БЕЛАРУ́СКІ ТЭА́ТР ІМЯ́ Я́НКІ КУПА́ЛЫ,
назва Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў 1944—93.
т. 2, с. 458
БЕЛАРУ́СКІ ТЭА́ТР «ЛЯ́ЛЬКА».
Створаны ў 1990 у Віцебску з трупы лялечнікаў, якая працавала пры Бел. т-ры імя Я.Коласа з 1986. Маст. кіраўнік В.Клімчук, гал. мастак А.Сідараў (з 1990). 20.4.1986 паказаны першы спектакль трупы «Дзед і Жораў» В.Вольскага. Як самастойны тэатр адкрыўся ў 1990 спектаклем «Казка пра Ямелю» Я.Тарахоўскай. У супрацоўніцтве з бел. аўтарамі створаны спектаклі: «Прыгоды трох парасят» Н.Мацяш, «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка» П.Сіняўскага, «Іванава шчасце» А.Дыбчы (паводле бел. нар. казак), «Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка» У.Граўцова (паводле твораў Я.Баршчэўскага). Сярод інш. пастановак: «Усмешка клоуна» Я.Чапавецкага, «Казкі Андэрсена» (інсцэніроўка рэж. Я.Угрумава), «Чорная курыца» А.Пагарэльскага, «Папялушка» Я.Шварца, «Лялечнік» М.Стывенса, «Дапытлівы слонік» Р.Кіплінга, «Хлопчык-зорка» О.Уайльда. Акцёры працуюць з лялькамі розных сістэм (марыянеткі, трысцёвыя, планшэтныя, пальчатачныя).
Дз.У.Стэльмах.
т. 2, с. 458
БЕЛАРУ́СКІ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў 1930 у Гомелі як лесатэхнічны ін-т на базе ф-та лясной гаспадаркі Бел. с.-г. акадэміі. З 1945 у Мінску, з 1961 наз. Бел. тэхнал. ін-т, з 1993 ун-т. З’яўляецца вядучай ВНУ Беларусі па падрыхтоўцы тэхнолагаў 17 спецыяльнасцяў і больш як 80 спецыялізацый. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: лесагаспадарчы (з 1993 выкладанне на бел. мове), тэхналогіі і тэхнікі лясной прам-сці, тэхналогіі арган. рэчываў, хім. тэхналогіі і тэхнікі, завочны, павышэння кваліфікацыі, па рабоце з замежнымі студэнтамі; падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1949, дактарантура з 1988. Мае 6н.-д. лабараторый, электронна-вылічальны цэнтр, друкарню. Працуе ун-т беларускай мовы, гісторыі і культуры (з 1991). Выдае газ. «Тэхнолаг».
т. 2, с. 458
БЕЛАРУ́СКІ ТЭ́ХНІКУМ СЦЭНІ́ЧНАГА МАСТА́ЦТВА.
Існаваў у 1930—32 у Мінску. Створаны для падрыхтоўкі нац. акцёрскіх кадраў: дзейнічалі акцёрскае аддзяленне і 1-гадовыя драм. курсы. Апрача спец. дысцыплін (выкладалі Е.Міровіч, П.Данілаў, Г.Халізеў) выкладаліся і агульнаадук. прадметы. Вясной 1932 адбыўся выпуск навучэнцаў курсаў. Сярод выпускнікоў: Н.Гейц, І.Дзядовіч, Я.Зайчык, П.Пекур, З.Скачкоўская, М.Троіцкая, С.Хацкевіч, І.Шаціла (у далейшым акцёры БДТ-1), Ю.Гальперына, Т.Заранок, Е.Іванова, Г.Кавальчук, Н.Мішэнка. З выпускнікоў курсаў арганізаваны т-ры вандроўны імя Дзяржынскага і Чырвонаармейскі.
т. 2, с. 458
БЕЛАРУ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т ІНФАРМА́ТЫКІ І РАДЫЁЭЛЕКТРО́НІКІ.
Засн. ў 1964 як Мінскі радыётэхн. ін-т на базе радыётэхн. ф-та БПІ, з 1993 сучасная назва. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: камп’ютэрнага праектавання; інфарм. тэхналогій і кіравання; радыётэхнікі і электронікі; камп’ютэрных сістэм і сетак, тэлекамунікацый; эканамічны; вячэрняга навучання; завочнага навучання; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі; перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Аспірантура з 1964, дактарантура з 1988. Мае 36 лабараторый, спецыялізаванае канструктарска-тэхнал. бюро з доследнай вытворчасцю, рэдакцыйна-выдавецкі аддзел.
т. 2, с. 458
БЕЛАРУ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т КУЛЬТУ́РЫ.
Засн. ў 1975 як Мінскі ін-т культуры, з 1993 ун-т. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: бібліятэчна-інфарм. сістэм, культуралогіі, маст. творчасці, падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1990. З 1995 працуюць 2 саветы па абароне доктарскіх і канд. дысертацый. У складзе ун-та лінгва-гуманітарны каледж. Мае лабараторыі бел. танц. творчасці, нар. рамёстваў, псіхадыягностыкі і рэабілітацыі асобы сродкамі мастацтва, па аднаўленні і вырабе нар. інструментаў («Беларуская хатка»), размнажальнай тэхнікі; філіял ун-та ў Мазыры. Адзін з заснавальнікаў час. «Тэатральная творчасць».
т. 2, с. 458
БЕЛАРУ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т ТРА́НСПАРТУ.
Засн. ў 1953 у Гомелі як Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту, з 1993 ун-т. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: агульнаінжынерны транспартны, агульнаінжынерны будаўнічы, кіравання працэсамі перавозак, механічны, электратэхн., будаўнічы, прамысл. і грамадз. буд-ва, гуманітарны, прафес. арыентацыі і дауніверсітэцкай падрыхтоўкі (у яго складзе вучэбна-прафарыентацыйны цэнтр, ліцэй, школа-гімназія, падрыхтоўчыя курсы). Аспірантура з 1954. Пры ун-це 7 н.-д. лабараторый, ін-т павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнікоў і спецыялістаў трансп. комплексу Рэспублікі Беларусь, навуч.-кансультацыйныя пункты ў Мінску, Брэсце, Віцебску. Выдае газ.-штотыднёвік «Вести БелГУТа».
т. 2, с. 458
«БЕЛАРУ́СКІ ФІЛІЯ́Л МЕНШАВІКО́Ў»
(«БФМ»),
назва арг-цыі, прыдуманай у ліп. 1931 супрацоўнікамі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу над інтэлігентамі па пытаннях эканам. развіцця Беларусі. Стварэнне «БФМ» было аднесена да 1928—30. Арганізатарамі і кіраўнікамі лічыліся А.І.Шэйнін і І.Я.Герцык (дацэнты БДУ), І.М.Рубенчык (урач), В.Ф.Берман і І.Л.Гарміза (супрацоўнікі Белкаапсаюза). Ячэйкі «арг-цыі» былі «выяўлены» ў Дзяржплане БССР, Нар. камісарыяце забеспячэння, фін. органах і спажывецкай кааперацыі БССР. Членам «БФМ» інкрымінавалася шкодніцтва, распаўсюджванне контррэв. л-ры, антысав. прапаганды. Да крымін. адказнасці прыцягнута 30 чал., 11 з іх праходзілі і як чл. «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі». Абвінавачванні грунтаваліся на паказаннях арыштаваных («прызналіся» 12 чал.) і сведак. Паводле рашэння Калегіі АДПУ БССР ад 23.7.1931 прыгавораны 6 чал. да 10 гадоў, 9 — да 5 гадоў, 7 — да 3 гадоў лагераў, астатнія да высылкі ў Сібір, Казахстан на 3—10 гадоў. У 1957 усе чл. «БФМ» рэабілітаваны.
Т.С.Процька.
т. 2, с. 459
«БЕЛАРУ́СКІ ФІЛІЯ́Л ПРАМПА́РТЫІ»
(«БФП»),
назва арг-цыі, прыдуманай летам 1931 супрацоўнікамі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу над інтэлігентамі ў апараце кіраўніцтва прам-сцю БССР. Стварэнне «БФП» было аднесена да 1926. Паводле абвінаваўчага заключэння, кіраўніком лічыўся А.М.Каплан (кіраўнік прамсекцыі пры Дзяржплане БССР). Ячэйкі арг-цыі «дзейнічалі» ў Дзяржплане БССР, ВСНГ БССР, Белбудаб’яднанні, Белметалааб’яднанні, Белскураб’яднанні. Членам «БФП» інкрымінавалася «жаданне перараджэння сав. улады ў бурж дэмакр. рэспубліку», правядзенне мерапрыемстваў, якія «павінны былі перашкаджаць і тармазіць развіццё нар. гаспадаркі, ствараць прарывы і перашкоды». Да крымін. адказнасці прыцягнуты 30 чал., 8 з іх праходзілі і як чл. «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», што, на думку АДПУ, пацвярджала наяўнасць сувязі паміж «контррэвалюцыянерамі» Беларусі. Акрамя паказанняў сведак і прызнанняў арыштаваных, ніякіх доказаў існавання «БФП» не выяўлена. Паводле пастановы Калегіі АДПУ БССР ад 23.7.1931 прыгавораны 10 чал. да 10 гадоў лагераў, астатнія да 5 гадоў лагераў. У жн. 1962 рэабілітаваны 1, у вер. 1989 — астатнія 29 чал.
Т.С.Процька.
т. 2, с. 459