Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРФАЭ́ПІЯ

(ад грэч. orthos правільны + epos маўленне),

сукупнасць вымаўленчых нормаў, уласцівых літаратурнай мове, якія забяспечваюць аднастайнасць гукавога афармлення вуснай мовы.

2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае нормы вымаўлення. Непарыўна звязана з фанетычнай сістэмай мовы, бо ўключае і характарыстыку вымаўлення асобных гукаў (арфафанію, напр. дзеканне, цеканне, неаглушэнне «й» і г.д.) і іх вымаўленне ў залежнасці ад пазіцыі ў слове. Такія, напр., выразныя асаблівасці бел. фанетыкі, як недысімілятыўнае аканне («вада», «маладзік», «чалавек»), прыстаўныя галосныя («ільняны», «аўторак», «імгла») і зычныя («вока», «завочнік»), мяккія свісцячыя «з» і «с» перад наступнымі мяккімі («бязлесіца», «з зімы», «песня»), мяккія афрыкаты «дз» і «ц» («Дзвіна», «дзверы», «цвёрды»), губнагубны «в(ў)» («траўка», «жоўты»), падоўжаныя зычныя («збожжа», «галлё», «насенне») замацаваліся як арфаэпічныя нормы. Да арфаграфіі часта адносяць таксама правілы пастаноўкі націску і інтанацыйныя правілы.

Літ.:

Янкоўскі Ф.М. Беларускае літаратурнае вымаўленне. 4 выд. Мн., 1976;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

т. 1, с. 516

АРФВЕДСАНІ́Т

(ад прозвішча швед. хіміка Арфведсана),

мінерал, манаклінны шчолачны амфібол NaNa2Fe​24+Fe​3+Si8O22(OH)2. Натрый можа замяшчацца кальцыем. Утварае прызматычныя крышталі, прамянёва-шаставатыя агрэгаты, зерні. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Пародаўтваральны мінерал. Пашыраны ў масівах нефелінавых сіенітаў і іх пегматытах, некаторых шчолачных гранітах, метасаматытах і карбанатытах.

т. 1, с. 516

АРФЕ́Й,

у грэчаскай міфалогіі фракійскі спявак, сын музы Каліопы. Цудоўнымі спевамі і ігрой на кіфары ён зачароўваў багоў і людзей, утаймоўваў дзікія сілы прыроды. Паводле міфаў, Арфей удзельнічаў у паходзе арганаўтаў, лічыўся заснавальнікам арфічных культаў. Калі раптоўна памерла яго жонка Эўрыдыка, Арфей адправіўся за ёю ў царства мёртвых. Міф пра Арфея — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны П.Рубенса, Я.Тынтарэта), л-ры (Авідзій, Вергілій), музыцы (К.Глюк, Ф.Ліст, І.Стравінскі) і інш.

т. 1, с. 516

АРХАЗА́ЎРЫ

(Archosauria),

самы вялікі падклас выкапнёвых паўзуноў. 5 атр.: тэкадонты (зыходная група архазаўраў), кракадзілы, дыназаўры яшчара- і птушкатазавыя, птэразаўры (лятучыя яшчары). Знойдзены ў адкладах верхняй пярмі на ўсіх кантынентах. Насялялі сушу, прэсныя і марскія воды, паветра.

Даўж. да 35 м, маса да 50 т. Пярэднія канечнасці карацейшыя і слабейшыя за заднія. Чэрап з дзвюма скроневымі ўпадзінамі. У многіх скурны панцыр. Драпежнікі і раслінаедныя. У сучаснай фауне прадстаўлены толькі кракадзіламі. Ад архазаўраў паходзяць птушкі.

т. 1, с. 516

АРХА́ІЗМ

(ад грэч. archaios старадаўні, старажытны),

устарэлая назва сучаснай рэаліі, што абазначаецца новым словам: напр., «раць» — войска, «рамёны» — плечы. Архаічнымі могуць быць і формы слоў. Адрозніваюцца архаізмы: уласна-лексічныя («каморнік» — землямер), лексіка-семантычныя («жывот» — жыццё), лексіка-фанетычныя («кроніка» — хроніка), лексіка-акцэнталагічныя («рапо́рт» — ра́парт), лексікасловаўтваральныя («лгар» — лгун), лексіка-марфалагічныя («паэта» — паэт). Выкарыстоўваюцца ў мове як стылістычны сродак.

І.Л.Бурак.

т. 1, с. 516

АРХА́ІКА

(ад грэч. archaïkos старадаўні, старажытны),

ранні этап у гіст. развіцці якой-небудзь з’явы. У мастацтвазнаўстве тэрмін выкарыстоўваецца гал. чынам для вызначэння ранняга перыяду развіцця архітэктуры і выяўл. мастацтва Старажытнай Грэцыі (7—6 ст. да н.э.), калі выпрацоўваліся найважнейшыя арх.-маст. прыёмы, традыцыйныя для грэч. класікі.

Архітэктура развівалася на аснове стоечна-бэлечнай канструкцыйнай сістэмы, выяўл. мастацтва — вобразаў ант. міфалогіі. Найважнейшымі дасягненнямі мастацтва перыяду архаікі была выпрацоўка прапарцыянальных канонаў і дэкар. формаў арх. ордэра (у т. л. дарычнага і іанічнага), асн. тыпажу манум. скульптуры, чорна- і чырвонафігурнага стыляў вазапісу; з’явіліся і новыя тыпы манум. скульптуры — статуі юнакоў-атлетаў (курас) і дзяўчат (кора). У больш шырокім значэнні архаіка — мастацтва стараж. гіст. эпох, якое вызначаецца прымітывізмам формаў. У мастацтвазнаўстве тэрмін «архаіка» выкарыстоўваецца ў дачыненні да твораў, у якіх ёсць рэтраспектыўныя формы старажытнасці (пераважна антычнасці).

На Беларусі зварот да формаў архаікі найб. выявіўся ў познім класіцызме ў інтэр’еры палацаў (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль) і пры трактоўцы малых арх. формаў у палацава-паркавым мастацтве (сфінксы на варотах Новага замка ў Гродне, фантан Нараўлянскага сядзібна-паркавага ансамбля і мемарыяльнай архітэктуры (капліца-пахавальня сядзібы ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага р-на).

А.М.Кулагін.

т. 1, с. 516

АРХАЛА́КСІС

(ад грэч. archē пачатак + allaxis змена),

адзін са спосабаў эвалюцыі, пры якім змена першапачатковай закладкі органа адбываецца на ранняй стадыі эмбрыягенезу і мяняе ўвесь далейшы ход яго развіцця. Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1910) у сваёй тэорыі філэмбрыягенезу. Пры архалаксісе адбываецца адносна буйная скачкападобная змена будовы органаў і ўзнікаюць новыя органы, якіх не было ў продкаў. Па тыпе архалаксісу, напр., развіваецца закладка валасоў у зародкаў млекакормячых (інакш, чым плакоідная луска ў рыб або рагавая ў паўзуноў).

т. 1, с. 517

АРХА́НГЕЛЫ

(грэч. archangelos),

паводле хрысціянскіх вераванняў — старшыя анёлы. Артадаксальная хрысц. традыцыя называе 3 архангелаў: Міхаіла — нябеснага архістратыга (военачальніка), анёла-апекуна ўсіх хрысціян; Гаўрыіла — божага пасланніка, які прынёс добрую вестку Марыі (гл. Благавешчанне); Рафаіла — анёла-лекара.

т. 1, с. 517

АРХА́НГЕЛЬСК,

горад у Расіі, цэнтр Архангельскай вобл., у вусці р. Паўн. Дзвіна. 415,7 тыс. ж. (1994). Марскі і рачны порт. Чыг. вузел. Аэрапорт. Буйны цэнтр лесаапр., лесахім. (цэлюлозна-папяровая, гідролізная) прам-сці. Машынабудаванне (абсталяванне для лясной і дрэваапр. прам-сці, суднабудаванне і суднарамонт), харч. (мяса-малочная, перапрацоўка марскіх водарасцяў) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Мастацкія промыслы (разьба па дрэве і косці). Пачатковы пункт многіх палярных экспедыцый, адна з асн. баз Паўн. марскога шляху.

Засн. ў 1584 паводле загаду Івана IV. Наз. Новахалмагоры, з 1613 Архангельскі (ад назвы Міхайла-Архангельскага манастыра), пасля — Архангельск. Першы марскі порт Расіі. У 1693 Пётр І заклаў на в-ве Саламбал верф і засн. адміралцейства. У 1701—05 у Карабельным вусці пабудавана Навадзвінская крэпасць. З 1708 цэнтр Архангелагародскай губ. У 1771 засн. мараходнае вучылішча. З канца 19 ст. буйны лесапрамысл. і лесаэкспартны пункт Расіі. З 1898 звязаны чыгункай з Масквой. З 1929 цэнтр Паўн. краю, з 1936 — Паўночнай, з 1937 — Архангельскай вобл. У царскія і сав. часы месца паліт. ссылкі.

т. 1, с. 517

АРХА́НГЕЛЬСКАЕ,

сядзібны ансамбль 18—19 ст. за 20 км ад Масквы, з 1918 музей-сядзіба. З 1703 належала князям Галіцыным, у 1810—1917 — князям Юсупавым. Пабудавана ў стылі класіцызму. На тэр. Архангельскага палац (1780-я г., арх. дэ Герн, перабудаваны ў 1811—28), у якім захаваліся аддзелка, мэбля, кераміка і інш. вырабы прыгонных майстроў, а таксама карціны (А.Ван Дэйка, Дж.Б.Цьепала, Ф.Бушэ, П.Ратары) і скульптура (Э.М.Фальканэ, І.П.Віталі), парк (18 ст.) з тэрасамі, шматлікімі бюстамі, статуямі і паркавымі збудаваннямі (у т. л. тэатр., 1817—18, з дэкарацыямі П.Ганзага).

т. 1, с. 517