Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БЕЛАРУ́СКІ ВУЧНЁЎСКІ ГУРТО́К «АСВЕ́ТА».

Існаваў у 1918—23 у Магілёве. Пачаў дзейнічаць пры Магілёўскай настаўніцкай семінарыі, аб’ядноўваў навучэнцаў і студэнтаў Магілёва. Асн. задачы: усебаковае вывучэнне Магілёўшчыны, навук. і культ.-асв. праца. Пры гуртку існавалі бел. хор (каля 80 чал.), бел. драм. трупа М.​А.​Выдрыцкага (інсцэніравала бел. вяселле, ставіла п’есы Я.​Купалы, Ф.​Аляхновіча, У.​Галубка), гіст.-этнагр., прыродазнаўчая, літ., драматычная секцыі, якія прапагандавалі бел. нац. культуру. У 1923 атрымаў назву Бел. культ.-навук. асацыяцыя студэнтаў Магілёўскага пед. ін-та. Асацыяцыя мела філіялы ў Гомельскай губ., працавала ў кантакце з Магілёўскім пав. аддзелам нар. адукацыі, Беларускай секцыяй пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларускім цэнтральным бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР і Беларускай культурна-навуковай асацыяцыяй пры Пятроўскай с.-г. акадэміі. Спыніў існаванне ў сувязі з ліквідацыяй Магілёўскага пед. ін-та.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 438

БЕЛАРУ́СКІ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ САЮ́З ГРО́ДЗЕНШЧЫНЫ,

гл. Гродзенская цэнтральная беларуская вучыцельская рада.

т. 2, с. 438

БЕЛАРУ́СКІ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ ХАЎРУ́С,

прафесіянальна-палітычная арг-цыя бел. настаўнікаў у 1917—20. Створаны ў Мінску па ініцыятыве настаўнікаў — дэлегатаў з’езда бел. арг-цый і партый. Меў аддзяленні ў некаторых паветах і валасцях. Аб’ядноўваў прыхільнікаў беларусізацыі нар. асветы. Меў на мэце згуртоўваць настаўнікаў і дзеячаў нар. адукацыі, якія лічылі неабходным весці навучанне на бел. мове не толькі ў школе, але і ў ВНУ. Аказваў матэрыяльную і маральную падтрымку настаўнікам, якія адкрывалі бел. школы. У 1918 прадстаўнікі хаўрусу ўваходзілі ў склад Рады БНР. У перыяд польскай акупацыі (1919—20) хаўрус процідзейнічаў спробам улад абмежаваць нац. правы беларусаў у галіне асветы.

С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 438

БЕЛАРУ́СКІ ВЫДАВЕ́ЦКА-МАСТА́ЦКІ КЛУБ «ПАГО́НЯ» ў Таронта,

грамадска-культурная арг-цыя бел. эмігрантаў. Засн. ў студз. 1967 ініцыятыўнай групай беларусаў у г. Таронта (Канада). Членамі клуба з’яўляюцца эмігранты-суайчыннікі, а таксама прадстаўнікі Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Францыі. Мэта — пашырэнне бел. культуры сярод сародзічаў, прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцяў. Пры фін. падтрымцы клуба выходзяць кнігі на бел. і англ. мовах, пласцінкі з бел. песнямі і музыкай, выкананы насценныя гербы, нагрудныя значкі з выявай «Пагоні». Выдае бібліягр. каталогі, арганізуе выстаўкі.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 438

БЕЛАРУ́СКІ ГАЗАПЕРАПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1972—76 за 23 км на ПдЗ ад г. Рэчыца Гомельскай вобласці. Перапрацоўвае спадарожны газ з нафтавых радовішчаў Беларусі. З 1972 у ВА «Саюзнафтагазаперапрацоўка», з 1983 у ВА «Укрнафтагазаперапрацоўка», з 1987 у ВА «Беларусьнафта». У 1982 рэканструяваны. У 1995 пушчана 1-я чарга тэхнал. устаноўкі па вытв-сці вуглевадародных прапелентаў — заменнікаў фрэону. Асн. прадукцыя (1995): сухі газ, вадкія вуглевадародныя газы (прапан, прапан-бутанавая сумесь, бутан тэхнічны, стабільны газавы бензін).

т. 2, с. 438

«БЕЛАРУ́СКІ ГАЙ»,

бел. культурна-асветная арг-цыя ў Адэсе ў снеж. 1917 — лют. 1920. Аб’ядноўвала бел. інтэлігенцыю (у 1918 больш за 500 чл.). Мэта — клопат пра бежанцаў 1-й сусв. вайны і бел. насельніцтва ў Адэсе. Стаяла на паліт. платформе партыі бел. эсэраў, выступала за нац.-дзярж. самавызначэнне бел. народа. Выдавала газ. «Белорусы в Одессе». «Беларускі гай» прыняў рэзалюцыі ў падтрымку рэвалюцыі, за ўтварэнне краёвага ўрада Беларусі і яе федэратыўны саюз з Расіяй (28.1.1918), рэзалюцыю-пратэст супраць разгону 17.12.1917 кіраўніцтвам Зах. вобласці і фронту Усебел. з’езда ў Мінску (3.3.1918), супраць умоў Брэсцкага мірнага дагавору (7.4.1918). 19.3.1918 на аб’яднаным пасяджэнні рады «Беларускага гаю» і Бел. вайсковай рады створана Бел. нац. рада для абароны інтарэсаў беларусаў у Адэсе і яе ваколіцах. Рада выбрала Бел. нац. камісарыят, у які ўвайшлі Я.​Трафімаў, С.​М.​Некрашэвіч, А.​В.​Баліцкі, Г.​Я.​Козел, П.​Н.​Гудзень, П.​В.​Ільючонак, С.​А.​Янушкевіч, А.​Ф.​Ляжневіч, І.​І.​Мацюкевіч, П.​Пячонкін.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 2, с. 438

БЕЛАРУ́СКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ МАСІ́Ў,

у цэнтральнай і зах. частках Беларусі. Прымеркаваны да Беларускай антэклізы. Мяжуе на ПнЗ з Прыбалтыйскім, на У з Аршанскім, на Пд з Прыпяцкім, на З з Брэсцкім гідрагеалагічнымі басейнамі. Ваданосныя гарызонты ў пародах крышт. фундамента і асадкавых адкладах платформавага чахла. Магутнасць зоны актыўнага водаабмену 350—400 м. Яна адпавядае прыўзнятай частцы масіву. Воды прэсныя, гідракарбанатныя кальцыевыя, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў грунтавых водаў (часам самавыліваюцца). Мінералізацыя 0,1—0,6 г/л. Да схілаў масіву прымеркавана зона запаволенага водаабмену, дзе воды саланаватыя, сульфатна-хларыдныя натрыевыя і хларыдныя натрыевыя, мінералізацыя ад 1,5—2,9 г/л да 28,4 г/л, нярэдка са значнай колькасцю брому і фтору. Дэбіт свідравін ад 0,02—0,1 л/с да 16—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца для гасп. і пітнога водазабеспячэння, мінеральныя — для лячэбна-прафілактычных мэтаў у санаторыях («Нарач», «Аксакаўшчына», «Крыніца» і інш.) і для разліву (з-ды ў Мінску, Маладзечне і інш.).

М.​С.​Капора.

т. 2, с. 438

«БЕЛАРУ́СКІ ГІСТАРЫ́ЧНЫ АГЛЯ́Д»,

навукова-гістарычны часопіс. Выходзіць з 1994 у Мінску на бел. мове 2 разы на год. Друкуюцца арыгінальныя і перакладныя артыкулы, дакументы, рэцэнзіі. Публікацыі прысвечаны ў асн. этнічнай гісторыі, метадалогіі гіст. навукі.

т. 2, с. 438

«БЕЛАРУ́СКІ ГІСТАРЫ́ЧНЫ ЧАСО́ПІС»,

штоквартальны навуковы, навукова-метадычны ілюстраваны часопіс. Выходзіць з 1993 у Мінску на бел. мове. Асвятляе пытанні гісторыі Беларусі, усеаг. гісторыі. Друкуе навук. і метадычныя матэрыялы ў дапамогу настаўнікам, студэнтам і вучням, тэксты падручнікаў, камп’ютэрныя навуч. праграмы, паведамляе пра навук. канферэнцыі, новыя выданні кніг, падручнікаў, метадычнай л-ры па гісторыі. Садзейнічае працэсу нац. адраджэння, вывучэнню гісторыі Беларусі і прапагандзе гіст. ведаў. Асн. рубрыкі: «З аграрнай гісторыі», «З ваеннай гісторыі», «З гісторыі дыпламатыі», «Усеагульная гісторыя», «Беларусы ў свеце», «Беларусазнаўства», «Імёны вядомыя і невядомыя», «З гісторыі партый і рухаў» і інш.

В.​Ф.​Кушнер, С.​В.​Таляронак.

т. 2, с. 438

«БЕЛАРУ́СКІ ГО́ЛАС»,

штотыднёвая газета. Выдавалася ў 1942—44 у Вільні на бел. мове лацінкай пад кантролем герм. акупац. улад. Рэдактар Ф.​Аляхновіч. Асвятляла становішча на франтах, міжнар. адносіны. У рубрыках «З усіх куткоў Беларусі», «З беларускага жыцця ў Вільні», «Беларускае жыццё ў Латвіі», «Беларусы на чужыне» і інш. інфармавала пра бел. нац.-культ. жыццё, усхваляла культуртрэгерскую дзейнасць акупантаў, друкавала прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі. Змяшчала нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, агляды бел. прэсы, эканомікі, антысав. публіцыстыку. Выйшлі 122 нумары.

С.​У.​Жумар.

т. 2, с. 439