Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКТЫ́ЎНАЯ ЛЕ́КСІКА,

частка слоўнікавага складу сучаснай мовы, якая свабодна ўжываецца ў штодзённых зносінах ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Проціпастаўляецца пасіўнай лексіцы. Актыўная лексіка ўключае агульнаўжывальныя словы і тэрміны, прафесіяналізмы, эмацыянальна-экспрэсіўную лексіку і інш. Па-за межамі яе знаходзяцца архаізмы і неалагізмы. У працэсе развіцця грамадства і мовы словы могуць пераходзіць з актыўнай лексікі ў пасіўную і наадварот. Ад актыўнай лексікі мовы неабходна адрозніваць актыўную лексіку асобнага носьбіта мовы, якая залежыць ад яго прафесіі, адукацыі і інш.

П.П.Шуба.

т. 1, с. 214

АКТЫ́ЎНАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,

сярэдняе за перыяд значэнне імгненнай магутнасці пераменнага току. Вызначаецца <P> = 1 T T 0 p dt , дзе T — перыяд, p — імгненная магутнасць. Характарызуе скорасць пераўтварэння электрамагн. энергіі ў інш. віды энергіі (цеплавую, светлавую, мех. і г.д.). Для эл. ланцуга аднафазнага (сінусаідальнага) току <P> = U I cosφ , для трохфазнага пры сіметрычнай нагрузцы <P> = 3 U I cosφ , дзе U, I — дзейныя значэнні напружання і току адпаведна, φ — вугал зруху фаз паміж U і I, cos φ — каэфіцыент магутнасці. З поўнай магутнасцю S актыўная магутнасць звязана суадносінамі <P> = S cosφ . Адзінка вымярэння актыўнай магутнасці — ват (вт).

т. 1, с. 214

АКТЫ́ЎНАЯ ТУРБІ́НА,

турбіна, у якой унутраная (патэнцыяльная) энергія рабочага цела (газу, пары, вадкасці) пераўтвараецца ў знешнюю (кінетычную) у нерухомых соплавых прыстасаваннях. Далейшае пераўтварэнне кінетычнай энергіі ў энергію вярчэння ротара адбываецца толькі ў выніку змены напрамку руху рабочага цела на лапатках турбіны. У актыўнай турбіне ціск патоку газу (пары, вадкасці) на ўваходзе і выхадзе з рабочага кола аднолькавы. Гл. таксама Рэактыўная турбіна.

т. 1, с. 214

АКТЫ́ЎНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА паветра, тэмпература паветра, якая перавышае біялагічны мінімум на працягу ўсяго перыяду вегетацыі якой-н. расліны або на працягу пэўнай фазы яе развіцця. Вызначае межы пашырэння кожнай расліннай культуры. Сумы актыўнай тэмпературы вышэй за 5, 10 і 15 °C звычайна выкарыстоўваюцца як агракліматычныя паказчыкі для вызначэння патрэб у цяпле большасці раслін і для ацэнкі тэрмічных рэсурсаў тэрыторыі. Перыяд з т-рамі вышэй за 10 °C забяспечвае актыўную вегетацыю большасці с.-г. культур умеранага пояса. На тэр. Беларусі сума т-р паветра вышэй за 10 °C паступова памяншаецца (у °C) з Пд і ПдЗ на ПнУ прыкладна ад 2600 да 2100, вышэй за 5 °C — ад 2900 на ПдЗ да 2400 на крайнім ПнУ, за 15 °C — прыкладна ад 1900 на ПдЗ да 1350 на ПнУ.

т. 1, с. 214

АКТЫ́ЎНЫ ВУ́ГАЛЬ,

актываваны вугаль, вугляродны адсарбент, з развітой сітаватай структурай. Добра адсарбіруе арган. рэчывы, дрэнна аміяк, ваду, спірт. Адсорбцыя ў мікрасітавінах (памер 3 нм, аб’ём да 0,6 см³/г) адбываецца па механізме аб’ёмнага запаўнення, у мезасітавінах (3—200 нм, аб’ём да 0,5 см³/г) — капілярнай кандэнсацыі; макрасітавіны (200 нм, аб’ём да 1,2 см³/г) выконваюць трансп. функцыю. Атрымліваюць з выкапнёвага ці драўнянага вугалю парафазавай ці хім. карбанізацыяй і актывацыяй, а таксама тэрмічным раскладаннем сінт. палімераў. Выкарыстоўваецца для рэкуперацыі арган. растваральнікаў, пры рафінаванні цукру, ачыстцы пітной вады, спіртных напіткаў, сцёкавых водаў, як адсарбент і носьбіт каталітычных дабавак, у медыцыне для ачысткі крыві і паглынання шкодных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце.

т. 1, с. 214

АКТЫ́ЎНЫ КАПІТА́Л,

капітал, свабодны ад абавязацельстваў і даўгоў.

т. 1, с. 214

АКТЫ́ЎНЫ КО́МПЛЕКС у хіміі, гл. Пераходны стан.

т. 1, с. 214

АКТЫ́ЎНЫ ЎЧА́СТАК у касманаўтыцы, адрэзак траекторыі палёту касм. лятальнага апарата, калі працуюць ракетныя рухавікі. Заканчваецца звычайна ў месцы, дзе касм. аб’ект аддзяляецца ад ракеты-носьбіта і выходзіць на зададзеную траекторыю руху. У залежнасці ад месца старту палёт касм. апарата можа складацца з чаргавання актыўнага ўчастка з пасіўнымі (без работы ракетных рухавікоў).

т. 1, с. 214

АКТЫ́ЎНЫ ЦЭНТР у біяхіміі, участак у малекулах ферментаў, які непасрэдна ўзаемадзейнічае з субстратам. У актыўны цэнтр уваходзяць функцыянальныя групы бакавых ланцугоў некаторых амінакіслот (гістыдзіну, цыстэіну, серыну і інш.), а таксама атамы металаў і каферменты. Утвараецца ў бялковай малекуле ў выніку збліжэння пэўных участкаў поліпептыднага ланцуга. Актыўным цэнтрам з’яўляюцца таксама ўчасткі малекул антыцелаў, якія звязваюцца з бактэрыямі, вірусамі і інш. антыгенамі.

т. 1, с. 214

А́КТЫ АРХЕАГРАФІ́ЧНАЙ ЭКСПЕДЫ́ЦЫІ,

«Акты, собранные в библиотеках и архивах Российской империи Археографическою экспедициею Императорской Академии наук», серыя дакументаў па гісторыі Расіі. Выдадзены Археаграфічнай камісіяй (т. 1—4. Спб., 1836). 1-ы т. ахоплівае 1294—1598, 2-і — 1598—1613, 3-і — 1613—45, 4-ы — 1645—1700. Змяшчаюць крыніцы па сац.-эканам. (дакументы пра збор дзярж. даходаў, вышук збеглых сялян і інш.), паліт., ваен. і царк. гісторыі (матэрыялы пра выбранне на царства Б.Гадунова, вайну з Рэччу Паспалітай 1654—67, царк. раскол і інш.). Да «Актаў...» складзены імянны, геагр. і прадметны паказальнікі (Спб., 1838).

т. 1, с. 210