Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АПЕРА́ЦЫЙ ДАСЛЕ́ДАВАННЕ,

метад распрацоўкі колькасна абгрунтаваных рэкамендацый па прыняцці аптымальных рашэнняў па арганізацыі і кіраванні дзеяннямі (аперацыямі). Навукова аформілася для рашэння тэхн., тэхніка-эканам. задач і задач кіравання ў канцы 1940-х г.

У кожнай задачы аперацый даследавання фармальна апісана мноства магчымых рашэнняў і вызначанай мэтавай функцыі, значэнні якой характарызуюць меру дасягнення мэты пры кожным магчымым рашэнні. Задачы аперацый даследавання бываюць статычныя і дынамічныя, дэтэрмінаваныя і стахастычныя. У статычных задачах мэтавая функцыя яўна не залежыць ад часу, у дынамічных — час мае істотнае значэнне, у дэтэрмінаваных — выбар канкрэтнага рашэння прыводзіць да пэўнага значэння мэтавай функцыі, у стахастычных — гал. ролю адыгрывае фактар выпадковасці. Пры рашэнні статычных дэтэрмінаваных задач карыстаюцца метадамі лінейнага і нелінейнага праграмавання, дынамічных дэтэрмінаваных — дынамічнага праграмавання, стахастычных — тэорыі імавернасцяў, матэм. статыстыкі, тэорыі масавага абслугоўвання, стат. тэорыі прыняцця рашэнняў. Задачы, у якіх сутыкаюцца інтарэсы двух і больш бакоў, рашаюцца метадамі тэорыі гульняў. Калі дакладнае рашэнне задачы немагчыма, карыстаюцца метадам стат. выпрабаванняў (гл. Монтэ-Карла метад). Для рашэння складаных задач распрацаваны пакеты праграм для ЭВМ. Гл. таксама Аптымізацыі задачы і метады.

М.А.Лепяшынскі.

т. 1, с. 424

АПЕРА́ЦЫЯ

(ад лац. operatio дзеянне),

1) закончанае дзеянне або шэраг дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнай мэты (напр., аперацыя ваенная), асобная закончаная частка тэхнал. працэсу, якая выконваецца на адным рабочым месцы (напр., аперацыя вытворчая).

2) Асобнае дзеянне сярод многіх іншых; выкананне якой-н. фін., крэдытнай, прамысл., гандл., страхавой або інш. задач, напр., банкаўская аперацыя, паштовая аперацыя.

3) У выліч. тэхніцы выкананне лічбавай выліч. машынай якога-н. дзеяння з зыходнымі велічынямі, напр., арыфм. аперацыя.

т. 1, с. 425

АПЕРА́ЦЫЯ ВАЕ́ННАЯ,

сукупнасць узгодненых і ўзаемазвязаных па мэце, месцы і часе баявых дзеянняў войскаў аднаго або розных відаў паводле адзінай задумы і плана. Паводле маштабу бываюць стратэгічныя, франтавыя (флоту, акругі ППА, групы армій), армейскія (флатыліі, корпуса, эскадры); у залежнасці ад сіл і сродкаў — агульнавайсковыя (агульнафлоцкія), паветраныя, проціпаветраныя, паветрана-дэсантныя, сумесныя і самастойныя; па характары баявых дзеянняў — наступальныя і абарончыя.

Першыя элементы аперацыі ваеннай як формы вядзення баявых дзеянняў выявіліся ў войнах канца 18 — пач. 19 ст., калі значна павялічылася рухомасць войскаў, баявыя дзеянні сталі весціся на шырокіх франтах адначасова на некалькіх напрамках, на вял. глыбіню і ўзнікла неабходнасць больш аператыўнай каардынацыі гэтых дзеянняў. На тэр. Беларусі прыкметы аперацыі ваеннай выявіліся, напр., у дзеяннях рус. войскаў супраць франц. у 1812, калі цэнтр., паўд. і паўн. групоўкам была пастаўлена задача аб’яднацца на р. Бярэзіна з мэтай акружэння і разгрому рэшткаў арміі Напалеона I. Буйнейшыя аперацыі ваенныя 2-й сусв. вайны: дзеянні войскаў гітлераўскай Германіі супраць Польшчы (1939) і Францыі (1940); сав. войскаў у аперацыі пад Масквой, Сталінградам і на Курскай дузе, Беларускай, Берлінскай і інш.; саюзнікаў — Нармандская дэсантная аперацыя (1944) і інш.

На сучасным этапе характар аперацыі ваеннай змяніўся; павялічыліся глыбіня і шырыня наступлення і абароны, пабольшалі задачы і тэмпы наступлення, больш сціслым стаў час вядзення баявых дзеянняў.

т. 1, с. 425

АПЕРА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАЯ,

адасобленая і закончаная частка (элемент) вытв. працэсу. Выконваецца адным ці групай рабочых на адным рабочым месцы пры нязменным прадмеце працы. Асн. разліковая адзінка для вызначэння прадукцыйнасці працы, тэхн. нарміравання, загрузкі і выкарыстання абсталявання. Змест аперацыі вытворчай залежыць ад прадукцыі, якая вырабляецца, матэрыялаў і тэхнал. метадаў вытворчасці. Адрозніваюць аперацыі ручныя, механізаваныя, машынныя, аўтаматызаваныя і інш. Падзяляюцца на тэхнал. (асноўныя), дапаможныя і абслуговыя.

Тэхналагічная аперацыя накіравана на змену якаснага стану, формы, памераў ці становішча ў прасторы прадмета працы з мэтай атрымання прадуктаў працы. Дапаможныя аперацыі — выраб на ўласныя патрэбы прадпрыемства аснасткі, інструменту, рамонт абсталявання, будынкаў і інш. Абслуговыя аперацыі забяспечваюць асн. і дапаможныя вытв. працэсы матэрыяламі, паўфабрыкатамі, энергіяй, транспартам, кантрольнымі, лабараторна-выпрабавальнымі і доследнымі работамі. Шырока выкарыстоўваецца метад сумяшчэння аперацыі вытворчай, што спрыяе росту прадукцыйнасці працы; з сукупнасці іх фарміруюцца тэхнал цыклы.

Р.М.Шахлевіч.

т. 1, с. 425

АПЕРА́ЦЫЯ ХІРУРГІ́ЧНАЯ,

асноўны метад лячэння хірургічных хвароб, пры якім паталагічныя ачагі ліквідуюцца, лакалізуюцца або даследуюцца з дапамогай спец. хірургічных інструментаў. Можа суправаджацца нанясеннем ран, значнымі аб’ёмамі рассячэння тканак з крывацёкам, які спыняюць штучна (пры рэзекцыі страўніка ці кішэчніка, аперацыях на лёгкіх, сэрцы і інш. унутраных органах), або ашчадным унутраным умяшаннем і нязначнымі кровастратамі (пры біяпсіі, мікрахірургіі, лазерным лячэнні, упраўленні вывіхаў суставаў, састаўленні касцявых абломкаў і інш.). Аперацыя хірургічная з нанясеннем раны і рассячэннем тканак бываюць: радыкальныя, калі паталаг. ачаг (язва, пухліна, орган) выдаляецца поўнасцю або часткова; паліятыўныя, якія аблягчаюць стан хворага; дыягнастычныя — для высвятлення прычыны захворвання, калі яе нельга ўстанавіць дакладна інш. метадамі. Памяншэнне страт крыві пры аперацыі хірургічнай дасягаецца перавязкай (лігіраваннем) рассечаных сасудаў або каагуляваннем з дапамогай электранажоў, лазерных, плазмавых скальпеляў і інш. Характар паталогіі вызначае мэту аперацыі хірургічнай: ускрыццё паталаг. ачага (гнайнікоў, абсцэсаў), частковае (рэзекцыя) або поўнае (экстырпацыя) выдаленне пухлін і пашкоджаных тканак, частковую або поўную ампутацыю органаў (напр., канечнасцяў), трансплантацыю органаў і тканак, аднаўленне іх функцый (пластычныя аперацыі, касметычныя аперацыі). Раны пры аперацыі хірургічнай, як правіла, зашываюць, склейваюць, радзей пакідаюць адкрытымі. Сучасная хірургія скіравана на распрацоўку найб. ашчаджальных для арганізма аперацый хірургічных на аснове выкарыстання найноўшых тэхн. дасягненняў. Да іх належаць аперацыі хірургічныя эндаскапічныя, тэлеэндаскапічныя, мікрахірургічныя.

Эндаскапічныя аперацыі робяць з выкарыстаннем спец. валаконнай тэхнікі (эндаскопаў), што дазваляе бачыць «на вока» структуры стрававальнага тракту, поласцевыя ўтварэнні. Некаторыя маюць прыстасаванні для выдалення паліпаў страўніка, кішэчніка, камянёў з мачавога пузыра і жоўцевывадных пратокаў, каб узяць кавалачак тканкі на мікраскапічнае даследаванне. Аперацыі тэлеэндаскапічныя базіруюцца на эндаскапічнай тэхніцы, дзе адлюстраванне выводзіцца на тэлеэкран, што дазваляе бачыць орган у 10—20 разоў павялічаны. Тэлевізійная камера праз праколы ў тканках уводзіцца ў орган. Пад яе кантролем уводзяць хірург. інструменты. Мікрахірургічныя аперацыі праводзяцца пад кантролем спец. двух-, трохакулярных аперацыйных мікраскопаў на дробных сасудах, пры рэплантацыі канечнасцяў, іх сегментаў, самых складаных аперацыях у хірургіі вока, перасадцы складаных скурна-падскурна-мышачных ласкутоў у пластычнай хірургіі пры лячэнні дэфектаў тканкі, астэаміэліту, пры стварэнні органаў (лячэнне транссексуалізму) і інш. Аперацыі пад кантролем тэлевізійных камп’ютэраў робяць на дробных структурах (жоўцевывадных шляхах, матачных трубах і інш. органах), якія ў павялічаным выглядзе перадаюцца на тэлевізійную ўстаноўку. На Беларусі такі метад выкарысталі І.М.Грышын і В.М.Стасевіч (1994).

І.М.Грышын.

т. 1, с. 425

АПЕРО́Н

(ад лац. operare працаваць, дзейнічаць),

участак генетычнага матэрыялу з аднаго, двух і больш счэпленых структурных генаў, якія кадзіруюць бялкі (ферменты), што ажыццяўляюць паслядоўныя этапы біясінтэзу якога-н. метабаліту. У аперон эўкарыёт уваходзіць, як правіла, адзін структурны ген. Рэгулятарныя элементы аперона складаюць таксама праматар (участак малекулы ДНК, з якім спецыфічна звязваецца фермент РНК-палімераза, што ажыццяўляе транскрыпцыю аперона) і аператар (участак ДНК, які нясе функцыю «ўключэння» або «выключэння» структурных генаў і рэгулюе функцыянальную актыўнасць аперона). Канцэпцыя аперона распрацавана франц. вучонымі Ф.Жакобам і Ж.Мано (1961) для тлумачэння механізму рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрыяльных клетках.

Рэгулятарная функцыя аперона адбываецца на стадыі транскрыпцыі і забяспечвае каардынацыю сінт. працэсаў і адпаведныя рэакцыі клеткі на ўплыў навакольнага асяроддзя. Кантралюе дзейнасць аперона ген-рэгулятар, які можа знаходзіцца ў розных участках храмасомы. Яго прадукт — бялок-рэгулятар — пастаянна сінтэзуецца ў клетцы ў невял. колькасці і здольны ўзаемадзейнічаць з двума рознымі субстратамі, з аператарам і эфектарам (нізкамалекулярным рэчывам). У рэпрэсібельных сістэмах комплекс бялку-рэгулятара з эфектарам набывае роднасць з аператарам і далучаецца да яго, у выніку адбываецца выключэнне генаў, якія кіруюцца гэтым аператарам. У індуцыбельных сістэмах эфектар, які далучаецца да бялку-рэгулятара, вызваляе аператар ад гэтага бялку. Такім чынам, запускаюцца ў работу гены, падпарадкаваныя дадзенаму аператару.

т. 1, с. 425

АПЕРТУ́РА

(ад лац. apertura адтуліна),

дзейная адтуліна аптычнай сістэмы, якая вызначаецца памерамі лінзаў або дыяфрагмамі. Раздзяляльная здольнасць аптычнай прылады прапарцыянальная апертуры. Вуглавая апертура — вугал α паміж крайнімі прамянямі канічнага светлавога пучка, які ўваходзіць у аптычную сістэму. Лікавая апертура вызначаецца як п n sin(α/2), дзе n — паказчык пераламлення асяроддзя, у якім знаходзіцца прадмет.

т. 1, с. 426

АПЕРЦЭ́ПЦЫЯ

(ад лац. ad да + perceptio успрыманне),

залежнасць успрымання ад мінулага вопыту, псіхічнага стану і індывідуальных асаблівасцяў чалавека. Тэрмін уведзены ням. філосафам Г.Лейбніцам, які трактаваў аперцэпцыю як выразнае (усвядомленае) успрыманне душой пэўнага зместу. І.Кант разам з «эмпірычнай» аперцэпцыяй увёў паняцце «трансцэндэнтальнай» аперцэпцыі, якая дазваляе сінтэзаваць шматлікія ўспрыманні на аснове спрадвечнага, нязменнага «адзінства свядомасці» як умовы ўсялякага вопыту і пазнання. У заснаванай В.Вунтам псіхалогіі аперцэпцыя (канец 19 — пач. 20 ст.) — успрыманне, якое патрабуе напружання волі і ад якога залежаць усе формы псіхічнай дзейнасці чалавека. Сучасная псіхалогія трактуе аперцэпцыю як вынік жыццёвага вопыту індывіда, які адлюстроўваецца ў кожным псіхічным працэсе (ад прасцейшага ўспрымання да найскладанейшых відаў дзейнасці). Адрозніваюць устойлівую аперцэпцыю — залежнасць успрымання ад асаблівасцяў асобы (светапогляду, перакананняў, адукаванасці і інш.) і часовую аперцэпцыю, у якой звязваюцца сітуацыйна розныя формы псіхічнага стану (эмоцыі, устаноўкі і г.д.).

Літ.:

Лейбниц Г.В. Новые опыты о человеческом разуме. М.; Л., 1936;

Вундт В. Очерки психологии. М., 1912;

Гримак Л.П. Резервы человеческой психики. 2 изд. М., 1989.

т. 1, с. 426

АПЕРЫТЫ́Ў

(франц. apèritif),

спіртны напітак, прызначаны для ўзбуджэння апетыту. Ужываецца перад ежай. Як аперытыў выкарыстоўваюць звычайна вермут, херас, моцныя спіртныя напіткі, разбаўленыя фруктовым сокам, тонікам, мінер. вадою і інш.

т. 1, с. 426

АПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ПРАЦЭ́С,

працэс пераходу дынамічнай сістэмы ў стан устойлівай раўнавагі, пры якім выхадная велічыня, што характарызуе такі пераход, набліжаецца да ўстойлівага значэння (крывая 1) або мае адзін экстрэмум (крывая 2). Напр., да аперыядычнага працэсу набліжаюцца ваганні вагальнай сістэмы пры павелічэнні страт энергіі ў іх да крытычнага значэння (у эл. вагальнага контура крытычнае супраціўленне R = √L/C, дзе L і С — індуктыўнасць і ёмістасць контура адпаведна).

т. 1, с. 426