АРХЕБАКТЭ́РЫІ,
мікраарганізмы пракарыётнага тыпу. Адкрыты ў 1970-я г. Ад іншых пракарыётаў адрозніваюцца хім. будовай макрамалекул, напр. нуклеатыднымі паслядоўнасцямі 16S рыбасамальнай РНК, саставам мембранных ліпідаў, клетачных сценак і інш., і здольнасцю ажыццяўляць унікальныя біяхім. працэсы. Поруч з эўкарыётамі і эўбактэрыямі (сапраўдныя бактэрыі) складаюць адзін з кірункаў клетачнай эвалюцыі. Уключаюць бактэрыі, якія існуюць у экстрэмальных умовах: метанаўтваральныя архебактэрыі, экстрэмальныя галафілы (існуюць пры высокіх канцэнтрацыях хларыду натрыю), архебактэрыі без клетачнай сценкі, архебактэрыі, што аднаўляюць сульфаты, і экстрэмальныя тэрмафілы, якія метабалізуюць малекулярную серу. Хемалітатрофныя віды архебактэрый перспектыўныя для выкарыстання ў біягідраметалургіі, а таксама для абяссервання некандыцыйнага каменнага вугалю; метанаўтваральныя архебактэрыі могуць быць карысныя як прадуцэнты вітаміну B12 і метану.
А.М.Капіч.
т. 1, с. 524
АРХЕГО́НІЙ
(ад грэч. archē пачатак + gonē нараджэнне),
жаночы орган палавога размнажэння ў моха- і папарацепадобных, некаторых голанасенных раслін, водарасцяў і грыбоў. Па наяўнасці архегонія яны вылучаюцца ў асобную групу раслін — археганіятаў. У імхоў мае выгляд колбы: у пашыранай брушной частцы знаходзіцца яйцаклетка, над ёй брушная канальцавая клетка, у вузкай — шэраг дробных шыйных канальцавых клетак, якія расплываюцца ў слізь, раскрываюць шыйку архегонія і садзейнічаюць пранікненню да яйцаклеткі сперматазоідаў.
т. 1, с. 524
АРХЕ́Й
(ад грэч. archaios старажытны),
архейская эра і група, самая стараж. эра ў геал. гісторыі Зямлі і адпаведная група парод дакембрыю. Пачалася пасля завяршэння фарміравання Зямлі і доўжылася да 2,5 млрд. гадоў назад (працягласць каля 2 млрд. гадоў). Назву ўвёў амер. геолаг Дж.Дана ў 1872. У археі ўтварылася складана пабудаваная і перапрацаваная магматычнымі і метамарфічнымі працэсамі тоўшча горных парод, сабраная ў складкі і перарваная інтрузіямі. Пароды архея ўваходзяць у склад крышт. фундамента старадаўніх платформаў, выходзяць на паверхню Зямлі на іх шчытах (Балтыйскі шчыт, Украінскі шчыт, Канадскі, Бразільскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах геасінклінальных паясоў. Сярод метамарфічных парод архея пашыраны гнейсы, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, у т. л. жалезістыя, мармуры і слабаметамарфізаваньія зялёнасланцавыя пароды; сярод магматычных — граніты, гранадыярыты, дыярыты, габра, таматыіты і інш. У пародах архея трапляюцца рэшткі аднаклетачных водарасцяў (узрост каля 3 млрд. гадоў). Тыповымі рэгіянальнымі стратыграфічнымі падраздзяленнямі архея для Усходне-Еўрапейскай платформы прыняты саамскі (беламорскі) і лопскі комплексы. На Беларусі вылучаюць шчучынскую і кулажынскую серыі. Пароды архея залягаюць на рознай глыбіні: 80—160 м на Беларускай антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. З археем звязаны радовішчы храмітаў і жалеза, медна-нікелевых і медна-калчаданавых рудаў, марганцу, золата, карунду, графіту і інш., на Беларусі — ільменіт-магнетытавыя руды Навасёлкаўскага радовішча.
І.В.Найдзенкаў.
т. 1, с. 524
АРХЕО́РНІС,
вымерлая птушка, тое, што археаптэрыкс.
т. 1, с. 524
АРХЕТЫ́П
(ад грэч. archē пачатак + typos вобраз),
агульначалавечы першавобраз, персанаж, што паслядоўна паўтараецца ў міфах, літаратуры і індывідуальным мысленні; спосаб сувязі вобразаў, што пераходзяць з пакалення ў пакаленне; цэнтр. паняцце аналітычнай псіхалогіі. Ідэю архетыпа ў аб’ектыўна-ідэаліст. форме можна знайсці ў творах Платона, Аўгусціна, схаластаў. Як навук. тэрмін «архетып» уведзены швейц. псіхолагам К.Г.Юнгам і адаптаваны філасофіяй, літаратура- і мастацтвазнаўствам, тэорыяй міфалогіі, фалькларыстыкай і інш. Паводле тэорыі Юнга пра калект. неўсвядомленае, мадэлі чалавечага вопыту пэўным чынам генетычна закадзіраваны і пераходзяць да наступных пакаленняў. Тоесныя архетыпныя матывы і вобразы (сімвал сусветнага дрэва ці міф пра патоп) сустракаюцца ў няроднасных культурах і сферах мастацтва, што тлумачыцца іх універсальным і пастаянным пачаткам у чалавечай прыродзе. Маючы выток у далагічным мысленні, архетып выклікае аналагічныя пачуцці і асацыяцыі і ў аўтара твора, і ў спажыўца незалежна ад разбежкі ў часе. Архетып ляжыць у аснове сімволікі творчасці, розных рытуалаў, сноў і інш.
І.М.Дубянецкая.
т. 1, с. 524
АРХЕ́ АФІ́НСКАЯ,
афінская марская дзяржава, саюз старажытнагрэчаскіх полісаў, гл. Дэлоскі саюз.
т. 1, с. 519
АРХІ...
(ад грэч. archi... старшы, галоўны),
прыстаўка, якая абазначае найвышэйшую ступень чаго-н., напр., архіепіскап, архіпастыр.
т. 1, с. 524
АРХІВАЗНА́ЎСТВА,
комплексная дысцыпліна, якая вывучае гісторыю, арганізацыю, тэорыю і практыку работы архіваў у галіне ўліку, апісання, выкарыстання, забеспячэння захаванасці дакументаў, навук. арганізацыі працы і эканомікі архіўнай справы. Практычнае архівазнаўства як набор правілаў па захаванні, уліку і выкарыстанні дакументаў існуе з глыбокай старажытнасці.
У 16—18 ст. у краінах Зах. Еўропы склалася «навука пра архівы», якая вызначала іх месца ў дзярж. апараце, класіфікацыю дакументаў, іх апісанне і выкарыстанне для практ. мэтаў; з канца 18 ст. распрацоўваліся пытанні камплектавання, захаванасці з мэтаю навук выкарыстання дакументаў і экспертызы. Да канца 19 ст. архівазнаўства аформілася ў самаст. навук дысцыпліну, з’явіліся нац. школы архівазнаўства. З пач. 20 ст. ў архівазнаўства ўвайшлі паняцці фондавага прынцыпу класіфікацыі дакументаў, камплектавання архіваў кінафотафонадакументаў і інш.; з сярэдзіны 20 ст. выкарыстоўваюцца аўтаматызаваныя сістэмы пошуку дакумент. інфармацыі. У б. СССР вынікі распрацовак друкавалі ў час. «Советские архивы», «Трудах Всесоюзного научно-исследовательского института документоведения и архивного дела» і інш.
На Беларусі распрацоўка пытанняў архівазнаўства вядзецца ў Бел. н.-д. цэнтры дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы, дзярж. архівах. Як спец. гіст. дысцыпліна архівазнаўства выкладаецца на гіст. ф-тах універсітэтаў.
Літ.:
Вопросы архивоведения и источниковедения в БССР. Мн., 1971.
т. 1, с. 524
АРХІВА́РЫУС,
супрацоўнік архіва, хавальнік архіўных дакументаў.
т. 1, с. 524
АРХІВО́ЛЬТ
(італьян. archivolto),
архітэктурна-дэкаратыўная дэталь абрамлення арачнага праёма; вылучае дугу аркі з плоскасці сцяны. Архівольты з’явіліся з развіццём арачных канструкцый у Стараж. Рыме і Візантыі; на Беларусі пашыраны ў архітэктуры стыляў готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму. Выконваюць архівольты з клінавых камянёў, тынку, стука. Мае прафіляваную паверхню з выкарыстаннем розных па малюнку абломаў архітэктурных або арнаментаваную разьбой, рустам, лепкай. Архівольт, які самастойна выступае на плоскасці сцяны і не звязаны з праёмам, называецца «сляпой» аркай.
т. 1, с. 525