атрыманне копій дакументаў на тэрмаадчувальных матэрыялах, якія пад уздзеяннем цяпла (інфрачырвонага выпрамянення) мяняюць свой стан. Копіі вырабляюць у тэрмакапіравальных апаратах з графічных і тэкставых арыгіналаў, выкананых тушшу, чорным алоўкам, надрукаваных на пішучай машынцы або друкарскім спосабам.
Пры прамым Т. светлыя ўчасткі арыгінала (прабелы) адбіваюць большую частку інфрачырвоных прамянёў, якімі абпраменьваецца арыгінал, а цёмныя ўчасткі (элементы відарыса) паглынаюць прамяні і награваюцца. Цяпло нагрэтых элементаў выклікае ў прыкладзенай да арыгінала тэрмаадчувальнай паперы хім. рэакцыю, у выніку якой папера цямнее ў месцах, адпаведных відарысу (утвараецца кантрастнае цёмнае рэчыва). Пры ўскосным Т. адчувальны слой тэрмапластычнай плёнкі (ці тэрмакапіравальнай паперы) пад уздзеяннем цяпла расплаўляецца і пераносіцца на носьбіт копіі. Т. вызначаецца хуткасцю (працягласць капіравання каля 5 с) і прастатой працэсу; недахопы — недастатковыя выразнасць і працягласць захоўвання копій.