Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАПТА́,

руская нар. гульня з мячом. У інш. краінах да Л. падобныя гульні: бейсбол, крыкет, ойна (Румынія), песа пало (Фінляндыя). На Беларусі Л. нагадвае гульня апука.

Гуляюць у Л. 2 каманды па 7—9 чал. на роўнай пляцоўцы даўж. 50—60 і шыр. 20—30 м. Інвентар: мяч дыяметрам 6—7 см, масай 50—70 r і біта — «лапта» (палка даўж. 80—120 см). Адна каманда «б’е», другая «водзіць» Мэта гульні — ударам біты паслаць мяч як мага далей і прабегчы па чарзе да процілеглага боку і назад, за што каманда атрымлівае ачко. Калі гульца з каманды, якая «б’е» «асаляць» (зачэпяць) злоўленым мячом, каманды мяняюцца месцамі. Выйграе каманда, якая за 60 мін пабярэ больш ачкоў.

т. 9, с. 134

ЛАПУ́Н,

у беларусаў печыва з квашанага цеста ў выглядзе тоўстага бліна. Камяк цеста расплясквалі на патэльні, пасыпалі соллю, кменам, макам. Пяклі на гарачым вуголлі пры адкрытым агні. Спажывалі за снеданнем, бралі ў поле. Часам намазвалі слоем тварагу, смятанай, цёртым макам. Такія Л. пасылалі сваякам у якасці гасцінца, бралі з сабой у адведкі да парадзіхі. Вядомы пераважна на Віцебшчыне. Падобны да скавародніка, праснака.

Г.Ф.Вештарт.

т. 9, с. 135

ЛАПУНО́Ў Анатоль Максімавіч

(н. 15.9.1940, г. Гомель),

бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1998). Скончыў Бел. кансерваторыю па спецыяльнасцях ігра на нар. інструментах (1964) і оперна-сімф. дырыжыраванне (1973, клас Я.Вашчака). З 1974 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, у Вял. т-ры ў Маскве, у Дзярж. сімф. аркестры Беларусі. У 1975—87 (з перапынкам) гал. дырыжор, з 1991 дырыжор Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. З 1993 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Сімфанічнага аркестра Беларускага тэлебачання і радыё. Пад яго муз. кіраўніцтвам у Дзярж. т-ры муз. камедыі пастаўлены аперэты бел. кампазітараў «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі (1975), «Судны час» Р.Суруса (1984), «Джулія» У.Кандрусевіча (1991), класічныя «Вясёлая ўдава» Ф.Легара (1978), «Д’ябальскі наезнік» (1983), «Сільва» (1986) і «Марыца» (1992) І.Кальмана і інш., творы сучасных айч. і замежных аўтараў; з Сімф. аркестрам Дзяржтэлерадыёкампаніі Беларусі ажыццявіў шэраг фондавых запісаў (оперы «Агатка, ці Прыезд пана» Я.Д.Голанда, «Фауст» А.Радзівіла, музыка да драмы «Фінгал» і скрыпічны канцэрт В.Казлоўскага, прэм’еры буйных твораў сучасных бел. кампазітараў).

Н.А.Юўчанка.

т. 9, с. 135

ЛАПУХО́Ў Фёдар Васілевіч

(20.10.1886, С.-Пецярбург — 28.1.1973),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1956). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1905, педагог М.Легат). У 1905—22 саліст Марыінскага т-ра (у 1910—11 гастраліраваў у ЗША). У 1922—56 (з перапынкамі) маст. кіраўнік трупы Т-ра імя Кірава, з 1931 арганізатар і кіраўнік балетнай трупы Ленінградскага Малога т-ра оперы і балета, у 1936—41 маст. кіраўнік Ленінградскага харэаграфічнага вучылішча. Арганізатар і кіраўнік балетмайстарскага аддзялення Ленінградскай кансерваторыі (1962, з 1965 праф.). Адным з першЫх сярод сав. балетмайстраў пачаў аднаўляць балеты класічнай спадчыны. Стварыў бессюжэтны праграмны «балет-сімфонію» (танцсімфонія «Веліч сусвету» на муз. Л.Бетховена, 1923), сінт. спектаклі (уводзіў спевы, слова, эксцэнтрыку, буфанаду, элементы цырка, т-ра лялек і інш.). Сярод пастановак у Т-ры імя Кірава: «Веліч сусвету»; «Пульчынела» І.Стравінскага (1926), «Ледзяная дзева» на муз. Э.Грыга (1927), «Вясновая казка» на муз. П.Чайкоўскага — Б.Асаф’ева (1947). На бел. сцэне паставіў балеты «Капелія» Л.Дэліба (1935), «Салавей» М.Крошнера (разам з А.Ермалаевым), танцы ў оперы «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1939). Аўтар кніг «Шляхі балетмайстра» (1925), «Шэсцьдзесят гадоў у балеце» (1966).

Літ.:

Добровольская Г. Ф.Лопухов. Л., 1976.

Ф.В.Лапухоў.

т. 9, с. 135

ЛАПУ́ШЫН Радзіслаў Яфімавіч

(н. 10.12.1961, Мінск),

бел. паэт. Канд. філал. н. (1993). Скончыў БДУ (1985). У 1985—87 працаваў у газ. «Автозаводец», у 1990—98 у БДУ. Друкуецца з 1978. Піша на рус. мове. Паэт гар. тэматыкі. Паэт. зб-кам «Тры погляды» (1990), «Між лістотай і снегам» (1993) уласцівы напружаная філасафічнасць, тонкі псіхалагізм, пошук гармоніі, прага духоўнасці. Пераклаў на рус. мову асобныя вершы М.Багдановіча і інш.

Тв.:

Взрослее облаков. Мн., 1996.

т. 9, с. 135

ЛА́ПЦЕВА ДЗМІ́ТРЫЯ ПРАЛІ́Ў У Паўночным Ледавітым ак. паміж в-вам Вялікі Ляхаўскі і паўн. узбярэжжам мацерыка Азія (Расія). Злучае моры Лапцевых і Усх.-Сібірскае. Даўж. 115 км, шыр. 50—61 км, глыб. 11—16 м. Большую ч. года пад лёдам. Названы ў гонар удзельніка Вял. Паўн. экспедыцыі 18 ст. Дз.Я.Лапцева, які адкрыў праліў у 1740.

т. 9, с. 135

ЛА́ПЦЕВЫХ МО́РА, Сібірскае,

Нордэншэльда, ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., каля паўн. ўзбярэжжа Усх. Сібіры, паміж п-вам Таймыр, а-вамі Паўн. Зямля і Новасібірскімі. На З пралівамі Вількіцкага, Шакальскага і Чырв. Арміі злучаецца з Карскім м., на У пралівамі Дзмітрыя Лапцева, Этэрыкан і Саннікава — з Усх.-Сіб. морам. Пл. 662 тыс. км2. Размешчана ў межах мацерыковай водмелі, якая на Пн стромка абрываецца да ложа акіяна. Пераважаюць глыбіні да 50 м, найб. глыб. 3385 м. Берагі моцна парэзаныя, утвараюць залівы: Хатангскі, Алянёцкі, Буор-Хая, Янскі. Найб. астравы: Вял. Бегічаў, Камсамольскай Праўды, Малы Таймыр і інш. Упадаюць рэкі: Лена, Хатанга, Анабар, Алянёк, Амалой і Яна. Клімат арктычны. Адно з самых халодных мораў Расіі. З кастр. да ліп. ўкрыта лёдам; на Пд шырокі прыпай, на Пн плывучыя льды. Сярэдняя т-ра вады на паверхні летам у цэнтр. ч. мора 2—3 °C, у залівах — да 8—10 °C. Салёнасць ад 20‰ на Пд да 34‰ на Пн. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (асятровыя, омуль, муксун, нельма). Водзяцца нерпа, марскі заяц, морж, белы мядзведзь. На берагах — птушыныя базары. Л.м. — частка Паўночнага марскога шляху. Гал. порт — Тыксі. Названа ў гонар рус. палярных даследчыкаў 18 ст. Дз.Я.Лапцева і Х.П.Лапцееа.

т. 9, с. 135

ЛА́ПЦЕЎ Дзмітрый Якаўлевіч

(1701—1767),

расійскі даследчык Арктыкі. Віцэ-адмірал (1762). На флоце з 1718. З 1736 кіраваў адным з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі. У 1739—42 даследаваў узбярэжжа паміж вусцем р. Лена і мысам Вял. Баранаў, у 1741—42 правёў здымку рэк Вял. Анюй і Анадыр. Па заканчэнні экспедыцыі да 1762 служыў на Балт. флоце. Імем Л. названы мыс у дэльце р. Лена, праліў (гл. Лапцева Дзмітрыя праліў); у гонар Дз.Я. і Х.П.Лапцевых названа Лапцевых мора.

т. 9, с. 135

ЛА́ПЦЕЎ Канстанцін Антонавіч

(Мікалаевіч; 3.11.1904, Кіеў — 19 9.1990),

украінскі і расійскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1957). Скончыў Кіеўскі муз.-драм. ін-т імя М.Лысенкі (1929). У 1930—52 саліст Адэскага і Кіеўскага, у 1952—68 — Ленінградскага т-раў оперы і балета. У 1973—83 выкладаў у Ленінградскай кансерваторыі. Валодаў мяккім голасам прыемнага тэмбру, драм. талентам. Сярод партый: Астап, Мікола («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка» Лысенкі), Яўген Анегін, Мазепа, Ялецкі, Раберт («Яўген Анегін», «Мазепа», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Рэната, Рыгалета, Аманасра («Баль-маскарад», «Рыгалета», «Аіда» Дж.Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Выконваў рамансы, рус., укр. нар., неапалітанскія песні. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1935).

т. 9, с. 135

ЛА́ПЦЕЎ Харытон Пракопавіч

(1700—63/64),

расійскі даследчык Арктыкі. Капітан 1-га рангу. Стрыечны брат Дз.Я.Лапцева. На флоце з 1718. У 1739—42 кіраваў адным з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі, правёў пры ўдзеле С.І.Чэлюскіна, Н.Чэкіна і Г.Мядзведзева апісанне п-ва Таймыр паміж вусцямі рэк Хатанга і Пясіна, адкрыў і апісаў некаторыя бліжэйшыя астравы. Па заканчэнні экспедыцыі служыў на Балт. флоце. Імем Л. названы: марскі бераг на п-ве Таймыр, мыс на п-ве Чэлюскін і інш.; у гонар Х.П. і Дз.Я.Лапцевых названа Лапцевых мора.

т. 9, с. 135