АКІЯ́НСКАЕ ПАЎША́Р’Е,
умоўная палавіна сферычнай паверхні Зямлі, у межах якой Сусветны ак. (гл. Акіян) найб. пакрывае зямны абшар (пад сушай 9% паверхні). Цэнтр паўшар’я знаходзіцца на У ад Новай Зеландыі. Гл. таксама Мацерыковае паўшар’е.
т. 1, с. 195
АКІЯ́НСКАЯ КАРА́,
зямная кара пад акіянам. У адрозненне ад кантынентальнай мае невял. магутнасць (5—8 км) і пазбаўлена гранітна-гнейсавага слоя. Паводле скорасці праходжання сейсмічных хваляў у акіянскай кары вылучаюць 3 слаі: верхні, асадкавы (магутнасць 0,3—0,7 км), сярэдні, з базальтавай лавы з тонкімі праслоямі шчыльных асадкаў (каля 0,8 км), і ніжні, акіянскі (4,1—5,8 км), які, верагодна, складаецца з габра, перыдатытаў і піраксенітаў. Акіянская кара ўтвараецца ў зонах спрэдзінгу сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў і характарызуецца чаргаваннем палос з рознымі палеамагнітнымі ўласцівасцямі.
Г.У.Зінавенка.
т. 1, с. 197
АКІЯ́НСКІЯ АСТРАВЫ́,
астравы, якія ўзніклі ў межах ложа акіяна або сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў у выніку тэктанічных, вулканічных або арганагенных працэсаў. Гл. таксама Востраў.
т. 1, с. 197
АКІЯ́НСКІЯ КАТЛАВІ́НЫ,
вялікія ўпадзіны ў межах ложа акіянаў, абмежаваныя падводнымі хрыбтамі, валамі і ўзвышшамі. Акіянскія катлавіны могуць злучацца глыбокімі праходамі. Сярэдняя глыб. каля 5 тыс. м. Дно на 80% з узгорыста-выраўнаваным рэльефам (ваганні вышыняў 100—500 м).
т. 1, с. 197