Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЗАДХО́ДНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

асобная вытворчасць або прамысловы комплекс, у якім на аснове выкарыстання безадходных тэхналогій забяспечваецца максімальнае атрыманне прадукцыі высокай якасці без адходаў (ці пры іх мінімальный колькасці). Прынцып безадходнай вытворчасці запазычаны ў прыроды, якая дзейнічае па замкнёнай схеме. Безадходная вытворчасць магчыма пры такім спалучэнні тэхналогій, якое дазваляе максімальна утылізаваць усе кампаненты выкарыстанай сыравіны і ўжываць унутры прадпрыемства адходы аднаго віду прадукцыі для вырабу другога і інш., да поўнай ліквідацыі адходаў.

т. 2, с. 372

БЕЗАДХО́ДНЫЯ ТЭХНАЛО́ГІІ,

сукупнасць тэхнал. сродкаў і працэсаў, якія прадугледжваюць максімальна поўнае выкарыстанне ў працэсе вытв-сці сыравінных і паліўна-энергет. рэсурсаў і выключаюць адходы; экалагічная стратэгія ўсёй прам-сці і с.-г. вытв-сці. Безадходныя тэхналогіі накіраваны на стварэнне экалагізаваных цыклаў безадходнай вытворчасці, падобных да прыродных працэсаў у біясферы. Асн. кірункі развіцця безадходных тэхналогій: комплекснае выкарыстанне сыравіны і матэрыялаў, стварэнне замкнёных цыклаў вытв-сці без скідвання сцёкавых водаў і выкідаў у атмасферу шкодных рэчываў, улоўліванне і утылізацыя адходаў. Безадходныя тэхналогіі могуць быць эканамічна нявыгаднымі для адной вытв-сці або галіны прам-сці, але па сукупнасці вынікаў іх выкарыстанне можа даваць вял. станоўчы эфект.

Літ.:

Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек. 2 изд. М., 1986;

Сохранение окружающей среды на основе безотходного производства. Л., 1977;

Одум Ю. Экология: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1986.

т. 2, с. 372

БЕЗАНСО́Н

(Besancon),

горад на У Францыі. Адм. ц. дэпартамента Ду. 119 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Аэрапорт. Порт на р. Ду. Аўта- і вагонабудаванне; вытв-сць гадзіннікаў і штучнага шоўку. Харч. і дрэваапр. прам-сць. Курорт і цэнтр турызму (штогадовыя муз. фестывалі). Ун-т (1691). Музей прыгожых мастацтваў. Стараж.-рым. і сярэдневяковыя арх. помнікі, сабор Сен-Жан (11—13 ст.) і інш.

т. 2, с. 373

БЕЗА́НТ,

бізанцін (лац. besantius, bisantius, bysantius), назва залатой манеты візантыйскіх імператараў, якая ў сярэднявеччы была пашырана ў Зах. Еўропе. Імітацыі безанта чаканілі пераважна ў дзяржавах, заснаваных крыжакамі. Быў асн. манетай у гандлі з Б. Усходам. Сярэдняя маса безанта 3,2 г.

т. 2, с. 373

БЕЗАСКО́ЛАЧНАЕ ШКЛО,

ліставое шкло, якое пры ўдары ці засяроджаным ціску не дае вострых асколкаў. Атрымліваюць загартоўваннем або склейваннем лістоў сілікатнага (сілікатнага і арган.) шкла арган. рэчывам. Выкарыстоўваюць пераважна для шклення трансп. сродкаў.

т. 2, с. 373

БЕЗБАРО́ДАЎ Міхаіл Аляксеевіч

(14.11.1898, С.-Пецярбург — 15.6.1983),

бел. вучоны ў галіне фіз. хіміі і тэхналогіі шкла і сілікатаў. Акад. АН Беларусі (1950, чл.-кар. з 1947). Д-р тэхн. н. (1938), праф. (1934) Скончыў Петраградскі тэхнал. ін-т (1923). У 1935—61 у БПІ, адначасова ў 1950—60 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па сінтэзе неарган. шкла, інтэнсіфікацыі працэсаў шклоўтварэння, вывучэнні залежнасці ўласцівасцяў шклопадобных сістэм ад іх хім. саставу і будовы. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Тв.:

Самопроизвольная кристаллизация силикатных стекол. Мн., 1981;

Стеклокристаллические материалы: (Синтез, составы, строение, свойства). Мн., 1982.

т. 2, с. 373

Безбародаў Уладзімір Сцяпанавіч

т. 18, кн. 1, с. 347

БЕЗГАСПАДА́РНАЯ МАЁМАСЦЬ,

у цывільным праве маёмасць, у якой няма ўласніка (гаспадара) або ён невядомы. Згодна з бел. заканадаўствам безгаспадарная маёмасць паступае ва ўласнасць дзяржавы паводле рашэння суда, якое выносіцца па заяве фін. органа. Парадак выяўлення і ўліку безгаспадарнай маёмасці вызначаецца Мін-вам фінансаў Рэспублікі Беларусь.

т. 2, с. 373

БЕ́ЗДЗЕЖ,

вёска ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад Драгічына, 130 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Драгічын. 1442 ж., 497 двароў (1995). Сярэдняя школа. Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

Вядома з сярэдзіны 16 ст. як мястэчка Пінскага пав. Пад Бездзежам войскі барскіх канфедэратаў на чале з Міхалам Казімірам Агінскім 6.9.1771 разбілі атрад рас. войскаў палкоўніка Альбічава. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав. Слонімскай, потым Літоўскай, Гродзенскай губ. У 1915 акупіравана герм. войскамі. З 1921 цэнтр гміны Драгічынскага пав. Палескага ваяв. Польшчы, 1248 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР, з 1940 у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: драўлянага дойлідства 18 ст.Бездзежская Троіцкая царква, мураваны касцёл у стылі класіцызму (пабудаваны да 1820), мемар. калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 (канец 18 ст.).

т. 2, с. 373

БЕ́ЗДЗЕЖСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1784 у в. Бездзеж (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) на фундаменце царквы 1-й пал. 17 ст. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны ў плане асн. і алтарны зрубы аб’яднаны 2-схільным дахам з вальмай над алтаром і трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. Гал. фасад завершаны трохвугольным зрубам, які спалучаецца з паўвальмай, і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі купалкамі. Інтэр’ер зальны, з 4 слупамі ў сярэдзіне, над уваходам — хоры; захаваліся абразы 17—18 ст. Перад царквой — брама-званіца, накрытая 2-схільным дахам.

Т.В.Габрусь.

т. 2, с. 373