Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАНДША́ФТНЫ ДЫЗА́ЙН,

галіна творчай дзейнасці, накіраваная на фарміраванне прадметна-прасторавага асяроддзя; маст. канструяванне дэталей культ. ландшафту. Аб’екты Л.д. — пластыка рэльефу (ландшафтная скульптура), дрэва-куставыя і кветкавыя кампазіцыі, малыя формы ў архітэктуры з насаджэннямі (пергалы, трэльяжы, вазы, кашпо і інш.), дэкар. скульптура, фантаны, басейны, каскады, элементы візуальнай інфармацыі ў парку, садовая мэбля і інш.

Вылучыўся ў 1960-я г. Развіты ў-Францыі, Германіі, Фінляндыі, Японіі і інш. краінах Сярод прыкладаў на Беларусі: у Мінску — добраўпарадкаванне набярэжнай р. Свіслач, каскады на Сляпяискай воднай сістэме, бульвар па вул. Пуліхава; добраўпарадкаванне плошчы і вуліц у г. Ліда Гродзенскай вобл., гіст. ч. Віцебска; дэкар. вадаём, газоны, кветнікі на цэнтр. плошчах вёсак Домжарыцы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. і Верцялішкі Гродзенскага р-на. Новым аб’ектам Л.д. сталі ўчасткі садова-дачнага і катэджавага буд-ва.

Літ.:

Сычева А.В., Титова Н.П. Ландшафтный дизайн: Эстетика деталей городской среды. Мн., 1984.

А.В.Сычова.

Ландшафтны дызайн.
Ландшафтны дызайн.

т. 9, с. 122

ЛАНДША́ФТНЫ ЗАКА́ЗНІК,

від заказніка, тэрыторыя якога з’яўляецца аб’ектам аховы і аднаўлення асабліва каштоўных, рэдкіх прыродных маляўнічых ландшафтаў і комплексаў. На тэр. Л.з. абмежавана гасп. дзейнасць, у т.л. забаронены суцэльная высечка лесу, пасьба жывёлы, гідрамеліярац. работы, узвядзенне будынкаў, скідванне сцёкавых вод і быт. адходаў і інш. На Беларусі 16 Л.з. рэсп. значэння (агульная пл. каля 231 тыс. га): Бабінавіцкі, Міжазёрны, Сялява, Сіньша, Чырвоны Бор у Віцебскай, Азёры, Навагрудскі, Сарачанскія азёры, Свіцязянскі ў Гродзенскай, Блакітныя азёры, Прылуцкі ў Мінскай, Мазырскія Яры ў Гомельскай, Альманскія балоты, Прастыр, Стронга ў Брэсцкай, Старыца ў Магілёўскай абласцях.

т. 9, с. 122

ЛАНДША́ФТ ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,

адносна аднародны ўчастак геагр. абалонкі, які адрозніваецца заканамерным спалучэннем яе кампанентаў, а таксама комплексаў ніжэйшага таксанамічнага рангу (урочышчаў, фацый); адзін з відаў геасістэм. Вывучае Л.г. ландшафтазнаўства. Паняцце Л.г. трактуюць: як прыродны тэр. комплекс, незалежна ад яго складанасці і памераў (мясцовасць, фіз.-геагр. раён, прыродная зона); як участак зямной паверхні, індывідуальны і непаўторны ў прасторы і часе (напр., Асінаўскае балота, Асвейская града); як тыпалагічная катэгорыя, комплекс асобных участкаў пэўнай структуры і паходжання (рачныя даліны, лёсава-яравыя плато). Л.г. даследуюць у 3 кірунках: узаемадзеянне сукупнасці кампанентаў прыродных комплексаў па вертыкальных сувязях (горныя пароды, рэльеф, глебы, падземныя і паверхневыя воды, расліннасць, жывёльны свет, клімат); марфалагічная структура (урочышчаў, фацый і інш. дробных узаемазвязаных комплексаў унутры Л.г.) і гарызантальная будова (сістэмы іерархічна супадпарадкаваных ландшафтных комплексаў, якія дазваляюць праводзіць класіфікацыю Л.г. і ландшафтнае раянаванне; паслядоўная змена стану Л.г. ў часе. У наш час большасць прыродных Л.г. трансфармаваны ў антрапагенны ландшафт. Паводле функцыянальнага выкарыстання адрозніваюць Л.г.: с.-г., лесагасп., прамысловыя, гарадскія, рэкрэацыйныя, запаведныя і інш. Л.г. Беларусі адносяцца да аднаго тыпу — усх.-еўрапейскі (мяшана-лясны), унутры якога вылучаюць падтыпы: барэальны падтаежны (мяшана-лясны) і суббарэальны палескі (шыракаліста-лясны). Л. — найбольш агульны цэласны аб’ект аховы прыроды.

Літ.:

Ландшафты Белоруссии. Мн., 1989.

В.С.Аношка.

т. 9, с. 119

ЛА́НДШТАЙНЕР (Landsteiner) Карл

(14.6.1868, Вена — 26.6.1943),

аўстрыйскі вучоны, адзін з заснавальнікаў імунагематалогіі. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Венскі ун-т (1891). З 1922 праф. паталогіі і бактэрыялогіі Ракфелераўскага ін-та ў Нью-Йорку. Навук. працы па імуналогіі і імунахіміі. Разам з Я.Янскім адкрыў групы крыві чалавека (1900), з Э.Поперам даказаў інфекц. прыроду поліяміэліту (1909), з А.Вінерам выявіў рэзус-фактар (1940). Нобелеўская прэмія 1930.

т. 9, с. 123

ЛАНДШТУ́РМ

(ад ням. Land зямля, краіна + Sturm атака),

катэгорыя ваеннаабавязаных запасу 3-й чаргі ў дапаможных вайск. фарміраваннях, якія ствараліся з іх у Прусіі, Германіі, Аўстра-Венгрыі і інш. дзяржавах у 19—1-й пал. 20 ст. Выкарыстоўваліся пераважна для аховы дзярж. граніц, камунікацый, складоў і інш. У фаш. Германіі ў 1944 Л. быў заменены фольксштурмам.

т. 9, с. 123

ЛА́НДЫ

(франц. landes ад гальскага landa пустка),

ландшафт пустак у прыморскіх абласцях Зах. Еўропы з вільготным атл. кліматам. У складзе расліннасці пераважаюць вечназялёныя хмызнякі і травы. У вузкім разуменні — пясчаныя алювіяльныя нізіны на ПдЗ Францыі, уздоўж узбярэжжа Біскайскага заліва. Даўж. 230 км, аддзелены ад мора паласой дзюн шыр. 7—8 км.

т. 9, с. 123

ЛАНДЫЧЭ́НКА Віктар Фёдаравіч

(12.2. 1922, в. Міхайлова Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 31.3.1980),

поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Ташкенцкае пях. вучылішча (1943). З 1943 на Варонежскім, Зах., Бранскім, 1-м Прыбалт. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Віцебскай вобл. Вызначыўся ў баях на тэр. Літвы і Латвіі ў 1944: 11 жн. першы фарсіраваў р. Мемеле і знішчыў 2 агнявыя пункты ворага; 18 вер. з групай разведчыкаў разграміў апорны пункт гітлераўцаў; у кастр. вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка.

т. 9, с. 123

ЛА́НДЫШ

(Convallaria),

род кветкавых раслін сям. спаржавых. 1 від — Л. майскі, або звычайны (C. majalis), некалькі падвідаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — усюды. Нар. назвы краспак, камвалея лесавая. Трапляецца ў хваёвых і хвойна-шыракалістых лясах і хмызняках. Як дэкар. кветка культывуецца з сярэдзіны 16 ст. Садовыя формы Л. буйныя, шматкветкавыя, з ружаватымі і махровымі кветкамі, ёсць стракаталістыя.

Шматгадовыя травяністыя расліны з гарызантальным карэнішчам. Лісты (2—3) доўгачаранковыя, прыкаранёвыя, з дугападобным жылкаваннем. Кветанос выш. да 20 см. Кветкі белыя, духмяныя з шарападобна-званочкавым вяночкам, на павіслых кветаножках, па 6—12 у доўгай рыхлай аднабокай гронцы. Плод — чырв. ягада. Выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.

Ландыш.

т. 9, с. 123

ЛА́НДЭР, Ланер (Lander) Гаральд

[сапр. Стэўнсборг (Stevnsborg) Альфрэд Бернхарт; 25.2.1905, Капенгаген — 14.9.1971],

дацкі артыст балета, балетмайстар, педагог. З 1913 вучыўся ў школе Каралеўскага дацкага балета (у 1932—51 яе кіраўнік), у 1927—29 у ЗША у М.Фокіка. Вывучаў рус. і мексіканскія нар. танцы. З 1923 характарны танцоўшчык, з 1929 саліст, у 1931—51 кіраўнік Каралеўскага дацкага балета. Паставіў больш за 30 балетаў на муз. Ф.Пуленка, К.Рысагера, Ж.Ф.Рамо і інш. З 1953 выкладчык, у 1956—63 кіраўнік школы Парыжскай оперы. Адначасова працаваў у інш. краінах. У 1964 стварыў студыю ў Парыжы. Яго спектаклі на нац. сюжэты былі насычаны нар. танцамі. У лепшым з пастаўленых ім балетаў — «Эцюды» на муз. К.Чэрні (1948) па-новаму выкарыстаў выразныя сродкі класічнага танца.

т. 9, с. 123

ЛА́НДЭ МНО́ЖНІК,

каэфіцыент у формуле для вызначэння расшчаплення ўзроўняў энергіі ў магн. полі (гл. Зеемана з’ява). Вызначае маштаб расшчаплення ў адзінках магнетона Бора, а таксама адносную велічыню гірамагнітных адносін. Уведзены ў 1921 ням. фізікам А.Ландэ. Значэнні Л.м. залежаць ад арбітальных і спінавых момантаў асобных электронаў, напр., для чыста арбітальнага моманту Л.м. роўны 1, для чыста спінавага — 2.

т. 9, с. 123