дняпроўская ваенная флатылія. Войскі фронту правялі Гомельска-Рэчыцкую аперацыю 1943, Калінкавіцка-Мазырскую аперацыю 1944. 17.2.1944 у сувязі са стварэннем на Ковельскім напрамку Беларускага фронту другога Беларускі фронт перайменаваны ў Беларускі фронт першы. 5.4.1944 у сувязі са скасаваннем 2-га Бел. фронту Беларускі фронт адноўлены. 16.4.1944 зноў перайменаваны ў 1-ы Бел. фронт.

М.І.Камінскі.

т. 2, с. 460

«БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ»,

незалежная, народна-радыкальная газета групы Беларускі фронт, створанай ксяндзом В.Гадлеўскім. Выходзіла штомесячна з чэрв. 1936 да жн. 1939 (у 1939 два разы на месяц) у Вільні на бел. мове. Выйшла 50 нумароў, некаторыя з іх былі канфіскаваны. Выступала за роўныя паліт., эканам. і сац. правы ўсяго бел. народа. Асвятляла жыццё беларусаў у Зах. Беларусі, БССР, краінах Зах. Еўропы і Амерыкі; імкнулася быць іх аб’яднаўчым органам пад заклікамі незалежнасці, нац. годнасці і роўнасці. Спыніла існаванне ў сувязі з пачаткам 2-й сусв. вайны.

С.В.Говін.

т. 2, с. 460

БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ДРУГІ́ ў Вялікую Айчынную вайну. 1-е фарміраванне створана 17.2.1944, дзейнічала на Ковельскім напрамку. Камандуючы ген.-палк. П.А.Курачкін, чл. ваен. савета ген.-лейт. Ф.Я.Бокаў, нач. штаба ген.-лейт. У.Я.Калпакчы. Уваходзілі арміі: 47, 61, 70, 6-я паветраная. Войскі фронту пачалі Ковельскую аперацыю, у час якой гітлераўцы прарвалі акружэнне Ковеля, таму сав. войскі перайшлі да абароны. 5.4.1944 фронт расфарміраваны, войскі перададзены ў склад Беларускага фронту першага.

2-е фарміраванне створана 24.4.1944 у выніку падзелу Зах. фронту на 2-і і 3-і Бел. франты, дзейнічала на Магілёўскім напрамку. Камандуючыя: ген.-палк. І.Я.Пятроў, з чэрв. 1944 ген. арміі Г.Ф.Захараў, з ліст. 1944 Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі; чл. ваен. савета: ген.-лейт. Л.З.Мехліс, з ліп. 1944 ген.-лейт. М.Я.Субоцін; нач. штаба: ген.-лейт. С.І.Любарскі, з мая 1944 ген.-палк. А.М.Багалюбаў. У розны час уваходзілі арміі: 3, 19, 33, 43, 48, 49, 50, 65, 70, 2-я ўдарная, 1-я і 5-я гвардз. танкавыя, 4-я паветраная. Франтавая газ. «Фронтовая правда». Войскі фронту ў 1944 правялі Магілёўскую, Беластоцкую аперацыі, удзельнічалі ў Мінскай (гл. адпаведныя арт.), у 1945 ва Усх.-Прускай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай аперацыях. 6.5.1945 на тэр. Германіі сустрэліся з войскамі 2-й англ. арміі. 10.6.1945 фронт расфарміраваны, яго палявое ўпраўленне перайменавана ва ўпраўленне Паўн. групы войскаў.

М.І.Камінскі.

т. 2, с. 460

БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ПЕ́РШЫ ў Вялікую Айчынную вайну. Створаны 17.2.1944 у выніку перайменавання Беларускага фронту, дзейнічаў на Бабруйскім і Брэсцка-Люблінскім напрамках. Камандуючыя Маршалы Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі, з

ліст. 1944 Г.К.Жукаў; чл. ваен. савета: ген.-лейт. К.Ф.Цялегін, у маі—ліст. 1944 ген.-палк. М.А.Булганін, намч штаба ген.-палк. М.С.Малінін. У розны час уваходзілі арміі: 3, 10, 28, 33, 47, 48, 50, 61, 65, 70, 3-я і 5-я ўдарныя, 6-я і 16-я паветр., 8-я гвардз., 1-я і 2-я гвардз. танк., 1-я і 2-я Войска Польскага, Дняпроўская ваенная флатылія. Франтавая газ. «Красная Армия». Войскі фронту сваімі сіламі і разам з інш. франтамі ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 правялі Рагачоўска-Жлобінскую, Бабруйскую, Мінскую, Люблін-Брэсцкую, у 1945 — Вісла-Одэрскую, Варшаўска-Пазнанскую, Усх.-Памеранскую, Берлінскую аперацыі (гл. адпаведныя арт.). 10.6.1945 фронт расфарміраваны, яго палявое ўпраўленне рэарганізавана ў Палявое ўпраўленне Групы сав. войскаў у Германіі.

М.І.Камінскі.

т. 2, с. 460

БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ТРЭ́ЦІ ў Вялікую Айчынную вайну. Створаны 19.4.1944 у выніку падзелу Зах. фронту на 2-і і 3-і Бел. франты. Камандуючыя: ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі, з лютага 1944 Маршал Сав. Саюза А.М.Васілеўскі, з крас. 1945 ген. арміі І.Х.Баграмян; чл. ваен. савета ген.-лейт. В.Е.Макараў; нач. штаба ген.-палк. А.П.Пакроўскі. У розны час уваходзілі арміі: 3, 5, 21, 28, 31, 33, 39, 43, 48, 50, 2-я і 11-я гвардз., 5-я гвардз. танк., 1-я і 3-я паветраныя. Франтавая газ. «Красноармейская правда». Войскі фронту разам з інш. франтамі ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 правялі Віцебска-Аршанскую, Мінскую, Вільнюскую, Каўнаскую (гл. адпаведныя арт.), Гумбіненскую, Інстэрбургска-Кёнігсбергскую, Кёнігсбергскую аперацыі, удзельнічалі ў Мемельскай і Усх.-Прускай аперацыях. 15.8.1945 фронт расфарміраваны.

М.І.Камінскі.

т. 2, с. 461

БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ 1939.

Створаны 26 вер. на базе Бел. асобай ваен. акругі ў час польска-германскай вайны 1939. Камандуючы камандарм 2-га рангу М.П.Кавалёў; чл. ваен. савета: карпусны камісар І.З.Сусайкаў, сакратар ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнка; нач. штаба камдыў М.А.Пуркаеў. Уваходзілі арміі: 3, 4, 10, 11-я, франтавая конна-механізаваная група, 23-і асобны стралк. корпус (у яго складзе 52-я стралк. дывізія і Дняпроўская ваенная флатылія); пры кожнай арміі была авіяц. група. Фронт меў задачу прадухіліць захоп Зах. Беларусі войскамі Германіі. 17.9.1939 войскі Бел. і Укр. франтоў перайшлі сав.-польскую граніцу і за 12 дзён вызвалілі Зах. Беларусь. Упартыя баі ішлі за Скідзель, Навагрудак, Вільню, Гродна, у Аўгустоўскіх лясах. 14.11.1939 фронт скасаваны.

М.І.Камінскі.

т. 2, с. 460