АПЕРЦЭ́ПЦЫЯ
(ад лац. ad да + perceptio успрыманне),
залежнасць успрымання ад мінулага вопыту, псіхічнага стану і індывідуальных асаблівасцяў чалавека. Тэрмін уведзены ням. філосафам Г.Лейбніцам, які трактаваў аперцэпцыю як выразнае (усвядомленае) успрыманне душой пэўнага зместу. І.Кант разам з «эмпірычнай» аперцэпцыяй увёў паняцце «трансцэндэнтальнай» аперцэпцыі, якая дазваляе сінтэзаваць шматлікія ўспрыманні на аснове спрадвечнага, нязменнага «адзінства свядомасці» як умовы ўсялякага вопыту і пазнання. У заснаванай В.Вунтам псіхалогіі аперцэпцыя (канец 19 — пач. 20 ст.) — успрыманне, якое патрабуе напружання волі і ад якога залежаць усе формы псіхічнай дзейнасці чалавека. Сучасная псіхалогія трактуе аперцэпцыю як вынік жыццёвага вопыту індывіда, які адлюстроўваецца ў кожным псіхічным працэсе (ад прасцейшага ўспрымання да найскладанейшых відаў дзейнасці). Адрозніваюць устойлівую аперцэпцыю — залежнасць успрымання ад асаблівасцяў асобы (светапогляду, перакананняў, адукаванасці і інш.) і часовую аперцэпцыю, у якой звязваюцца сітуацыйна розныя формы псіхічнага стану (эмоцыі, устаноўкі і г.д.).
Літ.:
Лейбниц Г.В. Новые опыты о человеческом разуме. М.; Л., 1936;
Вундт В. Очерки психологии. М., 1912;
Гримак Л.П. Резервы человеческой психики. 2 изд. М., 1989.
т. 1, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)