Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАЎШУ́К (Сцяпан Сцяпанавіч) (н. 28.7.1944, г. Васілевічы Гомельскай вобл.),

бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н., праф. (1998). Скончыў БДУ (1967). Настаўнічаў. З 1973 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі (з 1998 нам. дырэктара). Даследуе заканамернасці развіцця бел. драматургіі 19—20 ст., яе вытокі, перыядызацыю, своеасаблівасць творчых пошукаў, жанравыя асаблівасці, навукова-эстэт. панараму развіцця, прыроду драм. канфлікту і яго эстэт. асаблівасці ў драме, камедыі і трагедыі: кнігі «Сучасная беларуская драматургія», «З думай пра сучасніка» (абедзве 1977), «Першы народны артыст БССР» (1982), «Высокія арбіты грамадзянскасці», «Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х г.)» (абедзве 1984), «На драматургічных скрыжаваннях» (1989). Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове), «Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці» (1978), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1—2, 1981—82), «На парозе 90-х» (1993), «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 2—4, 1994—95), «Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.» (2-е выд. 1998), «Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.» у 4 т. (т. 1, 1999) і інш. Складальнік выданняў «Беларуская дакастрычніцкая драматургія» (1978), збораў твораў У.Галубка (1983), А.Макаёнка (т. 1—5, 1987—90), К.Крапівы (у 6 т., т. 1—2, 1997), фотаальбома «Кандрат Крапіва» (1989), зб. «Цудоўная дудка» (1997) і інш.

Тв.:

Кандрат Крапіва і беларуская драматургія. Мн., 1986.

І.У.Саламевіч.

С.С.Лаўшук.

т. 9, с. 162

Лаўшэнка Фёдар Рыгоравіч

т. 18, кн. 1, с. 418

ЛА́ЎЭ ((Laue) Макс Фелікс Тэадор фон) (9.10.1879, г. Кобленц, Германія — 24.4.1960),

нямецкі фізік. Член Берлінскай АН (1921), замежны чл. АН СССР (1930). Скончыў Берлінскі ун-т (1903). Праф. Цюрыхскага (1912—14), Франкфурцкага (1914—19), Берлінскага (1919—43) і Гётынгенскага (з 1946) ун-таў, у 1951—59 дырэктар Ін-та фіз. хіміі і электрахіміі (Берлін). Навук. працы па оптыцы, крышталяфізіцы, тэорыі адноснасці, квантавай і атамнай фізіцы, гісторыі фізікі. У 1912 распрацаваў тэорыю дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў на крышталях і прапанаваў метад даследавання іх структуры (гл. Лаўэ метад), што дало пачатак рэнтгенаструктурнаму аналізу. Нобелеўская прэмія 1914.

Тв.:

Рус. пер. — История физики. М., 1956;

Статьи и речи. М., 1969.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

А.І.Болсун.

т. 9, с. 163

ЛА́ЎЭ МЕ́ТАД,

метад даследавання монакрышталёў з дапамогай дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Выкарыстоўваецца для вызначэння прасторавай арыентацыі і рэальнай структуры монакрышталёў, іх пунктавай групы сіметрыі, змен крышталічнай структуры пад уздзеяннем т-ры, ціску, апрамянення і інш.

У Л.м. тонкі пучок рэнтгенаўскіх прамянёў неперарыўнага спектра падае на нерухомы монакрышталь. Рассеянае выпрамяненне ў напрамках, вызначаных паводле Брэга—Вульфа ўмоў, рэгіструецца на фотаплёнцы, размешчанай за крышталём, перпендыкулярна праменю; атрыманы відарыс наз. лаўэграмай (у выпадку вял. крышталёў плёнка размяшчаецца перад імі і лаўэграма наз. эпіграмай). Гл. таксама Рэнтгенаўскі структурны аналіз.

М.М.Аляхновіч.

Да арт. Лаўэ метад: лаўэграма крышталю меднага купарвасу.

т. 9, с. 163