Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАМЕ́

(Lomé),

горад, сталіца Тога. Адм. ц. Прыморскай вобласці. Каля 500 тыс. ж. (1995). Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог у глыб краіны. Гал. порт краіны ў Гвінейскім заліве. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр., металургічная, цэм., бавоўнаачышчальная, тэкст., харч., абутковая. Апрацоўка мармуру. Ун-т. Нац. музей. Манумент незалежнасці (1960). Турыстычны цэнтр. Засн. ў 1904 на месцы паселішча народа эве. Да 1-й сусв. вайны адм. ц. германскага ўладання Тога, пазней — адм. ц. Франц. Тога, з 1960 сталіца незалежнай рэспублікі.

т. 9, с. 115

ЛАМЕТРЫ́ (Lamettrie, La Mettrie) Жульен Афрэ дэ (25.12.1709, г. Сен-Мало, Францыя — 11.11.1751), французскі філосаф, асветнік. Урач па адукацыі. За матэрыяліст. і атэіст. погляды («Натуральная гісторыя душы», 1745) праследаваўся царкоўнікамі, эмігрыраваў у Галандыю, дзе выдаў твор «Чалавек-машына» (1747), потым у Германію (вы даў працы «Чалавек-расліна», 1748; «Сістэма Эпікура», 1751). Першым у Францыі даў паслядоўнае выкладанне сістэмы механістычнага матэрыялізму і сенсуалізму, абгрунтаваў існаванне адзінай матэрыяльнай субстанцыі, вызначальнымі атрыбутамі якой лічыў працягласць, здольнасць да руху і пачуццёвасць. Асн. ідэя Л. — тлумачэнне псіхічных з’яў фізіял. працэсамі. Яго філас. ідэі паўплывалі на Д.Дзідро, П.Гольбаха, К.Гельвецыя. У Беларусі і Літве творы і вывучэнне Л. вядомы з канца XVIII ст. Напр., у перакладной ананімнай кн. «Жыццё і творы вядомых пісьменнікаў XVIII ст.» (1794) ёсць раздзел, прысвечаны Л.

Тв.:

Рус. пер — Избр. соч. М.; Л., 1925;

Соч. 2 изд. М., 1983.

т. 9, с. 115

ЛАМІ́ЙСКАЯ ВАЙНА́,

вайна саюза стараж.-грэч. дзяржаў на чале з Афінамі супраць панавання Македоніі ў 323—322 да н. э. Ініцыіравана афінянамі на чале з Дэмасфенам і Гіперыдам пасля атрымання звестак пра смерць Аляксандра Македонскага. Да Афін далучыліся некат. полісы Сярэдняй Грэцыі і Пелапанеса, асобныя ілірыйскія і фракійскія плямёны. У 323 да н.э. войска саюзнікаў на чале з Леасфенам у бітве пры Гераклеі разбіла сілы правіцеля Македоніі Антыпатра і прымусіла яго схавацца ў фесалійскай крэпасці Ламія (адсюль назва вайны). Скарыстаўшы раздробленасць антымакедонскага лагера, Антыпатр дачакаўся падмацаванняў і ў Кранонскай бітве (322 да н.э.) разбіў саюзную армію. Панаванне Македоніі ў Грэцыі было адноўлена.

т. 9, с. 116

ЛАМІНА́РНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

упарадкаванае цячэнне вадкасці (або газу), пры якім яе рух адбываецца слаямі, паралельнымі напрамку цячэння. Назіраецца ў вязкіх вадкасцях, пры малых скарасцях цячэння, пры абцяканні цел малых памераў. З павелічэннем скорасці ў пэўны момант пераходзіць у неўпарадкаванае турбулентнае цячэнне. Тэарэтычна Л.ц. вывучаюцца з дапамогай ураўненняў Наўе—Стокса. Вязкае Л.ц. вадкасці ў трубе вызначаецца Пуазёйля законам.

т. 9, с. 116

ЛАМІНА́РЫЯ, марская капуста (Laminaria),

род пласціністых бурых водарасцей сям. ламінарыевых. 30 відаў. Пашыраны ў халодных акіянах і морах абодвух паўшар’яў. Сустракаецца ад паверхні да глыб. 200 м. Найб. вядомыя Л.: Гур’янавай (L. gurjanovae), пальчатарассечаная (L. digitata), паўн. (L. hyperborea), цукрыстая (L. saccharina), японская (L. japonica).

Слаявіна даўж. 0,5—50 м у выглядзе пласціны суцэльнай або рассечанай, гладкай ці маршчыністай, складкаватай, з пузырамі або без іх Прымацоўваецца да субстрату дыскападобнай падэшвай ці галінастымі рызоідамі. Размнажэнне бясполае (зааспоры) і палавое (аагамія). Каштоўны аб’ект прамысл. здабычы і штучнага развядзення з харч. мэтамі. Сыравіна для атрымання лек. сродкаў і хім. рэчываў. Выкарыстоўваецца ў тэкст. і папяровай прам-сці, ідзе на корм, угнаенне.

Т.М.Міхеева.

Ламінарыя цукрыстая.

т. 9, с. 116

ЛАМНІ́ЦКІ (Łomnicki) Тадэвуш

(18.7. 1927, г. Падгайцы, Украіна — 22.2.1992),

польскі акцёр. Скончыў студыю пры т-ры «Стары» ў Кракаве (1947). Вучыўся ў Вышэйшай школе тэатр. і кінамастацтва ў Варшаве (1951—53), з 1969 выкладаў у гэтай школе (у 1971—81 рэктар, з 1974 праф.). З 1947 у т-рах, у т. л. варшаўскіх: «Вспулчэсны», «Нарадовы», «На Волі» і інш. Характарны акцёр. Выконваў драм. і камед. ролі: Кардыян («Кардыян» Ю.Славацкага), Ян («Першы дзень свабоды» Л. Кручкоўскага), Глумаў [«На ўсякага мудраца хапае прастаты» (на польск. сцэне — «Запіскі падлюгі») А. Астроўскага], Прысыпкін («Клоп» У.Маякоўскага), Артура Уі («Кар’ера Артура Уі» Б. Брэхта) і інш. Ставіў спектаклі. З 1946 здымаўся ў кіно: «Пакаленне» (1955), «Пан Валадыеўскі» (1969; Залаты медаль на Міжнар. кінафестывалі ў Маскве), «Чалавек з мармуру» (1977), «Дом вар’ятаў» (1984) і інш. Аўтар п’ес «Ной і яго звярынец» (1948), «Пустазелле і пшаніца» (1951), кінасцэнарыяў, успамінаў «Тэатральныя сустрэчы» (1984). Дзярж. прэмія Польшчы 1968.

Літ.:

Filler W. Tadeusz Łomnicki. Warszawa, 1976.

т. 9, с. 116

ЛАМПРАФІ́Р,

жыльная магматычная горная парода, складзеная з палявога шпату (радзей фельдшпатоідаў) і павышанай колькасці каляровых мінералаў (не менш за 30%; біятыт, амфібол, алівін, меліліт і інш.). Колер цёмна-шэры да чорнага. Вылучаюць Л. вапнякова-шчолачныя (спесартыт, керсантыт), шчолачныя або фельдшпатоідныя (камптаніт) і мелілітавыя (альнеіт). Утвараюць серыі малых інтрузіўных цел (сілаў, даек, некаў, трубак выбуху), цесна злучаных з разломнай тэктонікай.

т. 9, с. 116

ЛА́МЫ

(Lama),

род млекакормячых жывёл сям. вярблюдавых атр. мазаляногіх. 1 дзікі від — гуанака і 2 свойскія формы: уласна Л. (L. guanicoe glama) i альпака. Пашыраны ў стэпах (пампа), паўпустынях і гарах Паўд. Амерыкі.

Свойскія Л. буйнейшыя за дзікіх (маса да 110 кг). Не маюць гарба. Афарбоўка цела стракатая. Бегаюць інахаддзю. Расліннаедныя. Дзікія і свойскія Л. пры скрыжаванні могуць даваць пладавітае патомства. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцянят. Свойскія Л. прыручаны інкамі 4—4,5 тыс. гадоў назад. Л. выкарыстоўваюць як уючных жывёл на горных дарогах. З шэрсці самак вырабляюць грубыя тканіны і вяроўкі.

Лама.

т. 9, с. 116

ЛАМЭ́, Лямэ (Lamé) Габрыэль (22.7. 1795, г. Тур, Францыя — 1.5.1870), французскі матэматык і інжынер. Чл. Парыжскай АН (1843). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1829). У 1820—32 працаваў у Пецярбургу ў Ін-це інжынераў шляхоў зносін. У 1832—63 праф. Політэхн. школы і Парыжскага ун-та (1848—63). Навук. працы па тэорыі пругкасці і матэм. фізіцы. Распрацаваў агульную тэорыю крывалінейных каардынат і метады іх выкарыстання ў механіцы (1859), устанавіў сувязь паміж кампанентамі мех. напружання і дэфармацыі (пастаянныя Л.), увёў спец. клас функцый (функцыі Л.). Аўтар першага трактата па тэорыі пругкасці цвёрдых цел (1852). Даследаванні Л. былі пакладзены ў аснову тэнзарнага аналізу.

Літ.:

Воронина М.М. Габрыэль Ламе, 1795—1870. Л., 1987.

т. 9, с. 116