Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТКА» ў Мінску, клуб бел. мастацкай інтэлігенцыі, які ў 1916—20 праводзіў культ.-асв. работу, прапагандаваў бел. тэатр. і муз. мастацтва, садзейнічаў стварэнню бел. дзярж. т-ра. Напачатку ў «Беларускай хатцы» наладжваліся вечарынкі (удзельнічалі У.Галубок, М.Багдановіч, З.Верас, У.Фальскі і інш.), на якіх чыталі творы бел. пісьменнікаў, спяваў хор. Потым тут працавалі Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, тэатр. трупа пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча, Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва, Драматычная секцыя Беларускай вучнёўскай грамады і інш. Дзейнасць клуба асвятлялася ў перыяд. друку (газ. «Вольная Беларусь», «Беларусь»). Спроба адрадзіць культ.-асв. дзейнасць клуба ў 1921 не падтрымана афіц. ўладамі.

Літ.:

Рамановіч Я. «Беларуская хатка» // Горад і годы. Мн., 1967.

Ю.Р.Васілеўскі.

т. 2, с. 430

«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТКА» ў Петраградзе, беларускі культ.-асв. клуб у 1918 — пач. 1919. Створана Петраградскім аддзяленнем Бел. нац. камісарыята і Петраградскай бел. секцыяй РКП(б) [гл. ў арт. Беларускія секцыі РКП(б)]. Асн. ўвага аддавалася падрыхтоўцы кадраў для працы на Беларусі. У снеж. 1918 клуб аб’ядноўваў 207 чал.

В.У.Скалабан.

т. 2, с. 430

БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ

(БХД),

Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА), клерыкальная дэмакратычная бел. нац. партыя. Засн. ў маі 1917 у Петраградзе, дзейнічала на тэр. Зах. Беларусі да 1940. Да сярэдзіны 1920-х г. наз. Хрысціянская дэмакр. злучнасць (ХДЗ). Заснавальнікі і гал. ідэолагі БХД — бел. ксяндзы Ф.Абрантовіч, Л.Хвецка, А.Станкевіч, В.Гадлеўскі, Ф.Будзька, А.Зязюля (А.С.Астрамовіч), К.Сваяк (К.Стаповіч) і інш. Друкаваны орган — газ. «Беларуская крыніца». Заснаванне ХДЗ садзейнічала актывізацыі грамадска-паліт. дзейнасці каталіцкага духавенства непасрэдна на Беларусі. Як актыўны ўдзельнік Беларускага нацыянальнага камітэта, а потым і Вялікай беларускай рады ХДЗ-БХД падтрымлівала Часовы ўрад А.Ф.Керанскага, паступова заняла адмоўныя пазіцыі ў адносінах да сав. улады. На думку Станкевіча, «палітычны незалежны ідэал БХД лагічна выцякае з акта 25 сакавіка 1918 года, які абвясціў Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай». У аснову практычнай дзейнасці БХД была пакладзена тэорыя самабытнасці развіцця бел. нацыі, адмаўленне класавай барацьбы. Усе 5 праграм партыі, пачынаючы з 1920, адстойвалі асновы дэмакр. ладу, у тым ліку прыватную ўласнасць. З 2-й пал. 1920-х г. БХД узяла курс на пераўтварэнне партыі ў грамадска-паліт. арг-цыю на грунце агульнахрысц. ідэалогіі, што знайшло адлюстраванне ў 5-й праграме (1936) і змене назвы на БНА. Аднак змена назвы партыі не мяняла яе сутнасці, а павінна была падкрэсліць незалежнасць ад кліру і прэтэнзію на аднаасобнае паліт. прадстаўніцтва бел. народа. Гал. паліт. мэту бачыла ў тым, «каб у незалежнай Беларусі быў створаны такі грамадскі лад, які, абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы эксплуатацыі адных другімі, забяспечваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян». Выступала за самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, перадачу зямлі ва ўласнасць і без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам, абавязковасць вывучэння рэлігіі ў школах, супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, «дыктатуры капіталізму, фашызму і камунізму» і інш. З мэтай пашырэння сац. базы партыі ў чэрв. 1926 у Вільні быў адкрыты Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры як філіял БХД. Кіраўнікі БХД-БНА адмоўна сустрэлі прапанову ЦК КПЗБ пра стварэнне адзінага фронту барацьбы супраць польскіх улад, аднак удзельнічалі ў сумесных акцыях барацьбы за школу на роднай мове. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР многія члены партыі былі рэпрэсіраваны.

У.Ф.Ладысеў.

т. 2, с. 431

БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ЗЛУ́ЧНАСЦЬ

(БХДЗ),

палітычная партыя. Утворана ў чэрв. 1991. Абвясціла сябе пераемніцай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Кіруючы орган — каардынацыйная рада. Асн. мэта БХДЗ — духоўна-маральнае, нац., паліт. і эканам. адраджэнне Беларусі на прынцыпах негвалтоўнасці, плюралізму, прыватнай уласнасці, хрысц. брацтва з усімі народамі. Злучнасцю ў 1991 адноўлена выданне газ. «Беларуская крыніца».

т. 2, с. 431

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЦАРКВА́»,

рэлігійна-гістарычны часопіс. Выдаваўся ў 1956—65 у Чыкага (ЗША) ратапрынтным спосабам на бел. мове з выкарыстаннем лацінкі і кірыліцы адначасова. Заснавальнік — бел. культ.-рэліг. цэнтр, які ў сярэдзіне 1950-х г. аб’яднаў бел. эміграцыю вакол царквы Хрыста Спаса (Збаўцы). Мэта дзейнасці — паліт. незалежнасць бел. дзяржавы, стварэнне незалежнай грэка-каталіцкай царквы (уніяцкай), барацьба супраць камуніст. ідэалогіі. У часопісе пераважалі артыкулы гіст. і рэліг. зместу. Аўтарам большасці з іх быў вядомы на эміграцыі гісторык В.Пануцэвіч. Змяшчаў таксама артыкулы гісторыкаў і мовазнаўцаў Беларусі, маст. творы рэліг. зместу і інш.

М.А.Матрунчык.

т. 2, с. 431

БЕЛАРУ́СКАЯ ЦАРКВА́ ЗА МЯЖО́Й,

хрысціянскія царкоўна-адм. структуры, якія аб’ядноўваюць беларусаў-вернікаў у замежжы. Прадстаўлена Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквой за мяжой, Беларускай праваслаўнай царквой Паўночнай Амерыкі, Беларускімі каталіцкімі місіямі за мяжой, 2 бел. цэрквамі каталіцка-уніяцкага кірунку (св. Пятра і Паўла ў Лондане і Хрыста Спаса ў Чыкага). З ёй цесна звязана дзейнасць Беларускіх рэлігійных арганізацый за мяжой.

т. 2, с. 431

БЕЛАРУ́СКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ РА́ДА

(БЦР),

дапаможны дарадчы орган, цэнтр. інстанцыя бел. адміністрацыі на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створаны ням. фашыстамі ў снеж. 1943 з Беларускай рады даверу пры ген. камісарыяце Беларусі. У БЦР уваходзілі 14 чал.: Р.Астроўскі (прэзідэнт), М.Шкялёнак (1-ы віцэ-прэзідэнт), Ю.Сабалеўскі (2-і віцэ-прэзідэнт), Ф.Кушаль (вайсковыя справы), С.Кандыбовіч (фінансы), А.Калубовіч (справы культуры), П.Свірыд (юрыд. і рэліг. справы), С.Калядка (лясная гаспадарка), С.Станкевіч (прафес. справы), А.Скурат (школьныя справы), П.Орса (сельская гаспадарка), Н.Абрамава, М.Ганько і інш., якія ўзначальвалі 13 адпаведных аддзелаў. Фармальна гітлераўцы перадалі БЦР кіраўніцтва школьнай справай, культурай, сац. апекай, Беларускай краёвай абаронай (БКА). Аднак на месцах адпаведныя аддзелы заставаліся пад кантролем ням. акруговых камісараў. У акругах арганізоўваліся намесніцтвы ці аддзелы БЦР. У падпарадкаванне БЦР акупанты перадалі раней створаныя арг-цыі: Беларускую народную самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі і інш. Члены БЦР памагалі гітлераўцам весці барацьбу супраць партызанаў, спрабавалі стварыць з бел. насельніцтва вайск. фарміраванні БКА. Дзейнасць БЦР фактычна была спынена на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 (27.6.1944, Мінск). Паслядоўнікі БЦР працягваюць паліт. дзейнасць у ЗША і Вялікабрытаніі.

А.М.Літвін.

т. 2, с. 431

БЕЛАРУ́СКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДА,

гл. Цэнтральная беларуская школьная рада.

т. 2, с. 432

БЕЛАРУ́СКАЯ ЧО́РНА-ПЯРЭ́СТАЯ ПАРО́ДА свіней, універсальнага кірунку прадукцыйнасці. Зацверджана ў 1976. Выведзена на Беларусі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. свіней з даўгавухімі і караткавухімі свіннямі, йоркшырамі, беркшырамі, тэмворсамі і буйнымі чорнымі. Сучасныя лініі маюць «кроў» ландрасаў і эстонскай беконнай пароды. Парода складаецца з 9 ліній і 26 сямействаў і роднасных груп матак. Вядучыя племзаводы на Беларусі ў Капыльскім, Ляхавіцкім і Горацкім р-нах.

Свінні пераважна мяса-сальнага і мяснога тыпаў, моцнай канстытуцыі, вынослівыя, высокапрадукцыйныя. Жывая маса дарослых кныроў 310—340, матак 240—250 кг, даўж. тулава адпаведна 184 і 161 см. Пладавітасць 10—11 парасят за апарос.

т. 2, с. 432

БЕЛАРУ́СКАЯ ЧЫГУ́НАЧНАЯ ГРАМАДА́ ў Маскве, грамадска-паліт. і прафес. арг-цыя бел. чыгуначнікаў — бежанцаў 1-й сусв. вайны. Існавала ў 1918, зарэгістравана Беларускім нацыянальным камісарыятам 25.5.1918. Асн. задачы: нац.-культ. адраджэнне Беларусі, развіццё прам-сці, гандлю, асветы; беларусізацыя чыгункі, удасканаленне і развіццё чыг. сеткі і інш. шляхоў зносін на Беларусі. Паліт. платформа: федэрацыя дэмакр. Беларусі з Сав. Расіяй, роўнасць усіх нацый і рэлігій, роўнае выбарчае права, выбарнасць судовай адміністрацыі, права на арганізацыю нар. міліцыі, кантроль дзяржавы над вытв-сцю, свабода забастовак, 8-гадзінны працоўны дзень, аддзяленне царквы ад дзяржавы, адкрыццё на Беларусі сваіх ВНУ; увядзенне бел. мовы ў справаводства органаў мясц. самакіравання, судоў і навуч. устаноў.

Ю.Р.Васілеўскі.

т. 2, с. 432