АРКТЫ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,
клімат палярных раёнаў Паўн. паўшар’я (Арктыкі). Адметны доўгай марознай зімой (сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C да -25 °C) з палярнай ноччу, кароткім халодным летам (сярэднямесячная т-ра ліп. ад -1 °C да 3—10 °C), 100—400 мм ападкаў за год. Надвор’е вызначаецца Арктычным антыцыклонам у цэнтр. частцы Арктыкі і цыклонамі Арктычнага фронту на перыферыі. Характарызуецца адмоўным радыяц. балансам зімой і вял. прытокам сонечнай радыяцыі летам. Паўд. мяжа зоны Арктычнага клімату прыкладна супадае з ізатэрмай самага цёплага месяца 10 °C.
т. 1, с. 481
АРКТЫ́ЧНЫ ПО́ЯС,
самы паўночны геаграфічны пояс Зямлі, які ўключае большую частку Арктыкі. Мяжу Арктычнага пояса звычайна праводзяць па ізатэрме 5 °C самага цёплага месяца (ліп. ці жніўня). Характарызуецца працяглай палярнай ноччу (145 сутак), малым радыяцыйным балансам, фарміраваннем ва ўнутр. раёнах арктычнага антыцыклону, панаваннем арктычнага паветра, арктычным кліматам. Пераважаюць ландшафты ледзяных пустыняў і арктычных пустыняў зоны (на сушы) з разрэджанай травяністай расліннасцю на прымітыўных арктычных глебах.
З.Я.Андрыеўская.
т. 1, с. 481
АРКТЫ́ЧНЫ ФРОНТ,
лінія падзелу паміж арктычным паветрам і паветрам умераных шырот (палярным паветрам), паўд. мяжа арктычнай паветранай масы. Фарміруецца ў Арктыцы на Пн ад Еўропы і Паўн. Амерыкі паміж 60° і 75° паўн. ш. У залежнасці ад напрамку руху арктычнага фронту на адным з участкаў можа быць цёплым, на другім халодным, з ім звязана інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць. На тэр. Беларусі прыходзіць з ПнЗ (з Атлантычнага сектара Арктыкі), радзей — з Пн і ПнУ. На клімат Беларусі найб. уплываюць халодныя ўчасткі арктычнага фронту, якія выклікаюць ападкі, паўн. вятры, паніжэнне т-ры паветра, зімой — мяцеліцы. За год пад уплывам халоднага арктычнага фронту ў сярэднім бывае 21—24 дні.
т. 1, с. 482
А́РКУШ
(польскае arkusz),
1) стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і інш. 2) Адзінка вымярэння ў паліграфіі і выдавецкай справе. Адрозніваюць аркуш аўтарскі, улікова-выдавецкі, папяровы друкаваны і ўмоўна-друкаваны.
Аўтарскім аркушам вымяраюць аб’ём літ. твора (рукапіснага і надрукаванага). У бел. паліграфіі роўны 40 тыс. друкаваных знакаў (з прагаламі паміж словамі), ці 700 вершаваным радкам, ці 3 тыс. см² надрукаванага ілюстрацыйнага матэрыялу. Улікова-выдавецкі аркуш — аб’ём друкаванага твора, колькасцю знакаў роўны аўтарскаму, але акрамя аўтарскага тэксту ўключае тытул, рэдакцыйную прадмову, змест, рэкламу, калонтытулы і інш. тэкставы і графічны матэрыял. Служыць для выдавецкага планавання, вызначэння кошту выдання і інш. Папяровым аркушам вызначаюць колькасць выкарыстанай на выданне паперы. Друкаваны аркуш паказвае аб’ём (плошчу) выдання і раўняецца палове папяровага пры стандартных фарматах. Умоўны друкаваны аркуш — адзінка ўліку выдавецкай прадукцыі: папяровы аркуш фармату 60 х 90 см, надрукаваны з аднаго боку. Аб’ём выданняў, надрукаваных на паперы інш. фарматаў, для параўнання паказчыкаў пералічваюць ва ўмоўныя друкаваныя аркушы.
т. 1, с. 482
А́РКУШ Алесь
(сапр. Козік Аляксандр Барысавіч; н. 28.5.1960, г. Жодзіна Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік, выдавец. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1987). Уваходзіў у літ. аб’яднанне «Тутэйшыя». Стваральнік Т-ва вольных літаратараў (1993). Заснаваў выдавецкую суполку «Полацкае ляда», выдае літ. альманах «Ксэракс беларускі», серыю «Паэзія новай генерацыі». У яго вершах (зб-кі «Вяртанне», 1988; «Тайніца», 1991, з П.Бурдыкам; «Крылы ператворацца ў карэнні», 1993; «Развітанне з Танталам», 1994) інтэлектуальная заглыбленасць, псіхалагізм, матывы міфалогіі.
т. 1, с. 482