Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРЭ́ХАЎ Вадзім Іванавіч

(27.12.1902, Віцебск — 27.3.1957),

генерал-лейтэнант інжынерна-тэхнічнай службы (1948). У Чырвонай Арміі з 1924. Скончыў Ваенна-паветраную акадэмію РСЧА імя Жукоўскага (1938). У Вялікую Айчынную вайну з 1941 начальнік упраўлення кадраў ВПС СССР. У 1949—53 намеснік начальніка Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя Жукоўскага.

т. 2, с. 15

АРЭ́ХАЎКА,

кедраўка (Nucifraga caryocatactes), птушка сямейства крумкачовых атрада вераб’інападобных. Пашырана ў цемнахвойных лясах Еўразіі. На Беларусі рэдкая; гняздуецца пераважна ў паўночным і цэнтральным раёнах, у паўднёвых раёнах трапляецца спарадычна; жыве падвід арэхаўка еўрапейская, часам залятае арэхаўка сібірская.

Даўжыня цела да 36 см, маса да 200 г. Дзюба тоўстая, прамая, чорная. Ногі чорныя. Апярэнне буравата-карычневае з белымі плямкамі. На канцы хваста белая паласа. Гнёзды на хвойных дрэвах на вышыні 4—12 м. Яйцы 3—4, радзей 2—6, нясе ў красавіку. Корміцца насеннем кедра, елкі, хвоі, дуба, насякомымі і іх лічынкамі. Разносіць і хавае ў глебе насенне дрэў.

т. 2, с. 15

АРЭ́ХАЎКА,

вадасховішча ў Беларусі, у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці, у пойме ракі Нясета. За 10 км на Захад ад гарадскога пасёлка Клічаў, каля вёскі Арэхаўка. Створана ў 1983 для рыбагадоўлі, арашэння і рэкрэацыі. Плошча 1,02 км², даўжыня 1,6 км, найбольшая шыыня 0,86 км, найбольшая глыбіня 5,5 м. Наліўное. Напаўняецца вадой з ракі Нясета.

т. 2, с. 15

АРЭ́ХАЎНА,

возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Нача, за 26 км на Паўднёвы Захад ад Полацка. Плошча 0,47 км², даўжыня 1,1 км, найбольшая шырыня 0,66 км, найбольшая глыбіня 0,8 м, даўжыня берагавой лініі 3,16 км. Плошча вадазбору 179 км².

Пойма забалочаная, парослая хмызняком, схілы катлавіны вышынёй 5—10 м, разараныя, на Поўдні абразійны ўступ вышынёй 3—4 м. Берагі сплавінныя, нізкія. Востраў плошчай 0,5 га. Уздоўж берагоў і вострава дно пясчанае, глыбей — сапрапелістае. Зарастае. Выцякае рака Нача. Злучана пратокай з возерам Забеліна.

т. 2, с. 15

АРЭ́ХАЎНА,

вёска ў Беларусі, у Бабыніцкім сельскім савеце Полацкага раёна Віцебскай вобласці. За 30 км ад Полацка, 129 км ад Віцебска, 5 км ад чыгуначнай станцыі Ветрына. 18 жыхароў, 10 двароў (1995).

Узнікла пасля 1521 на землях І.Р.Корсака, гараднічага полацкага, пазней мястэчка ў складзе Полацкага ваяводства. З 1552 дваром Арэхаўна, дзе было 50 сем’яў, валодаў сын Корсака Баркулаб.

т. 2, с. 15

АРЭ́ХАЎСК,

гарадскі пасёлак у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, на беразе Арэхаўскага возера пры вытоку з яго ракі Аршыца. За 27 км ад горада Орша, 120 км ад Віцебска, 10 км ад чыгуначнай станцыі Хлюсціна на лініі Орша—Смаленск. Аўтадарогамі злучаны з Оршай і Віцебскам. 3,5 тысяч жыхароў (1995). БелДРЭС, прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасці. Брацкая магіла савецкіх воінаў. Помнік архітэктуры 19 стагоддзя — Спаская царква.

Узнік у пачатку 20 стагоддзя як заводскі пасёлак Выдрыца каля вёскі Арэхі Аршанскага раёна ў сувязі з будаўніцтвам завода сухой перагонкі драўніны. Пасля закрыцця завода (1917) пасёлак сельскага тыпу. З 1924 у Аршанскім раёне. З пачаткам будаўніцтва 11.7.1927 БелДРЭС зліўся з вёскай Выдрыца і 25.7.1929 пераўтвораны ў рабочы пасёлак пад назвай Арэхі-Выдрыца. У 1939 было 3,7 тысяч жыхароў. З ліпеня 1941 да 24.6.1944 акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, амаль цалкам знішчаны. 11.7.1946 пераўтвораны ў гарадскі пасёлак Арэхаўск. У 1946—54 цэнтр Арэхаўскага раёна. У 1969 у Арэхаўску 5,3 тысячы жыхароў.

т. 2, с. 15

АРЭ́ХАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, у басейне ракі Маларыта, за 17 км на Паўднёвы Захад ад горада Маларыта. Плошча 4,6 км², даўжыня 5,2 км, найбольшая шырыня 2,1 км, найбольшая глыбіня 2,1 м. Плошча вадазбору 291 км².

Катлавіна плоская, сподкападобная, выцягнутая з Паўднёвага Захаду на Паўночны Усход. Берагі нізкія, забалочаныя, на Поўнач і Паўночны Захад сплавінныя. На Усходзе марэнныя ўзгоркі вышынёй 3—4 м. Прыбярэжныя ўчасткі дна высланы пяском, глыбей — сапрапелем. Моцна зарастае. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шырынёй 150—200 м, каля заходняяга і паўночна-заходнягя берагоў развіваецца сплавіна. Каналамі злучана з ракой Маларыта і возерам Олтушскае. У выніку меліярацыі ўзровень возера знізіўся на 1,5 м.

т. 2, с. 16

АРЭ́ХАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

Вялікае Арэхаўскае, у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Аршыца, за 20 км на Поўнач ад Оршы. Плошча 2,11 км², даўжыня 3,93 км, найбольшая шырыня 1,08 км, найбольшая глыбіня 3,4 м, даўжыня берагавой лініі 10,8 км. Плошча вадазбору 33,4 км².

Схілы вышынёй 2—5 м, пад лесам, на Паўночным Захадзе вышынёй да 10—15 м. Берагі нізкія, параслі хмызняком, на Усходзе і Паўночным Усходзе высокія, стромкія. Востраў плошчай 2,4 га. Берагавая водмель пясчаная, дно выслана глеем і сапрапелем. Зарастае слаба. Упадае рака Чорная, выцякае рака Аршыца. Возера — вадаём-ахаладжальнік БелДРЭС.

т. 2, с. 16

АРЭ́ХАЎСКІ КАНА́Л,

меліярацыйны канал у Беларусі, у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Левы прыток Дняпроўска-Бугскага канала. Пабудаваны ў 1905—10, рэканструяваны ў 1973. Даўжыня 34 км. Пачынаецца з возера Арэхавец на тэрыторыі Валынскай вобласці, вусце на Паўночным Захадзе ад вёскі Выгода. Прытокі: каналы Лелікаўскі, Церабовіцкі, Дзівінскі (злева), Павіцценскі і Травінскі (справа).

т. 2, с. 16

АРЭ́ХАЎСКІ МОХ,

балота ў Беларусі, у Пухавіцкім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобласці. У вадазборы рэк Шаць і Асачанка (прытокі Пцічы). Пераважна нізіннага (49%) і вярховага (46%) тыпаў. Пл. 7,7 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 6 тыс. га. Магутнасць торфу да 10,5 м, сярэдняя 3,1 м. Першапачатковыя запасы 32,1 млн. т. На балоце ёсць невял. азёры, на У прымыкае Сяргееўскае воз. Торф ускраінных участкаў прыдатны на подсціл с.-г. жывёле. На пл. 1,5 тыс. га у торфе павышаная колькасць бітуму. Участкі, на якіх торф выпрацаваны, выкарыстоўваюцца як сенажаці. Трапляюцца сухадольныя лугі агульнай пл. 0,6 тыс. га, хваёвы лес.

т. 2, с. 16