АКАЗІЯНАЛІ́ЗМ
(ад лац. occasionalis выпадковы),
ідэалістычны кірунак зах.-еўрап. філасофіі 17 ст., які сцвярджаў немагчымасць узаемадзеяння душы і цела без прамога ўмяшання Бога. Прадстаўнікі аказіяналізма (А.Гейлінкс, Н.Мальбранш) ідэалістычна перапрацавалі дуаліст, філасофію Р.Дэкарта (гл. Картэзіянства). Аказіяналізм тлумачыў механістычнае прыродазнаўства ў рэліг. ідэаліст. духу, што адкрывала шлях да паслясхаластычнага абнаўлення рэліг. філасофіі. Гэта абумовіла папулярнасць аказіяналізма сярод прыхільнікаў каталіцызму. На Беларусі ідэі аказіяналізма вядомыя з пач. 18 ст. У сярэдзіне 18 ст. ў навуч. установах у лекцыі па схаластычнай філасофіі ўключаліся і элементы аказіяналізма. Вучэнне аказіяналізма з пазіцый паслядоўнага механістычнага дэтэрмінізму крытыкаваў і абвяргаў Б.Дабшэвіч.
Г.У.Грушавы.
т. 1, с. 182
АКАЗІЯНАЛІ́ЗМ,
моўная з’ява, якая не адпавядае агульнапрынятаму ўжыванню; ствараецца як выразны сродак у пэўным кантэксце і не замацоўваецца як моўная норма. Аказіяналізм — звычайна словы («вершаправод», «ночапіс», «шалёнагубая»), але магчыма выкарыстанне асобных формаў у якасці новых слоў («соў», «савя» замест літ. «сава», «статуй» — «статуя») і словазлучэнняў («мяцеляцца спіцы», «навальніцы ракет»). Найчасцей утвараюцца пісьменнікамі, таму інакш наз. аўтарскімі, індывідуальна-стыліст. неалагізмамі. Набываюць значэнне паэт. тропаў.
т. 1, с. 182
А́КАЛІ,
паселішча эпохі неаліту, бронзы і ранняга жалеза (3—1-е тыс. да н.э.) на р. Акалі ў Эстоніі. Знойдзены прылады працы, кераміка, упрыгожанні розных культур (нарвенскай, тыповай грабеньчата-ямкавай, шнуравой і інш.), якія часткова былі пашыраны і на Пн Беларусі.
т. 1, с. 183
АКА́ЛІНА,
прадукт акіслення паверхні металаў, сплаваў пры ўзаемадзеянні з вонкавым асяроддзем. Звычайна акалінай наз. прадукт акіслення жалеза і яго сплаваў. У шырокім сэнсе акаліна — хім. злучэнні, утвораныя на паверхні любога металу пры яго рэакцыі з акісляльнікамі (кіслародам, серай, азотам і інш.). Пагаршае якасць паверхні і прыводзіць да страты металу (каля 6%); у некаторых выпадках выкарыстоўваюць яе ахоўныя ўласцівасці (гл. Аксідаванне). Акаліна, што ўтвараецца на паверхні металу ў час пракаткі, коўкі, штампавання, выкарыстоўваецца ў канвертарнай, доменнай ці мартэнаўскай вытв-сці. З акаліны кіпячых сталяў атрымліваюць жалезны парашок, які выкарыстоўваюць у магн. дэфектаскапіі, парашковай металургіі. Спец. апрацоўкай з акаліны легіраваных сталяў і сплаваў вылучаюць каштоўныя металы. Акаліны здымаюць мех. спосабам, траўленнем ці электрагідраўлічнай апрацоўкай.
т. 1, с. 183
АКАЛІ́ЧНАСЦЬ,
даданы член сказа, які паясняе словы са значэннем дзеяння або прыкметы, паказваючы на час, месца, прычыну, умову, мэту, спосаб дзеяння, характар выяўлення, інтэнсіўнасць прыкметы. У бел. мове акалічнасці сінтаксічна звязваюцца з гал. словамі пры дапамозе прымыкання і кіравання. Ролю акалічнасці выконваюць прыслоўе («вельмі здольны»), дзеепрыслоўе («разглядаць не спяшаючыся»), інфінітыў («зайсці развітацца»), назоўнік з прыназоўнікам ці без яго («ехаць лесам», «зрабіць насуперак жаданню»), лічэбнік («уваходзіць па аднаму»), а таксама свабодныя словазлучэнні розных тыпаў («важыць тры тоны», «чытаць з ранку да вечара», «апрацаваны з дапамогай новага прыстасавання») і фразеалагізмы («жыць абы дзень да вечара»). У залежнасці ад сінтаксічнага значэння падзяляюцца на разрады — акалічнасці часу, прычыны, умовы, мэты, спосабу дзеяння і інш.
А.Я.Міхневіч.
т. 1, с. 183
АКАЛО́ВА,
вёска ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 35 км на Пн ад Лагойска, 74 км ад Мінска, 60 км ад чыг. ст. Смалявічы, на шашы Мінск—Віцебск. 103 ж., 51 двор (1994). Лясніцтва, сярэдняя школа.
У 1770 мястэчка ў Барысаўскім пав. У 1798 пісар ВКЛ М.Валовіч заснаваў драўляны касцёл. У 1880 мястэчка Прусавіцкай вол., 268 ж., касцёл, 3 крамы. З 1924 цэнтр сельсавета Плешчаніцкага р-на, у 1926—35 цэнтр нац. польскага сельсавета. З 1962 у Лагойскім р-не.
т. 1, с. 183
АКАЛО́ВІЧ Іван Ільіч
(н. 15.6.1922, в. Малыя Жаберычы Крупскага р-на Мінскай вобл.),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1943. Удзельнік Курскай бітвы 1943, вызвалення Беларусі, баёў ва Усх. Прусіі. Вызначыўся: у чэрв. 1944 у час прарыву варожай абароны на ПнЗ ад Рагачова; у пач. 1945 у 3-дзённых баях каля г. Гумбінен; у сак. 1945 пры ліквідацыі ўсх.-прускай групоўкі праціўніка.
т. 1, с. 183
АКАЛО́ДАК,
акалотак, 1) у Рас. імперыі частка (раён) горада, якая замацоўвалася за паліцэйскім чынам (акалодачным наглядчыкам) для адм. і паліт. нагляду за насельніцтвам. Сістэма акалодачнага паліцэйскага нагляду ўведзена паводле паліцэйскай рэформы 1862, была адным з яе элементаў; існавала да 1917.
2) Лекарскі пункт пры вайсковых часцях, падраздзяленнях, лазарэтах у царскай арміі.
т. 1, с. 183
АКАМАДА́ЦЫЯ
(ад лац. accomodatio прыстасаванне),
розная ступень прыпадабнення суседніх зычных ці галосных; адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Пры максімуме акамадацыі паміж імі ўзнікаюць т.зв. глайды (прамежкавыя напаўгалосныя гукі), якія з’яўляюцца рэалізацыяй агульных для зычных і галосных дыферэнцыяльных адзнак. Для стараж. моў ступень акамадацыі вызначаецца на аснове ўскосных паказчыкаў, для сучасных — інструментальна або з дапамогай аўдытара. Прыкладам акамадацыі можа служыць бел. цеканне і дзеканне.
Літ.:
Мартынов В.В. Славянская и индоевропейская аккомодация. Мн., 1968.
В.У.Мартынаў.
т. 1, с. 184
АКАМАДА́ЦЫЯ ў біялогіі і медыцыне, тэрмін, блізкі да адаптацыі. Акамадацыя вока — прыстасаванне яго да выразнага бачання прадметаў, што знаходзяцца на рознай адлегласці; акамадацыя фізіялагічная ўзбудлівых тканак (мышачнай і нервовай) — прыстасаванне да дзеяння раздражняльніка, якое павольна нарастае па сіле; акамадацыя гісталагічная тканак — змена формы і суадносін тканкавых элементаў (клетак) у працэсе прыстасавання да зменлівых умоў.
т. 1, с. 184