БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З ПРАДПРЫМА́ЛЬНІКАЎ І АРАНДА́ТАРАЎ,
добраахвотнае незалежнае грамадскае аб’яднанне грамадзян Беларусі і інш. краін, прац. калектываў прадпрыемстваў, арг-цый і ўстаноў розных формаў уласнасці. Створаны ў 1990. Аб’ядноўвае больш за 2 тыс. арг-цый і ўстаноў. Гал. мэты: усталяванне арэндных адносін, развіццё прадпрымальніцтва, раздзяржаўленне і прыватызацыя, абарона інтарэсаў чл. саюза. Для аказання паслуг сваім членам і выканання інш. функцыян. задач створана сетка малых прадпрыемстваў: юрыд. служба, навук.-аўдытарская і навук.-вытв. камерцыйная фірмы, бізнес-цэнтр, кадравы цэнтр з Акадэміяй прадпрымальніцтва і сацыяноміі.
т. 2, с. 456
БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З ТЭАТРА́ЛЬНЫХ ДЗЕ́ЯЧАЎ,
гл. Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі.
т. 2, с. 456
БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З ФЕ́РМЕРАЎ
(БСФ),
добраахвотнае супольніцтва сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, іх тэр. саюзаў і асацыяцый. Створаны ў 1989 як Бел. сял. саюз, з 1993 — БСФ. Аб’ядноўвае 650 фермерскіх гаспадарак, шэраг мясц. асацыяцый. Гал. мэты: ахова правоў і інтарэсаў фермераў, садзейнічанне павышэнню эфектыўнасці іх працы і вытв-сці.
т. 2, с. 456
БЕЛАРУ́СКІ СІНА́П,
позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Антонаўка і Пепін літоўскі. Раянаваны ў Беларусі з 1967.
Дрэва моцнарослае, з незагушчанай шырокапірамідальнай кронай. Плоданашэнне з 4—5-га года пасля пасадкі. Сорт ураджайны, высоказімаўстойлівы, устойлівы да грыбных і ракавых захворванняў. Плады аднатыпныя, сярэдняй велічыні (120 г), круглавата-авальнай формы, з характэрнымі плоскімі рэбрамі па паверхні. Скурка шчыльная, тоўстая, спачатку зялёная, у перыяд захоўвання зеленавата-жоўтая. Мякаць плода шчыльная, дробназярністая, кісла-салодкая. Збор пладоў — у 1-й пал. кастрычніка; захоўваецца да чэрвеня.
З.А.Казлоўская.
т. 2, с. 456
БЕЛАРУ́СКІ СТУДЭ́НЦКІ САЮ́З
(БСС),
арганізацыя студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та ў 1920—39. Створаны 1.12.1920. У розны час БСС узначальвалі А.Абрамовіч, Т.Куніцкі, І.Гагалінскі, М.Марцінчык і інш. Меў 4 секцыі (культ.-асветную, навуковую, выдавецкую, працы), бібліятэку. Друкаваныя органы — час. «Новы шлях», «Студэнцкая думка». Гал. мэты: аб’яднанне сваіх членаў на грунце навук. пазнання Беларусі, выхавання нац. самасвядомасці народа. Вёў асв.-прапагандысцкую дзейнасць, у аснове якой было чытанне сярод насельніцтва Зах. Беларусі лекцый рознай тэматыкі. Пры БСС працавалі завочныя каап. Курсы, адкрыта студэнцкая сталовая. Быў арганізатарам суботнікаў, экскурсій, дыскусійных вечарын, канцэртаў, тэатр. пастановак. Існаваў на ахвяраванні розных арг-цый, т-ваў, асобных грамадзян. Спыніў дзейнасць у сувязі з закрыццём ун-та ў вер. 1939.
т. 2, с. 456
«БЕЛАРУ́СКІ СЦЯГ»,
штомесячны грамадска-паліт. і літ. часопіс, орган урада Беларускай Народнай Рэспублікі. Выдаваўся ў крас.—вер. 1922 у Каўнасе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.Дуж-Душэўскі. Гал. мэта выдання — абарона бел. дзяржаўнасці, павышэнне грамадскай свядомасці, умацаванне волі да барацьбы шляхам асвятлення ўсіх бакоў бел. жыцця. Разглядаў з нац.-дэмакр. пазіцый паліт. і грамадскія падзеі ў Зах. Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі і БССР, узнімаў пытанні вызв. руху і будучыні бел. народа. Публікаваў артыкулы па праблемах барацьбы за адраджэнне і незалежнасць Беларусі. Выйшлі 4 нумары.
Г.М.Зелянова.
т. 2, с. 457
«БЕЛАРУ́СКІ СЬВЕТ»,
навуковы, культ.-асветны і літ. часопіс. Выдаецца з 1971 у ЗША на бел. мове бел. эміграцыяй. Выходзіць у залежнасці ад паступлення матэрыялаў. Рэдактар і выдавец М.Прускі (жыве ў г. Гранд-Рапідс, штат Мічыган, ЗША). Публікуе навук. артыкулы па гісторыі Беларусі, па пытаннях бел. культуры, літ. творы, успаміны і інш. Многія нумары прысвечаны асобным бел. дзеячам. Змяшчае таксама гіст. і сучасныя фотаздымкі, тэксты і ноты бел. песень, гумарыстычныя старонкі.
Г.І.Сурмач.
т. 2, с. 457
БЕЛАРУ́СКІ СЯЛЯ́НСКІ САЮ́З
(БСС),
бел. нац. партыя парламенцкага тыпу ў Зах. Беларусі ў 1925—29. Створана ў Вільні бел. пасламі ў польскім сейме В.Ц.Рагуляй і Ф.Ярэмічам у процівагу Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе. Адбыліся 1-я (24.3.1926, прынята праграма і абраны ЦК) і 2-я (ліп. 1927) канферэнцыі. У ЦК БСС увайшлі Рагуля, Ярэміч (старшыні), А.Більдзюкевіч, Б.Туронак (віцэ-старшыні). Цэнтр. орган — газ. «Сялянская ніва». БСС выступаў за падзел памешчыцкіх зямель, самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную бел. рэспубліку, і інш. Разам з Бел. хрысціянскай дэмакратыяй стварыў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Распаўся ў пач. 1929.
У.Ф.Ладысеў.
т. 2, с. 457
БЕЛАРУ́СКІ ТРЭ́ЦІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР
(БДТ-3). Існаваў у 1920—37. У розны час меў назвы: Трупа бел. артыстаў пад загадам У.Галубка (Трупа Галубка),
Другая бел. дзярж. трупа (з 1924), Бел. дзярж. вандроўны тэатр (з 1926), з 1932 БДТ-3. Арганізатар і маст. кіраўнік Галубок. Адкрыўся 10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» Галубка. Выступаў у Мінску і па ўсёй Беларусі. Нёс у масы бел. нац. культуру, праводзіў вял. культ.-асв. работу. Пастаноўшчыкам усіх спектакляў быў Галубок, ён жа ствараў маст. і муз. афармленне. Калектыў наследаваў і прадаўжаў традыцыі бел. нар. т-ра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага і Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, укр. труп. Спектаклі былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі, нац. каларытам. Ставіліся п’есы Галубка, Ф.Аляхновіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Чарота, Л.Родзевіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца і інш. Першымі акцёрамі былі сам Галубок і члены яго сям’і, бел. пісьменнікі (І.Барашка, А.Дудар, В.Сташэўскі, М.Чарот). У сярэдзіне 1920-х г. трупа папоўнілася маладымі акцёрамі (К.Быліч, У.Дзядзюшка, С.Бірыла, А.Згіроўскі і інш.). Асобныя спектаклі ставілі Е.Міровіч, У.Крыловіч, Ф.Ждановіч, М.Міцкевіч. У 1928 Галубку першаму ў рэспубліцы прысвоена званне нар. арт. БССР. З канца 1920-х г. з наступам ідэалогіі на мастацтва тэатр трапіў пад вострую афіц. парт. крытыку, яго кіраўніцтва абвінавацілі ў нацыяналіст. ухіле, у нізкім маст. узроўні пастановак. На пач. 1930-х г. адбылася рэарганізацыя тэатра. У 1931 яго маст. кіраўніком прызначаны К.Саннікаў (Галубок застаўся дырэктарам і акцёрам), у 1932 т-р атрымаў сталую базу ў Гомелі. У 1934 для павышэння кваліфікацыі калектыў быў накіраваны на 3-месячныя курсы ў Маскву. У рэпертуары быў узяты курс на сучаснасць. Ставіліся пераважна тагачасныя сав. п’есы, якія ішлі ў інш. т-рах краіны, а таксама асобныя класічныя творы (А.Астроўскага, А.Пушкіна, Ф.Шылера). У выніку такой перабудовы павысіліся агульны прафес. ўзровень калектыву, пастановачная культура спектакляў, але т-р страціў нац. самабытнасць і непаўторнасць. У 1937 Галубок і вядучы акцёр Згіроўскі былі рэпрэсіраваны, а т-р расфарміраваны.
А.В.Сабалеўскі.
т. 2, с. 457