Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАГІЦЫ́ЗМ,

кірунак у асновах матэматыкі, у якім зыходныя паняцці матэматыкі зводзяцца да паняццяў логікі. Ідэі Л. прапанаваны Г.В.Лейбніцам. У сістэматызаваным выглядзе выкладзены Г.Фрэге ў кн. «Асноўныя законы арыфметыкі» (т. 1—2, 1893—1903). Ён прапанаваў звядзенне асноўнага для матэматыкі паняцця натуральнага ліку да аб’ёмаў паняццяў і распрацаваў лагічную сістэму, сродкамі якой можна было даказаць усе тэарэмы арыфметыкі. Дактрына Л. развіта Б.Раселам, які выявіў у сістэме Фрэге супярэчнасць («парадокс Расел», гл. Парадокс). У кн. «Прынцыпы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13) Расел і А.Н.Уайтхед прапанавалі т.зв. тэорыю тыпаў, у якой парадоксаў можна пазбегнуць пры дапамозе спец. іерархіі паняццяў. У далейшым К.Гёдэль паказаў, што сістэмы Л. няпоўныя, іх сродкамі можна сфармуляваць змястоўна правільныя, але не вырашальныя матэм. сцвярджэнні (сцвярджэнні, якія нельга даказаць і нельга абвергнуць). Сістэмы Л. садзейнічалі фарміраванню і ўдакладненню важнейшых логіка-матэм. ідэй, зрабілі значны ўплыў на развіццё матэматычнай логікі і навукі.

В.М.Пешкаў.

т. 9, с. 89

ЛАГІ́ЧНАЕ І ГІСТАРЫ́ЧНАЕ,

гл. Гістарычнае і лагічнае.

т. 9, с. 89

ЛАГІ́ЧНЫ АТАМІ́ЗМ,

вучэнне аб рэчаіснасці, паводле якога свет уяўляе сабой сукупнасць толькі знешне звязаных паміж сабой атамарных (якія не маюць састаўных частак) фактаў. Распрацавана Б.Раселам і Л.Вітгенштэйнам у пач. 20 ст. Тэарэт. вытокі Л.а. — неэўклідава геаметрыя, матэматыка, розныя сістэмы фармальнай логікі. Праграма Л.а. прадугледжвала пабудову «лагічна дасканалай мовы» на ўзор лагічнай мовы. Сутнасць пераўтварэнняў у адносінах да мовы зводзілася да распрацоўкі элементарных, простых, далей не раскладальных у сэнсавых адносінах сказаў — своеасаблівых «атамаў» мовы, сапраўднасць якіх можна было б лёгка пацвердзіць эмпірычным шляхам. Распрацоўкі Л.а. былі выкарыстаны Венскім гуртком, адыгралі пазітыўную ролю ў развіцці логікі.

Літ.:

Козлова М.С. Философия и язык. М., 1972;

Современная буржуазная философия. [Ч. 2]. М., 1978.

Т.І.Адула.

т. 9, с. 89

ЛАГІ́ЧНЫ ЗАКО́Н,

любое сапраўднае лагічнае сцвярджэнне. Да Л.з. адносяцца законы логікі выказванняў (напр., закон несупярэчнасці, закон выключанага трэцяга, закон ускоснага доказу) або логікі прэдыкатаў. Напр., у выраз «няправільна, што р і не-р адначасова верныя» (закон несупярэчнасці) замест пераменнай р трэба падставіць выказванне; усе вынікі такіх падстановак уяўляюць сабой сапраўдныя выказванні (напр., «няправільна, што 11 — просты лік і разам з тым не з’яўляецца простым»). Кожная з лагічных сістэм утрымлівае бясконцае мноства Л.з. і ўяўляе сабой абстрактную знакавую мадэль, якая дае апісанне якога-н. пэўнага фрагмента або тыпу разважанняў. На фармалізаванай мове логікі ўсякі яе закон — гэта заўсёды сапраўдная, правільна пабудаваная формула; можна пабудаваць бясконцае мноства такіх формул, але Л.з. лічаць толькі тыя з іх, якія інтэрпрэтаваны на пазнаючае чалавечае мысленне. Гл. таксама Інтуіцыянізм.

В.М.Пешкаў.

т. 9, с. 89

ЛАГІ́ЧНЫ ПАЗІТЫВІ́ЗМ,

кірунак неапазітывізму, які сфарміраваўся ў 1920-я г. на базе Венскага гуртка. Яго тэарэт. вытокі ў вучэнні Э.Маха і Р.Авенарыуса аб «непасрэдна дадзеным» у вопыце суб’екта, логіка-гнасеалагічнай мадэлі ведаў Б.Расела і Л.Вітгенштэйна і інш. Адна з асн. задач Л.п. — матэматызацыя і фармалізацыя ведаў. Метад фармалізацыі прадстаўнікі Л.п. пашырылі і на філасофію, спрабуючы ачысціць яе ад метафізікі (г. зн. абстрактных, лагічна не абгрунтаваных палажэнняў) і зрабіць навуковай. Для гэтага выкарыстоўваўся т. зв. прынцып верыфікацыі (вызначэння сапраўднасці навук. сцвярджэнняў), які трактаваўся ў духу суб’ектывізму і канвенцыяналізму. У 2-й пал. 1930-х г. пасля пераезду ў ЗША асн. прадстаўнікоў Л.п. іх вучэнне часткова перагледжана, але захавала сваю суб’ектыўна-ідэалістычную сутнасць і стала больш вядома як лагічны эмпірызм. З 1960-х г. Л.п. перастаў існаваць як самастойны філас. кірунак.

Т.І.Адула.

т. 9, с. 89

ЛАГІ́ШЫН,

гарадскі пасёлак у Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Пінск—Івацэвічы. За 28 км ад горада і чыг. ст. Пінск, 203 км ад Брэста. 3 тыс. ж. (1998).

Упершыню ўпамінаецца ў 1552 у Пінскім пав. ВКЛ. У 17 ст. мястэчка, цэнтр староства; належаў Радзівілам, пазней Агінскім, Любецкім. З 1643 меў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі воўк на ласіных нагах. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Пінскага пав. Мінскай губ. У 1886 цэнтр воласці. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Пінскага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР. У 1940—62 цэнтр Лагішынскага раёна. З 27.6.1941 да 15.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне каля 2 тыс. чал. З 22.12.1959 гар. пасёлак. З 1962 у Пінскім р-не.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Лагішынская Спаса-Праабражэнская царква, Лагішынскі Петрапаўлаўскі касцёл.

т. 9, с. 89

ЛАГІ́ШЫНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ў г.п. Лагішын Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана да 1886 у рэтраспектыўна-рус. стылі на месцы уніяцкага драўлянага храма 1795. Мае 4-часткавую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю: званіца, трапезная, асн. аб’ём і апсіда. Верт. дамінанта — 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з цыбулепадобнай галоўкай. Цыбулепадобнае пяцікупалле ўвенчвае і 4-схільны дах асн. кубападобнага аб’ёму. Гал. і бакавыя ўваходы вырашаны магутнымі парталамі і апяразаны 3-лопасцевымі арачнымі нішамі. Фасады раскрапаваны прафіляванымі карнізамі з двухграннымі заломамі на бакавых плоскасцях.

А.М.Кулагін.

Лагішынская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 9, с. 90

ЛАГІ́ШЫНСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі ў г.п. Лагішын Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1907—10 на месцы мураванага касцёла, узведзенага ў 1634 па фундацыі кн. С.А.Радзівіла; з 1865 правасл. царква. Храм — мураваны, прамавугольны ў плане; да яго асн. аб’ёму па падоўжнай восі далучаны 4-ярусная шатровая званіца і 5-гранная апсіда. Сцены расчлянёны стральчатымі вокнамі-біфорыумамі і 2-ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Асіметрыю ў агульную кампазіцыю ўносяць прыбудовы да апсіды сакрысціі і гранёнай вежы да званіцы. Уваход вырашаны стральчатым парталам з вімпергам. Дэкар.-маст. акцэнт інтэр’ера — драўляны алтар, антаблемент якога фланкіруюць пазалочаныя анёлы. У касцёле знаходзіцца абраз Маці Божай Лагішынскай.

А.М.Кулагін.

Лагішынскі Петрапаўлаўскі касцёл.

т. 9, с. 90

ЛАГІ́ШЫНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у складзе Пінскай, з 8.1.1954 Брэсцкай абласцей. Цэнтр — г.п. Лагішын. Пл. раёна 1,1 тыс. км2 (1941). У 1940 падзелены на 11 сельсаветаў. 25.12.1962 Л.р. скасаваны, тэрыторыя далучана да Пінскага раёна.

т. 9, с. 90

ЛАГО́ЖСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства Полацкай зямлі ў 12—15 ст.

Цэнтр — г. Лагожск (сучасны г. Лагойск Мінскай вобл.). Магчыма, ’першым уладальнікам Л.к. ў 1127 быў кн. Брачыслаў. Непасрэдна лагожскімі князямі Іпацьеўскі летапіс называе Усяслава Мікуліча (1180) і Васільку Валадаравіча. Верагодна, Л.к. было адным з удзелаў Мінскага княства. Не пазней як у 1-й пал. 14 ст. княства ўвайшло ў ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. належала Войшвілу (паводле адной з версій — сыну Кейстута). У 1387 вял. кн. Ягайла аддаў Л.к. разам з Трокскім і Полацкім княствамі свайму брату Скіргайлу, які фактычна быў яго намеснікам у ВКЛ. У 1392 Ягайла вымушаны быў перадаць уладу ў ВКЛ Вітаўту, які пачаў раздаваць асобныя маёнткі Л.к.: Ганявічы і Корань у 1395 — віленскаму біскупству, Гасцілавічы — віленскаму ваяводу Войцеху Манівіду (у 1407 пацверджаны навечна); Коцалі ў канцы 14 ст. — новаўтворанаму касцёлу ў Гайне. Магчыма, да Л.к. належала і Харэцкая воласць у вярхоўях р. Бярэзіна, раздача якой у прыватную уласнасць адбывалася адначасова. Не пазней як у 1-й пал. 15 ст. з Л.к. вылучыліся маёнткі Астрошыцы, Зазер’е і, верагодна, Смалявічы, якія належалі пану Судзімонту Доргевічу. Пасля смерці апошняга (1448) спадчыннае права на гэтыя маёнткі пацверджана яго сыну Алехну. У сярэдзіне 15 ст. ад Л.к. заставалася невял. частка з Лагойскам і Гайнай, якая належала кіеўскаму кн. Алельку Уладзіміравічу, а з 1455 — яго малодшаму брату Андрэю. Пасля смерці Андрэя ў 1457 Гайна пакінута ва ўласнасці яго нашчадкаў, а Лагойск вернуты вял. князю і ў 1460 нанова падараваны кн. Аляксандру Чартарыйскаму на правах звычайнага маёнтка.

В.Л.Насевіч.

т. 9, с. 90