Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРО́НЧЫК Юдзіф Самойлаўна

(19.12.1908, Мінск — 3.6.1993),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1938). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926, яўр. секцыя). Працавала ў Дзярж. яўр. т-ры БССР (да 1949). У 1950—56 у Т-ры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе. У 1970—90 маст. кіраўнік Мінскага нар. т-ра мімікі і жэсту Бел. рэсп. т-ва глухіх. Мастацтва Арончыка вызначалася разнастайнасцю фарбаў у абмалёўцы характараў, глыбокім пранікненнем у псіхалогію персанажаў. З лепшых роляў: Вера Паўлаўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Антаніна Цімафееўна («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Голда («Тэўе-малочнік» паводле Шолам-Алейхема), Лаўрэнсія («Фуэнтэ Авехуна» Лопэ дэ Вэгі), Мірандаліна («Карчмарка» К.Гальдоні).

т. 1, с. 502

АРО́СКА

(Orozco) Хасе Клементэ (23.11.1883, г. Сапатлан, Мексіка — 7.9.1949),

мексіканскі жывапісец. Адзін з заснавальнікаў нац. школы манум. жывапісу. У 1908—14 вучыўся ў АМ у Мехіка. Удзельнік мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. У 1917—19 і 1927—34 жыў у ЗША. Аўтар серыі акварэляў «Мексіка ў рэвалюцыі» (1913—17), карцін, кніжных ілюстрацый, манум. размалёвак: фрэскі ў Нац. падрыхтоўчай школе ў Мехіка (1922—27), «Праметэй» у Памона-коледжы ў Клермонце ў Каліфорніі, ЗША (1930), капэлы ў Піядалаяры, шпіталі Каваньяса ў Гвадалахары (абодва 1938—39) і інш.

Літ.:

Костеневич А. Х.К.Ороско. Л., 1969.

т. 1, с. 502

АРО́ТАВАЯ КІСЛАТА́

(ад грэч. oros малодзіва),

вітамін B13, 2,4-дыоксіпірамідзін-6-карбонавая кіслата. Прысутнічае ў тканках жывёл, раслін і мікраарганізмах; стымулюе рост. Папярэднік пірымідзінавых асноў, неабходных для біясінтэзу нуклеінавых кіслот, сінтэзуецца з аспарагінавай кіслаты і карбамілфасфату. Вылучана ў 1905 з каровінага малака, выяўлена ў малацэ інш. жывёл і жаночым, шмат у дражджах і печані. Каліевую соль аротавай кіслаты выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 1, с. 502

АРО́ЧКА Мікола

(Мікалай Мікалаевіч; н. 10.12.1930, в. Вецявічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт, літ.-знавец, крытык, празаік, перакладчык. Д-р філал. н. (1981). Скончыў БДУ (1956). З 1966 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1949. Першы зб. паэзіі «Не ўсе лугі пакошаны...» (1958). У паэзіі Арочкі спалучаюцца лірызм, задушэўнасць інтанацый, роздум пра мінулае Бацькаўшчыны, трагізм вайны, што апаліла маленства паэта, складаныя праблемы сучаснасці (зб. «Ветраломная паласа», 1962; «Крылатае семя», 1967; «Кветкі бяссмертніка», 1972; «Матчына жыта», 1978; «Падземныя замкі», 1986). Адрадзіў ў сучаснай бел. л-ры жанр драм. паэмы («Курганне», 1980; «Крэва», 1982; «Шляхі і краты», 1984; «Судны дзень Скарыны», 1991). Аўтар аповесці «Хай расце маладая таполя» (1963), зб. вершаў для дзяцей «У птушынай вёсцы» (1964). Даследуе сучасную бел. паэзію, жанр паэмы, літ. ўзаемасувязі (кн. «Валянцін Таўлай», 1969; «Сучасная беларуская паэзія», 1976; «Беларуская савецкая паэма», 1979; «Максім Танк», 1984; «Пад высокай зоркай: Паэзія М.Ю.Лермантава ў творчым лёсе Аркадзя Куляшова», 1990).

Тв.:

Колас на ржышчы: Выбр. Мн., 1980;

Памяць зярнятаў: Выбр. Мн., 1991.

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 502

АРПА́,

Усходні Арпачай, рака ў Арменіі і Нахічэванскай Рэспубліцы, левы прыток Аракса. Даўж. 128 км, пл. бас. 2630 км². Пачынаецца на схілах Зангезурскага хрыбта, у сярэдняй ч. цячэ па міжгорнай катлавіне. Сярэдні расход вады 11,5 м³/с (каля г.п. Ехенадзор, Арменія). Выкарыстоўваецца на арашэнне, таму летам воды Арпы не даходзяць да р. Аракс. Для перакіду водаў Арпы ў воз. Севан пабудаваны тунэль (48,6 км). У вярхоўях Арпы курорт Джэрмук.

т. 1, с. 503

АРПА́ДЫ,

Арпадавічы, княжацка-каралеўская дынастыя ў Венгрыі [889—1301]. Правілі ў перыяд фарміравання феад. адносін і пачатку феад. раздробленасці. Заснавальнік дынастыі Арпад (Arpad) [889—907]. Найб. вядомыя прадстаўнікі: Іштван [997—1038, з 1000 першы кароль Венг. каралеўства Іштван І Святы], каралі Ласла I Святы [1077—95], Бела IV [1235—70].

т. 1, с. 503

АРСЕ́Н,

Арсен Адзелашвілі (? — 1843), удзельнік сялянскага руху ў Грузіі ў 1-й пал. 19 ст. Адабраныя ў багацеяў каштоўнасці і маёмасць ён раздаваў беднякам, за што набыў павагу прыгнечанага народа. Яму прысвечана груз. нар. паэма «Песня пра Арсена» (створана ў 1840-я г., апубл. ў 1872). Яго вобраз як нар. героя ўвасоблены ў творчасці многіх пісьменнікаў, адлюстраваны ў драматургіі і кіно.

т. 1, с. 503

АРСЕНА́Л

(франц. arsenal),

установа для захоўвання ваеннай зброі і боепрыпасаў. Узніклі ў 16 ст. Да канца 19 ст. займаліся таксама вырабам, рамонтам і зборкай узбраення і боепрыпасаў. У Расіі гал. арасеналы былі ў Маскве, Пецярбургу, у Англіі — у Вуліджы, у Францыі — у Ліёне, у Германіі — у Мюнхене, у Італіі — у Турыне, у ЗША — у Спрынгфілдзе. У 20 ст., калі вытв-сць зброі была вылучана ў самастойную галіну прам-сці, арсеналы сталі выконваць функцыі базаў і складоў рознага прызначэння. У Францыі і ЗША арсеналамі наз. некаторыя суднабуд. заводы.

На Беларусі арсеналы (цэйхгаузы) будавалі ў вял. замках, абарончых вузлах гарадоў, сядзібна-палацавых комплексах. У мураваных або драўляных 1- або 2-павярховых будынках вылучаліся памяшканні, дзе захоўваліся гарматы, ручныя стрэльбы, халодная зброя, запасы пораху, ядраў, куль і інш. У 17—18 ст. арсеналы існавалі ў Слуцку, Крычаве, Бабруйску і інш. гарадах, у 19 ст. — у Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцях.

т. 1, с. 503

АРСЕНАПІРЫ́Т

(ад лац. arsenicum + пірыт),

мыш’яковы калчадан, мінерал класа сульфідаў FeAsS. Прымесі кобальту, нікелю, золата і інш. Крышталізуецца ў манакліннай або трыкліннай сінганіі. Утварае прызматычныя крышталі, зросткі, зярністыя і інш. агрэгаты. Колер алавяна-белы. Бляск металічны. Цв, 5,6—6 г/см³. Шчыльн. 5,9—6,3 г/см³. Тыповы мінерал гідратэрмальных (у т. л. часта залатаносных), радзей пегматытавых і кантактава-метасаматычных радовішчаў. Руда мыш’яку, іншы раз кобальту і золата.

т. 1, с. 503

АРСЕНА́ТЫ,

солі ортамыш’яковай кіслаты H3AsO4. Арсенаты шчолачных металаў і аміяку раствараюцца ў вадзе. Атрымліваюць растварэннем аксіду мыш’яку (As2O5) у шчолачах. Арсенаты цяжкіх металаў атрымліваюць узаемадзеяннем расвораў іх соляў з арсенатаў шчолачных металаў. Выкарыстоўваюць як інсектыцыды, антысептыкі для прамочвання драўніны, кампаненты люмінафораў, п’еза- і сегнетаэлектрыкі. Водарастваральныя арсенаты — моцныя яды.

т. 1, с. 503