БЕЛАРУ́СКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К у Вільні, культурна-асветнае згуртаванне бел. інтэлігенцыі ў 1911—16. Разгарнуў шырокую культ.-асв. дзейнасць, праводзіў у жыццё ідэі газ. «Наша ніва», садзейнічаў грамадска-паліт. адраджэнскаму руху, станаўленню бел. прафес. драм. і муз. мастацтва. Наладжваў вечары нац. культуры ў форме бел. вечарынак — сінтэтычных канцэртаў, якія ўключалі паказ невял. п’ес, выступленні хору, салістаў, чытальнікаў і танцораў. Удзельнікамі гуртка ўпершыню паст. «Паўлінка» Я.Купалы (1913) і «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1915), а таксама «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Як яны жаніліся» А.Валодзьскага, «Хам» і «У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага і інш. Спектаклі ставілі Ф.Аляхновіч і А.Бурбіс. Сярод удзельнікаў Ян Булгак, З.Бядуля, А.Ляжневіч, С.Маркевіч, П.Мядзёлка, Цётка, Л. і Ч.Родзевічы, М.Шыла і інш. Хорам кіравалі Л.Рагоўскі, І.Шыдла, М.Ячыноўская.
А.В.Сабалеўскі.
т. 2, с. 448
БЕЛАРУ́СКІ МЯСНЫ́ ТЫП свіней. Створаны ў Бел. НДІ жывёлагадоўлі на шматпароднай аснове, з удзелам буйной белай, эстонскай беконнай парод, ландраса і шведскага йоркшыра. Зацверджаны ў 1990. Гадуюць беларускі мясны тып на свінагадоўчых фермах і племзаводах рэспублікі, выкарыстоўваюць для прамысл. скрыжавання.
Свінні буйной канстытуцыі з моцным, шырокім, глыбокім і падоўжаным тулавам. Масць белая. Жывая маса дарослых кныроў 310 кг, свінаматак 270 кг, даўж. тулава адпаведна 180 і 165 см. Пладавітасць 10—11 парасят за апарос. Маладняк мае высокую энергію росту.
т. 2, с. 448
БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т ДАКУМЕНТАЗНА́ЎСТВА І АРХІ́ЎНАЙ СПРА́ВЫ (БелНДІ ДАС) Камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь, навукова-даследчая ўстанова. Створаны 11.12.1991 у Мінску на базе Ін-та гіст.-паліт. даследаванняў (да 1996 наз. Бел. н.-д. цэнтр дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы). Распрацоўвае пытанні дакументазнаўства, архівазнаўства, археаграфіі, крыніцазнаўства, вядзення дакументацыі ў органах кіравання, выяўляе шляхі скарачэння і аптымізацыі патокаў дзелавых папер, публікуе дакументы Нац. архіўнага фонду, даследуе на іх аснове гісторыю Беларусі. Аддзелы: дакументазнаўства, архівазнаўства, археаграфіі, аўтаматыз. архіўных тэхналогій, рэдакцыйна-выдавецкі.
Ін-т правёў міжнар. навук. канферэнцыі: «Архівазнаўства, крыніцазнаўства, гістарыяграфія Беларусі: стан і перспектывы» (1993, Мінск), «Армія Краёва на тэрыторыі Заходняй Беларусі (чэрв. 1941 — ліп. 1944 гг.)» (1994, Гродна), «М.М.Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі (да 90-х угодкаў вучонага)» (1996, Мінск). Выдаў кнігі «І верш і эпас тэлеграфным радком...» А.М.Міхальчанкі, «Рассакрэчаныя архівы» (абедзве 1993), «Расстраляныя, замучаныя, павешаныя: Аб фашысцкім генацыдзе ў Брэсце» У.П.Самовіча, «Агнём і мячом: Хроніка польскага нацыяналістычнага падполля ў Беларусі (1939—1953 гг.)» В.І.Ермаловіча і С.У.Жумара (абедзве 1994), «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941 — 1944)», «Бібліяграфія акупацыйных перыядычных выданняў, якія выходзілі на тэрыторыі Беларусі ў 1941—1944 гг.» Жумара, «У фонд Перамогі: патрыятычны рух працоўных Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 — 1945 гг.)» А.Ф.Макарэвіча, «Рабочы рух у Беларусі (чэрв. 1907 — люты 1917 гг.)» Э.М.Савіцкага, «Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі» І..М.Ігнаценкі, «Дакументы Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь у Нацыянальнай бібліятэцы і музеях сістэмы Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь: Даведнік» (усе 1995), «Архіўная справа на Беларусі ў дакументах і матэрыялах (1921—1995)», «Альбом формаў арганізацыйна-распарадчых дакументаў» (абедзве 1996).
А.Я.Рыбакоў.
т. 2, с. 449
БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНА-КАНСТРУ́КТАРСКІ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т (БелНДІэнергапрам) Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1973 у Мінску на базе Мінскага аддзялення Прамэнергапраекта (з 1952). Да 1992 Бел. аддзяленне Усесаюзнага дзярж. н.-д. і праектна-канструктарскага ін-та энергет. прам-сці.
Асн. кірункі работы: выкананне комплексных праектна-вышукальных работ па буд-ве новых, расшырэнні, рэканструкцыі і тэхн. пераўзбраенні дзеючых цеплаэнергакрыніц і цеплавых сетак, праектаванне схем цеплазабеспячэння гарадоў і прамысл. вузлоў, выкананне н.-д. распрацовак у цепла- і электраэнергетыцы, энергазабеспячэнні і экалогіі энергетыкі.
т. 2, с. 449
БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ЛІТАРАТУ́РНЫ ГУРТО́К студэнтаў С.-Пецярбургскага універсітэта, культурна-асветная арг-цыя ў 1912—14. Узнік на хвалі нац.-вызв. руху народаў Рас. імперыі па ініцыятыве Я.І.Хлябцэвіча; кіраўнік гуртка А.А.Разенфельд, стараста Б.А.Тарашкевіч. У арганізац. групу ўваходзіла 16 чал. Гурток падтрымлівалі І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Я.Ф.Карскі, Е.Р.Раманаў, А.А.Шахматаў і інш. Статут гуртка 30.12.1912 зацверджаны саветам прафесараў ун-та. Мэта гуртка: «навуковае азнаямленне з духоўным і грамадскім жыццём Беларусі», навук. абгрунтаванне неабходнасці развіцця бел. мовы, л-ры і культуры. Гурткоўцы выпусцілі час. «Раніца» (1914), разам з суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы альманаха «Маладая Беларусь» (1912—13).
т. 2, с. 449
БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВЫ КАБІНЕ́Т у Празе. Існаваў з ліст. 1927 да 1930 у г. Прага (Чэхаславакія). Размяшчаўся ў будынку Украінскага ін-та грамадазнаўства. Кіраўнік-сакратар Т.Грыб. Меў на мэце: збіранне і сістэматызацыю матэрыялаў па гісторыі, л-ры, мастацтве, геаграфіі, эканоміцы Беларусі, бел. вызв.-адраджэнскім руху; вывучэнне Беларусі як геагр., культ., гіст., сац.-эканам. і лінгвістычнай адзінкі ў сістэме ўзаемаадносін народаў Усх. Еўропы; даследаванне тэндэнцый і перспектыў развіцця бел. народа і яго самаст. існавання ў дзярж. і нац.-культ. сэнсе; азнаямленне навук. колаў інш. народаў з бел. праблематыкай. Пры кабінеце існаваў музей-архіў. У сак. 1928 выдаў адозву да ўсіх бел. устаноў на эміграцыі з запрашэннем да супрацоўніцтва. Пасля спынення дзейнасці навук. і архіўныя матэрыялы кабінета перададзены ў фонд бел. аддзела Славянскай б-кі і Бел. загранічнага архіва ў Празе.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 449
«БЕЛАРУ́СКІ НАРО́Д»,
грамадска-паліт., эканам. і літ. газета. Выдавалася 20.1—5.2.1919 у Гродне на бел. і рус. мовах. Інфармавала пра работу бел. арг-цый і дзярж. структур. Апублікавала першыя заявы Нар. сакратарыята БНР, пратэст бел. арг-цый супраць намеру польск. ўрада правесці выбары ў сейм на Гродзеншчыне, якая на той час не ўваходзіла ў склад польск. дзяржавы, інфармацыю пра адкрыццё ў шэрагу гарадоў Беларусі аддзелаў Бел. культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына» і інш. Выйшлі 2 нумары.
А.С.Ліс.
т. 2, с. 449
БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ КАМІТЭ́Т
(БНК),
каардынацыйны орган бел. паліт., грамадскіх і прафес. арг-цый. Дзейнічаў у 1915—18 на тэр. Беларусі, акупіраванай Германіяй. Створаны ў Вільні. У БНК уваходзілі прадстаўнікі Бел. с.-д. работніцкай групы (БСДРГ), Віленскага к-та Бел. сацыяліст. грамады (БСГ), Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны і інш. Узначальваў БНК А.І.Луцкевіч. Напачатку БНК прытрымліваўся канцэпцыі Канфедэрацыі ВКЛ. Пазней выказваўся за ўтварэнне Бел.-Літ. дзяржавы з унутр. размежаваннем аўтаномных бел. і літ. зямель. У чэрв. 1916 выпрацаваў ідэю Злучаных Штатаў ад Балт. да Чорнага мораў. Гэту канцэпцыю БНК прадставіў Лазанскай канферэнцыі народаў Расіі (1916). БНК удзельнічаў у правядзенні Бел. канферэнцыі 1918 у Вільні. На ёй была выбрана Віленская беларуская рада, якой БНК здаў свае паўнамоцтвы.
А.М.Сідарэвіч.
т. 2, с. 449
БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ САЮ́З
(БНС),
грамадска-паліт. арг-цыя кансерватыўна-клерыкальнага кірунку. Дзейнічала ў Віцебску ў 1917—18. Аб’ядноўвала мясц. чыноўнікаў, выкладчыкаў навуч. устаноў, прадстаўнікоў правасл. духавенства. Кіраўнікі БНС (Ф.І.Грыгаровіч, Б.А.Бялыніцкі-Біруля, Г.І.Палонскі, У.К.Стукаліч) падтрымалі Часовы ўрад, але выступалі супраць дэмакратызацыі грамадскага жыцця, лічылі абавязковым удзел Расіі ў вайне да перамогі. Для прадухілення сац. канфліктаў на вёсцы прапанавалі праект рэформы, аснову якой складала хутарское землекарыстанне. БНС прытрымліваўся дактрыны заходнерусізму, адмаўляў бел. народу ў праве на дзярж. самавызначэнне, абмяжоўваўся патрабаваннем да Часовага ўрада вылучыць Беларусь у асобную адм.-гасп. адзінку ў складзе Расіі. Абапіраўся на ідэалогію праваслаўнага клерыкалізму, праваслаўныя прыходы разглядаў як «асноўныя ячэйкі грамадскасці». Не прыняў Кастр. рэвалюцыі 1917, вёў антыбальшавіцкую і антысеміцкую агітацыю. Па некаторых звестках кіраўнікі БНС Грыгаровіч, Бялыніцкі-Біруля, Палонскі і інш. расстраляны ў 1918 паводле прыгавору Віцебскай губ. ЧК.
С.С.Рудовіч.
т. 2, с. 450