«БЕЛАРУ́СКІ ДОМ ДРУ́КУ»,
выдавецтва. Засн. ў Мінску ў 1960 як выд-ва «Звязда», у 1969—91 выд-ва ЦК КПБ, са студз. 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, з лютага 1992 — Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Выдае газеты, часопісы, кнігі (у тым ліку газ. «Звязда», «Чырвоная змена», «Белорусская нива», «Советская Белоруссия», часопісы «Вожык», «Алеся», «На экранах Беларусі»)/ Пры выд-ве друкарня. У 1995 друкавала больш за 100 назваў газет, 67 часопісаў. Магутнасць друкарні больш за 14 млн. кніг і 11 млн. экз. брашур.
У 1917 «Мінская губернская друкарня» (з 1797) пераўтворана ў друкарню СНК Зах. фронту; з 1918 — 1-я Савецкая, з 1930 — імя Сталіна, з 1960 друкарня выд-ва «Звязда», у 1969—91 — выд-ва ЦК КПБ (далей — па прыналежнасці выдавецтва). У 1927 выдавала 9 газет, 7 часопісаў, каля 70 тыс. экз. падручнікаў і інш. выданняў. У Вял Айч. вайну паліграфісты наладзілі тут выпуск падп. выданняў — перыяд. лістка «Вестник Родтины», газ. «Звязда» і інш., дапамагалі ствараць друкарні ў партыз. атрадах. Пасля вайны паліграф. база адноўлена.
Б.А.Кутавы.
т. 2, с. 443
БЕЛАРУ́СКІ ДРУГІ́ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР
(БДТ-2),
назва Беларускага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа ў 1926—44.
т. 2, с. 443
БЕЛАРУ́СКІ ЗАГРАНІ́ЧНЫ АРХІ́Ў у Празе. Створаны ў 1928 (ці 1929) бел. эміграцыяй з мэтай збору і захавання матэрыялаў гісторыі бел. нац.-вызв. руху. Заснавальнік і першы загадчык М.Вяршынін, у 1934—38 заг. архіва Т.Грыб. Падпарадкоўваўся Мін-ву замежных спраў Чэхаславакіі і эміграцыйнаму ўраду БНР. Меў 4 аддзелы: дакументаў (у 1937 налічваў 15 тыс. назваў — матэрыялы Рады і дыпламат. місій БНР, архівы бел. замежных арг-цый, устаноў, партый, успаміны, біяграфіі, перапіска бел. дзеячаў і інш.); б-ка беларусазнаўства (выданні пра Беларусь на бел. і інш. мовах); перыяд. выданняў (у 1937 захоўваліся камплекты 214 назваў бел. газет); бел. бібліяграфіі (12 тыс. пазіцый — гіст. бібліяграфія і картатэка па ўсіх пытаннях беларусазнаўства). У 2-ю сусв. вайну архіў падпарадкоўваўся ням. акупац. уладам. Далейшы лёс архіва невядомы.
Г.І.Сурмач.
т. 2, с. 443
БЕЛАРУ́СКІ ЗАПРАЖНЫ́ КОНЬ,
пародная група коней універсальнага выкарыстання. Выведзена ў зах. абласцях Беларусі ў 19—20 ст. скрыжаваннем мясц. коней ляснога тыпу з ардэнскай, шведскай, гудбрандсдальскай і інш. пародамі. За апошнія дзесяцігоддзі чыстапароднай гадоўлі выведзена 6 ліній, 13 сямействаў, створаны селекцыйныя масівы і племянныя гаспадаркі. Вядучыя гаспадаркі — конныя заводы ў Баранавіцкім і Лідскім, племзаводы ў Карэліцкім і Ляхавіцкім р-нах. Беларускі запражны конь — асн. паляпшальнік рабочакарыстальнай прадукцыйнай конегадоўлі ў рэспубліцы, экспартуецца, выкарыстоўваецца для прагулак, турызму, верхавога адпачынку.
Коні вынослівыя, даўгавечныя, непераборлівыя, спакойныя. Масць: буланая, рыжая, гнядая, вараная, мышастая. Выш. ў карку элітных жывёл 154—156 см; 2 км крокам з 3-тонным грузам праходзіць за 14—16 мінут.
М.А.Гарбукоў.
т. 2, с. 443
«БЕЛАРУ́СКІ ЗБО́РНІК»,
навуковы часопіс. Выдаваўся ў 1955—60 у Мюнхене (Германія) Ін-там вывучэння СССР. Друкаваўся на рататары. Выходзіў на бел., з № 2 (1955) паралельна на англ. («Belorussian Review») мовах. Друкаваў працы па бел. гісторыі, мове, л-ры, мастацтве, эканоміцы, рэцэнзіі на беларусазнаўчыя выданні, агляды час. «Камуніст Беларусі» і інш. Выйшла 12 нумароў.
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 444
«БЕЛАРУ́СКІ ЗВОН»,
штотыднёвая грамадска-паліт. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 22.3.1921 да 24.2.1923 у Вільні на бел. мове (з 16.5 да 18.8.1921 не выходзіла). Рэдактар-выдавец Ф.Аляхновіч. Крытыкавала вынікі Рыжскага мірнага дагавору 1921. Супрацоўнічала з усімі дэмакр. сіламі, якія падтрымлівалі культ.-нац. адраджэнне Беларусі і яе права на самавызначэнне. Выкрывала антыбел. дэнацыяналізатарскую палітыку польск. ўрада. Асвятляла міжнар. і ўнутр. становішча, грамадска-паліт. рух на Беларусі. Інфармавала пра дзейнасць ТБШ, бел. тэатр. і муз. калектываў у Зах. Беларусі і інш.
У.М.Конан.
т. 2, с. 444
«БЕЛАРУ́СКІ ЗВОН»,
газета, орган Цэнтральнага саюза бел. культурных і гаспадарчых арг-цый. Выдавалася штотыднёва з 6.1.1931 да 2.12.1932 у Вільні на бел. мове. Змяшчала матэрыялы пра паліт.-эканам. і культ. жыццё ў Польшчы, Зах. Беларусі, БССР, пра дзейнасць бел. культ. і навук. устаноў і арг-цый, артыкулы па гісторыі Беларусі, пра яе выдатных людзей. Выступала супраць КПЗБ. Напярэдадні прыходу да ўлады ў Германіі Гітлера заклікала падтрымліваць нацыянал-сацыялістаў Германіі. Мела матэрыяльную падтрымку ад улад. Рассылалася бясплатна. Выйшла 58 нумароў. Спыніла існаванне з-за распаду «Цэнтрасаюза».
С.В.Говін.
т. 2, с. 444
БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ГАСПАДА́РКІ І КУЛЬТУ́РЫ
(БІГіК),
арганізацыя культ.-асв. і гасп. кірунку ў Зах. Беларусі. Дзейнічаў з чэрв. 1926 да 4.12.1936 як філіял Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Стваральнікі і кіраўнікі А.Станкевіч, Ф.Ярэміч, В.Багдановіч, У.Казлоўскі, В.Рагуля, В.Гадлеўскі, А.Уласаў. Асн. мэта — арганізацыя культ.-асв. працы і гасп. дзейнасці праз стварэнне бібліятэк, клубаў, с.-г. кааператываў, забеспячэнне сялян с.-г. тэхнікай і пашырэнне с.-г. ведаў. У сярэдзіне 1927 БІГіК налічваў 52 гурткі, у 1934—35 — 80 гурткоў (аб’ядноўвалі каля 1,2 тыс. чал.) у Віленскім, Браслаўскім, Дзісенскім, Вілейскім, Ашмянскім, Лідскім і Баранавіцкім пав. Іх уплыў пашыраўся на частку бел. інтэлігенцыі і сялянства пераважна каталіцкага веравызнання. Кіраўніцтва БІГіК знаходзілася ў канфрантацыі з КПЗБ, рэв.-дэмакр. арг-цыяй Беларуская сялянска-работніцкая грамада, культ.-асв. арг-цыяй Таварыства беларускай школы (ТБШ). У пач. 1936 па ініцыятыве ЦК КПЗБ на глебе барацьбы за школу на роднай мове намецілася супрацоўніцтва паміж ТБШ і БІГіК. У канцы 1936 дзейнасць БІГіК забаронена польскімі ўладамі.
У.Ф.Ладысеў.
т. 2, с. 444
БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ДЫЗА́ЙНУ,
навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1966 у Мінску як Бел. філіял Усесаюзнага НДІ тэхн. эстэтыкі, з 1992 сучасная назва. Даследуе і распрацоўвае дызайн-праекты машын, прылад, тэхнал. абсталявання, вырабаў быт. і гасп. прызначэння, інтэр’ераў, абсталявання рабочых месцаў; рэкламна-кірмашовыя экспазіцыі, фірменны графічны стыль (з паліграфічным выкананнем).
т. 2, с. 444
БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ІНФАРМА́ЦЫІ І ПРАГНО́ЗУ (Белінфармпрагноз) пры адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1959 у Мінску як Ін-т навук.-тэхн. інфармацыі і прапаганды пры Дзяржплане БССР, з 1968 Бел. НДІ навук.-тэхн. інфармацыі і тэхніка-эканам. даследаванняў Дзяржэканамплана, з мая 1993 — Бел. ін-т навукова-тэхн. інфармацыі і прагнозу СМ Рэспублікі Беларусь, са студз. 1995 Белінфармпрагноз. Асн. кірункі работы: даследаванне і выпрацоўка ацэнак і прагнозаў стану грамадства, шляхоў яго рэфармавання і развіцця па наступных кірунках: унутраная і знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь, матэрыяльная вытв-сць, працэсы арганізацыі і кіравання ў грамадстве, інтэлектуальныя і інфармацыйныя рэсурсы грамадства, чалавек, сям’я, грамадства.
Г.К.Бурак.
т. 2, с. 444