сукупнасць макраскапічных цел, якія ўзаемадзейнічаюць (абменьваюцца энергіяй і рэчывам) паміж сабой і з інш. целамі (навакольным асяроддзем). Бывае адкрытая (абменьваецца энергіяй і рэчывам з навакольным асяроддзем), закрытая (без абмену рэчывам), адыябатная (без цеплаабмену) і ізаляваная (без цеплаабмену і абмену рэчывам). Уласцівасці раўнаважных Т.с. вывучае тэрмадынаміка раўнаважных працэсаў, нераўнаважных — тэрмадынаміка нераўнаважных працэсаў.
Складаецца з вял. колькасці структурных адзінак (атамаў, малекул і інш.), што дае магчымасць кожную яе макраскапічную частку таксама лічыць Т.с. і характарызаваць макраскапічнымі параметрамі (шчыльнасцю, ціскам, канцэнтрацыяй, хім. саставам, аб’ёмам і інш.). Т.с. знаходзіцца ў раўнавазе (гл.Раўнавага тэрмадынамічная), калі яе параметры не мяняюцца з цягам часу і ў сістэме адсутнічаюць стацыянарныя патокі цеплаты, рэчыва і інш. Для раўнаважных Т.с. уводзіцца паняцце тэмпературы як параметра стану, і яна мае аднолькавае значэнне для ўсіх макраскапічных частак сістэмы. Лік незалежных параметраў стану роўны ліку ступеней свабоды, астатнія параметры звязаны з незалежнымі з дапамогай ураўнення стану. Т.с. можа быць фіз. аднароднай (гл.Гамагенная сістэма) і неаднароднай (гл.Гетэрагенная сістэма). У выніку фазавых і хім. пераўтварэнняў (гл.Фазавыя пераходы) гетэрагенная Т.с. можа стаць гамагеннай і наадварот.
адна з тэмпературных шкал, якая грунтуецца на другім законе тэрмадынамікі і добра ўзнаўляецца. Прапанавана У.Томсанам (лордам Кельвінам). Т-ра ў гэтай шкале (абсалютная тэмпература) вымяраецца ў кельвінах.
Вызначаецца на аснове ідэальнага Карно цыкла: калі рабочае цела, якое ажыццяўляе цыкл, атрымлівае цеплату Q1 пры т-ры T1 і аддае цеплату Q2 пры т-ры T2, то суадносіны Q1/Q2 = T1/T2 не залежаць ад уласцівасцей тэрмаметрычнага (рабочага) цела, што дазваляе па суадносінах вымераных колькасцей цеплаты ўстанаўліваць адносныя змены т-ры. Для вызначэння абсалютных значэнняў т-ры ўстанаўліваюць асн. інтэрвал т-р (велічыню градуса). Першасна асн. інтэрвал Т.т.ш. супадаў з асн. інтэрвалам Цэльсія шкалы і градус быў роўны 0,01 гэтага інтэрвалу. У 1968 13-я Генеральная канферэнцыя па мерах і вагах устанавіла Т.т.ш. з адзіным рэперным пунктам — трайным пунктам вады (273,16 К дакладна), дзе 1 К прыняты роўным 1/273,16 тэрмадынамічнай т-ры трайнога пункта. Т.т.ш. рэалізуецца з дапамогай працэсаў, звязаных з тэрмадынамічнай т-рай: у шырокім дыяпазоне т-ра вымяраецца з дапамогай газавага тэрмометра, нізкія т-ры вызначаюць паводле тэмпературнай залежнасці магн. успрымальнасці парамагнетыкаў, высокія — паводле інтэнсіўнасці выпрамянення абсалютна чорнага цела.
змена тэрмадынамічнага стану, якая адбываецца ў тэрмадынамічнай сістэме і звязана са зменай хаця б аднаго з параметраў стану. Адрозніваюць абарачальныя працэсы, неабарачальныя працэсы і квазістатычныя працэсы. Асобныя выпадкі Т.п.: адыябатны працэс, ізабарны працэс, ізатэрмічны працэс, ізахорны працэс і інш.
стан тэрмадынамічнай сістэмы, які ў выпадку раўнавагі тэрмадынамічнай вызначаецца пэўнымі (раўнаважнымі) значэннямі параметраў стану. Нераўнаважны Т.с. характарызуецца наяўнасцю ў дадзенай сістэме перападаў (градыентаў) т-ры, канцэнтрацыі ці інш.фіз. велічынь (параметраў стану).
перанос кампанентаў асяроддзя (газавай сумесі ці раствору), абумоўлены градыентам т-ры асяроддзя. Пры пастаяннай рознасці т-р у выніку Т. ўзнікае градыент канцэнтрацыі кампанентаў рэчыва, што выклікае дыфузію гэтых кампанентаў у адваротным напрамку. У стацыянарных умовах тэрмадыфузійныя патокі ўраўнаважваюцца дыфузійнымі і ў аб’ёме рэчыва ўзнікае пастаянная рознасць канцэнтрацый, што выкарыстоўваецца для раздзялення ізатопаў.
Саланікскі заліў, у Эгейскім м., каля берагоў Грэцыі, паміж мацерыком і п-вам Халкідыкі. Даўж. 160 км, шыр. каля ўвахода да 90 км, глыб. ў сярэдняй ч. да 180 м. Упадаюць рэкі Вардар, Піньёс. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Порт—Салонікі.
атрыманне копій дакументаў на тэрмаадчувальных матэрыялах, якія пад уздзеяннем цяпла (інфрачырвонага выпрамянення) мяняюць свой стан. Копіі вырабляюць у тэрмакапіравальных апаратах з графічных і тэкставых арыгіналаў, выкананых тушшу, чорным алоўкам, надрукаваных на пішучай машынцы або друкарскім спосабам.
Пры прамым Т. светлыя ўчасткі арыгінала (прабелы) адбіваюць большую частку інфрачырвоных прамянёў, якімі абпраменьваецца арыгінал, а цёмныя ўчасткі (элементы відарыса) паглынаюць прамяні і награваюцца. Цяпло нагрэтых элементаў выклікае ў прыкладзенай да арыгінала тэрмаадчувальнай паперы хім. рэакцыю, у выніку якой папера цямнее ў месцах, адпаведных відарысу (утвараецца кантрастнае цёмнае рэчыва). Пры ўскосным Т. адчувальны слой тэрмапластычнай плёнкі (ці тэрмакапіравальнай паперы) пад уздзеяннем цяпла расплаўляецца і пераносіцца на носьбіт копіі. Т. вызначаецца хуткасцю (працягласць капіравання каля 5 с) і прастатой працэсу; недахопы — недастатковыя выразнасць і працягласць захоўвання копій.
утварэнне прасадачных форм рэльефу і падземных пустот у пластах горных парод у выніку раставання падземнага лёду або адтайвання грунту пры павышэнні сярэднегадавой т-ры паветра. Пры Т. ўтвараюцца катлавіны з тэрмакарставымі азёрамі, аласы, западзіны, сподкі, правалы і падземныя поласці (гроты, нішы, ямы). Пашыраны ў зоне вечнай мерзлаты, зрэдку трапляецца ў раёнах з сезонным прамярзаннем глеб і грунтоў; характэрны пераважна для пераўвільготненых рэгіёнаў, дзе шмат азёр і балот.
падземныя воды з т-рай ад 20 °C і вышэй. Награваюцца за кошт цяпла глыбокіх зон зямной кары. У залежнасці ад т-ры падзяляюцца на нізкатэрмальныя — цёплыя (20—40 °C) і гарачыя (40—70 °C); высокатэрмальныя — вельмі гарачыя (70—100 °C), перагрэтыя (100—375 °C) і надкрытычныя (вышэй за 375 °C). Паводле хім. саставу вады — ад прэсных і саланаватых гідракарбанатных, гідракарбанатнасульфатных, кальцыевых і натрыевых да салёных і расольных хларыдных, хларыдна-натрыевых, кальцыева-натрыевых, серавадародных і метанавых. У горных краінах (Альпы, Каўказ, Цянь-Шань, Памір) Т.в. выходзяць на паверхню ў выглядзе шматлікіх гарачых крыніц, у раёнах сучаснага вулканізму (Камчатка, Ісландыя) — у выглядзе гейзераў і паравадзяных струменяў. Выкарыстоўваюцца ў бальнеалогіі, таксама для ацяплення і энергет. установак. На Беларусі выяўлены ў Прыпяцкім прагіне (на глыб. 1,5—5 тыс.м), Брэсцкай і Аршанскай упадзінах (на глыб. 200—600 м).