БЕЛАВУ́САЎ Павел Кірылавіч
(28.8.1915, г. Такмак, Украіна — 21.11.1980),
бел. скульптар. Скончыў Варашылаўградскае маст. Вучылішча (1939). З 1960 жыў у Мінску. Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры. Творы адметныя дынамікай, пластычнасцю формы, лаканічнасцю выяўл. сродкаў. Аўтар помніка воінам Сав. Арміі і партызанам у калгасе «Камуніст» (Старадарожскі р-н Мінскай вобл., 1962); кампазіцый «Варатар» (1957), «Апошні бастыён» і «Мінчанка» (1958), «Хірург» (1962), «Салдаты, 1941 год» (1969), «Сяргей Ясенін» (1973), «Юрый Смірноў» і «А маці ўсё чакаюць» (1975); партрэтаў У.Маякоўскага (1957), А.Р.Саенкі (1975) і інш.
т. 2, с. 382
БЕЛАВУ́САЎ Уладзімір Пракопавіч
(н. 1.1.1921, в. Слабодка Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1954). У 1954—83 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў мастацкія фільмы: «Палеская легенда» (1957), «Чырвонае лісце» (1958, абодва з А.Грыгар’янцам), «Строгая жанчына» (1959), «Першыя выпрабаванні» (1960, з Ю.Булычовым), «Апавяданні пра юнацтва» (1961), «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.Дзяменцьевым), «Рагаты бастыён» (1965), «Чужое імя» (1966), «І ніхто іншы» (1968), «Таму што кахаю» (1974), «Шлюбная ноч» (1980), «Дачка камандзіра» (1981, з У.Чарнышовым), «Кантрольная па спецыяльнасці» (1982); тэлефільмы: «Побач з вамі» (1967), «Руіны страляюць...» (1973; Дзярж. прэмія Беларусі 1974), «Доўгія вёрсты вайны» (1975), «Лёгка быць добрым» (1976), «Антаніна Брагіна» (1978). Сярод жывапісных работ: «На рацэ» (1958), «На руінах» (1960), «Рэйкавая вайна» (1973), пейзажы «Апошнія дні зімы» (1988) і інш.
т. 2, с. 382
БЕЛАВУ́САЎШЧЫНА,
вёска ў Беларусі, у Пружанскім с/с Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці. Цэнтр эксперым. базы «Белавусаўшчына». За 5 км ад Пружан, 93 км ад Брэста, 20 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 592 ж., 205 двароў (1995). Пачатковая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.
т. 2, с. 382
БЕЛАВУ́ША,
вёска ў Беларусі, у Столінскім раёне Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад Століна, 253 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Гарынь. 3135 ж., 1023 двары (1995). Малое прадпрыемства па вырабе скур. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Арх. помнік — Троіцкая царква (1905). Каля вёскі — гарадзішча-сховішча 10—11 ст.
т. 2, с. 382
БЕЛАГАЛО́ВАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 25 км на ПнЗ ад г.п. Мядзел, за 1,5 км на ПдЗ ад воз. Вял. Швакшты. Пл. 0,24 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі 1,82 км. Схілы катлавіны забалочаныя, пад лесам, берагі сплавінныя. Бяссцёкавае. У выніку меліярацыі ўзровень вады панізіўся.
т. 2, с. 382
«БЕЛАГРАПРАМТЭ́ХНІКА»,
рэспубліканскае аб’яднанне па вытворча-тэхн. абслугоўванні сельскай гаспадаркі Беларусі. Створана ў 1991 у Мінску. Мае 6 абл. падраздзяленняў і 118 раённых (Райаграпрамтэхніка). Для рамонту і абслугоўвання с.-г. тэхнікі ёсць спецыялізаваныя прадпрыемствы, вырабляе с.-г. тэхніку і тавары шырокага ўжытку. Выконвае работы па дагаворах з калгасамі і саўгасамі па рамонце аўтамотатэхнікі, механізацыі жывёлагадоўчых фермаў, трансп. абслугоўванні і інш.
т. 2, с. 382
БЕЛАГРУ́ДАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі бронзы (11—9 ст. да нашай эры) на тэр. лесастэпавай часткі Правабярэжнай Украіны. Назва ад т.зв. «попельнікаў» (разнавіднасць культавых помнікаў) у Белагрудаўскім лесе каля в. Пікавец (Чаркаская вобл.). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах, у вялікіх (5 х 9 м, 10 х 12 м) паўзямлянках, заглыбленых да 1 м, вырабляла бронзавую зброю (кельты, кінжалы, наканечнікі коп’яў), упрыгожанні (скроневыя падвескі, бранзалеты, пярсцёнкі), каменныя прылады працы (укладышы для сярпоў, скрабкі, сякеры і інш.). Аснова гаспадаркі — земляробства. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы і трупаспаленне пад курганамі і ў грунтавых магілах. Характэрны цюльпана- і слоікападобны кухонны посуд з наляпнымі валікамі, сталовыя міскі, кубкі, чарпакі, арнаментаваныя зубчастым штампам.
т. 2, с. 383