БЕНЗАРАЗДА́ТАЧНАЯ КАЛО́НКА,
помпавая ўстаноўка для водпуску бензіну і інш. відаў вадкага аўтамаб. паліва на аўтазаправачных станцыях (АЗС). Злучаецца трубаправодам з паліўнымі рэзервуарамі; колькасць бензіну, што адпускаецца, адмерваецца аўтам. лічыльнікам.
Аўтаматызаваныя бензараздатачныя калонкі маюць высокапрадукцыйныя помпы з выбуховабяспечнымі электрарухавікамі, лічыльнікамі сумарнай і разавай выдачы, мех. або электрамех. дазатарамі. Сучасныя бензараздатачныя калонкі абсталяваны электроннымі прыстасаваннямі для падсумоўвання аб’ёму і кошту паліва, што адпускаецца на працягу пэўнага часу кожнаму кліенту, які мае спецыяльна закадзіраваны ключ, у гэтым выпадку запраўляць аўтамабіль можна ў любым месцы, дзе ёсць такія бензараздатачныя калонкі.
т. 3, с. 97
БЕНЗАРЭ́З,
апарат для кіслароднай рэзкі і зваркі металаў. Працуе на вадкім паліве (бензін, газа). Мае бак для паліва, гарэлку спец. канструкцыі (разак) і шлангі падачы паліва і кіслароду. У разаку паліва выпарваецца і змешваецца з кіслародам. Пры гарэнні сумесі ўтвараецца полымя, якое падаграе метал і выпарае паліва. Падагрэты метал рэжуць струменем кіслароду, які падаецца з балона пад ціскам.
т. 3, с. 97
БЕНЗІ́ЛАВЫ СПІРТ,
фенілкарбінол, C6H5CH2OH, мал. м. 108,14; бясколерная вадкасць з прыемным пахам, tкіп 205,8 °C, шчыльн. 1,04—1,05·103кг/м³, раствараецца ў этаноле і інш. арган. растваральніках. У свабодным стане і як эфіры ўваходзіць у састаў многіх эфірных алеяў і прыродных бальзамаў (напр., бензілацэтат — састаўная частка алеяў гіяцынту, язміну). Бензілавы спірт і яго эфіры — духмяныя рэчывы для парфумерыі і вытв-сці мыла, фіксатары паху, растваральнікі, кампаненты харч. эсенцый, фотаахоўныя рэчывы ў касметычных прэпаратах.
т. 3, с. 98
БЕНЗІ́Н,
прадукт перапрацоўкі нафты — сумесь вуглевадародаў рознай будовы. Бясколерная лятучая вадкасць, мае характэрны пах, tкіп 30—205 °C, шчыльн. 700—780 кг/м³, вогненебяспечны. Атрымліваюць дыстыляцыяй (прамагонны бензін), каталітычным крэкінгам газа-газойлевых і цяжкіх дыстылятных ці каталітычным рыформінгам бензінавых фракцый нафты. Асн. выкарыстанне — паліва для рухавікоў унутранага згарання. Прадпрыемствы па вытв-сці бензіну на Беларусі ёсць у Мазыры, Наваполацку.
У бензіне прамагонным 3—10% араматычных, 12—30% нафтэнавых, 60—80% нармальных парафінавых, 1—2% ненасычаных вуглевадародаў і да 0,2% серы; у бензіне крэкінгу 12—60% араматычных, 12—30% нафтэнавых, да 50% ненасычаных вуглевадародаў і да 0,2% серы; у бензіне рыформінгу ёсць араматычныя і ізапарафінавыя вуглевадароды, практычна няма ненасычаных і серы. Таварныя прадукты — сумесь бензіну з рознай сыравіны, іх маркі вызначаюцца актанавым лікам, эксплуатацыйныя ўласцівасці паляпшаюцца пры ўвядзенні алкілату, ізаактану, талуолу, некаторых прысадак (гл. таксама Антыдэтанатар). Вырабляюць бензін летні, зімовы, неэтыліраваны і этыліраваны (афарбаваны, мае да 1 мл этылавай вадкасці на 1 кг, ГДК 100 мг/м³). Бензін газавы (нафтавы) — вадкая сумесь насычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць са спадарожных газаў, якія вылучаюцца пры здабычы нафты і яе стабілізацыі, ахаладжэннем ці паглынаннем мінер. маслам з наступнай перагонкай. Газавыя бензіны дабаўляюць да інш. бензіну (у т. л. зімовага) для паляпшэння «пускавых» характарыстык. Бензін з малой колькасцю араматычных вуглевадародаў (не больш як 3%) і серы выкарыстоўваюцца як растваральнікі і прамывачныя вадкасці. Уайт-спірыт — растваральнік і экстрагент для тлушчаў, смолаў, каўчукоў; Бензін «галош» выкарыстоўваецца ў вытв-сці гумавых клеяў.
Літ.:
Гуреев А.А., Жоров Ю.М., Смидович Е.В. Производство высокооктановых бензинов. М., 1981.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 3, с. 98
БЕНЗІ́НАВЫ РУХАВІ́К,
гл. ў арт. Рухавік унутранага згарання.
т. 3, с. 98
БЕНЗІНАМАТО́РНАЯ ПІЛА́,
гл. ў арт. Ланцуговая піла.
т. 3, с. 98
БЕНЗО́ЙНАЯ КІСЛАТА́,
бензолкарбонавая кіслата, найпрасцейшая араматычная кіслата, C6H5COOH, мал. м. 122,05. Бясколерныя крышталі, tпл 122,4 °C, шчыльн. 1,316-10·3 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра ў спірце, эфіры, бензоле. Складаныя эфіры і солі бензойнай кіслаты (бензааты) ёсць у эфірных алеях (напр., гваздзіковы алей), прыродных бальзамах (талуанскі, перуанскі) і бензойнай смале. Атрымліваюць акісленнем талуолу. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў, лек. сродкаў, духмяных рэчываў, у медыцыне як процімікробны і фунгіцыдны сродак; кансервант харч. прадуктаў.
т. 3, с. 98
БЕНЗО́ЙНАЯ СМАЛА́,
росны ладан, смала стыраксавага дрэва (Styrax bensoin), што расце ў Паўд.-Усх. Азіі на Малайскім архіпелагу. Белае рэчыва, хутка цвярдзее і паступова цямнее на паветры, мае пах ванілі з вострым адценнем, т-ра размякчэння 75—90 °C, шчыльн. 1,10—1,17·103 кг/м³. Асн. кампаненты: бензойная і карычная кіслоты (30%), іх эфіры (60%), ванілін (1,5%). Выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва, фіксатар паху ў парфумерыі, антысептык у касметыцы і медыцыне.
т. 3, с. 98
БЕНЗО́ЙНЫ АЛЬДЭГІ́Д,
бензальдэгід, найпрасцейшы альдэгід араматычнага шэрагу, C6H5CHO, мал. м. 106,12. Бясколерная вадкасць з пахам горкага міндалю; tкіп 179 °C, шчыльн. 1,0477·103 кг/м³, раствараецца ў этаноле, эфіры. На паветры акісляецца да бензойнай кіслаты. Атрымліваюць каталітычным акісленнем талуолу. Ёсць у эфірных алеях (напр., пачуліевы), у насенні горкага міндалю, костачках вішні, абрыкоса, персіка. Бензойны альдэгід выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва ў парфумерыі, кампанент харч. эсенцый, сыравіна для інш. духмяных рэчываў і фарбавальнікаў.
т. 3, с. 98