Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАКНО́,

возера ў Гродзенскім р-не, у бас. р. Бярвенка, за 27 км на У ад Гродна. Пл. 0,45 км2, даўж. 1,8 км, найб. шыр. 340 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Схілы катлавіны выш. 5—8 м (на Пд да 2 м), параслі лесам, на 3 месцамі разараныя. Берагі на Пд нізкія, забалочаныя. Востраў пл. 0,3 га. Дно амаль поўнасцю выслана сапрапелем, каля берагоў пясчанае. Злучана ручаём з воз. Можнева (на ПнУ), на Пд выцякае ручай Лакніца ў р. Бярвенка.

т. 9, с. 108

ЛАКО́ТКА Аляксандр Іванавіч

(н. 25.1.1955, в. Кузьмічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. архітэктар, этнограф. Д-р гіст. н. (1993). Скончыў БПІ (1977). З 1978 працаваў у Бел. дзярж. музеі нар. архітэктуры і побыту (у 1989—95 нам. дырэктара), з 1982 у Бел. рэстаўрацыйна-праектным ін-це, з 1995 заг. аддзела архітэктуры і нам. дырэктара Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Аўтар і кіраўнік шматлікіх праектаў рэстаўрацыі помнікаў драўлянай архітэктуры. Навук. працы па гісторыі бел. архітэктуры. Аўтар кніг «Беларускае народнае дойлідства», «Сілуэты старога Мінска: Нарысы драўлянай архітэктуры» (абедзве 1991), «Бераг вандраванняў, ці Адкуль у Беларусі мячэці» (1994) і інш.

Тв.:

Пад стрэхамі прашчураў. Мн., 1995;

Дойлідства. Мн., 1997. (Беларусы. Т. 2.);

Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.

С.А.Сергачоў.

т. 9, с. 108

ЛАКРЫМА́ТАРЫ

(ад лац. lacrima сляза),

слёзатачывыя атрутныя рэчывы Раздражняюць слізістыя абалонкі вачэй і выклікаюць нястрымнае слёзацячэнне. Да Л. адносяцца бромбензілцыянід, хлорацэтафенон, хлорпікрын і інш.

т. 9, с. 108

ЛАКРЫ́ЧНІК,

кветкавая расліна, тое, што салодка.

т. 9, с. 108

ЛА́КСМАН Эрык

(Кірыл) Густавіч (7.8.1737, г. Саванліна, Фінляндыя — 16.1.1796),

натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1770). Вучыўся ва ун-це г. Турку (Аба) у Фінляндыі. З 1762 у Расіі. Праводзіў даследаванні ў галіне мінералогіі, біялогіі, хіміі. Падарожнічаў па Алтаі і Усх. Сібіры. Прапанаваў новую тэхналогію шкларобства, спосаб атрымання кухоннай соды, апублікаваў даследаванні па тэхналогіі салетры, соды, галыну. Адкрыў новыя мінералы (байкаліт, вілюіт), знайшоў радовішчы лазурыту, цыркону і інш., сабраў багатыя калекцыі мінералаў, насякомых, гербарыі.

т. 9, с. 108

ЛА́КСНЕС (Laxness; сапр. Гудзьёўнсан; Guðjónsson) Хальдаўр Кільян

(23.4.1902, Рэйк’явік —8.2.1998),

ісландскі пісьменнік. Дэбютаваў раманам «Дзіця прыроды» (1919). У 1919—24 падарожнічаў па Еўропе. Вынік яго духоўных пошукаў — раман «Каля Святой гары» (1924). Паступовы адыход ад рэлігійнасці ў філас. рамане «Вялікі ткач з Кашміра» (1927). У 1927—29 жыў у ЗША і Канадзе, пазней наведаў СССР.

Яго светапогляд эвалюцыяніраваў да сацыяліст. ідэй: раманы «Салка Валка» (т. 1—2, 1931—32), «Самастойныя людзі» (т. 1—2, 1934—35), кнігі эсэ і публіцыстыкі «Шлях на Усход» (1933) і «Руская казка» (1938). У рамане «Святло свету» (т. 1—4, 1937—40) пошукі гармоніі паміж рэалізмам і ідэалізмам. Аўтар раманаў: гіст. «Ісландскі звон» (т. 1—3, 1943—46), патрыят. і антываен. «Атамная база» (1948), «Герпла» (1952), «Летапіс хутара Брэкукат» (1957), п’есы «Срэбны месяц» (паст. 1954). З 1960-х г. у яго творах схільнасць да эксперым. форм, шырокае ўжыванне сімволікі, гратэску: раманы «Вернугы рай» (1960), «Хрысціянская апека пад ледавіком» (1968), «Вымольванне Божых дароў» (1972), аўтабіягр. трылогія («На лужку каля роднай хаты», 1975, «Я быў малады», 1976; «Гісторыя сямі мудрацоў», 1978), зб. навел «Буквар з сямі літар» (1964), драмы «Банкет са смажанымі галубамі» (1966) і інш. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклаў І.Пташнікаў. Нобелеўская прэмія 1955.

Тв.:

Бел. пер. — Атамная база. Мн., 1991;

Рус. пер. — Салка Валка. 2 изд. Л., 1985;

Самостоятельные люди. Исландский колокол. М., 1977;

Свет мира. М., 1994.

Літ.:

Крымова Н., Погодин А. Халлдор Лакснесс. М., 1970.

Л.П.Баршчэўскі.

Х.Лакснес.

т. 9, с. 108

ЛАКТАБАЦЫ́ЛЫ

(Lactobacillus),

род малочнакіслых бактэрый сям. лактабацылавых. Уключаюць віды, што ажыццяўляюць гомаферментатыўнае (утвараюць пераважна малочную к-ту) або гетэраферментатыўнае (утвараюць таксама воцатную к-ту, спірты, эфіры) малочнакіслае браджэнне. Трапляюцца ў малочных, мясных і раслінных прадуктах, паразітуюць у ротавай поласці, кішэчным і мочапалавым трактах многіх цеплакроўных жывёл.

Клеткі палачкападобнай формы, даўж. 0,7—8 мкм, размешчаныя паасобку або ў выглядзе кароткіх ланцужкоў. Нерухомыя, грамстаноўчыя. Факультатыўныя анаэробы. Некат. віды выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кісламалочных прадуктаў, сыроў, пры хлебапячэнні, квашанні агародніны, сіласаванні кармоў і інш. Звычайна непатагенныя.

т. 9, с. 109

ЛАКТАГЕ́ННЫ ГАРМО́Н,

тое, што пралактын.

т. 9, с. 109

ЛАКТА́МЫ,

арганічныя рэчывы; унутраныя цыклічныя аміды амінакіслот. Маюць у цыкле групоўку —C(O)—NR— (R — атам вадароду Н ці арган. радыкал). Паводле колькасці атамаў у цыкле адрозніваюць α-Л. (3 атамы), β-Л. (4 атамы), γ-Л. (5 атамаў) і г.д. Л.крышт. рэчывы. Добра раствараюцца ў вадзе і арган. растваральніках (гл. Капралактам). Паводле хім. уласцівасцей падобныя да амідаў карбонавых кіслот. Многія Л. — біялагічна актыўныя рэчывы (напр., β-Л. ўваходзяць у састаў лактамных антыбіётыкаў, у прыватнасці пеніцылінаў). У прам-сці выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці поліамідных валокнаў.

т. 9, с. 109

ЛАКТАТДЭГІДРАГЕНА́ЗА

(ЛДГ),

фермент вугляводнага абмену, які каталізуе найважнейшую рэакцыю гліколізу — узаемапераўтварэнне піравінаграднай і малочнай кіслот. Адносіцца да ферментаў класа аксідарэдуктаз. Актыўнасць Л. ў сываратцы крыві і адноснае ўтрыманне яе ізаферментаў з’яўляюцца дыягнастычнымі тэстамі пры інфаркце міякарда, парэнхіматозным гепатыце, лейкозах і інш.

т. 9, с. 109