АПАНА́СЕНКА Аляксандр Рыгоравіч
(н. 23.11.1911, Кіеў),
украінскі і бел. балетмайстар. Засл. арт. Украіны (1951), засл. дз. маст. Беларусі (1961). Вучыўся ў балетных студыях у Кіеве. У 1928—59 і з 1971 працаваў на Украіне (саліст балета, балетмайстар). У 1959—71 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь. На аснове перапрацоўкі нац. харэаграфічных традыцый стварыў сцэнічныя варыянты бел. танцаў «Лянок», «Бычкі», «Лявоніха», «Мяцеліца». Найб. значныя пастаноўкі: аднаактовы харэаграфічны спектакль «Беларуская партызанская», «Беларуская сюіта», «Беларуская рапсодыя», «Маладзёжная сюіта» і інш.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский сценический танец. Мн., 1969. С. 86—94.
т. 1, с. 417
АПАНА́СЕНКА Марыя Акімаўна
(н. 16.3.1926, г. Днепрапятроўск),
бел. танцоўшчыца. Засл. арт. Беларусі (1964). З 1945 працавала ў розных маст. калектывах Украіны, у 1959—68 салістка Дзярж. ансамбля танца БССР. Выконвала адказныя сола ў пастаноўках калектыву «Беларуская рапсодыя», «Беларуская сюіта», «Лявоніха», «Мяцеліца», «Чардаш» і інш.
т. 1, с. 417
АПАНЕ́НТ
[ад лац. opponens (opponentis) які пярэчыць],
1) праціўнік у спрэчцы, дыскусіі.
2) Асоба, якой даручана публічная ацэнка дысертацыі, даклада, напр. афіц. апанент.
т. 1, с. 417
АПАНЕЎРО́З
(ад апа... + неўроз),
злучальнатканкавая пласціна са шчыльных, б.ч. размешчаных паралельна калагенавых і эластычных валокнаў, з дапамогай якой фіксуюцца мышцы. Прымацоўвае шырокія мышцы да касцей або да інш. тканак цела і абмяжоўвае іх. Напр., далонны апанеўроз абмяжоўвае рухомасць згінальнікаў пальцаў, апанеўроз вонкавай косай мышцы жывата — рухомасць сценкі брушной поласці і інш.
т. 1, с. 418
АПА́НСКІ Іосіф Казіміравіч
(парт. псеўд. Краўчынскі, Міхайлаў; 18.7.1897, в. Сталярышкі Анікшчайскага р-на, Літва — 7.6.1927),
савецкі дзярж. дзеяч. У 1919 чл. ЦВК Літ.-Бел. ССР, Віленскага гаркома КП(б)ЛіБ, рэўтрыбунала, старшыня Мазырскага пав. рэўкома. З 1920 нам. нач. асобага аддзела 16-й арміі. З 1922 у ЧК Петраградскай ваен. акругі і Самары. У 1923 нач. Вышэйшай паграншколы ў Маскве, ст. пам. гал. інспектара войскаў Аб’яднанага дзярж. паліт. ўпраўлення (АДПУ). З 1924 нам. паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ па Бел. ваен. акрузе і адначасова з 1926 нач. Бел. аддзялення Гал. таможнага ўпраўлення СССР. Удзельнічаў у ліквідацыі эсэраўскага падполля на Беларусі, у стварэнні сістэмы паліт. нагляду, падрыхтоўцы абвінавачванняў у «нацдэмаўшчыне» прадстаўнікоў бел. інтэлігенцыі. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б і чл. ЦВК БССР у 1925—27. Загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.
т. 1, с. 418
АПАПЛЕКСІ́Я
(ад грэч. apoplēssō разбіваць ударам),
кровазліццё, што хутка развіваецца, у які-небудзь орган, напр. мозг (гл. Інсульт).
т. 1, с. 418
АПАРА́Т
(ад лац. apparatus абсталяванне),
1) прылада, тэхн. ўстройства, прыстасаванне.
2) Сукупнасць дзярж. устаноў, арг-цый, якія абслугоўваюць якую-н. галіну кіраўніцтва, гаспадаркі і інш. 3) Наменклатурныя супрацоўнікі вышэйшых органаў кіравання.
4) Заўвагі, паказальнікі і інш. дапаможны матэрыял да навук. працы, выдання.
5) Сукупнасць органаў чалавека, жывёл або раслін, якія выконваюць якую-н. функцыю ў арганізме, напр. стрававальны апарат, дыхальны апарат.
т. 1, с. 418
АПАРО́ВІЧ Андрэй Фёдаравіч
(н. 28.2.1922, в. Пліса Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне радыёэлектронікі. Д-р тэхн. н. (1965), праф. (1966). Скончыў Ленінградскую ваенна-паветраную інж. акадэмію (1952). Працаваў у Харкаўскім вышэйшым ваен. вучылішчы (1956—1973), з 1975 — у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па статыстычнай тэорыі эл.-магн. сумяшчальнасці радыёсродкаў і канструяванні прылад для кантролю выбіральных уласцівасцяў радыёпрыёмнікаў.
Тв.:
Статистическая теория электромагнитной совместимости радиоэлектронных средств. Мн., 1984;
Проектирование радиотехнических систем. Мн., 1988.
т. 1, с. 418
АПАРТАМЕ́НТЫ
(ад франц. appartement кватэра),
група жылых і дапаможных пакояў, вылучаных у адзін комплекс для пражывання пэўнай асобы; уключалі прыхожую, спальню, гардэроб, кабінет або будуар, парадную залу і інш. Пашыраны з 16 ст. ў палацах Італіі і Францыі. На Беларусі апартаменты былі ў магнацкіх рэзідэнцыях 17—18 ст. У 19 — пач. 20 ст. апартаменты ствараліся ў дамах секцыйнага і блакіраванага тыпаў. У наш час апартаментамі называюць і вял. багатае памяшканне.
т. 1, с. 418