Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛАПЛА́СА ЎРАЎНЕ́ННЕ,

дыферэнцыяльнае ўраўненне з частковымі вытворнымі Δu(x, y, z) = 0, дзе Δ — Лапласа аператар, u(x, y, z) — шуканая функцыя. Уведзена П.Лапласам (1782) у працах па нябеснай механіцы і тэорыі гравітацыйнага патэнцыялу.

Да Л.ў. зводзіцца шэраг задач фізікі і тэхнікі, напр., яго задавальняе т-ра пры стацыянарных працэсах, патэнцыял эл.-статычнага поля па-за межамі зарадаў, гравітацыйны патэнцыял па-за межамі прыцягальных мас. У прамавугольных дэкартавых каардынатах яно мае выгляд 2u x2 + 2u y2 + 2u z2 = 0 , дзе x, y, z — незалежныя пераменныя Рашэнні Л.ў., якія маюць неперарыўныя частковыя вытворныя да 2-га парадку ўключна, наз. гарманічнымі функцыямі.

А.​А.​Гусак.

т. 9, с. 134

ЛАПЛА́ЦКАЯ НІЗІ́НА,

усходняя ч Унутраных раўнін Паўд. Амерыкі ўздоўж рэк Парагвай і Парана. Даўж. з Пн на Пд каля 2300 км. Шыр. да 900 км. Уключае прыродныя вобласці Пантанал, Гран-Чака, Пампа і Міжрэчча. Уяўляе сабой сінеклізу Паўд.-амер. платформы, якая запоўнена магутнай тоўшчай кантынентальных, пераважна кайназойскіх адкладаў. На Пн клімат трапічны, летам вільготны; рэдкалессі і вял. балоты ўздоўж рэк. На Пд клімат трапічны, раўнамерны, вільготны; светлыя лясы, прэрыі і стэп. Земляробства. жывёлагадоўля.

т. 9, с. 134

ЛАПО́ (Аркадзь Іванавіч) (8.2.1904, в. Жданоўка Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 5.1.1983),

бел. вучоны ў галіне селекцыі і раслінаводства. Акад. АН Беларусі (1950; чл.-кар. 1940), акад. Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1957—61). Скончыў БСГА (1927), у 1932—41 працаваў у ёй. З 1944 у Ін-це сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі (з 1949 дырэктар). З 1953 акад.-сакратар Аддз. біял., с.-г. і мед. навук АН Беларусі, з 1956 — Аддз. раслінаводства і гал. вучоны сакратар Акадэміі с.-г. навук Беларусі. У 1960—72 у Бел. ін-це земляробства. Навук. працы па біялогіі канюшыны, агратэхніцы насенняводства збожжавых культур і лёну. Устанавіў заканамернасці аптымальнай гушчыні пасеву збожжавых і лёну ў залежнасці ад змены агратэхн. і прыродных фактараў. Рэкамендаваў наборы найб. эфектыўных культур для кармавых севазваротаў, сістэмы іх чаргавання і выкарыстання ўгнаенняў.

Тв.:

Основные вопросы посева зерновых культур и льна. Мн., 1950;

Кукуруза на полях Белоруссии. Мн., 1963 (у сааўт.);

Система удобрения и чередование культур в прифермских кормовых севооборотах с кукурузой (разам з Б.​С.​Жагрыным) // Весці АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1969. № 4;

1970. № 1—2.

А.І.Лапо.

т. 9, с. 134

ЛАПО́ (Дзмітрый Еўдакімавіч) (кастр. 1861, г. Беліца, цяпер у межах г. Гомель — люты 1936),

расійскі і бел. пісьменнік. Скончыў Казанскі ун-т (1898). У 1885 за ўдзел у кіеўскай арг-цыі «Народнай волі» высланы ў Сібір. У 1890—92 жыў у Гомелі, з 1892 у Чыстапалі Казанскай губ., Мінусінску, Краснаярску; працаваў юрыстам, выкладчыкам. Друкаваўся з 1888 (у газ. «Минский листок», «Северо-Западном календаре на 1888 год»). У «Беларускіх апавяданнях» (1895) з дэмакр. пазіцый адлюстраваў жыццё бел. вёскі. Займаўся краязнаўствам, вывучаў побыт сіб. насельніцтва: «Горад Чыстапаль напярэдадні рэформы 17 чэрвеня 1870 г.» (1897), «Грамадскае кіраванне мінусінскіх іншародцаў» (1904), «Злачынства і пакаранне паводле стэпавага права сібірскіх качавых іншародцаў» (1905), «Аб увядзенні ўсеагульнай адукацыі ў Краснаярску» (1909).

Літ.:

Кузняева С. Судьба автора «Белорусских рассказов» // Неман. 1986. № 12.

т. 9, с. 134

ЛАПО́ТКА (Ігнат Анатолевіч) (27.6. 1899—18.3.1968),

бел. вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі. Праф. (1940). Скончыў мед. ф-т БДУ (1926). З 1930 у Мінскім мед. ін-це (з 1932 заг. кафедры). З 1937 дырэктар Ленінградскага НДІ вуха, горла, носа і маўлення. Навук. працы па біял. уплыве прамянёвай энергіі на арганізм, рэнтгенадыягностыцы рака і склеромы гартані, танзіліце.

Тв.:

Острый и хронический тонзиллит. Их осложнения и связь с другими заболеваниями. Л., 1963 (разам з В.​Ю.​Лакоткінай).

т. 9, с. 134

ЛАПТА́,

руская нар. гульня з мячом. У інш. краінах да Л. падобныя гульні: бейсбол, крыкет, ойна (Румынія), песа пало (Фінляндыя). На Беларусі Л. нагадвае гульня апука.

Гуляюць у Л. 2 каманды па 7—9 чал. на роўнай пляцоўцы даўж. 50—60 і шыр. 20—30 м. Інвентар: мяч дыяметрам 6—7 см, масай 50—70 r і біта — «лапта» (палка даўж. 80—120 см). Адна каманда «б’е», другая «водзіць» Мэта гульні — ударам біты паслаць мяч як мага далей і прабегчы па чарзе да процілеглага боку і назад, за што каманда атрымлівае ачко. Калі гульца з каманды, якая «б’е» «асаляць» (зачэпяць) злоўленым мячом, каманды мяняюцца месцамі. Выйграе каманда, якая за 60 мін пабярэ больш ачкоў.

т. 9, с. 134

ЛАПУ́Н,

у беларусаў печыва з квашанага цеста ў выглядзе тоўстага бліна. Камяк цеста расплясквалі на патэльні, пасыпалі соллю, кменам, макам. Пяклі на гарачым вуголлі пры адкрытым агні. Спажывалі за снеданнем, бралі ў поле. Часам намазвалі слоем тварагу, смятанай, цёртым макам. Такія Л. пасылалі сваякам у якасці гасцінца, бралі з сабой у адведкі да парадзіхі. Вядомы пераважна на Віцебшчыне. Падобны да скавародніка, праснака.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 9, с. 135

ЛАПУНО́Ў (Анатоль Максімавіч) (н. 15.9.1940, г. Гомель),

бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1998). Скончыў Бел. кансерваторыю па спецыяльнасцях ігра на нар. інструментах (1964) і оперна-сімф. дырыжыраванне (1973, клас Я.​Вашчака). З 1974 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, у Вял. т-ры ў Маскве, у Дзярж. сімф. аркестры Беларусі. У 1975—87 (з перапынкам) гал. дырыжор, з 1991 дырыжор Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. З 1993 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Сімфанічнага аркестра Беларускага тэлебачання і радыё. Пад яго муз. кіраўніцтвам у Дзярж. т-ры муз. камедыі пастаўлены аперэты бел. кампазітараў «Тыдзень вечнага кахання» Ю.​Семянякі (1975), «Судны час» Р.​Суруса (1984), «Джулія» У.​Кандрусевіча (1991), класічныя «Вясёлая ўдава» Ф.​Легара (1978), «Д’ябальскі наезнік» (1983), «Сільва» (1986) і «Марыца» (1992) І.​Кальмана і інш., творы сучасных айч. і замежных аўтараў; з Сімф. аркестрам Дзяржтэлерадыёкампаніі Беларусі ажыццявіў шэраг фондавых запісаў (оперы «Агатка, ці Прыезд пана» Я.​Д.​Голанда, «Фауст» А.​Радзівіла, музыка да драмы «Фінгал» і скрыпічны канцэрт В.​Казлоўскага, прэм’еры буйных твораў сучасных бел. кампазітараў).

Н.​А.​Юўчанка.

т. 9, с. 135

ЛАПУХО́Ў (Фёдар Васілевіч) (20.10.1886, С.-Пецярбург — 28.1.1973),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1956). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1905, педагог М.Легат). У 1905—22 саліст Марыінскага т-ра (у 1910—11 гастраліраваў у ЗША). У 1922—56 (з перапынкамі) маст. кіраўнік трупы Т-ра імя Кірава, з 1931 арганізатар і кіраўнік балетнай трупы Ленінградскага Малога т-ра оперы і балета, у 1936—41 маст. кіраўнік Ленінградскага харэаграфічнага вучылішча. Арганізатар і кіраўнік балетмайстарскага аддзялення Ленінградскай кансерваторыі (1962, з 1965 праф.). Адным з першых сярод сав. балетмайстраў пачаў аднаўляць балеты класічнай спадчыны. Стварыў бессюжэтны праграмны «балет-сімфонію» (танцсімфонія «Веліч сусвету» на муз. Л.​Бетховена, 1923), сінт. спектаклі (уводзіў спевы, слова, эксцэнтрыку, буфанаду, элементы цырка, т-ра лялек і інш.). Сярод пастановак у Т-ры імя Кірава: «Веліч сусвету»; «Пульчынела» І.​Стравінскага (1926), «Ледзяная дзева» на муз. Э.​Грыга (1927), «Вясновая казка» на муз. П.​Чайкоўскага — Б.​Асаф’ева (1947). На бел. сцэне паставіў балеты «Капелія» Л.​Дэліба (1935), «Салавей» М.​Крошнера (разам з А.​Ермалаевым), танцы ў оперы «У пушчах Палесся» А.​Багатырова (1939). Аўтар кніг «Шляхі балетмайстра» (1925), «Шэсцьдзесят гадоў у балеце» (1966).

Літ.:

Добровольская Г. Ф.​Лопухов. Л., 1976.

Ф.В.Лапухоў.

т. 9, с. 135

ЛАПУ́ШЫН (Радзіслаў Яфімавіч) (н. 10.12.1961, Мінск),

бел. паэт. Канд. філал. н. (1993). Скончыў БДУ (1985). У 1985—87 працаваў у газ. «Автозаводец», у 1990—98 у БДУ. Друкуецца з 1978. Піша на рус. мове. Паэт гар. тэматыкі. Паэт. зб-кам «Тры погляды» (1990), «Між лістотай і снегам» (1993) уласцівы напружаная філасафічнасць, тонкі псіхалагізм, пошук гармоніі, прага духоўнасці. Пераклаў на рус. мову асобныя вершы М.​Багдановіча і інш.

Тв.:

Взрослее облаков. Мн., 1996.

т. 9, с. 135