Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКСІ́ДЫ,

вокіслы, злучэнні хімічных элементаў з кіслародам. Солеўтваральныя аксіды ўзаемадзейнічаюць з вадой; падзяляюцца на асноўныя (напр., Na2O, CaO, FeO), кіслотныя (напр., CO2, P2O5, SO3) і амфатэрныя (напр., ZnO, Al2O3). Да нясолеўтваральных аксідаў належаць CO, NO. Атрымліваюць акісленнем ці тэрмічным раскладаннем адпаведных гідраксідаў або соляў. Пашыраны ў прыродзе: аксід вадароду (вада) стварае гідрасферу, гал. саст. частка горных парод — аксід крэмнію, аксід алюмінію, жалеза і інш. Аксіды ўтвараюць руды — асн. форму метал. карысных выкапняў.

т. 1, с. 206

«АКСІДЭ́НТАЛ ПЕТРО́ЛЕУМ»

(Occidental Petroleum),

прамысловая манаполія ЗША. Засн. ў 1920. Дзейнічае ў нафтагазавай, харчасмакавай, хім., вугальнай і інш. галінах прам-сці. Здабывае нафту і газ у ЗША, Канадзе, брытанскім сектары Паўн. м., Перу, Балівіі і інш., праводзіць геолагаразведачныя работы на нафту і газ у 32 краінах (1985).

т. 1, с. 206

АКСІЁМА

(грэч. axiōma),

палажэнне, якое прымаецца без лагічных доказаў на падставе непасрэднай пераканаўчасці; сапраўднае зыходнае палажэнне, на якім грунтуюцца доказы інш. палажэнняў навук. тэорыі. Сістэма аксіёмы не з’яўляецца раз і назаўсёды закончанай і, як і самі аксіёмы, змяняецца з развіццём чалавечага пазнання. Тэрмін «аксіёма» ўпершыню сустракаецца ў Арыстоцеля, потым праз працы паслядоўнікаў і каментатараў Эўкліда трывала ўвайшоў у геаметрыю. У сярэднявеччы пранік ў інш. навукі, а праз іх — у штодзённы побыт, дзе аксіёмай наз. суджэнні, шмат разоў правераныя на практыцы. Доўгі час аксіёма разглядалася як вечная і непарушная ісціна, што не патрабуе доследу і не залежыць ад яго. Лічылася, што спроба абгрунтавання можа толькі падарваць яе відавочнасць. Пераасэнсаванне праблемы абгрунтавання аксіёмы змяніла і змест самога тэрміна, паводле якога аксіёма не зыходны пачатак пазнання, а хутчэй яго прамежкавы вынік. Яна абгрунтоўваецца не сама па сабе, а як неабходны састаўны элемент тэорыі, пацвярджэнне якой ёсць адначасова і пацвярджэнне яе аксіёмай. У сучаснай навуцы пытанне пра ісціннасць аксіёмы вырашаецца ў рамках іншых навук. тэорый або шляхам інтэрпрэтацыі дадзенай тэорыі.

У.К.Лукашэвіч.

т. 1, с. 206

АКСІКІСЛО́ТЫ,

карбонавыя кіслоты, у малекулах якіх ёсць карбаксільная (-COOH) і гідраксільная (-OH) групы. Паводле ўзаемнага размяшчэння гэтых груп адрозніваюць α-, β-, γ-, S-A. Адыгрываюць вял. ролю ў біяхім. працэсах раслінных і жывых арганізмаў, напр. лімонная кіслата, малочная кіслата, саліцылавая кіслата, яблычная кіслата.

т. 1, с. 206

АКСІ́МАРАН,

аксюмаран (грэч. oxymōron дасціпна-недарэчнае), спалучэнне процілеглых або кантрастных паняццяў, якія лагічна выключаюць адно аднаго, але ўжытыя разам ствараюць новы маст. вобраз («звонкая цішыня», «пакутлівае шчасце», «жывы труп»).

т. 1, с. 206

АКСІНІ́Т

(ад грэч. axinē сякера),

мінерал падкласа сілікатаў, бораалюмасілікат (Ca, Mn, Fe)3Al2Bo3(Si4O12)OH. Утварае крышталі, друзы, масы фіялетавага, зялёнага, жоўтага, карычневага і інш. колераў. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,2—3,3 г/см³. Трапляецца ў кантактна-метасаматычных пародах, гідратэрмальных жылах, спадарожнічае рудам металаў. Другасны каштоўны камень.

т. 1, с. 206

АКСІПРАЛІ́Н,

4-аксіпіралідзін-2-карбонавая кіслата, гэтэрацыклічная амінакіслата. Упершыню выдзелены ням. хімікам-арганікам Э.Фішэрам (1902). Мае 4 аптычна актыўныя формы: L-, D-, ала-L-, ала-D-А. Прыродны L-А. — спецыфічная састаўная ч. бялкоў жывёл (калагену і эластыну) і раслін. У жывых клетках L-A. утвараецца гідраксіліраваннем звязанага ў бялках праліну. Ала-L-A. выяўлены ў свабодным стане ў кветках сандалавага дрэва, уваходзіць у склад таксічных пептыдаў бледнай паганкі.

т. 1, с. 206

АКСІТАЦЫ́Н,

гармон пазваночных жывёл і чалавека, які ўтвараецца ў гіпаталамусе (паравентрыкулярным ядры), пераносіцца ў заднюю долю гіпофіза, потым выдзяляецца ў кроў. Пептыд складаецца з 9 амінакіслотных астаткаў. Стымулюе скарачэнні гладкіх мышцаў, асабліва мышцаў маткі і малочных залозаў. Выдзяляецца ў перыяд лактацыі пры раздражненні саскоў, пры расцяжэнні маткі ў познія тэрміны цяжарнасці. Выкарыстоўваецца ў акушэрстве.

т. 1, с. 206

АКСІЎРО́З,

інвазійная хвароба коней, аслоў, мулаў, зебраў, якая выклікае парушэнне дзейнасці стрававальнага тракту, пашкоджанне скуры каля кораня хваста (зачос хваста). Узбуджальнік — вастрыца конская, што паразітуе пераважна ў абадочнай кішцы тоўстага кішэчніка. Яйцы развіваюцца ў вонкавым асяроддзі. Заражэнне адбываецца праз кармы, ваду, пры аблізванні навакольных прадметаў, забруджаных яйцамі вастрыц. Хварэюць часцей маладыя і старыя коні ў стойлавы перыяд.

т. 1, с. 206

АКСІЯЛО́ГІЯ

(ад грэч. axia каштоўнасць + ...логія),

вучэнне аб каштоўнасцях; філас. тэорыя агульназначных прынцыпаў, якія вызначаюць матывацыю і накіраванасць дзеянняў чалавека. Як навук. дысцыпліна сфарміравалася ў 2-й пал. 19 ст., хоць пытанні прыроды каштоўнасцяў (сэнс жыцця, сутнасць дабра і зла, справядлівасці і несправядлівасці) ставіліся на працягу ўсёй гісторыі філасофіі, пачынаючы са старажытнасці. У ант. і сярэдневяковай філасофіі (Арыстоцель, Платон, Пратагор, Сакрат, Аўгусцін, П.Абеляр, Фама Аквінскі і інш.) каштоўнасныя характарыстыкі ўключаліся ў само паняцце рэальнасці і вызначаліся нерасчлянёнасцю анталогіі і аксіялогіі, быцця і каштоўнасці. Упершыню разгорнутае вучэнне аб каштоўнасці даў ням. філосаф Р.Г.Лотцэ, які ўвёў у навук. ўжытак паняцце «аб’ектыўнай значнасці лагічных і матэматычных ісцін» у адрозненне ад іх эмпірычнага існавання — быцця. Адзін з заснавальнікаў бадэнскай школы неакантыянства В.Віндэльбанд да агульназначных каштоўнасцяў адносіў ісціну, дабро і прыгажосць, а навуку, правапарадак і рэлігію разглядаў як даброты культуры, без якіх чалавецтва не можа існаваць. Паводле Г.Рыкерта, найб. агульнай характарыстыкай эмпірычных каштоўнасцяў з’яўляецца воля звышіндывід. суб’екта, якая імкнецца спасцігнуць ісціну. З паняцця волі пры абгрунтаванні аксіялогіі зыходзілі і прадстаўнікі ням. школы неакантыянства Г.Коген і Н.Мюнстэрберг. Паслядоўнікі гусерліянскай школы неакантыянства Ф.Брэнтана, М.Гартман, А.Мейнанг, М.Шэлер лічылі, што крыніцай станоўчых каштоўнасцяў з’яўляюцца эмацыянальныя акты перавагі (любоў, спачуванне), а адмоўныя каштоўнасці ўзнікаюць ад акта агіды (нянавісці). Як незямную сутнасць «па-за прасторай і часам» трактуюць каштоўнасць прадстаўнікі неапратэстанцызму, неатамізму, інтуітывізму і інш. Прыхільнікі натуралістычных тэорый каштоўнасці (геданізм, эвалюцыйная этыка, эўдэманізм, тэорыя інтарэсаў) разглядаюць каштоўнасць як функцыю прыстасавання да навакольнага асяроддзя, выражэнне натуральных патрэбнасцяў чалавека і яго імкнення да асалоды і шчасця. У сацыялогіі паняцце каштоўнасцяў увёў М.Вебер, які зыходзіў з непазбежнай сувязі любога пазнання з «каштоўнаснымі ідэямі», інтарэсамі кожнага даследчыка. Паводле «структурнага функцыяналізму» Т.Парсанса каштоўнасці — вышэйшыя прынцыпы, на аснове якіх забяспечваюцца нармальнае функцыянаванне «сістэмы грамадства» і «сістэмы асобы» — згода (кансенсус) у малых грамадз. групах і ў грамадстве ў цэлым. Аналіз прычын трагічных канфліктаў і бедстваў, пошук шляхоў пераадолення экалаг. і ядзернай катастроф, якія пагражаюць чалавецтву, натуральна прывіў у сярэдзіне 20 ст. да ідэі прыярытэтнасці агульначалавечых каштоўнасцяў, надання ім статуса зыходных арыенціраў міжнар. і ўнутрыпаліт. жыцця, маральных паводзін людзей. Такое разуменне ўзаемасувязі глабальных праблем і агульначалавечых каштоўнасцяў выказвалі А.Эйнштэйн, Д.Бел, Б.Расел, Т. дэ Шардэн, А.Швейцэр, М.А.Бярдзяеў, А.Д.Сахараў і інш.

На Беларусі філас. прынцып духоўнай самакаштоўнасці чалавека, маральныя ідэалы дабра і справядлівасці знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці і творчасці Клімента Смаляціча, Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. У самаахвярным служэнні Бацькаўшчыне, агульнаму дабру і шчасцю суайчыннікаў бачыў галоўнае прызначэнне асобы Ф.Скарына. Яго паслядоўнікі і пераемнікі М.Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, А.Волан, Мялецій Сматрыцкі, Л.Карповіч, Сімяон Полацкі і інш. мысліцелі-гуманісты вылучалі як каштоўныя якасці чалавечай асобы высокую духоўнасць, талерантнасць, нац. самасвядомасць, павагу да людзей інш. нацыянальнасцяў. Дыялектычную ўзаемасувязь асобасных, нацыянальна-своеасаблівых і агульначалавечых каштоўнасцяў і інтарэсаў адзначалі ў сваёй творчасці К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч, Я.Купала, А.Луцкевіч, Я.Лёсік, В.Ластоўскі, І.Канчэўскі, У.Самойла, Ф.Шантар і інш. дзеячы культуры, ідэолагі нац.-культ. Адраджэння. Прадстаўнікі сучаснай бел. гуманістыкі разглядаюць каштоўнасці як неад’емны кампанент чалавечага быцця і існавання, даследуюць іх у арганічнай узаемасувязі з праблемамі ўмацавання суверэнітэту краіны, усведамлення кожным чалавекам сваёй нац. годнасці, прыналежнасці да цывілізаванай сям’і еўрапейскіх народаў і агульначалавечай супольнасці.

Літ.:

Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: (Даследзіны бел. светапогляду). Вільня, 1921;

4 выд. Мн., 1993;

Глобальные проблемы и общечеловеческие ценности: Пер. с нем. и фр. М., 1990;

Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;

Праблемы развіцця сучаснай філасофіі. Мн., 1994;

Weber M. Gesammelte Aufzätze zur Wissenschaftslehre. Tübingen, 1951. С.Ф. Дубянецкі.

т. 1, с. 206