Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЛАРУ́СКІЯ КАМІТЭ́ТЫ ДАПАМО́ГІ АХВЯ́РАМ РАДЫЯ́ЦЫІ за мяжой, дабрачынныя арганізацыі, якія дапамагаюць жыхарам Беларусі ў пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Утвораны прадстаўнікамі бел. дыяспары ў некаторых краінах свету. Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі ў Лондане. Засн. ў 1989 як частка Бел. місіянерскага фонду ў Англіі. У складзе камітэта А.Надсон (старшыня), П.Асіповіч, Д.Дзінглі, В.Рыч. Мае прадстаўніцтвы ў ЗША (узначальвае Я.Сіру), Канадзе (Р.Жук-Грышкевіч), Аўстраліі (М.Лужынскі), Францыі (М.Навумовіч). Аказвае дапамогу жыхарам радыяц. зонаў лекамі, мед. абсталяваннем, прыладамі дазіметрыі. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля. Засн. ў 1989 у г. Атава. Узначальвае І.Сурвіла. Мае аддзел у г. Ванкувер (з 1994). Аказвае дапамогу медыкаментамі, прымае на лячэнне і адпачынак дзяцей з Беларусі. У г. Лондан (прав. Антарыо) па ініцыятыве Б.Рагулі разам з ф-там стаматалогіі Лонданскага ун-та распрацаваны праект па аказанні дапамогі ў стаматалагічным лячэнні дзяцей на Беларусі. Фонд вядзе прапагандысцкую работу, пашырае веды пра Беларусь. Камітэт дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Аўстраліі. Дзейнічае з 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цыі. Збірае грошы, арганізоўвае дастаўку медыкаментаў на Беларусь і лячэнне дзяцей у Аўстраліі.

А.С.Ляднёва.

т. 2, с. 464

БЕЛАРУ́СКІЯ КАТАЛІ́ЦКІЯ МІ́СІІ за мяжой. Створаны пасля 2-й сусв. вайны па ініцыятыве бел. вернікаў з дазволу дзярж. улад тых краін, дзе яны жылі, і Ватыкана. Дзейнічалі ў Германіі (з канца 1940-х да пач. 1950-х г.; кіраўнік айцец Міхась Маскалік), Бельгіі (кіраўнік айцец Францішак Чарняўскі), Францыі (з 1946; кіраўнік айцец Леў Гарошка ў 1947—69, адначасова ў 1960—69 кіраўнік Беларускіх каталіцкіх місій Вялікабрытаніі) і Вялікабрытаніі (з 1947; кіраўнік Ч.Сіповіч да 1960 і ў 1970—81). З 1982 Беларускія каталіцкія місіі Вялікабрытаніі і Францыі ўзначальвае айцец А.Надсон. Для беларусаў-католікаў зах. і ўсх. абрадаў на эміграцыі папа рымскі ўвёў пасаду асобнага Апостальскага візітатара (біскупы Б.Слосканс з 1952, Сіповіч у 1960—81, У.Тарасевіч у 1983—86, архімандрыт Надсон з 1986). З канца 1960-х г. (акрамя 1983—86) рэзідэнцыя Апостальскага візітатара знаходзіцца ў памяшканні Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане. Місія ў Вялікабрытаніі супрацоўнічала з Бел. акадэмічным каталіцкім аб’яднаннем «Рунь» (да 1960-х г.), супрацоўнічае са Згуртаваннем беларусаў у Вялікабрытаніі, Англа-бел. навук. т-вам. На сродкі Ватыкана і ахвяраванні вернікаў у Лондане Беларускімі каталіцкімі місіямі куплены і абсталяваны Дом марыянаў (у гонар св. Дзевы Марыі), пры якім створана царква св. Пятра і Паўла, у 1971 адкрыта бел. бібліятэка імя Ф.Скарыны. Па ініцыятыве Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане дзейнічала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага (1961 — пач. 1970-х г.), у якой выкладалі уніяцкія святары Гарошка, Я.Германовіч, Надсон, Р.Тамушанскі, яны ж удзельнічалі ў выданні бел. рэліг.-грамадскага час. «Божым шляхам». Надсон выдае час. «Весьнік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1986).

Л.У.Языковіч.

т. 2, с. 464

БЕЛАРУ́СКІЯ КУЛЬТУ́РНЫЯ ЗГУРТАВА́ННІ,

грамадскія аб’яднанні беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі. Створаны ў канцы 1980-х г. у Казахстане, Карэліі, Прыбалтыцы, Расіі, на Украіне. Вядуць культ.-асв. дзейнасць, накіраваную на захаванне нац. свядомасці і гіст. спадчыны, духоўных скарбаў бел. народа: арганізуюць вывучэнне бел. мовы і гісторыі, вядуць краязнаўча-даследчую работу ў цэнтрах, паяднаных гіст. сувязямі з Беларуссю, і інш. У Літве працуюць 11 (1996) нац. згуртаванняў бел. культуры (Вільнюс, Каўнас, Клайпеда). Бел. клуб «Сябрына» (Вільнюс) і Т-ва бел. культуры даследуюць малавядомыя факты бел. гісторыі і культуры, звязаныя з імёнамі Ф.Скарыны, К.Каліноўскага, І.Луцкевіча, Цёткі, Я.Купалы. Т-ва выпускае бел. старонку «Пагоня» ў газ. «Lietuvos rytas» («Раніца Літвы»), на літоўскім радыё і тэлебачанні рыхтуе перадачы для беларусаў. У Вільнюскім пед. ун-це адкрыта аддзяленне бел. філалогіі. У Латвіі створана 7 суполак. Т-ва бел. культуры ў Рызе выпускае бел. газету «Прамень», разам з фондам культуры Латвіі вядзе прапаганду бел. культуры і гісторыі сярод беларусаў і латышоў, падтрымлівае сувязі з землякамі, што жывуць у Латгаліі. Т-вы ў Таліне і Йыхві (усіх у Эстоніі 5) арганізавалі вывучэнне бел. мовы, традыцый, песень, збіраюць б-кі нац. л-ры. Працуюць т-вы бел. культуры ў С.-Пецярбургу (у тым ліку суполка мастакоў-беларусаў) і Маскве (у тым ліку суполкі студэнтаў і вайскоўцаў-беларусаў, філія «Бацькаўшчына», Маскоўскае т-ва бел. культуры імя Ф.Скарыны, суполка БНФ, т-ва «Расія — Беларусь»). Згуртаванні беларусаў дзейнічаюць у Арэнбургу, Калінінградзе, Мурманску, Новасібірску, Ніжнім Ноўгарадзе, Петразаводску, Цверы, у Саснагорску (Рэспубліка Комі), у Якуцку [Рэспубліка Саха (Якуція)]. На Украіне створана 10 нац. згуртаванняў бел. культуры (Кіеў, Львоў, Чарнаўцы, Палтава, Ялта і інш.). Т-ва бел. культуры ў Сімферопалі апякуе магілу М.Багдановіча, займаецца пошукамі этнагр. экспанатаў для бел. экспазіцыі ў Сімферопальскім абл. краязнаўчым музеі. Згуртаванні беларусаў дзейнічаюць таксама ў Малдове (2) і па аднаму ў Казахстане, Узбекістане, Кыргызстане, Татарстане.

А.Я.Емяльянава.

т. 2, с. 464

БЕЛАРУ́СКІЯ ЛА́ГЕРЫ ДЛЯ ПЕРАМЕ́ШЧАНЫХ АСО́Б у Германіі і Аўстрыі. Існавалі ў 1945 — пач. 1950-х г. Пасля 2-й сусв. вайны саюзніцкія акупац. ўлады стварылі лагеры для часовага ўтрымання грамадзян інш. дзяржаў, якія па розных прычынах апынуліся ў Германіі і атрымалі статус перамешчаных асоб. У 1945 створаны 3 бел. лагеры: у Рэгенсбургу (амер. акупац. зона), Ватэнштэце і Гослары (англ. акупац. зона), пазней яшчэ каля 20 бел. лагераў у Зах. Германіі і некалькі ў Аўстрыі. У іх налічвалася каля 2 тыс. беларусаў. Лагеры (на іх не распаўсюджвалася юрысдыкцыя герм. улад) мелі сваю адміністрацыю. Пад кіраўніцтвам нац. к-таў была створана адукац.-асв. сістэма: дашкольныя ўстановы, пач. школы, гімназіі, школы для дарослых, прафес. курсы. Бел. школы мелі нац. характар. Пры лагерах існавалі нац. арг-цыі — Ліга бел. паліт. вязняў у Нямеччыне, Задзіночанне бел. ветэранаў, Бел. студэнцкае згуртаванне, Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. Яны здолелі наладзіць на пач. 1947 выпуск амаль 20 газет і часопісаў — «Бацькаўшчына», «Шляхам жыцця», «Шыпшына», «Зважай», «Крывіцкі светач», «Беларуская думка» і інш. У сувязі з дазволам для перамешчаных асоб выбару месца сталага пражывання і ад’ездам іх у розныя краіны свету лагеры на пач. 1950-х г. былі ліквідаваны.

Літ.:

Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Лос Анжэлес;

Мн., 1994;

Максімюк Ян. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью Ёрк;

Беласток, 1994.

Т.А.Папоўская.

т. 2, с. 465

«БЕЛАРУ́СКІЯ НАВІ́НЫ»,

штомесячная грамадска-паліт. газета. Выдавалася з 25.12.1945 да 1947 у Парыжы на бел. мове аб’яднаннем бел. работнікаў пры Цэнтр. Франц. хрысц. сіндыкаце. Рэдактар Л.Рыдлеўскі. Інфармавала аб жыцці і дзейнасці бел. эміграцыі, друкавала артыкулы на гіст. і эканам. тэмы, аб грамадска-паліт. жыцці на Беларусі, творы Я.Купалы, Л.Геніюш, Н.Арсенневай, А.Зязюлі, А.Салаўя і інш.

Т.А.Папоўская.

т. 2, с. 465

«БЕЛАРУ́СКІЯ НАВІ́НЫ»,

бюлетэнь Беларускага дэмакратычнага аб’яднання (БДА) у Польшчы. Выдаецца з 1990 у Беластоку на бел. мове. Асвятляе дзейнасць БДА, сац.-эканам., паліт. і грамадска-культ. жыццё беларусаў у Польшчы, змяшчае хроніку бел. паліт. руху ў Польшчы.

Л.У.Языковіч.

т. 2, с. 465

БЕЛАРУ́СКІЯ НАВУКО́ВЫЯ І КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й.

Прадстаўнікі бел. дыяспары першай эміграцыйнай хвалі (склалася на рубяжы 19—20 ст. і ў 1-ю сусв. вайну) сваіх нац. арг-цый не мелі і часта далучаліся да рус. ці польскіх згуртаванняў. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найбольш актыўна культ. дзейнасць вялася ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Аргенціне, Францыі. Дзейнічалі Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне (Літва), Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны ў Празе (Чэхаславакія), Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, «Бацькаўшчына», «Рунь» (1924), «Беларуская хата» ў Латвіі. Выхадцы з Зах. Беларусі складалі большасць створаных у 1930-я г. рус. клубаў у Канадзе. У канцы 1920 — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічалі Бел.-ўкр. саюз у Бразіліі, Бел. культ.-адукац. т-ва ў ЗША, Саюз укр. і бел. работніцкіх арг-цый у Аргенціне. У Аргенціне згуртаванню беларусаў спрыялі культ.-асв. т-вы ў Буэнас-Айрэсе — «Грамада» (1934), «Культура» (1936), Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», «Т-ва б-кі імя Івана Луцкевіча» (1937, Вільня-Крэспа), б-кі імя Я.Купалы (1934, Камадора-Рывадавія) і інш. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю беларускіх арганізацый. У Францыі ў 1930 засн. Беларускі хаўрус, у 1938 Бел. жан. грамада імя А.Пашкевіч. Пасля 2-й сусв. вайны бел. эміграцыя вылучалася значнай колькасцю інтэлігенцыі, заявіла аб сабе як аб самастойнай бел. этн. супольнасці за межамі Бацькаўшчыны, стварыўшы ўстойлівыя нац. асяродкі. Арганізаванае нац.-культ. жыццё пачалося з канца 1940-х г. Свае арг-цыі беларусы стварылі ў Германіі ў лагерах для перамешчаных асоб: Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.Скарыны (1946), Бел. бібліягр. служба (1946), Бел. культ.-асв. т-ва (1948), Бел.-груз.-ўкр. клуб (1950). Навук.-культ. асяродкамі ў г. Ляймен сталі Інстытут беларусаведы і Беларускі музей. У 1955—66 у Мюнхене дзейнічаў філіял Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (БІНіМ) — адносна самаст. ўстанова, праца якой была звязана з удзелам бел. навукоўцаў у рабоце Ін-та вывучэння СССР. З філіялам супрацоўнічалі С.Станкевіч, С.Кабыш, А.Марговіч, У.Дудзіцкі і інш. У Бельгіі ў 1947 засн. Бел. цэнтр. к-т на Валоніі, у 1949 створана бел. акад. каталіцкае т-ва «Рунь», дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі (1947—60-я г.). У ЗША найб. колькасць навукоўцаў, творчай інтэлігенцыі сканцэнтравалася ў 1950-я г., сюды з Германіі пераехалі Крывіцкае навук. т-ва імя Ф.Скарыны, Бел. бібліягр. служба і Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. У 1951 у Нью-Йорку засн. Бел. ін-т навукі і мастацтва. Зборам інфарм. матэрыялаў пра Беларусь займаецца Бел.-амер. інфарм. служба (штат Пенсільванія). Працуюць бел. грамадска-культ. цэнтры і дамы ў Кліўлендзе («Полацак»), Нью-Йорку, Саўт-Рыверы, Чыкага, Дэтройце, Стронгсвілі. У Саўт-Рыверы культ. праграмы каардынуе Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, якое супрацоўнічае з каледжамі і ун-тамі штатаў Нью-Джэрсі і Пенсільванія. Працуюць Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Беларуска-амерыканскае аб’яднанне і інш. З 1958 адным з цэнтраў бел. культ. і навук. жыцця ў Нью-Йорку стала Фундацыя імя П.Крачэўскага. З 1974 тут працуе бел. б-ка і музей, дзе збіраецца л-ра, дакументы, матэрыялы, пісьменніцкія архівы, рэд. архівы Часопісаў і газет. У Канадзе ў 1950—60-я г. дзейнічаў Бел. даследчы ін-т імя К.Каліноўскага, які выдаваў дакументы і матэрыялы па навейшай бел. гісторыі. З 1967 у Таронта працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ), Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Згуртаванне беларусаў Канады, грамадска-культ. цэнтр, Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», сябры якога — беларусы з Аўстраліі, ЗША, Бельгіі, Англіі, Францыі, Германіі і інш. У Вялікабрытаніі працуе Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, цэнтрамі навук.-культ. жыцця сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства, дамы ў Брадфардзе (1948, пры ім у 1964 адкрыты Бел. юнацкі клуб, у 1970 грамадскі клуб «Сакавік») і Манчэстэры (1954). У Польшчы ў мэтах каардынацыі нац. і культ. жыцця беларусаў у 1956 было засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, культ.-асв. работу вядуць бел. літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Брацтва правасл. моладзі, Рада культуры студэнтаў бел. нацыянальнасці пры Згуртаванні польскіх студэнтаў і інш. Рэгіянальны асяродак бел. культуры ствараецца ў Гайнаўцы, цэнтрам якога стаў Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры. У Аўстраліі цэнтры грамадска-культ. жыцця сфарміраваліся ў Адэлаідзе, Брысбене, Мельбурне, Перце, Сіднеі. Значную работу праводзяць Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел. культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе і інш., дзейнасць якіх каардынуе Федэральная рада беларускіх арганізацый. У Аргенціне ў 1948—57 дзейнічала Згуртаванне беларусаў Аргенціны. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страцілі сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны», куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У Іспаніі пры Цэнтры па вывучэнні краін Усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Я.Сурвілы, які таксама ўзначальваў Бел. акадэміцкае згуртаванне (засн. ў 1952). Для супрацоўніцтва былі запрошаны бел. навукоўцы, якія друкаваліся ў ісп. час. «Oriente» («Усход»). У 1952 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры засн. Інстытут беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе, які прапагандуе веды пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. У рэспубліках СССР (пасля 1991 — незалежных дзяржавах) культ.-асв. суполкі, згуртаванні з’явіліся ў асн. ў канцы 1980-х г., сярод іх Т-ва бел. культуры імя Ф.Скарыны (Масква, 1988), «Світанак» (Рыга, 1988), Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу, Згуртаванне беларусаў у Кохтла-Ярве (Эстонія, з 1991 наз. Беларуска-эстонскае згуртаванне ў г. Йыхві), Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» (1991), Бел. культ. цэнтр «Світанак» (Ташкент) і інш. Гл. таксама Беларускія культурныя згуртаванні і раздзел пра бел. дыяспару ў арт. Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Узбекістан, Украіна, Эстонія, Аргенціна, Аўстралія, Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Іспанія, Канада, Польшча, Францыя і інш.

А.С.Ляднёва.

т. 2, с. 465

БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,

адна са стараж. формаў нар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар. тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульні — гуканне вясны, валачобніцтва (гл. Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл. «Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свой стараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес. акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл. Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар. тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.

т. 2, с. 466

БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ МУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ,

гл. ў арт. Музычныя інструменты.

т. 2, с. 467

БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ СТРА́ВЫ,

традыцыйныя стравы, якія здаўна гатаваліся ў большасці бел. сем’яў і складаюць спецыфіку бел. кухні сёння. Беларускія народныя стравы гатаваліся з зерне-гароднінных і мяса-малочных прадуктаў, вырабленых ва ўласнай гаспадарцы, ад яе асаблівасцяў у тых ці інш. рэгіёнах залежалі мясц. адрозненні ў стравах. Паводле расліннага ці жывёльнага паходжання прадуктаў і часу спажывання па царк. прадпісанні беларускія народныя стравы падзяляюцца на посныя і скаромныя. Посныя стравы спажываліся ў пост, гатаваліся з мукі, круп, гародніны, мёду, рыбы і запраўляліся толькі алеем або семем. Скаромныя стравы — з малака, смятаны, сыру, мяса, яек, з салам, маслам, лоем, смальцам. Па кансістэнцыі беларускія народныя стравы бываюць рэдкія (крупнік, кулеш, булён, крышаны, боршч, юшка, халаднік, жур), густыя (кашы, камы, талакно, кісель, смажанка), тыпу поліўкі (верашчака, поліўка) і печыва. Спосабы прыгатавання простыя — стравы вараць, параць, смажаць, пражаць, пякуць, тушаць; часам спалучаюцца розныя працэсы: квасяць і вараць кулагу, кісель, боршч, вараць і ахалоджваюць квашаніну, сальцісон, юшнік з рыбы, вараць і таўкуць камы, запякаюць бульбянікі з варанай тоўчанай бульбы, таркуюць бульбу сырую і пякуць бабку, дранікі, вараць клёцкі, калдуны. Найб. даўні спосаб прыгатавання раслінных страў — падпражванне і варка цэлага зерня (захаваліся ў такіх стравах, як пражаны гарох, куцця). Са старажытнасці да нашых дзён спажываюць рэдкія стравы з мукі — калатушу, калі мука папярэдне густа замешваецца з вадой — зацірку. Рэдкія стравы звычайна не вельмі каларыйныя (з косткай з вяндліны, засквараныя, са смятанай, але не вадкія) раней гатаваліся не толькі на абед, а і на снеданне, часам на вячэру. Амаль штодня варылася кіслая страва, у хаце заўсёды быў квасны напітак: хлебны квас, раўгеня, квас з квашаных буракоў, які не толькі пілі, але і выкарыстоўвалі на заквашванне страў. Сярод беларускіх народных страў пірагі (крапанікі) з фасоляй, капустай, грыбамі; варэнікі (галушкі) з сырам, ягадамі, семем, калдуны з мясам, наліснікі з сырам, вантробкамі, крывянкі з крупамі, мукой, кішкі з дранай бульбай. З 19 ст. пашыраецца спажыванне страў з бульбы (салёнка, пячонікі, бабка, дранікі, камы, булён). Беларускія народныя стравы здаўна падзяляліся на штодзённыя, святочныя, абрадавыя (гл. таксама Абрадавае печыва і Абрадавыя стравы). Так, на Вялікдзень запякалі парася, начыненае кашай, наліснікамі з вантробамі, запякалі кумпяк у жытнім цесце, засмажвалі цяляціну, пяклі пірагі, бабкі, рабілі паску. На посную куццю гатавалі 12 страў. Прыправы выкарыстоўвалі пахучыя, але не вострыя: кроп, кмен, каляндру, чарнушку, часнок, цыбулю, радзей — перац. Са зменай у побыце сялян перасталі гатаваць жытнія цестападобныя кашы, талакно, раўгеню, радзей труць мак, вараць аўсяны кісель. Гл. таксама Ежа.

Г.Ф.Вештарт.

т. 2, с. 467