Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЫ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ,

назва ў 1924—37 Мінскага музычнага вучылішча імя М.​І.​Глінкі.

т. 2, с. 442

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПРАЕ́КТНА-ВЫШУКА́ЛЬНЫ ІНСТЫТУ́Т ЛЯСНО́Й ГАСПАДА́РКІ (Белдзіпралес) Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1969 у Мінску на базе комплекснай праектна-вышукальнай экспедыцыі; да 1991 філіял Усесаюзнага ін-та «Саюздзіпралес». Асн. кірункі работы: лесагасп. і лесааднаўленчыя мерапрыемствы, праектаванне і буд-ва гадавальнікаў і лесанасенных гаспадарак, лесагасп. дарог, жылля для прадпрыемстваў лясной гаспадаркі; лесамеліярацыйныя работы, проціпажарныя і лесаахоўныя мерапрыемствы, замацаванне і аблясенне берагоў малых рэк, равоў, яроў; распрацоўка нарматыўна-тэхн. л-ры; стварэнне зялёных зон, лесапаркаў; ажыццяўленне аўтарскага нагляду за буд-вам аб’ектаў па праектах ін-та.

т. 2, с. 442

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПРАЕ́КТНА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ І ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНЫ ІНСТЫТУ́Т Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь,

«Беларгстанкінпрам». Засн. ў 1965 у Мінску на базе тэхнал. аддзела СКБ № 12. Асн. кірункі работы: распрацоўка комплексных праектаў тэхн. пераўзбраення, пашырэння, рэканструкцыі цэхаў, участкаў і. вытв-сцяў на прадпрыемствах машынабудавання і металаапрацоўкі; распрацоўка з улікам экалагічных патрабаванняў перспектыўных тэхнал. працэсаў па механаапрацоўцы, кавальска-штамповачнай, тэрмічнай, гальванічнай, зборачнай, фарбавальнай вытв-сцях, кансервацыі і ўпакоўцы; праектаванне і выраб нестандартнага абсталявання і аснасткі, сродкаў механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці; распрацоўка сістэм аўтаматызацыі тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці ва ўмовах прадпрыемстваў з дробнасерыйнай і серыйнай вытв-сцю; выкананне н.-д. і эксперым. работ у галіне найноўшых тэхналогій, у т. л. экалагічна чыстых і рэсурсазберагальных; удасканаленне арганізацыі працы і тэхнікі бяспекі.

В.​В.​Базылька.

т. 2, с. 442

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР (БДТ),

назва Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў 1920—26.

т. 2, с. 442

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т (БДУ). Засн. ў 1921 у Мінску паводле пастановы ЦВК БССР. У стварэнні БДУ удзельнічалі акадэмік Я.​Ф.​Карскі, прафесары В.​П.​Волгін, Л.​С.​Мінор, У.​І.​Пічэта (1-ы рэктар БДУ), Дз.​М.​Пранішнікаў, Ф.​Ф.​Турук, А.​Ф.​Фартунатаў, К.​А.​Ціміразеў і інш. Сярод першых выкладчыкаў бел. вучоныя Я.​І.​Барычэўскі, Ц.​М.​Годнеў, М.​В.​Доўнар-Запольскі, К.​М.​Міцкевіч (Я.​Колас), М.​М.​Нікольскі, У.​М.​Перцаў, А.​Смоліч, М.​М.​Шчакаціхін, М.​А.​Янчук і інш. Для работы ў БДУ таксама запрошаны вучоныя з Масквы, Петраграда, Кіева і інш.; навук. л-ра паступіла з АН РСФСР, Рас. кніжнай палаты, Кіеўскага, Маскоўскага і Петраградскага ун-таў; перададзены б-кі Карскага, Янчука і інш. У 1928—31 пабудаваны універсітэцкі гарадок. На базе асобных ф-таў БДУ у Мінску адкрыты ін-ты: мед., пед., юрыд., нар. гаспадаркі, шэраг галіновых ВНУ, якія ў 1933 аб’яднаны ў Бел. політэхн. ін-т. У гады Вял. Айч. вайны навуч.-матэрыяльная база ун-та знішчана. Заняткі аднавіліся ў 1943 на ст. Сходня (пад Масквой), з вер. 1944 — у Мінску.

У 1995/96 навуч. г. ф-ты: біял., геагр., гіст., журналістыкі, механіка-матэм., прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і электронікі, фіз., філал., філас.-эканам., хім., юрыд., міжнар. адносін, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, падрыхтоўчы для замежных грамадзян, павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў ВНУ, павышэння кваліфікацыі па прыкладной матэматыцы і ЭВМ, спецыяльны ф-т бізнесу і інфарм. Тэхналогій; 14,4 тыс. студэнтаў, на 121 кафедры 1410 выкладчыкаў, у т. л. 190 прафесараў і д-роў навук, больш за 800 дацэнтаў і канд. навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1927, дактарантура з 1988. Мае 3 НДІ, друкарню, выд-ва, інфарм.-вылічальны і навук.-інж. цэнтры, Бібліятэку фундаментальную БДУ, 3 музеі, навуч.-доследную гаспадарку «Шчомысліца», біял. станцыю «Нарач», навуч.-вытв. геагр. базу «Заходняя Бярэзіна». Выдае шматтыражную газ. «Беларускі універсітэт» (з 1923), навук. час. «Веснік БДУ» (з 1969, у 4 серыях).

Рэктары ун-та: У.​І.​Пічэта (1921—29), І.​П.​Каранеўскі (1929—32), Ермакоў (1932—33), В.​Н.​Дзякаў (1933—37), П.​В.​Саевіч (1937), Бладыка (1937—38), У.​С.​Бабраўніцкі (1938—39), П.​П.​Савіцкі (1939—47), У.​А.​Тамашэвіч (1947—49), І.​С.​Чымбург (1949—52), К.​І.​Лукашоў (1952—57), А.​Н.​Сеўчанка (1957—72), У.​М.​Сікорскі (1972—78), У.​А.​Белы (1978—83), Л.​І.​Кісялеўскі (1983—90), Ф.​М.​Капуцкі (1990—96), з 16.1.1996 в.а. рэктара П.​Дз.​Кухарчык.

Літ.:

Беларускі дзяржаўны універсітэт, 1921—27: Да 10-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Мн., 1927;

Кожушков А.И., Яновский О.А. Белорусский университет: Хроника событий (1919—1989). Мн., 1990;

Белорусский ордена Трудового Красного Знамени государственный университет имени В.​И.​Ленина: (Краткий библиогр. указ.). Мн., 1971.

Галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Будынак фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

т. 2, с. 443

«БЕЛАРУ́СКІ ДОМ ДРУ́КУ»,

выдавецтва. Засн. ў Мінску ў 1960 як выд-ва «Звязда», у 1969—91 выд-ва ЦК КПБ, са студз. 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, з лютага 1992 — Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Выдае газеты, часопісы, кнігі (у т. л. газ. «Звязда», «Чырвоная змена», «Белорусская нива», «Советская Белоруссия», часопісы «Вожык», «Алеся», «На экранах Беларусі»)/ Пры выд-ве друкарня. У 1995 друкавала больш за 100 назваў газет, 67 часопісаў. Магутнасць друкарні больш за 14 млн. кніг і 11 млн. экз. брашур.

У 1917 «Мінская губернская друкарня» (з 1797) пераўтворана ў друкарню СНК Зах. фронту; з 1918 — 1-я Савецкая, з 1930 — імя Сталіна, з 1960 друкарня выд-ва «Звязда», у 1969—91 — выд-ва ЦК КПБ (далей — па прыналежнасці выдавецтва). У 1927 выдавала 9 газет, 7 часопісаў, каля 70 тыс. экз. падручнікаў і інш. выданняў. У Вял Айч. вайну паліграфісты наладзілі тут выпуск падп. выданняў — перыяд. лістка «Вестник Родины», газ. «Звязда» і інш., дапамагалі ствараць друкарні ў партыз. атрадах. Пасля вайны паліграф. база адноўлена.

Б.​А.​Кутавы.

Будынак «Беларускага дома друку».

т. 2, с. 443

БЕЛАРУ́СКІ ДРУГІ́ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР (БДТ-2),

назва Беларускага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа ў 1926—44.

т. 2, с. 443

БЕЛАРУ́СКІ ЗАГРАНІ́ЧНЫ АРХІ́Ў у Празе.

Створаны ў 1928 (ці 1929) бел. эміграцыяй з мэтай збору і захавання матэрыялаў гісторыі бел. нац.-вызв. руху. Заснавальнік і першы загадчык М.​Вяршынін, у 1934—38 заг. архіва Т.​Грыб. Падпарадкоўваўся Мін-ву замежных спраў Чэхаславакіі і эміграцыйнаму ўраду БНР. Меў 4 аддзелы: дакументаў (у 1937 налічваў 15 тыс. назваў — матэрыялы Рады і дыпламат. місій БНР, архівы бел. замежных арг-цый, устаноў, партый, успаміны, біяграфіі, перапіска бел. дзеячаў і інш.); б-ка беларусазнаўства (выданні пра Беларусь на бел. і інш. мовах); перыяд. выданняў (у 1937 захоўваліся камплекты 214 назваў бел. газет); бел. бібліяграфіі (12 тыс. пазіцый — гіст. бібліяграфія і картатэка па ўсіх пытаннях беларусазнаўства). У 2-ю сусв. вайну архіў падпарадкоўваўся ням. акупац. уладам. Далейшы лёс архіва невядомы.

Г.​І.​Сурмач.

т. 2, с. 443

БЕЛАРУ́СКІ ЗАПРАЖНЫ́ КОНЬ,

пародная група коней універсальнага выкарыстання. Выведзена ў зах. абласцях Беларусі ў 19—20 ст. скрыжаваннем мясц. коней ляснога тыпу з ардэнскай, шведскай, гудбрандсдальскай і інш. пародамі. За апошнія дзесяцігоддзі чыстапароднай гадоўлі выведзена 6 ліній, 13 сямействаў, створаны селекцыйныя масівы і племянныя гаспадаркі. Вядучыя гаспадаркі — конныя заводы ў Баранавіцкім і Лідскім, племзаводы ў Карэліцкім і Ляхавіцкім р-нах. Беларускі запражны конь — асн. паляпшальнік рабочакарыстальнай прадукцыйнай конегадоўлі ў рэспубліцы, экспартуецца, выкарыстоўваецца для прагулак, турызму, верхавога адпачынку.

Коні вынослівыя, даўгавечныя, непераборлівыя, спакойныя. Масць: буланая, рыжая, гнядая, вараная, мышастая. Выш. ў карку элітных жывёл 154—156 см; 2 км крокам з 3-тонным грузам праходзіць за 14—16 мінут.

М.​А.​Гарбукоў.

Беларускі запражны конь.

т. 2, с. 443

«БЕЛАРУ́СКІ ЗБО́РНІК»,

навуковы часопіс. Выдаваўся ў 1955—60 у Мюнхене (Германія) Ін-там вывучэння СССР. Друкаваўся на рататары. Выходзіў на бел., з № 2 (1955) паралельна на англ. («Belorussian Review») мовах. Друкаваў працы па бел. гісторыі, мове, л-ры, мастацтве, эканоміцы, рэцэнзіі на беларусазнаўчыя выданні, агляды час. «Камуніст Беларусі» і інш. Выйшла 12 нумароў.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 444