АКЦЯБРЫ́СТЫ,
«Саюз 17 кастрычніка», праваліберальная партыя чыноўнікаў, памешчыкаў і буйной гандлёва-прамысл. буржуазіі ў Рас. імперыі ў 1905—17. Створана пасля апублікавання Маніфеста 17 кастрычніка 1905 (октября — адсюль назва). Лідэры — А.І.Гучкоў, П.Л.Корф, М.У.Радзянка, Дз.М.Шыпаў і інш. Праграма партыі прадугледжвала спадкаемную канстытуцыйную манархію, захаванне «адзінай і непадзельнай Расіі» (з правам на аўтаномію толькі для Фінляндыі), дэмакр. свабоды, зямельную рэформу (ліквідацыя абшчыны, падтрымка заможных сялян) і інш. Акцябрысты падтрымлівалі ўнутр. і знешнюю палітыку царскага ўрада, выступалі супраць рэв. руху. Друкаваныя органы газ. «Слово» (1905—06), «Голос Москвы» (1906—15) і інш. (усяго больш за 50). Агульная колькасць чл. каля 80 тыс. чал. Самая шматлікая фракцыя ў 3-й Дзярж. думе, папераменна блакіравалася з умерана-правымі і кадэтамі. У 1915 акцябрысты ўступілі ў апазіцыйны «Прагрэсіўны блок». Вясной 1917 на базе партыі акцябрыстаў утварылася Ліберальная рэсп. партыя на чале з Гучковым і Радзянкам.
На Беларусі аддзелы акцябрыстаў дзейнічалі ў Віцебску, Гродне (158 чал.), Магілёве, Мінску (100 чал.), некаторых пав. гарадах; выдаваліся газ. «Минская речь», «Минское слово», «Витебский голос».
т. 1, с. 224
АКЧАГЫ́ЛЬСКАЕ МО́РА
(па ўрочышчы Акчагыл на Краснаводскім п-ве),
існавала ў познім пліяцэне (каля 1,8—3,2 млн. гадоў назад) на ПдУ Еўропы на месцы Каспійскага м. і Прыкаспійскай нізіны. У пэўныя перыяды злучалася з басейнам, які быў на месцы Азоўскага мора. Намнажаліся адклады: вапнякі, мергелі, гліны, пяскі. Час існавання вызначаюць па характэрным акчагыльскім комплексе малюскаў.
т. 1, с. 224
АКЧАКА́Я,
Акджакая, бяссцёкавая ўпадзіна на ПнЗ пустыні Каракумы, самая глыбокая ў Туркменіі. Даўж. каля 50 км, шыр. каля 6 км, адносная глыб. 200 м. Дно ўпадзіны ляжыць на 81 м ніжэй за ўзровень мора.
т. 1, с. 224
АКЫ́Н,
паэт-імправізатар і пясняр, майстар вусна-паэт. творчасці ў казахаў, кіргізаў і некат. інш. народаў. Імправізуе ў форме песеннага рэчытатыву пад акампанемент домбры. Мастацтва імправізацыі патрабуе высокай прафес. падрыхтоўкі, ведання нар. жыцця, нар. творчасці і мовы, чым вылучаліся многія непісьменныя акыны. Шырокае прызнанне акыны звычайна набывалі пасля айтысаў — песенных спаборніцтваў.
т. 1, с. 224
АКЯЛА́ЙЦІС
(Akelaitis; Акялевіч) Мікалоюс (6.12.1829, в. Чуадэрышкіс Капсукскага р-на, Літва — 27.9.1887),
літоўскі грамадскі дзеяч, асветнік, пісьменнік. Пазнаёміўшыся ў 1850-х г. з В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім, У.Сыракомлем, А.Кіркорам, распрацаваў у 1859 план выдання кніг для беларусаў і літоўцаў на іх родных мовах. Выдаў літоўскі лемантар, граматыку і дыдактычную аповесць «Квестар» (усе 1860), у 1861 зрабіў літоўскую перапрацоўку бел. «Гутаркі старога дзеда», апісаў рэцэнзію на 2 часткі «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, выд. у бел. перакладзе Дуніна-Марцінкевіча (апубл. ў кн. «Пачынальнікі», 1977). У час паўстання 1863—64 пам. камісара паўстанцкага Часовага ўрада ў Аўгустоўскім ваяв. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Францыю, дзе і памёр.
А.І.Мальдзіс.
т. 1, с. 224
АК-ШЫЙРА́К,
Акшыйрак, горны масіў у Цянь-Шані, у Кыргызстане. Цягнецца з ПдЗ на ПнУ трыма кулісападобнымі паралельнымі хрыбтамі даўж. каля 50 км, выш. да 5126 м. Водападзел вярхоўяў Нарына і рэк бас. Сарыджаза (Учкёль і інш.). Складзены з метамарфічных сланцаў, вапнякоў, гранітаў. Рэльеф высакагорны. Цэнтр зледзянення ў Цянь-Шані (59 ледавікоў пл. больш за 400 км²). Самы вял. ледавік Пятрова, дае пачатак р. Нарын.
т. 1, с. 224