Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАНТА́Н

(лац. Lanthanum),

La, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 57, ат. м. 138,9055, адносіцца да рэдказямельных элементаў. Прыродны Л. складаецца з 2 ізатопаў ​139La (99,911%) і радыеактыўнага ​138La (перыяд паўраспаду 2 ∙ 10​11 гадоў). У зямной кары 2,9 ∙ 10​-3% па масе. Адкрыты швед. хімікам К.Мосандэрам у 1839. Назва (ад грэч. lanthanō хаваюся) абумоўлена цяжкасцю атрымання.

Серабрыста-белы метал, tпл 920 °C, шчыльн. 6162 кг/м3. У вільготным паветры акісляецца. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з вадой, мінер. к-тамі, пры награванні — з большасцю металаў і неметалаў. Выкарыстоўваюць для легіравання алюмініевых, магніевых, нікелевых і кобальтавых сплаваў, як кампанент міш-металу — сплаў 45—50% цэрыю, 22—25% Л., 15—17% неадыму і інш. рэдказямельных элементаў з жалезам (да 5%) і крэмніем (0,1—0,3%), для паляпшэння мех. уласцівасцей сталі, чыгуну.

т. 9, с. 125

ЛАНТАНО́ІДЫ

(ад лантан + грэч. eidos выгляд, від),

сям’я з 14 хім. элементаў VI перыяду перыяд. сістэмы з ат. н. 58—71, размешчаных услед за лантанам: цэрый Ce, празеадым Pr, неадым Nd, праметый Pm, самарый Sm, еўропій Eu, гадаліній Gd, тэрбій Tb, дыспрозій Dy, гольмій Ho, эрбій Er, тулій Tm, ітэрбій Yb, лютэцый Lu. Адносяцца да рэдказямельных элементаў. Падзяляюць на цэрыевую (Ce—Eu; лёгкія Л.) і ітрыевую падгрупу (Gd—Lu; цяжкія Л.). Устарэлая назва — лантаніды.

Л. — серабрыста-белыя металы, некат. (Pr, Nd) з жоўтым адценнем. Пластычныя, электраправодныя, лёгка паддаюцца мех. апрацоўцы. Маюць блізкія хім ўласцівасці, што абумоўлена падабенствам канфігурацый вонкавых электронных абалонак. У хім. злучэннях характэрная ступень акіслення +3. У паветры акісляюцца (лёгкія Л. пры пакаёвай т-ры, астатнія пры 180—200 °C). Узаемадзейнічаюць з вадой з вылучэннем вадароду і ўтварэннем нерастваральных гідраксідаў, з к-тамі (салянай, сернай, азотнай), пры награванні — з галагенамі, азотам, борам, серай. Аксіды, фтарыды, сульфіды Л. — тугаплаўкія рэчывы (напр., для аксідаў tпл 2200—2500 °C). Утвараюць шматлікія інтэрметал. і комплексныя злучэнні. Выкарыстоўваюцца як легіруючыя дабаўкі для чыгуну, сталі і сплаваў каляровых металаў, гетэры ў электронных прыборах, кампаненты магн матэрыялаў, акумулятараў вадароду, міш-металу і інш.

І.В.Боднар.

т. 9, с. 125

ЛАНУ́ (Lanoux) Арман

(24.10.1913, Парыж — 23.3.1983),

французскі пісьменнік. Дэбютаваў дэтэктыўным раманам «Забітая канадка» (1943). Аўтар антываен. і антыфаш. трылогіі «Шалёная Марго» (1956—63), дылогіі «Гісторыя Парыжскай камуны» (1971—72), раманаў «Пчаліны пастыр» (1974), «Бывай, жыццё, бывай, каханне» (1977, дакументальны). У манеры натуралізму напісаны нарысы «Фізіялогія Парыжа» (1954) і «Каханне дзевяцісотых гадоў» (1961). Аўтар паэт. зб-каў «Разносчык» (1952) і «Вобразы Эпіналя» (1969), раманізаваных біяграфій Э.Заля, Г. дэ Мапасана, літ.-знаўчых прац. За раман «Калі мора адступае» (1963) Ганкураўская прэмія.

Тв.:

Рус. пер. — Когда море отступает. М., 1965;

Песочные замки: [Новеллы]. М., 1982.

т. 9, с. 125

ЛАНУА́ (Lannoy) Жыльбер дэ

(1386—22.4.1462),

бургундскі падарожнік, дыпламат, мемуарыст. Шмат падарожнічаў (Германія, Данія, Іспанія, Сірыя, Св. Зямля). У 1413—14 і 1421 здзейсніў 2 падарожжы па Усх. Еўропе. 1-е адбылося пасля яго ўдзелу ў паходзе крыжакоў на Польшчу і пралягала праз-ВКЛ па маршруце Дынабург—Вільня—Трокі—Коўна—Мемель. Сустракаўся з вял. кн. Вітаўтам. У час 2-га падарожжа праехаў праз Падолле, у Камянцы зноў сустрэўся з Вітаўтам, прысутнічаў пры прыняцці ім пскоўскага і наўгародскага пасольстваў. У дзённіках шмат каштоўных звестак па гісторыі ВКЛ, у т.л. і этнаграфічнага зместу. Адзначыў наяўнасць у жыхароў ВКЛ «асобнай» мовы і існаванне 12 епархій. Як католік папракаў Вітаўта за сувязь з гусітамі. Місія Л. падвяла рысу пад доўгім перыядам насцярожана-варожага стаўлення да ВКЛ як да дзяржавы «язычнікаў» і садзейнічала пашырэнню ведаў аб ёй у Зах. Еўропе.

А.В.Белы.

т. 9, с. 125

ЛАНУ́С

(Lanús),

горад у Аргенціне, уваходзіць у Вял. Буэнас-Айрэс. Больш за 500 тыс. ж. (1995). Трансп. вузел. Прам-сць: аўтамаб., хім., папяровая, лёгкая, харчовая.

т. 9, с. 125

ЛА́НЦА (Lanza) Марыо. [сапр. Какоца

(Cocozza) Альфрэда; 31.1.1921, г. Філадэльфія, ЗША — 7.10.1959], амерыканскі спявак (тэнар); прадстаўнік школы бельканта. Па нацыянальнасці італьянец. Валодаў голасам рэдкай сілы і прыгажосці. Дэбютаваў у 1942 у партыі Фентана («Віндзорскія кумачкі» О.Нікалаі) у пастаноўцы С.Кусявіцкага на Танглвудскім фестывалі (каля г. Бостан). З 1946 гастраліраваў як канцэртны спявак, выступаў у опернай трупе Новага Арлеана. Сярод партый: Каварадосі, Пінкертон («Тоска», «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні),

Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі). Зняўся ў муз. фільмах «Вялікі Каруза», «Серэнада», «Улюбёнец Нью-Йорка» і інш.

М.Ланца.

т. 9, с. 125

ЛАНЦУ́Г,

1) гнуткі выраб, які складаецца з асобных шарнірна злучаных жорсткіх звёнаў. Бываюць Л. грузавыя (для падвешвання і пад’ёму грузаў), цягавыя (для перамяшчэння грузаў) і прыводныя (для перадачы руху; гл. Ланцуговая перадача). Выкарыстоўваюцца таксама проціслізготныя Л., якія надзяваюць на вядучыя колы аўтамабіля для павышэння яго праходнасці па зледзянелых дарогах ці бездарожжы.

2) Л. у электратэхніцыгл. Магнітны ланцуг, Электрычны ланцуг.

Ланцугі: 1, 2 — грузавыя (круглазвённы зварны і пласціністы з расклёпкай); 3, 4 — цягавыя (пласціністы ўтулачна-ролікавы і карданны з літымі звёнамі); 5, 6 — прывадныя (ролікавы двухрадны і пласціністы зубчасты).

т. 9, с. 126

«ЛАНЦУ́Г»,

бел. народны танец. Муз. памер ​2/4, ​4/4. Тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выканаўцы (мужчыны і жанчыны) бяруцца за паднятыя ўгору рукі і становяцца кругам, паўкругам ці лініяй. Той, хто водзіць, не разрываючы ланцуг з рук, праходзіць (за ім астатнія танцоры) праз «вароты» пад рукамі апошняй пары. Апошні выканаўца, калі ўсе праходзяць пад яго рукой, паварочваецца на месцы, а сваю правую руку, сагнутую ў локці і злучаную з рукой партнёра, кладзе далонню на сваё правае плячо. Ланцужок тым часам па чарзе праходзіць пад рукамі наступных пар, і кожны выканаўца прымае падобную позу. Калі ўсе танцоры пераплятуцца рукамі і выстраяцца ў адну лінію, той, хто водзіць, пачынае рухацца ў адваротным парадку і «расплятае» ланцуг, пакуль не выведзе ўсіх на зыходную пазіцыю. Вядомы таксама як адна з фігур кадрылі. Бытуе ў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях.

Ю.М.Чурко.

т. 9, с. 126

ЛАНЦУГОВАЯ КАМПАЗІ́ЦЫЯ структура вершаванага твора, калі наступныя вершаваныя радкі развіваюць думку асобных папярэдніх радкоў:

Растуць на радзіме маёй неабсяжныя дрэвы.
Кожнае з іх мае крону з шумлівых галінаў.
Кожная з гэтых галінаў — зялёны прамень.
Кожны прамень — гэта некалькі звонкіх жалеек.
З кожнай жалейкі, калі заіграеш,
То салаўі вылятаюць,
то кнігаўкі, то жаўрукі.
О, не сячыце дрэў гэтых пявучых, Калі свае любіце песні.
(М.Танк. «Тапор»).

У асобных цвёрдых формах верша суседнія строфы яднаюцца рыфмамі або наступныя строфы часам поўнасцю ўключаюць у сябе асобныя радкі папярэдніх (гл. ў арт. Тэрцыны, Вянок санетаў). У некаторых творах з Л.к. трапляецца ланцуговая рыфма. Л.к. — характэрная рыса некаторых бел. нар. песень.

В.П.Рагойша.

т. 9, с. 126

ЛАНЦУГО́ВАЯ ЛІ́НІЯ,

плоская трансцэндэнтная крывая, форму якой набывае пад уздзеяннем сілы цяжару гнуткая аднародная і нерасцягвальная важкая нітка з замацаванымі канцамі. Яе ўраўненне y = ach(x/a), дзе ch(x/a) — гіпербалічны косінус (гл. Гіпербалічныя функцыі). Выкарыстоўваецца ў разліках, звязаных з правісаннем правадоў, тросаў і інш. Паверхня, утвораная вярчэннем дугі Л.л. вакол восі Ox, наз. катэноідам.

Ланцуговая лінія y = ach(x/a).

т. 9, с. 126