Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРСУКІ́СДЗЕ

(Арсакісдзе),

грузінскі дойлід 10 — пач. 11 ст. Будаўнік аднаго з самых вялікіх груз. сярэдневяковых храмаў — Светы-Цхавелі ў Мцхета (1010—29).

т. 1, с. 504

АРС НО́ВА

(лац. ars nova літар. новае мастацтва),

прагрэсіўны кірунак у французскай і італьянскай музыцы 14 ст.; процілеглы тэрміну арс антыква (лац. ars antiqua старое мастацтва), які мае на ўвазе муз. мастацтва да пач. 14 ст. Тэрмін узнік каля 1320 у выніку дыскусіі паміж прадстаўнікамі новага мастацтва (Іаан дэ Мурыс, Філіп дэ Вітры) і старога (Якаб Льежскі) і адлюстраваў пералом, што адбыўся ў франц. музыцы таго часу. У сучасным музыказнаўстве тэрмін «арс нова» часта выкарыстоўваюць у значэнні шырокай гісторыка-стылявой катэгорыі, якая характарызуе зах.-еўрап. музыку 14 ст. як новы этап у развіцці муз. мастацтва на шляху ад сярэднявечча да Адраджэння. Гал. рысы: адмаўленне ад выкарыстання выключна жанраў царк. музыкі і зварот да свецкіх вак.-інстр. камерных жанраў (ронда, балада, вірэле ў Францыі, балаты, мадрыгалы, качы ў Італіі), збліжэнне з бытавой песеннасцю, выкарыстанне розных муз. інструментаў.

т. 1, с. 503

АРТА...

(ад грэч. orthos прамы, правільны),

першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае паняццям «прамы», «правільны», напр., артаклаз, артадантыя.

т. 1, с. 504

АРТАБАЛЕ́ЎСКІ Іван Іванавіч

(9.10.1905, Масква — 21.9.1977),

савецкі вучоны ў галіне тэорыі машын і механізмаў. Акад. АН СССР (1946). Герой Сац. Працы (1969). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1945). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.А.Ціміразева (1926). З 1927 выкладаў у ВНУ Масквы, у 1932—49 праф. Маскоўскага ун-та, з 1937 у Ін-це машыназнаўства АН СССР. Распрацаваў класіфікацыю прасторавых механізмаў і вызначыў метады іх кінематычнага аналізу. Вывучаў праблемы тэарэт. і эксперым. метадаў даследавання дынамікі рабочых машын, стварыў новыя метады выпрабавання машын-аўтаматаў. Прэмія імя П.П.Чабышова АН СССР (1946), сярэбраны медаль Чэхаславацкай АН (1966), міжнар. залаты медаль імя Дж.Уата Ін-та інжынераў-механікаў (Англія, 1967).

Літ.:

И.И.Артоболевский: [Биобиблиогр.]. 2 изд. М., 1975.

т. 1, с. 504

АРТАВА́ЗД II

(? — 31 да н.э.),

цар Арменіі Вялікай у 56—34 да н.э., сын Тыграна II. Пашырыў тэр. краіны, далучыў да яе Сафену і Арменію Малую. Вёў барацьбу з Рымам за незалежнасць. Аднак пазней быў вымушаны зноў падпарадкавацца Рыму. У 37 да н.э. адмовіўся ўдзельнічаць у паходзе рымлян супраць Парфіі. Захоплены рымлянамі і пакараны смерцю. Вядомы як драматург і гісторык.

т. 1, с. 504

АРТАГАНА́ЛЬНАЕ ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,

лінейнае пераўтварэнне эўклідавай прасторы, якое захоўвае нязменным скалярны здабытак адвольных вектараў гэтай прасторы; (Ах, Ау) = (х, у). Захоўвае даўжыні вектараў і вуглы паміж імі, пераводзіць артанармоўны базіс у артанармоўны (гл. Артаганальная сістэма), у якім артаганальнаму пераўтварэнню адпавядае артаганальная матрыца з дэтэрмінантам роўным +1 (уласнае артаганальнае пераўтварэнне) або -1 (няўласнае артаганальнае пераўтварэнне). Напр., паварот вакол восі ў трохмернай эўклідавай прасторы — уласнае артаганальнае пераўтварэнне, здабытак павароту вакол восі і адбіцця ў перпендыкулярнай плоскасці — няўласнае.

В.А.Ліпніцкі.

т. 1, с. 504

АРТАГАНА́ЛЬНАСЦЬ

(ад арта... + грэч. gonia вугал),

абагульненне паняцця перпендыкулярнасці на розныя аб’екты матэматыкі. Так, перпендыкулярнасць дзвюх прамых абагульняецца на артаганальнасці ліній (вугал паміж крывымі роўны вуглу паміж датычнымі ў пункце перасячэння), артаганальнасць траекторый (перасячэнне імі пад прамым вуглом зададзенай сям’і ліній, напр., сям’я радыяльных прамых перасякае пад прамым вуглом акружнасць) і артаганальнасць вектараў (роўнасць нулю іх скалярнага здабытку) — на любую вектарную прастору, дзе вызначана паняцце скалярнага здабытку са звычайнымі ўласцівасцямі і інш. Гл. таксама Артаганальная сістэма.

В.А.Ліпніцкі.

т. 1, с. 504

АРТАГАНА́ЛЬНАЯ ПРАЕ́КЦЫЯ,

гл. ў арт. Праекцыя.

т. 1, с. 504

АРТАГАНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

1) мноства {xn} ненулявых вектараў у эўклідавай (гільбертавай) прасторы, для якіх скалярны здабытак (xn, xm) = 0 пры n ≠ m. Калі модуль кожнага вектара роўны 1, то сістэма {xn} наз. артанармоўнай. Поўную артаганальную сістэму наз. артаганальным базісам. Адпаведна вызначаецца і артанармоўны базіс.

2) Сістэма каардынатаў, у якой каардынатныя лініі (або паверхні) перасякаюцца пад прамым вуглом. Звычайна карыстаюцца дэкартавымі, палярнымі, эліптычнымі, сферычнымі, цыліндрычнымі артаганальнай сістэмай каардынатаў.

3) Сістэма мнагаскладаў {Pn(x)}, n = 0, 1, 2, ..., якія на адрэзку [a, b] з вагой g(x) задавальняюць умовам артаганальнасці ∫​ba Pn(x)Pm(x)g(x)dx = 0 /n≠m/, пры гэтым ступень кожнага мнагасклада Pn(x) супадае з яго індэксам n. Выкарыстоўваюцца ў задачах матэм. фізікі, тэорыі выяўленняў груп, вылічальнай матэматыкі і інш. 4) Сістэма функцый, n = 1, 2..., якія на адрэзку [a, b] з вагой p(x) задавальняюць умовам артаганальнасці: ∫​ba φn(x)φ*m(x)p(x)dz = 0 пры n≠m, дзе * — знак камплекснай спалучанасці. Напр., сістэма трыганаметр. функцый ½, cos nπх, sin nπx (n = 1, 2, ...) — артаганальная сістэма на адрэзку [-1,1] з вагой 1. Выкарыстоўваецца для рашэння задач, напр., спектральнага аналізу ў тэорыі ваганняў, акустыкі, радыёфізікі, оптыкі.

В.А.Ліпніцкі.

т. 1, с. 504

АРТАДАНТЫ́Я

[ад арта... + грэч. odus (odontos) зуб],

раздзел стаматалогіі, які вывучае дыягностыку, лячэнне, прафілактыку анамалій развіцця і дэфармацый зубоў, зубных радоў і сківіц у дзяцей і дарослых. Функцыянальныя расстройствы зубна-сківічнай сістэмы парушаюць дзейнасць і выклікаюць захворванні органаў стрававання і дыхання. Касметычныя недахопы і дэфекты мовы фарміруюць у дзяцей маўклівасць, замкнёнасць, што можа прывесці да адставання ў развіцці псіхікі. Лячэнне пачынаюць з ранняга ўзросту; адвучаюць дзіця ад шкодных звычак (ссанне пальца, языка, цацкі). Пры выражаных анамаліях зубна-сківічнай сістэмы выкарыстоўваюць артадантычныя апараты. Лячэнне ад некалькіх месяцаў да года і больш.

А.С.Арцюшкевіч.

т. 1, с. 505